Святлана Алексіевіч: Трэба не баяцца шчыра сказаць, што мы сутыкнуліся з фашызмам

«Кажуць пра вялікую рускую культуру, але галоўнае ў гэтай «вялікай рускай культуры» — гэта культура вайны», — дзеліцца нобелеўская лаўрэатка. Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы распавяла ўкраінскаму каналу «Freedom» пра новую кнігу, размовы з пуціністамі і лукашыстамі і пра стары час, які кіруе намі сёння.

— Святлана Аляксандраўна, вы з 2014 года выразна называлі тое, што адбываецца на Данбасе, вайной, гаварылі пра тое, што гэта ўжо трагедыя. Ці чакалі вы, што гэта ўсё разаўецца і выльецца ў поўнамаштабнае ўварванне, якое здарылася 24 лютага?

— Ведаеце, я заўсёды з асцярожнасцю і, шчыра кажучы, са страхам назірала за ўсім, што адбываецца на Данбасе, а ўжо калі танкі сталі ў такой колькасці збірацца на ўкраінскай мяжы, я, вядома, успомніла тыя кнігі, што пісала, тых людзей, з якімі гутарыла. Я зразумела, што мы — людзі вайны. Гэта ўся наша культура.

Кажуць пра вялікую рускую культуру, але галоўнае ў гэтай «вялікай рускай культуры» — гэта культура вайны.

Я памятаю сваё пакаленне, нават пакаленне маёй унучкі, якой цяпер 17 гадоў… Іх вучаць забіваць і паміраць. Іншага няма. Гэта галоўны наш вопыт.

Таму, вядома, я з жахам назірала за тым, што адбываецца на мяжы. І хоць мне шмат тэлефанавалі замежныя карэспандэнты з пытаннем, ці будзе вайна, я ўсё ж такі з наіўнасцю чалавека, які сам не быў на вайне (хоць я была на Афганскай вайне, але гэта ўсё ж такі далёка, за тысячы кіламетраў), гаварыла, што гэтага не можа быць, гэта занадта па-вар’яцку для XXI стагоддзя — такое сярэднявечча. Але, як бачыце, мы жывём на вайне. Вы жывяце на вайне.

— Няўжо вось гэты перапынак нічога не зрабіў, калі быў час без вайны? Чаму высноў ніхто не зрабіў з гэтага часу?

— Вы ведаеце, я думаю, што гэта віна палітычных і гуманітарных эліт. Усе былі не гатовыя да гэтага новага жыцця. Мы бегалі па плошчах, крычалі «свабода, свабода», але ніхто не разумеў, што такое свабода, што яна патрабуе іншага чалавека — вольнага чалавека, іншых паняццяў. Жангліравалі словамі Захаду, але гэта было поўнае неразуменне таго, што адбываецца. І, вядома, набрала сілу тая частка, якая менавіта гэтым ваенным вопытам кіравала жыццём, вопытам гвалту. І гэта можна было адчуць, але я неяк усё ж такі спадзявалася, як наіўны гуманітарый, што гэтага не будзе.

Але, калі я размаўляла з людзьмі, мяне ўвесь час дзівіла агрэсіўнасць. Гэта была агрэсіўнасць зняважанага, няшчаснага чалавека, а яшчэ і ашуканага за гэтыя 30 гадоў.

Я не ведаю, Крэмль, напэўна, досыць хітра адвёў гэты ўдар ад сябе. Як заўсёды, патрэбны знешні вораг, каб захаваць уласную ўладу. Гэта звычайная гісторыя для рускай культуры.

Цяпер, калі пачалася вайна, больш за ўсё мяне ўразіла, вядома, яе зусім неспасцігальная жорсткасць.

Спачатку з гэтай жорсткасцю я сутыкнулася, калі стала пісаць кнігу пра нашу беларускую рэвалюцыю. З першых дзён знайшліся людзі, якія сваіх жа суграмадзян, сваіх жа аднакласнікаў, аднакурснікаў лавілі і рабілі з іх кавалак мяса. Калі мне паказвалі фатаграфіі людзей, якіх прывозіла хуткая дапамога, вы ведаеце, я зразумела, што тысячы, мільёны кніг нічога не зрабілі з чалавекам.

Нават цяпер, калі гляджу кадры з Бахмута, бачу такую колькасць трупаў, я думаю, што можна звар’яцець людзям і з таго, і з другога боку. Такое было толькі падчас Другой сусветнай вайны. Як расказвала мне адна жанчына, вайсковы кухар, кацёл кашы наварыш, а няма каму есці: прыходзяць два чалавекі. Вось нешта падобнае адбываецца цяпер. І я нават не ведаю, як людзі на фронце спраўляюцца з гэтым псіхалагічна. Гэта неймаверна, што робіцца.

Вядома, мы цяпер жывём, я б сказала, на вайне. Раніца пачынаецца — ты глядзіш, што дзеецца там, днём ты ўвесь час зазіраеш туды, увечары зноў туды глядзіш.

Але дзівіць больш за ўсё наша… не зусім бездапаможнасць, хоць большасць людзей бездапаможныя. Я з’ехала са сваёй краіны. І там нічога нельга было зрабіць. Тут ты не знаходзіш сабе месца, што ты нічога не мог зрабіць. І перад вамі, украінцамі, сорамна, што вы там паміраеце. І адказаў няма.

— У вас адзін з герояў на пытанне, як ты выжыў, чаму ты выжыў, адказвае: «Мяне шмат любілі ў дзяцінстве». Мяне гэтая фраза моцна зачапіла. І я спрабую цяпер зразумець, можа быць, мала любілі тых, хто цяпер падтрымлівае вайну, мала любілі тых, хто не адчувае, што паглыбіўся ў гэтую звярыную жорсткасць? Можа, проста іх мала любілі ўсіх?

— Я не сумняваюся. Для мяне гэта таксама важна было. Наша культура не заснавана на любові. І мы ж бачым гэта. Гвалт — гэта не толькі ваенная аперацыя. Гэта і хатні гвалт, і дваровы гвалт. Вельмі шмат разнавіднасцей гвалту, і я думаю, мы выраслі ў гэтай культуры. Напэўна, бацькі нават не да канца гэта ўсвядомілі.

Я не ведаю, якая колькасць людзей цяпер чытае кнігі. Раней мы выхваляліся, што мы такая духоўная краіна. Я шмат бываю на Захадзе, і я б словы «самая духоўная краіна» цяпер ніколі не сказала б.

Таму што я бачу тут людзей, якія значна больш шануюць уласнае жыццё і наогул жыццё. Тут моладзь ездзіць ратаваць пінгвінаў, нейкіх птушак рэдкіх. Гэта ўжо зусім іншая філасофія нараджаецца. А ў нас пра гэта і гаворкі няма, мы як у Сярэднявеччы. Выцягнулі танкі з запаснікаў і страляем.

— Вы былі на Афганскай вайне, і, наколькі я зразумеў, яна вас так моцна ўразіла, што пасля гэтага вы ўвогуле на вайну і не хацелі ездзіць — ні ў Чачню, ні на Данбас. Столькі гадоў прайшло з Афгана, прайшоў, напэўна, нейкі страх, нейкія фізіялагічныя перажыванні ад таго, што вы там бачылі. А што назаўсёды застаецца з таго досведу вайны, якую вы блізка бачылі?

— Вы ведаеце, непрыгажосць і нечаканасць смерці. Я памятаю, як мы ідзём, нават не на фронце, мы ідзём абедаць і праходзім міма вартавога, бо мы ў сталовай Генштаба абедалі.

Ён аддаў чэсць нам, мы яму нешта весела адказалі і пайшлі. Вяртаемся назад — гэты хлопец ляжыць забіты, выпадковым аскепкам.

У той жа час калісьці мне гаварылі мае героі, што вайна прыгожая: прыгожа ляцяць снарады ў небе, прыгожыя мужчыны на вайне, наогул яны называлі шмат праяў гэтай прыгажосці, абвостранасць пачуццяў, калі ты сядзіш перад атакай і калі свет паўстае вельмі прыгожым.

І вось спалучэнне гэтых дзвюх рэчаў мяне надта ўразіла. І больш за ўсё ўразіла, што людзі пра гэта не думаюць.

Я бачыла, як нашы хлопцы на танках вярталіся з задання, абвешаныя дыванамі… То-бок вельмі падобна да таго, як цяпер вяртаюцца з халадзільнікамі, пральнымі машынамі рускія войскі з украінскай тэрыторыі.

І сёння дзівіць, вядома, падзенне нораваў. Журналіст на ютубе тэлефануе маці, якая толькі што пахавала сына, ён хоча пагаварыць пра гэта, яна адмаўляецца. Але потым, адказваючы на настойлівасць журналіста, яна кажа, што калі я буду з табой гаварыць, то мяне пазбавяць сямі або пяці мільёнаў, якія даюць за загінулых. А я за гэтыя грошы пабудую старэйшай дачцэ кватэру. Нічога такога на Афганскай вайне маці не казалі, маці не ацэньвалі ў грашах жыццё свайго дзіцяці.

Ці яшчэ іншы прыклад, як хлопцы едуць на вайну цягніком і адзін з іх кажа, што грошай зусім дома няма, але калі я памру, то бацькі атрымаюць столькі і столькі.

Я нават не ведаю, адкуль гэта прыйшло, кажуць, што тэлевізар. Я думаю, ёсць яшчэ хтосьці страшнейшы за тэлевізар, можа быць, прырода чалавечая. Я нават не ведаю, чаму адбылося такое падзенне.

— Пасля развалу Савецкага Саюза, гэта ў вас у кнізе ёсць, некаторыя героі кажуць, вось мы жылі духоўным жыццём, чыталі кніжкі, слухалі Акуджаву, пры гэтым быў культ вайны, мілітарызм, а потым раптам пайшло спажыванне, мы ўсе сталі думаць пра рэчы. Можа быць, гэта сыграла такі злы жарт? І калі спажыванне павялічылася, духоўнасць упала ніжэй за плінтус.

— Вы ведаеце, я спачатку думала, што спажыванне выратавала нас ад грамадзянскай вайны, што людзі настолькі захапіліся гэтымі кавамолкамі, пральнымі машынамі, усімі машынамі, і грамадзянскай вайны не здарылася.

А, з іншага боку, можа быць, мы недаацанілі тое, што краіна вельмі падзялілася на бедных і багатых, і вось тая частка людзей, бедная, яна вельмі ўзлавалася, яна была вернута літаральна да самага прымітыўнага ладу жыцця, і, вядома, з чалавека палез звер. Больш нічога ў ім няма — толькі звер, ці іншы чалавек, які трохі пачышчаны культурай. Чалавек культурны імгненна знік.

— Калі ў Беларусі былі падзеі 20-га года, шмат хто ва Украіне спадзяваўся, што калі ў беларусаў атрымаецца, то вайны можа не быць поўнамаштабнай. Чаму не прачнулася тады Беларусь, чаму не атрымалася?

— Ну, я сумняваюся, што вайны не было б. Я думаю, проста яна пачалася б з Беларусі. Я не веру, што Расія саступіла б Беларусь нават самой Беларусі, самім беларусам.

Не, яна была гатовая да таго, што адбываецца ў вас цяпер. Проста цана таго, што яны змаглі нас перамагчы (альбо мы не змаглі перамагчы, таму што назваць тое, што яны зрабілі, перамогай, неяк несумленна), тое, што мы не змаглі перамагчы, гэта адвяло ад нас удар. Ну і, вядома, такая мужыцкая хітрасць Лукашэнкі, які хоча захаваць уладу. А для гэтага патрэбна краіна, трэба ж над чымсьці панаваць.

І тады застаўся адзін вораг — вядома, Украіна, якая заўсёды вораг Расіі. Гэта неяк гістарычна так склалася, гэта, напэўна, канкурэнцыя, рэўнасць.

Як пісьменнік я бачу свет вобразамі. Вось ідзе Парашэнка, Лукашэнка ідзе і ідзе Зяленскі. І гэта як быццам два часы ідуць — новы час і вось той, стары час. І такое жудаснае адчуванне, што стары час больш моцны, яго яшчэ вельмі шмат.

— Мы кожны дзень ва Украіне думаем пра тое, што з таго боку можа пачацца новае ўварванне, ракеты ляцяць да нас з Беларусі, адтуль узлятаюць самалёты. Чым больш гэта ўсё доўжыцца, тым больш, скажам так, здзіўленне ўкраінцаў у адрас беларусаў змяняецца гневам. Пакуль ён, можа быць, не такі моцны, як да рускіх, але ён ужо ёсць. Што рабіць з гэтым гневам, і як вы наогул глядзіце на тое, што з вашай радзімы ляцяць ракеты, а могуць і сухапутныя войскі адправіцца?

— Ну як я гляджу? Сорамна, вельмі сорамна. Але я разумею, што наша Беларусь акупаваная. Гэта не тая асобная краіна, яе няма, гэта частка Расіі. І хто там прэзідэнт? Не Лукашэнка. Прэзідэнт — Пуцін.

І калі рэвалюцыя была так жорстка і зневажальна разагнана, то народ, вядома, схаваўся ў сябе. І частка народа наогул змоўкла або далучылася да Лукашэнкі. І таму мы нічога не можам зрабіць. Што я магла б зрабіць, калі б я была там? Я была б, як наш лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, я была б таксама на Акрэсціна. З-за маіх гадоў і хвароб мяне хапіла б зусім ненадоўга. А гэта таксама па-дурному зусім. Калі я напішу кнігу, я зраблю больш. І так усе.

Я памятаю, едзеш па Беларусі, заходзіць размова, хто вы, што вы, і я кажу, што я ўкраінка, маці ў мяне ўкраінка, і чалавек заўсёды ўсміхаецца. Або, калі я была ва Украіне, казала, што бацька ў мяне беларус, і такая ж рэакцыя была, калі даведваліся, што ты беларус. Самі беларусы, калі б над імі не было ўлады гэтага дуэта Лукашэнкі і Пуціна, ніколі не ваявалі б, яны б ніколі не дазволілі, каб ляцелі самалёты, каб велізарная колькасць тэхнікі, арміі была ў Беларусі, каб лячылі тут рускіх салдат — ну гэта значыць поўнага ўдзелу ў гэтай вайне. А трэба прызнаць, што гэта поўны ўдзел у вайне. Але беларусы гэтага не хочуць. Гэта акупаваная краіна.

— А як аднаўляць беларускую ідэнтычнасць пасля таго, што зрабіў Лукашэнка? Ці, калі ён сыдзе, усё само хутка адновіцца?

— Не, гэта будзе балючы працэс, таму што нацыя прыніжаная. Вы не ўяўляеце, якая колькасць людзей прайшла праз турмы, якія зневажальныя нашы турмы, як там проста расчалавечваюць чалавека і вельмі зневажаюць.

Я думаю, нацыі будзе вельмі цяжка ад гэтага адысці. І другое: хоць мы [арміяй] не ўдзельнічаем у вайне супраць Украіны, гэта таксама вялікая траўма для нашай самасвядомасці. Паверце мне. Я думаю, мы не станем адразу такімі свабоднымі і моцнымі. І не адразу пачнём любіць саміх сябе.

— У рамане «Час сэканд-хэнд» адзін ваш герой, нейкі крамлёвец высокапастаўлены, кажа: «Асудзіць той час — значыць асудзіць сябе». Я думаю, што вось тыя, хто цяпер падтрымлівае Пуціна з яго справамі, яны таксама не змогуць гэта асудзіць, таму што для іх гэта будзе значыць асудзіць сябе, самых блізкіх сабе людзей. Вось гэтая складанасць — неяк наогул з яе можна выйсці, каб чалавек не баяўся гэтага?

— Ведаеце, гэта будзе доўга, таму што вельмі шмат крыві. І зусім інакш пра гэта думаеш, калі ты бачыш, як бамбяць Харкаў, калі ты бачыш дзіцячыя пакоі катаванняў.

Кожны рускі адчуе гэтую віну, калі пра гэта больш раскажуць, як пра ГУЛАГ калісьці.

Я думаю, што Расія доўга будзе вяртацца да сябе самой, няхутка яна верне павагу свету, уласную павагу, павагу сваіх нашчадкаў, гэта будзе доўгі працэс.

— Вы са многімі людзьмі гаварылі. Як вы зразумелі, пачуццё свабоды і адсутнасць страху — гэта прыроджанае ці ўсё ж такі набытае, і ці можа чалавек прайсці шлях свабоды, нават калі несвабодным нарадзіўся і выхаваны быў?

— Я гаварыла з тысячамі людзей і магу вам сказаць, што сустракала шмат людзей, якія былі вернымі камуністамі, як, напрыклад, мой бацька. Але яны змаглі прайсці шлях свабоды, яны асэнсавалі, у якім часе яны жылі і да чаго яны былі датычныя.

Шчыра кажучы, мне здаецца, што чалавек вельмі няўстойлівы, што ён вельмі лёгка можа паддацца вось гэтай ідэі сілы. Гэта ідэя, асабліва ўзмоцненая вопытам сталінскага жыцця, вельмі мяняе людзей — гэта нейкія іншыя людзі.

Я часам сустракаю сваіх аднакласнікаў, аднакурснікаў, гэта зусім не тыя людзі, якіх я ведала ў студэнцтве, з якімі мы марылі пра новую краіну і чакалі перамен. І раптам вось людзі, якіх можна назваць пуцінцамі, лукашыстамі. Як гэта адбылося, чаму гэта адбылося? Вось я зараз пішу новую кнігу і спрабую гэта зразумець.

— А ў вас ёсць сілы з імі падтрымліваць адносіны, з лукашэнкаўцамі, з пуціністамі, нават калі вы іх ведалі шмат гадоў?

— Калі я пісала кнігі, я знаходзіла сілы нават мець зносіны з ахоўнікамі лагераў. Ведаеце, я пісьменнік. А што такое пісьменнік? Гэта сумленны чалавек, які думае. Мяне мучыць тое, што я не знайшла адказаў. Я шукаю гэтыя адказы. Гэта мая прафесія. Гэта маё жыццё, мая праца.

— А што вы ім кажаце, ці вы аддаяце перавагу толькі таму, каб слухаць іх?

— Напэўна, больш слухаць, каб не перашкаджаць чалавеку выгаварыцца. Калі я ўмяшаюся ў размову і пачну навязваць свой погляд, ён можа і прыхавацца, можа неяк часова перайначыцца, можа, яму будзе сорамна перада мной ці нешта іншае.

Таму я заўсёды даю чалавеку волю, волю, каб ён сказаў, хто ён такі, каб ён крычаў сваю праўду.

— І цяпер беларуская рэвалюцыя — ваша тэма?

— Гэтак жа і вайна. Нядаўна я гаварыла з адным маладым чалавекам, і як ён крычаў люта, што ён не будзе слухаць Шастаковіча, не будзе чытаць Чэхава. Я не гаварыла яму, што мастацтва як бы не вінаватае ў гэтым, і Чэхаў не вінаваты. Хоць не ведаю, можа, калі глыбока думаць, можа, у чымсьці і вінаватыя. Можа, гэта імперскасць наогул у рускай літаратуры, ва ўсялякім выпадку, як шмат гэтага імперскага і ў Бродскага можам знайсці, і ў Пушкіна тым больш.

Але трэба чалавеку даць волю, каб ён усё-ткі выкрычаў сваю праўду. І тады з гэтых шматлікіх праўд нараджаецца вобраз часу. Што гэта былі за людзі, чаму яны так лёгка забівалі, так лёгка паміралі.

Вось за што сёння паміраюць рускія салдаты?

Я схіляюся перад украінскімі салдатамі. Я бачыла кадры, як вязуць рэфрыжэратары з загінулымі героямі, і ўсе людзі выбягаюць і на каленях стаяць уздоўж дарогі. Мне бабуля расказвала, што ёсць такі звычай.

Я думаю, што, хоць маё дзяцінства і юнацтва звязаныя з Украінай, я не ведала ўкраінцаў, я не ведала, што гэта за народ.

Адзін украінец гаварыў мне: «Ну чаму вы баіцеся? Вось мы ідзём і паміраем. А чаму ў вас хто раз’ехаўся, хто схаваўся? Чаму вы не ідзяце і не паміраеце?» Я не ведала, што яму адказаць.

Проста я магла сказаць, што, можа быць, усё-ткі трэба асцярожней ставіцца да чалавечага жыцця. Але тады чаму да жыцця вашых хлопцаў, якія ў Бахмуце ляжаць, не трэба больш беражліва ставіцца? Яны аддаюць жыццё, аддаюць радзіме сваёй, сваёй краіне. А мы — не. Можа быць, нам вельмі цяжка з мірнага жыцця выйсці, рашыцца на тое, каб забіваць іншага чалавека. Гэта ж таксама вельмі складана. Я думаю, гэтая праблема існавала першы час і ва Украіне — пайсці забіваць кагосьці, нават ворага.

Але я гляджу на маладых людзей, зусім маладых яшчэ, гімназістаў. Яны вельмі хутка становяцца рэвалюцыянерамі, значна хутчэй, чым думае Лукашэнка ці Пуцін. Яны будуць іншымі. Яны не прымуць гэтага сярэднявечча. Гэта немагчыма. Не могуць такія людзі, як Лукашэнка і Пуцін, спыніць час.

Час — гэта непадуладная матэрыя. Гэта проста мінулае кіруе намі, нашай сучаснасцю. Адбылася такая незразумелая рэч, калі мінулае апынулася наперадзе, і яно кіруе сённяшнім днём. Старыя людзі кіруюць намі, іх паняцці, тое, што яны прачыталі, тое, што яны ведаюць, яно раптам перамагло нас, тых, хто хоча жыць інакш.

— Так, яны нават ворагаў з мінулага прыносяць сюды, калі пачынаюць казаць пра антыамерыканізм, антызаходніцтва, вы ж, напэўна, усё гэта выдатна памятаеце. Можа быць, гэта настальгія адыграла такую ролю? Можа быць, так вось працуе настальгія, яна прыводзіць урэшце да мінулага, калі ёю жыць?

— Самы галоўны вінаваты ва ўсім — імперскасць. Памятаю, калі я ездзіла па Расіі, я зразумела, што гэтая імперскасць нараджае агрэсіўнасць людзей. Расія не павінна быць доўга зняважанай, яе небяспечна доўга зневажаць, бо выскачыць гэты звер, які называецца Іншая Расія. І гэта было відавочным, нават калі я размаўляла з маладымі людзьмі. Яны гаварылі, што вось раней нас баяліся, а цяпер мы ніхто, мы паедзем на Захад, мы павінны працаваць на нейкіх больш нізкіх работах, нашы дыпломы не падыходзяць. Я думаю, тут і еўрапейская эліта павінна была многае прадумаць. Антысаветчыкі павінны былі глыбей ведаць гэтую савецкую культуру.

— А якія памылкі дапусцілі, як вы думаеце, самыя фатальныя? Як можна было дапамагчы гэтаму зверу не захапіць столькі людзей у Расіі і ў Беларусі?

— Я думаю, можна было эканамічна дапамагчы. Гэта, па-мойму, я чытала і ў Сораса, і ў многіх людзей, што страх перад Расіяй сыграў дрэнную штуку, а трэба было гэтага звера ведаць, што ён існуе. Трэба было эканамічна дапамагчы падчас Ельцына, падчас Гарбачова таго ж — ён вельмі падыходзіў гэтаму новаму часу перамен. Ён яшчэ доўга жыў. Як гэта жудасна — перажыць свой час, сваю ідэю. Я сустракалася з ім, і мне вельмі спадабаўся гэты чалавек, ён быў з іншага часу.

Трэба было не так нас баяцца. Трэба было, каб сюды лінула культура, эканамічна нейкія рэчы, трэба было дапамагчы і як мага больш людзей захапіць гэтым новым жыццём, каб яны адчулі, што ў іх ёсць шанец.

А цяпер у гэтых хлопцаў шанец толькі адзін — паехаць і зарабіць на вайне. Я ў Афганістане гэта чула таксама — зарабіць на вайне.

— Сёлета Нобелеўскую прэмію міру падзялілі тры праваабарончыя арганізацыі — беларуская, украінская і расійская. Як вы ставіцеся да такіх прэмій, калі некалькі краін, асабліва ў такі няпросты момант… Таму што ў многіх людзей з’явіўся дыскамфорт з-за гэтага рашэння, што там ёсць расійская арганізацыя, хоць да «Мемарыяла» няма пытанняў, вядома.

— Я хачу сказаць, што гэта была вельмі дакладная спроба ўсё ж такі даць шанец нашаму нейкаму прымірэнню. Я паважаю ўсіх гэтых людзей, якія атрымалі прэмію міру, і я думаю, што толькі вось так, сустракаючыся і гледзячы ў вочы адно аднаму, мы можам знайсці нейкае выйсце з гэтага тупіковага становішча, з гэтай пасткі гісторыі, у якой мы апынуліся.

— На заканчэнне я хацеў бы задаць вам пытанне якраз пра тое, аб чым вы кажаце — аб выхадзе. У вас гераіня, якая ў Абхазіі сустрэла вайну, так кажа пра вайну: «А калі загарэлася вада, як яе патушыць?» Так яна апісвае вайну, свае пачуцці. Як патушыць ваду, Святлана Аляксандраўна, як з гэтага жаху выйсці, у якім мы ўсе жывём?

— Я памятаю гэтую дзяўчыну, яна не змагла жыць у звычайным жыцці, яна пайшла ў храм і стала рэлігійнай, яе вельмі мучыла гэта. Усё ж такі мы нейкі час, досыць доўгі, жылі без вайны. Я памятаю, як у маім пакаленні часта гаварылі: як выдатна, што з нас пачаўся новы час, вайны ўжо не будзе. Адна мая гераіня з кнігі «У вайны не жаночы твар» распавядала: «.. сказалі “перамога, яны расстралялі ўсе снарады” (яна артылерыстка была), а на наступны дзень прыехала праверка — “дзяўчаткі, вас судзіць трэба”. А мы стаялі і думалі: ну навошта тыя снарады? Навошта кулі?» Усе расстралялі. Бо пасля таго, што чалавек бачыў за Другую сусветную вайну, здавалася, ужо не можа пачацца гэтага. А, бачыце, аказваецца, можа.

Усе кажуць, што нам патрэбны новы светапогляд у сувязі з экалогіяй, што мы ўжо не можам даць рады з прыродай і мы як бы ўжо пачалі вайну з прыродай. А гэта вайна, дзе мы, вядома, не пераможам. І патрэбны новы светапогляд.

Павінен быць таксама новы светапогляд (можа, я наіўны чалавек, пацыфіст), што няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё.

Нянавісць можа нарадзіць толькі нянавісць, яна нічога больш не нараджае, толькі любоў можа нас выратаваць, толькі любоў. У мяне быў адзін фільм. Калі раскопвалі Курапаты і даставалі чарапы, там была песня, што гэтыя забойцы не ведаюць, што робяць, і як знайсці сілы палюбіць іх. Не ведаю, мне скажуць, што я не памятаю гэтыя словы… Але я хачу зразумець вось гэтых забойцаў.

Я не хачу, каб мая кніга несла нянавісць. Не, я хачу іх зразумець. Палюбіць — не, не, я таксама не ў стане іх палюбіць. Яшчэ так высока мая душа не паднялася.

Але зразумець іх, каб мы маглі абараніцца ад іх, каб быў нейкі сусветны механізм, які мог бы спыняць дыктатараў. Тое, што цяпер хоча зрабіць Еўропа, Амерыка, і гэта ўпершыню яны так аб’ядналіся.

Таму што мы маем справу з рускім фашызмам. І калі паглядзець на трыццатыя гады, пачытаць, што гаварыў Гітлер пра Польшчу, пра Чэхаславакію, усё вельмі падобна, усё жудасна падобна, і мы ведаем, як гэта заразліва, як гэта можа ахапіць увесь свет.

Трэба не баяцца шчыра сказаць, што мы сутыкнуліся з фашызмам. І задаць пытанне: чаму ён зноў вяртаецца да нас? Чаму чалавек не можа яму супрацьстаяць? Вось гэтыя пытанні, на якія я спрабую адказаць у сваёй кнізе.

Мне часта кажуць, Света, патрэбна кніга. Я павінна напісаць гэтую кнігу. Але гэтая кніга павінна быць не толькі пра нашы пакуты. Гэтая кніга павінна быць глыбейшай — пра чалавечую прыроду, пра недасканаласць чалавека, пра тое, што, можа, мы неяк аказаліся занадта маленькімі для слова «свабода», занадта негатовымі да слова «свабода», бо мы ніколі не былі вольныя, у нас няма гэтага досведу жыцця. У нас толькі адзін досвед — страляць адзін у аднаго.

novychas.online паводле «Н*ш* Н*в*»