Што думаюць палякі пра беларускую эміграцыю?

У Варшаве ў сценах «Witryny domu wschodniego» адбылася дыскусія «Што думаюць палякі пра беларускую эміграцыю?». Як адзначаюць арганізатары, дыскусія – гэта спроба глыбей зразумець досвед і выклікі, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Польшчы. У дыскусіі прынялі ўдзел прафесарка Юліта Макара, палітолаг Макс Руст, журналіст Пётр Пагажэльскі і намеснік прадстаўніцы АПК па пытаннях нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі.

Нагодай для правядзення сустрэчы стала справаздача Цэнтра Мерашэўскага па даследаванні грамадскай думкі «Беларуская эміграцыя ў Польшчы – меркаванні, адносіны, дылемы», якая паказала раптоўны спад падтрымкі беларусаў палякамі, пасля некалькіх год паслядоўнага росту гэтага паказчыка. Калі, паводле даследавання ў 2022 годзе паказчык падтрымкі дасягаў нават 40%, то ў 2023 ён апусціўся ніжэй за 20%.

Прафесарка Юліта Макара з Інстытуту сацыялогіі Вроцлава адзначыла, што змены ў стаўленні палякаў да беларусаў могуць быць звязаныя з тым, што зараз польскае насельніцтва хутчэй атаясамляе ўсю беларускую нацыю з тым, што адбываецца ў краіне і са знешняй палітыкай Лукашэнкі. Яшчэ адна важная рэч – беларусы ў Польшчы незаўважныя: у культурным плане і нават знешнім выглядам не надта ад палякаў адрозніваюцца, не ствараюць праблем і ўвогуле незаўважныя ў штодзённым жыцці для простых палякаў.

Як адзначыў намеснік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па справах культурнага адраджэння Павел Баркоўскі, адной з негатыўных высноў даследавання з’яўляецца тое, што ўжо больш за палову выехаўшых беларусаў не хочуць вяртацца на радзіму.

«Сённяшняя сустрэча падкрэслівае, што існуе шмат праблем у нашых стасунках. Звязаныя яны з тым, што беларуская супольнасць з аднаго боку добра інтэграваная ў Польшчы, з іншага боку гэта прыводзіць да таго, што існуюць вялікія лічбы людзей, хто ўжо кажа, што не хоча вяртацца ў Беларусь пасля нават дэмакратычнага транзіту. Сёння мы павінны зразумець, якім чынам, па-першае, можа быць добра арганізаваная інтэграцыя беларускай супольнасці, каб не страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, свае нацыянальныя інтарэсы, якім чынам Польшча можа дапамагаць беларусам сёння знаходзіць сваё месца і знаходзіць сябе лепш арганізаванымі ў Польшчы, пры гэтым даючы ім магчымасць навучыцца новаму карыснаму досведу і з новымі ведамі пасля вярнуцца для пабудовы новай, лепшай Беларусі».

radiounet.fm