Старэйшы прадстаўнік дынастыі, дзед, граў на самаробных беларускіх цымбалах яшчэ ў першай палове мінулага стагоддзя. Дынастычную сярэдзіну займаў бацька, які быў акардыяністам за савецкім часам. А ўнук ужо стаў мультыінструменталістам — ён з 1980-х паспяхова грае і на клавішных, і на бас-гітары, і на акардэоне, але галоўнымі яго інструментамі з’яўляюцца ўдарныя і перкусія. На дадзены момант унук яшчэ і сямейны архіварыус, які захоўвае родавыя рэліквіі — у тым ліку і бацькаў акардэон, і дзедавы ўласнаручна зробленыя цымбалы.

«Дзеньдабрысты» — менавіта так іх называлі простыя людзі на самым захадзе Беларусі і ў Літве, уздоўж усёй беларускай мяжы — музыкантаў, якія спрадвеку гралі «сто лят», «маршы», «кшціны» ды іншыя традыцыйныя музычныя нумары рэгіёна. А таксама «дзень добры» — гэта калі ладзілі цэлы музычны рытуал, заводзілі гульню з вясельнымі гасцямі ды на сур’ёзную тэму — на тэму гэткага музычнага падатку, своеасаблівага збору «на пражыццё» для музыкантаў ад кожнага ўдзельніка свята. Адсюль і пайшла назва «дзеньдабрысты».

Нібыта абвяшчалі па-польску і спявалі, здаецца, на польскай мове, але заезджыя палякі часам не разумелі, пра што гаворка. А вось навакольныя беларусы разумелі добра, нездарма мясцовыя людзі на Віленшчыне і па сённяшні дзень называюць сябе «тутэйшымі», вызначаючы сваю этнічную прыналежнасць. Традыцыйна большасць жыхароў — каталікі, таму нібыта «палякі», аднак жа ў каго не спытай — «дзед беларус, бабуля палячка» альбо наадварот. Такая ж гісторыя і ў герояў нашага аповеду.

Бернард Тамашэвіч, вядомы ў сталіцы сённяшняй Літвы музыкант, удзельнік розных праектаў, нязменны барабаншчык гурта «Blues Makers», які быў створаны ў Вільні яшчэ напрыканцы 1980-х пры актыўным удзеле нашага галоўнага героя. Сапраўдны барабанных спраў майстар, спадар Бернард супрацоўнічаў і з сімфанічным аркестрам, і з джазавым біг-бэндам, працаваў у калектыве цэнтральнага тэлебачання Літвы, удзельнічаў у сотнях міжнародных рок-блюз-джаз-кантры-фестываляў, выступаў па ўсёй Еўропе з рознымі музыкантамі.

Бернард Тамашэвіч

Музычныя таленты перадаліся Бернарду Тамашэвічу па адной лініі ад Уладзіслава Валатковіча, роднага дзеда (бацька Бернардавай маці), які яшчэ да Другой сусветнай вайны пачаў граць на цымбалах. Калісьці ў юнацтве зацікавіўся гэтым рэдкім інструментам праз заезджых музыкантаў, а потым і сам, уласнаручна зрабіў сабе цымбалы. Інструмент яго не згубіўся і ў спадчыну патрапіў да Бернарда.

Уладзіслаў Валатковіч у маладыя гады недзе пад Вільняй

Па другой лініі таксама ёсць з каго браць прыклад: бацька Бернарда — Чэслаў Тамашэвіч — быў вядомы па ўсёй Віленшчыне музыкант — у першую чаргу акардэаніст, а таксама спявак, клавішнік, вядоўца. На сённяшні дзень і ў самой Вільні, і ў шмат якіх мястэчках Віленшчыны людзі сталага ўзросту ўспамінаюць яго з павагай: «А, Чэсік! Ну як жа! Выдатны быў чалавек, і граў добра…»

Чэслаў Тамашэвіч на здымку злева

Бабуля Чэсіка, народжаная Марыя Асіповіч, з’явілася на свет і пражыла да старасці на спрадвечных беларускіх тэрыторыях — паміж Вільняй і Лідай. Усе вышэйпералічаныя продкі Бернарда Тамашэвіча — і прабабуля Марыя, і дзед Уладзіслаў, — спазналі неверагодныя цяжкасці падчас Першай і Другой сусветных войнаў, у міжваенныя і пасляваенныя гады. Цяжка ўявіць, што Марыя Астаповіч за сваё жыццё, не з’язджаючы з аднаго і таго ж месца, пражывала ў наступных дзяржавах: у Расійскай імперыі; у рэспубліцы ЛітБел (аб’яднанай Літоўска-Беларускай краіне са сталіцай у Вільні, а потым у Менску — цягам 1919 года); у Сярэдняй Літве польскага генерала Жалігоўскага (варыянт Рэчы Паспалітай у зменшаным памеры пры спробе аб’яднання часткі літоўскіх, беларускіх і польскіх зямель са сталіцай у Вільні — да 1922 года); у Польшчы (да якой адносілася Віленшчына да 1939-га); у Савецкім Саюзе. Не нашмат меней перажыў розных уладаў Уладзіслаў Валатковіч.

Уладзіслаў Валатковіч са сваімі цымбаламі ў хуткім часе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны

Спадар Уладзіслаў жыў у Віленскім раёне ў вёсцы Гайлюны. Яго ўнук Бернард распавядае: «У свой час ён быў нават кіраўніком мясцовага калгаса. Але нягледзячы на гэта, да канца жыцця дзед заставаўся простым чалавекам, вёў звычайны вясковы лад жыцця — працаваў на падворку, нарыхтоўваў дровы, варыў самагон, шыў абутак для сябе і нават на продаж, трымаў гаспадарку, але ж да апошніх дзён не расставаўся з любімым інструментам — з цымбаламі…»

Уладзіслаў Валатковіч на пачатку 1980-х са сваім калегам «па гастролях»

Бернард Тамашэвіч, узгадваючы пра свайго тату, які пайшоў з жыцця ў 2019 годзе, распавядае, што Чэслаў Тамашэвіч быў не толькі знакамітым у сваім рэгіёне музыкантам, але і вядомым грамадскім актывістам. Калі ў хуткім часе пасля развалу Савецкага Саюза ў этнічных палякаў з’явіліся пытанні да новай улады і патрэбна была кансалідацыя для вырашэння тых пытанняў, спадар Чэслаў быў адным з актыўных арганізатараў Звязку палякаў Літвы на Віленшчыне (Związek Polaków na Litwie — ZPL).

Бацька (справа) і сын (у цэнтры) Тамашэвічы на адным з мерапрыемстваў

На той момант сям’я Тамашэвічаў перабралася пад самую Вільню, у мястэчка Чорны Бор (Чарны Бур па-польску, па-літоўску Юодшыляй). Бацька пабудаваў хату, наладзіў гаспадарку на новым месцы, далучыўся да мясцовых музыкантаў, прымаў актыўны ўдзел у культурным жыцці гэтага рэгіёна Віленскага краю.

Чэслаў Тамашэвіч і паэтка з мястэчка Чорны Бор Аліцыя Лясота, якая піша вершы на польскай мове

Спадар Чэслаў, пражываючы ў Чорным Бары, таксама супрацоўнічаў з фальклорным калектывам «Баравянка», рэпертуар якога складаўся і з польскіх, і з літоўскіх, і з беларускіх песень.

Вельмі шмат музыканты гралі на вяселлях — збіраліся ў розных складах, выкарыстоўвалі і электраінструменты, і духавыя, і смычковыя, і ўдарныя — былі спецыялісты на ўсе рукі. Так Чэслаў Тамашэвіч пачаў знаёміць свайго сына, падлетка Бернарда, з сакрэтамі «дзеньдабрыстаў».

Бацька і сын

Са спецыфічных слоўцаў, якія выкарыстоўвалі тутэйшыя музыканты, можна было скласці сапраўдны слоўнік.

«васэле» — тое, што на беларускай мове «вяселле» — у сваім прафесійным арго выкарыстоўвалі і палякі, і літоўцы; 

«кляп» — піяніна, фартэп’яна, у некаторых выпадках электраарган, сінтэзатар;

«пушка» — акардэон;

«бэчка» — вялікі басовы барабан;

«кубік» — калонка з убудаваным узмацняльнікам, комбік;

«кантычкі» — тэксты песень вясельнага музыканта, сабраныя ў тэчку альбо ў зшытак. У іранічным кантэксце тут абыгрываецца назва зборніка духоўных музычных твораў польскіх каталікоў, дзе збіраліся песні для спеваў на Раство, адвент, Вялікі пост, Вялікдзень і г. д. — у большасці сваёй народнага складу, вясёлых, простых па структуры, не запісаных у нотах.

Чэслаў Тамашэвіч з акардэонам

На ўсіх гарадскіх і местачковых імпрэзах гралі выключна ўжывую шматгадзінныя праграмы, а напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х выязджалі нават за мяжу, каб парадаваць інтэрнацыянальных слухачоў на кірмашах альбо на народных ці нават на афіцыйных святах.

Віленскія музыкі ў Польшчы

Ні дзед Уладзіслаў, ні бацька Чэслаў ніякіх музычных установаў не скончвалі, таму справай гонару ўжо было дать прафесійную адукацыю ўнуку. Па-першае, юны Бернард атрымаў дыплом музычнай школы па класе фартэп’яна. Наконт вялікай зацікаўленасці ўдарнымі інструментамі і сваіх «першых універсітэтаў» у гэтым кірунку спадар Бернард распавядае так: «У раёне былога ўнівермага ў Вільні за савецкім часам месціліся так званыя музычныя салоны. Там выкладалі бас-гітару, вучылі граць на электрагітары, на сінтэзатарах. Вось у такім салоне, у выкладчыка па класе ўдарных, я пачаў вучыцца прафесійна граць на барабанах.

Юны Бернард за барабанамі

Потым было паступленне ў вышэйшую музычную вучэльню, а пазней кансерваторыю імя Талат-Кялпшы. Дыплом атрымаў якраз напярэдадні позвы ў ваенкамат…»

Яшчэ будучы студэнтам, у 1987 годзе, Бернард Тамашэвіч заняў месца за барабанамі ў гурце «Hilda Blues Band». Першы канцэрт адбыўся у філармоніі. На базе гэтага калектыва фармаваўся зорны склад блюзавай тусоўкі на дзясяткі гадоў наперад. Спадар Бернард успамінае: «Акрамя лідара калектыву Алекса — асноўнага аўтара і вакаліста, на трубе граў Аляксандр Белкін, на гітары Віргіс Ютас — будучыя зоркі літоўскага блюзу. Потым Белкін замяніў мяне на барабанах, і пакуль я здаваў выпускныя экзамены і рыхтаваўся да войска, «Hilda Blues Band» паехалі за мяжу — у скандынаўскія краіны. Па тых часах гэта была неверагодная справа…

Адслужыўшы два гады, я вярнуўся да сваіх калегаў — разам з Віргісам Ютасам мы стварылі «Blues Makers», а Белкін арганізаваў свой «The Road Band». Абодва гэтых калектыва існуюць да сёння».

Не аднойчы за апошні час, нібыта адчуваючы ў сабе беларускую кроў, Бернард Тамашэвіч удзельнічаў у мерапрыемствах, якія ладзілі віленскія беларусы — варта ўзгадаць «Ноч (НЕ) расстралянай паэзіі», калядны канцэрт у музеі Луцкевічаў, Беларускі кірмаш у межах Тыдня беларускай культуры, дзе Бернард здолеў выступіць і з літоўскім гуртом «Dinoz», і з «Клубам сіньораў Рудаміна» пад кіраўніцтвам Марыі Сімановіч, і з інтэрнацыянальным гуртом «Sun And Sea» (літоўска-польска-расійска-беларускі праект), і з Аляксандрам Памідоравым.

Якія б музычныя хвалі не захоплівалі таленавітага чалавека з дынастыі «тутэйшых дзеньдабрыстаў», аднак памяць пра сваіх продкаў-музыкантаў Бернард Тамашэвіч захоўвае надзейна. Нават ёсць сур’ёзныя планы зрабіць музейную экспазіцыю рэдкіх самабытных музычных інструментаў з Віленскага краю.

Спадар Бернард ва ўласнай студыі з дзедаўскім інструментам — самаробнымі цымбаламі Уладзіслава Валатковіча

«Hilda Blues Band». Архіўны запіс, прыкладна канец 1980-х.

Юры Несцярэнка, budzma.org