Тады выйшла сем выпускаў газеты. Зараз іх агучылі сем вядомых беларусаў: Аляксандр Памідораў, Лявон Вольскі, Руся Shuma, Уладзімір Пугач, Мікіта Мелказёраў, Глеб Сямёнаў, Дзяніс Дудзінскі. Паслухаць аўдыякнігу можна бясплатна на сайце Litaralna.com, там жа можна падтрымаць будучыя праекты выдавецтва.
– Мы лічым важным агучваць не толькі мастацкую літаратуру, але і беларускія культурныя здабыткі ў іншых жанрах, у тым ліку публіцыстыцы, – тлумачыць заснавальнік выдавецтва Litaralna Уладзімір Пугач. – Паўтары стагоддзі таму адукаваныя, прагрэсіўныя людзі, неабыякавыя да лёсу сваёй краіны, свайго народа, на чале з Каліноўскім, трансляравалі думкі і сэнсы, якія б варта пачуць і сучасным беларусам. Менавіта таму мы вырашылі, што тут было б добра зрабіць менавіта калектыўны праект.
– Гэта твор, знаёмы ўсім нам са школы. Але ў тым узросце складана зразумець, пра што ён насамрэч, – лічыць удзельнік праекта Аляксандр Памідораў. – Гэта першы сапраўды народны маніфест, з апорай на рэальнае жыццё простых людзей. Тут упершыню гучыць “досыць!” і заклік да аднаўлення, а таксама да самавызначэння свайго нацыянальнага, культурнага, этнічнага. Што дагэтуль для нас звышактуальна. Асабліва зараз, калі Беларусь знаходзіцца ў жорсткай акупацыі. Тут ёсць нават некаторыя рэцэпты для барацьбы. Проста не будзе, але перамога будзе на нашым баку.
Гэта чацвёртая аўдыякніга ад выдавецтва Litaralna. У лістападзе выйшлі аўдыяверсіі кніг Вацлава Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі», «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча, а таксама «Аповесць майго часу» Ігнація Янкоўскага.
Яшчэ пра «Мужыцкую праўду» ад удзельнікаў праекта:
Руся Shuma
Звычайна я пагаджаюся на шматлікія праекты, якія падтрымліваюць ідэю беларусізацыі: знаёмяць людзей з нашай гісторыяй, з нашым культурным кодам. З усім, што дапамагае беларускам і беларусам замацоўваць сваю этнічную ідэнтычнасць. Аўдыякніга «Мужыцкая праўда» менавіта з такіх. Мне здаецца, што для сучаснай аўдыторыі тэкст цікавы найперш тым, што гэта неад’емная частка нашай гісторыі. Відавочна, што мы, як народ, ходзім па коле. Але з кожным разам кола дае ўсё больш надзей на лепшае. Адных гэтыя тэксты могуць натхніць, другім – патлумачыць наш гістарычны кантэкст, трэціх – расчараваць, бо гэтае кола можа падацца бясконцым.
Мікіта Мелказёраў
Гэта значны для нашай гісторыі тэкст, а ідэя яго агучыць – годная. Нажаль, ён актуальны і сёння. «А што граху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалеві, таго ніколі Бог не даруе» – вось гэта мне б хацелася паказаць сучасным беларускім чыноўнікам, сілавікам і вайсковым. «Таго, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем, – і чы ж не грэшна перад Богам, а не стыдна перад цэлым светам – самі скажэце?» А вось гэта тым, хто нібыта перагарнуў старонку і кажа, што зараз усё, як да выбараў 2020.
Дзяніс Дудзінскі
Гэта найперш гістарычны помнік. Было цікава чытаць, разумець і адкрываць для сябе хвалі ўплыву таго перыяду. Што думалі сяляне, што думаў царскі рэжым, а таксама сярэдняя праслойка насельніцтва. Як яна спрабавала развіваць і прасоўваць перамены, якія памылкі яна знаходзіла ў сялянскай рэформе тых часоў. Але разам з тым для мяне як лінгвіста вялікая цікавасць «Мужыцкай праўды» у тым ліку ў мове. Вельмі цікава назіраць узаемасувязь слоў у сказах, іх узаемадзеянне. Гэта ўжо можна назваць сучаснай беларускай мовай, але разам з тым яна заўважна адрозніваецца. Часам ёсць і незразумелыя з першага прачытання моманты. Таму гэта яшчэ і проста ашаламляльны лінгвістычны артэфакт.