Аб’яднаны пераходны кабінет анансаваў новага чалавека ў камандзе. Былая палітзняволеная і актывістка, якая шмат гадоў дапамагала пацярпелым ад хатняга гвалту жанчынам, Вольга Гарбунова стала прадстаўніцай АПК па сацыяльных пытаннях. „Новы Час“ спытаў у Вольгі, якой мэты яна хоча дасягнуць і ці не страшна было займаць гэту пасаду.
Вольга Гарбунова — адна з самых вядомых прадстаўніц цяпер ужо разгромленай рэжымам грамадзянскай супольнасці Беларусі. 20 гадоў яна займалася правамі жанчын і праблемай хатняга гвалту, была кіраўніцай ліквідаванай арганізацыі «Радзіслава» і дапамагала ў працы прытулку для пацярпелых ад хатняга гвалту. У лістападзе 2021-га Вольгу затрымалі па падазрэнні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». За кратамі Воля правяла больш за паўгода, а 6 траўня 2022 года ёй прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі». У жнівені яна пакінула краіну.
26 снежня стала вядома, што Вольга Гарбунова назначана прадстаўніцай па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета. Мы ўзялі ў яе каментар наконт будучай працы на гэтай пасадзе.
— Якая твая мэта зараз?
— Самая важная асабіста для мяне мэта — прасоўваць ідэю аб тым, што сацыяльныя пытанні вельмі важныя і час заўсёды добры для вырашэння такіх пытанняў. Усе гэтыя 20 гадоў я толькі і чую: «Пачакай-пастой, зараз вось вырашым сур’ёзныя, дарослыя праблемы, а потым зоймемся «сацыялкай». Але ўся мая праца, усё маё свядомае жыццё кажа, што гэтым трэба займацца заўсёды — незалежна ад таго, які час. Таму што сацыяльныя пытанні — гэта тое, што з намі здараецца кожны дзень. Гэта здараецца кожны дзень з мільёнамі людзей. Гэта сістэмныя праблемы, якія важна вырашаць, таму што проста сёння жанчын збіваюць, проста сёння маленькія пенсіі, проста сёння людзі з інваліднасцю зачынены ў сваіх дамах. І гэта я не кажу пра такія прыярытэтныя тэмы, як тысячы беларусак і беларусаў, якія сядзяць у турмах і павольна паміраюць ад катаванняў і невыносных, нечалавечых умоў утрымання ў месцах зняволення.
Таму мая галоўная задача — нагадаць усім, у тым ліку палітыкам, што кожны чалавек важны і што мы не маем права заплюшчваць вочы на сацыяльныя пытанні, бо можна чакаць гэтага «патрэбнага часу» яшчэ год, пяць гадоў, дзесяць. А што рабіць людзям, якім патрэбна дапамога проста сёння? Якім проста сёння патрэбна надзея? Мая мэта — нагадаць пра гэта.
— Што ты збіраешся рабіць на гэтай пасадзе?
— Пра гэта ўжо паўсюль напісана. У фокусе працы ўсёй каманды прадстаўніцтва па сацыяльных пытаннях будуць якраз-такі людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Прыярытэт — гэта палітвязні і іх блізкія, але і ў тым ліку проста беларускі і беларусы, якія знаходзяцца ўнутры. Таксама гэта беларускі і беларусы, вымушаныя пакінуць краіну. Яны не перастаюць быць ад гэтага беларусамі, яны таксама сутыкаюцца з сацыяльнымі праблемамі, уключаючы легалізацыю, хатні гвалт. Наш фокус — гэта людзі.
Таксама мы гаворым пра тое, што неабходна праца на будучыню. Мы не ведаем, што нас чакае праз месяц, праз паўгода. Не ведаем, ці ўступіць Беларусь у актыўныя ваенныя дзеянні, калі гэта адбудзецца і ці адбудзецца наогул. Мы не можам распрацоўваць нашу стратэгію, пастаянна баючыся трыгераў звонку. У дэмакратычных сіл павінна быць сваё бачанне сацыяльна арыентаванай дзяржавы будучыні, таму праца на будучыню будзе неад’емнай часткай прадстаўніцтва. Гэта аўдыт існуючага цяпер заканадаўства, юрыдычнае заключэнне аб тым, што нам неабходна будзе ў самыя кароткія тэрміны забараніць, якія законы (напрыклад, Дэкрэт «Аб гуманітарнай дзейнасці»), бо калі ва ўсіх нас з’явіцца магчымасць вярнуцца, нам трэба будзе адбудоўваць усё — не толькі агульнанацыянальную лінію для ахвяр хатняга гвалту і прытулак, але і ўсе ліквідаваныя НДА, і нават дзяржаўныя арганізацыі. Паглядзіце, колькі супрацоўнікаў звольнена з Нацыянальнага мастацкага музея. То-бок усе страты, якія краіна панесла за 2,5 гады.
Мы сталі прамымі сведкамі таго, як хутка было разбурана тое, што стваралася дзесяцігоддзямі. На ўсё гэта патрэбны будуць рэсурсы. Мы павінны будзем адмяніць вось гэтую бюракратычную, цэнзарскую машыну ў выглядзе Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці. Мы павінны даць магчымасць ініцыятывам і арганізацыям грамадзянскай супольнасці везці сюды новыя тэхналогіі, новыя рэсурсы, у тым ліку фінансавыя, экспертаў, якія будуць падтрымліваць і дапамагаць Беларусі на этапе аднаўлення і развіцця.
Стратэгічна гэта праца з заканадаўствам, выпрацоўка новых механізмаў абароны ўразлівых груп, новых інстытутаў (як прыклад — інстытут амбудсмена па правах чалавека). Мы павінны выпрацаваць рэальна эфектыўнае і дзейснае сацыяльна арыентаванае заканадаўства.
— Ці не баішся ты адказнасці за тэму палітвязняў?
— З аднаго боку, вядома, баюся. Мяне абвясцілі 26 снежня, на піку грамадскага абмеркавання: патрэбныя / непатрэбныя перамовы, гандаль людзьмі, выкуп палітвязняў — усе гэтыя страшныя словы, якія цяпер вымаўляюцца; канфлікт «за» і «супраць».
Мяне напалохала гэта сітуацыя, таму што цяпер уся адказнасць будзе перакінута на маё прадстаўніцтва. Але тут я б хацела размежаваць гэтую адказнасць. Я не думаю, што будзе такая сітуацыя, калі ў дэмакратычных сілах будзе адзін чалавек (напрыклад, Святлана Ціханоўская), які будзе прымаць рашэнні. Мы не павінны гэтага дапусціць. Не павінен адзін чалавек прымаць настолькі важныя рашэнні. У нас ужо ёсць шматгадовы вопыт, калі ўсе рашэнні прымаюцца адным чалавекам.
Мая пазіцыя вельмі простая: тое, што адбываецца ў турмах — гэта чыстае зло, адсутнасць правасуддзя, і трэба выкарыстоўваць усе магчымыя інструменты, якія мы не выкарыстоўвалі. Трэба прааналізаваць, за што так трымаліся ўсе стратэгіі да гэтага, адмовіцца ад неэфектыўных, шукаць новыя шляхі, новыя механізмы.
Мы патрабуем адно ад аднаго нейкага цуду, прад’яўляем адно аднаму, што ніхто з нас не можа вызваліць палітвязняў. Дык гэта праўда! І тут час прызнаць, што тая частка беларусак і беларусаў, якія вось так нападаюць адно на аднаго, абясцэньваюць, абражаюць, абвінавачваюць — гэта якраз-такі дыялог паміж саюзніцамі і саюзнікамі. Вельмі важна разумець, што ёсць іншыя беларусы — людзі, якія трымаюць у закладніках нашых блізкіх, усю нашу краіну, і гэта таксама беларусы! Як на мяне, трэба накіроўваць гэтыя патрабаванні на адпаведны адрас — людзям, якія маюць рэальны ўплыў на пытанне вызвалення палітвязняў.
Мая задача будзе адначасова простай і вельмі складанай. Я лічу, што нам патрэбна шчырая размова з самімі сабой. Нам трэба сесці за стол і паклікаць за яго ўсіх тых, хто цяпер у гэтай дыскусіі, хто каментуе і рэпосціць у сацсетках; нам трэба паклікаць за гэты стол тых сваякоў палітвязняў, для якіх гэтае пытанне — штодзённы боль. Нам трэба сесці, адкрыта пагаварыць і, паглядзеўшы праўдзе ў вочы, пачаць выпрацоўваць адзіную стратэгію і падзяляць адказнасць. Таму што цуду не адбудзецца.
Мы не павінны і не зможам перакласці тэму вызвалення палітвязняў на плечы аднаго чалавека — нават калі гэта нацыянальная лідарка або прадстаўніца па сацыяльных пытаннях, ці яшчэ хто б там ні быў, напрыклад, Аляксандр Лойка, муж Ірыны Слаўнікавай, які так самааддана і смела выступіў з публічным зваротам, ці іншыя сваякі палітвязняў, якія на розных пляцоўках падымаюць гэтыя пытанні.
Мы не павінны крытыкаваць. Трэба дамовіцца, падзяліць адказнасць, задачы і рабіць усё для таго, каб выратаваць тых, хто цяпер сядзіць, і не дапусціць новых смерцяў.