Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала серыю кніг у перакладзе з польскай мовы. На сёння гэта 4 кнігі. Першай пабачыла свет выбранае вершаў лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Віславы Шымборскай.
Кажа кіраўніца выдавецтва Валянціна Андрэева:
– Першым у серыі выйшаў зборнік Віславы Шымборскай, стогоддзе якой мы святкуем сёлета. Кнігу выдала наша выдавецтва, якое часова не можа працаваць у Беларусі. Зараз працуе ў Кракаве, у горадзе Шымборскай. І мы, дарэчы, змясцілі ў кнізе фотаздымкі Кракава, сённяшняга, у выдатным аўтарстве Юліі Рай. Мне здаецца, што яны як найлепей адлюстроўваюць і падтрымліваюць паэзію цудоўнай польскай набелісткі.
Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы праекту “Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў”, які фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча ў рамках конкурсу «Публічная дыпламатыя 2023».
У кнізе Шымборскай сабраны вершы у перакладах Марыны Казлоўскай, Алега Лойкі, Кацярыны Маціеўскай, Ніны Мацяш, Сяргея Прылуцкага, Наталлі Русецкай, Максіма Танка, Андрэя Хадановіча, Ганны Янкуты. Укладальнік і аўтар прадмовы — Андрэй Хадановіч.
У серыю таксама ўвайшлі кнігі: Марыя Кунцэвічова „Два месяцы”, Адам Міцкевіч „Гражына”, Марыя Канапніцка „Сцяпанка Гудзімуха”.