Контур Беларусі з каменьчыкам-слязінкай — нават калі ў вас няма падобнага ўпрыгожання, вы дакладна ведаеце гэты брэнд. Belaruskicry літаральна вокамгненна стаў вядомы і любімы беларусамі. А ў гэтым артыкуле мы прыадкрыем закуліссе і пагаворым з заснавальніцай брэнду Сашай пра новую калекцыю, натхнёную дыванамі, а таксама пра даследчы падыход да традыцыйных сімвалаў, любоў да калег, бізнес па-беларуску і, вядома, пра мары.
«Брэнд сапраўды пачаўся з аднаго прадукта. Я не планавала займацца гэтым масава, увогуле першапачаткова я пачала рабіць кулоны для сябе і сяброў. А беларусы самі выбралі мяне, а потым і нашу каманду. Вось зараз адказваем, скажам так, іх запыту», — усміхаецца Саша.
Цяпер матыў карты Беларусі розныя майстры паўтараюць у розных інтэрпрэтацыях. Але ўсё ж такі першы выраб, менавіта са слязінкай, быў унікальны.
Спачатку casual, а яркае потым
Акуратныя і мінімалістычныя ўпрыгожанні Belaruskicry сапраўды можна назваць упрыгожаннямі на кожны дзень. Але сама Саша пры гэтым называе сябе сарокай — любіць усё яркае, бліскучае, што прываблівае ўвагу. Дысананс?
«У новай калекцыі я паспрабавала ўжо крыху адарвацца, і мы дадалі 13 колераў. А ўвогуле насамрэч я вельмі моцна сябе стрымліваю, таму што я нашу шмат усяго рознага. А брэнд…
Да нас людзі ідуць за нейкім вельмі спакойным пачуццём, пачуццём вельмі кранальным, вельмі далікатным, і гэта важна», — разважае стваральніца брэнду.
У камандзе Belaruskicry усе розныя, з рознымі густамі, але хлопцы і дзяўчаты дакладна разумеюць, які прадукт робяць і для каго.
«Я лічу, што мы яшчэ не закрылі базавыя патрэбы ва ўпрыгожаннях у беларусаў, каб быў нейкі такі больш яскравы ці вячэрні варыянт. Я ўяўляю гэта так, быццам я запаўняю сваю скарбонку і скарбонку беларусаў. І пачаць хочацца з асноў. Хочацца дагадзіць усім і пры гэтым не страціць нейкую агульную стылістыку брэнду. Таму мы адказваем такімі, пакуль што casual прадуктамі.
І зараз мы носім з вамі базу, потым дадамо ў нашу калекцыю жэмчуг, потым рознакаляровыя камяні, і яна зазіхаціць ужо абсалютна іншымі фарбамі. Гэта будзе бліжэй да вясны, планы ў нас ёсць. Але пачынаецца любоў звычайна з кулона, а потым паступова купляюць і іншыя ўпрыгожанні нашага брэнду. Бывае, што нават кажуць, што ў іх ужо ўвогуле ўсё ёсць, давайце прыдумляйце яшчэ! Вось таму місія ў нас вельмі адказная», — смяецца Саша.
(Не) турэцкія дываны для натхнення
Для новай калекцыі ў стылі funny jewelry натхненне прыйшло ад… дываноў.
«Я з’ездзіла ў Турцыю, наглядзелася на мясцовыя дываны, і тады ў нас пачалося фіялетавае і ружовае пакаванне. Я калі прыехала, кажу сваім, чаму мяне ніхто не спыніў? Ну вось адкуль такія колеры ў Беларусі? А потым мы з’ездзілі ў госці да Каці Ваданосавай, яна дастала касцюм Маладзечанскага строю, а ён — фіялетавы! Аказваецца, што ў Навагрудку і на яе радзіме (каля Маладзечна) насілі такі фіялетавы строй. І я зразумела, што гэта не Турцыя. Гэта ўсё роўна пра нас», — распавядае Саша.
Калекцыя зараджалася з трох колераў — чорны, белы і чырвоны, а потым разраслася да 13 — і з асаблівых сакральных месцаў — шыі і запясцяў.
«Міфам нашых бабуль было, што праз гэтыя месцы заходзілі злыя духі, і ўсё дрэннае магло праходзіць праз абшэўкі і шыю», — тлумачыць Саша.
Саша прызнаецца, што вельмі часта яе не адарваць ад этнаграфічных інстаграм-каналаў, якія вядуць беларусы. Яна падпісана на ўсё: ад маленькіх блогаў па 200–300 падпісчыкаў да 20-тысячнікаў, якія ездзяць па Беларусі і збіраюць фатаграфіі ўнікальных рэчаў.
«І насамрэч ёсць дываны, якія мала чым адрозніваюцца ад турэцкіх. Магчыма, арнамент іншы, але набор фарбаў… Там нават ёсць нейкія неверагодныя кіслотныя колеры. Я не ведаю, дзе бабулі бралі такія ніткі! Таму гэта было б абсалютна няправільна абмежаваць сябе толькі трыма «традыцыйнымі» колерамі», — кажа Саша.
Калекцыю пачалі распрацоўваць паўтара гады таму, а выпусцілі толькі нядаўна, таму што, кажа Саша, калекцыя — як жывы арганізм, які расце і развіваецца паступова. Плюс кожны выраб, які выпускаецца, каманда спачатку носіць сама, правярае, каб было зручна.
Даследчы падыход да сімволікі
«У нас спачатку было пяць сімвалаў, усё было заснавана на нейкіх карцінках з інтэрнэту, вельмі па-дылетанцку першапачаткова ўсё было», — прызнаецца майстрыха.
Але потым пачаліся кнігі этнографаў, кансультацыі. Нехта выходзіў на сувязь, нехта не, таму Саша сама капалася ў крыніцах. Паступова інфармацыя стала праясняцца, і высветлілася, што нельга вырываць сімвалы з агульнага малюнка — у паслядоўнасці і камбінацыі ёсць свой сэнс. Але і тут усё не так проста.
«Нават калі ты яго вырвеш, сэнс будзе ў кожнай майстрыхі абсалютна індывідуальны, аж да кожнай-кожнай бабулькі, мясцовай краўчыхі, вышывальшчыцы, рукадзельніцы.
Таму мы вырашылі надаваць ім яшчэ і свой сэнс. Хтосьці загадваў жаданне, калі апранаў бранзалет, хтосьці проста думаў, каб са мной усё было добра ці каб нешта атрымалася, я нейкія пажаданні хлопцам і дзяўчатам давала, бо прайшла такая ўжо прыгожая традыцыя. Мы стварылі ніці, прыдумалі ім свае значэнні і носім іх самі ўжо больш за год як абярэгі», — распавядае Саша.
Бранзалеты-ніткі былі створаны, каб іх насілі не здымаючы. Яны бязважкія, не псуюцца, з імі можна купацца і рабіць наогул што заўгодна.
«Вельмі часта нашы бабулі думалі аб тым, каб абараніць сябе, сям’ю, гаспадарку ад нейкіх бед. Было вельмі шмат нейкіх рэчаў звязана, пашыта і вышыта на абарону.
Ну і ў наш час нам падалося, што гэта вельмі актуальна. Мы не далі арнаментам нейкай пэўнай назвы, таму што чалавек усё роўна, калі дорыць камусьці сімвал ці апранае на сябе, сам пра нешта думае.
Чалавек сам малюе свой лёс, гісторыю, і гэта ўсяго толькі адзін маленькі элемент, які ўшыты ў яго жыццё, і ён можа сам надзяліць гэта нейкім сваім сэнсам, сваім жаданнем. Мы далі беларусам магчымасць для фантазіі», — кажа стваральніца Belaruckicry.
Але насамрэч ужо не толькі для беларусаў. Цяпер у брэнду ёсць маркеты ў розных гарадах. Яны выстаўляюцца ў Варшаве і Вільні.
«Дзяўчынкі расказваюць, што нашы ўпрыгожанні купляюць і замежнікі. Таму, магчыма, гэта ўжо пачне жыць нейкай іншай сваёй гісторыяй, патрапіць у іншыя ўвогуле грамадствы. Беларускасць паціху заваюе свет, мы вартыя гэтай увагі!» — смяецца Саша.
Каманда = сям’я
Першапачаткова Саша была сама сабе каманда. З 20 замовамі ў месяц яна спраўлялася самастойна. Але потым лічбы пачалі расці, і трэба было хутка вырашаць пытанне.
«Побач аказаліся мае блізкія і сябры. Зараз брат займаецца вытворчымі працэсамі, многа стварае, дапамагае мне. Потым прыехала мая сяброўка, цяпер — мая правая рука, якая таксама займаецца менеджментам і кіруе. Гэта значыць, працэнтаў 20 каманды — гэта мае сябры і сваякі. Шмат хто з Наваградка, кагосьці я ведаю больш за 10 гадоў.
А потым да нас на сумоўі сталі прыходзіць таксама «свае» хлопцы і дзяўчаты — у нашых кулонах, хто ўжо любіў наш брэнд, ведаў нас, быў падпісаны ў Instagram», — кажа Саша.
Так у камандзе склалася сямейная атмасфера людзей, якім у кайф іх праца. Некаторыя людзі прыехалі спецыяльна з Польшчы ў Грузію, каб працаваць разам з Сашай.
«У нас усе дапамагаюць адно аднаму. У панядзелак мы не прыходзім на працу, бо мы ўсе не любім панядзелкі. Але калі хочацца — прыходзь, вядома. У нас у Тбілісі вельмі прыгожы офіс, мы арандавалі яго праз год, а да гэтага туліліся вельмі доўга ў маленькім пакоі ў 35 квадратаў», — распавядае Саша.
Вечнасць, але сучасная
Неяк у чарговы раз разглядаючы профілі розных беларускіх майстрых, Саша натрапіла на старонку Рэгіны Лавор.
«Мяне так расчуліла адна яе гісторыя пра тое, што яна выканала нейкі выраб, а яго проста не забралі. І я падумала, як мы можам прыдумаць нейкую калабарацыю, расказаць беларусам пра такіх вось таленавітых жанчын, якіх мноства, але ў іх мала падпісчыкаў. А ў нас жа шмат! Праз нас даведаюцца!» — распавядае Саша.
Так з’явілася ідэя праекта «Сучасная вечнасць» — якая аб’ядноўвае найцудоўнейшых беларускіх вышывальшчыц. На старонцы праекта расказваем гісторыі жанчын, а таксама тут можна спампаваць схемы для вышыўкі.
«Заўсёды ў кожнай калекцыі, у кожным пакаванні нашых вырабаў ёсць нейкія ўкладышы з песняй, з вершам, з нейкім пасланнем ад каманды. Цяпер мы вырашылі дадаць туды ўкладышы з нашымі гераінямі. Гэта зроблена для таго, каб беларусы, якія ведаюць пра брэнд Belaruskicry, купляючы нашы вырабы, маглі даведацца яшчэ пра розных майстроў. Гэта піяр класных маленькіх праектаў. Я хачу стварыць такую міні-бібліятэку, хочацца працягваць збіраць людзей і ўслаўляць культуру разам», — кажа Саша.
Беларусам быў патрэбны новы сімвал
Саша лічыць, што яны заслужылі народную любоў, таму што беларусы самі выбралі брэнд.
«Напэўна, у нас быў такі вельмі моцны запыт на нейкі сімвал. Усё забаранілі: бчб-сцяг, герб… Нашы ўпрыгожанні носяць вельмі многія ў Беларусі, у тым ліку. Кулоны часам набываюць нават фанаты Лукашэнкі. Гэта ж карта Беларусі і ўсё», — кажа Саша.
Таму галоўнае, што зараз даносіць брэнд — гэта пра Беларусь, пра каханне і пра суполку.
«Нам пішуць гісторыі з разраду: сядзела мама з дзіцём у паліклініцы, выйшла доктарка з кулонам, убачыла ў мамы кулон таксама. Яны нічога сказаць не могуць, але ўсміхаюцца, глядзяць адна на адну. А потым нам гэтыя гісторыі расказваюць.
Хтосьці ў Лондане сустрэў адно аднаго, абдымаюцца, бо бачаць кулон. Хтосьці знаёміцца недзе на нейкіх выставах, у іншых гарадах абсалютна.
І гэта сапраўды стала сімвалам, бо людзі самі гэты сімвал выбралі. Ну і мы таксама шмат маем зносін, шматлікіх кліентаў ведаем самі асабіста, многія становяцца сябрамі брэнду», — распавядае Саша.
У брэнду вялікая вяртальнасць. Ёсць людзі, якія па восьмым-дзясятым разе купляюць нешта, проста падарункі сваім сябрам і сваякам.
«І мы гэтых людзей ведаем асабіста, яны прыходзяць да нас у офіс, яны прыходзяць да нас на гарбатку. Нядаўна мы рабілі майстар-клас у Тбілісі, запрашалі да нас гасцей, дык потым не маглі разысціся, усё ператварылася ў караоке.
Мы разам сумуем вельмі моцна па дому, нашы любімыя размовы пра нейкія мястэчкі ў Беларусі, мы разам глядзім з трымценнем фатаграфіі з дому, калі нам нехта адпраўляе. Многія з каманды ўжо не могуць паехаць дадому», — кажа Саша.
Саша хоча лепш замацавацца ў Варшаве, бо там шмат беларусаў і вельмі вялікі запыт.
«Там толькі два нашыя прадстаўнікі, але я буду паволі спрабаваць там ладзіць нешта кшталту майстар-класаў. Проста гэта ўсё вельмі энергазатратна.
Мы выпусцілі новую калекцыю і, шчыра кажучы, выдыхнулі. Але мы будуем вельмі шмат планаў на наступны год: калабарацыі, можа, нейкія крамы і корнеры адкрыць. Хочацца шмат!» — дзеліцца майстрыха.
Майстар-класы: «Людзі просяць, я не магу сказаць «не»»
У офісе стаіць Сашын ювелірны стол і ёсць усе інструменты. Таму ідэя рабіць упрыгожанні разам з людзьмі ляжала проста на паверхні.
«Мы пачалі праводзіць ювелірныя майстар-класы. Людзі вучацца рабіць срэбныя пярсцёнкі, была яшчэ зборка ўпрыгожанняў са срэбных элементаў. Паралельна яшчэ дзяўчынкі вучаць вышываць. Людзі просяць, а я не магу сказаць «не»», — смяецца Саша.
Хоць гэта забірае шмат энергіі, Саша лічыць, што майстар-класы — гэта крута! Па-першае, можна сустрэцца з людзьмі, адчуць іх, пагутарыць, адчуць агульную энергію і цікава разам правесці час.
«Мне не хочацца, каб гэта была проста гісторыя пра адзін кулон, пра брэнд аднаго вырабу, я разумею, вядома, што яго ўжо нічога не пераплюне і наўрад ці нейкая новая прапанова зможа стаць папулярнейшай і больш знакамітай… Але часам людзі прыходзяць да нас на маркеты і кажуць: «Калі вы нешта яшчэ выпусціце, я купіла ўжо ўсё!»», — смяецца Саша.
Беларускі бізнес на беларускай мове
Брэнд пачаўся літаральна за месяц да пачатку вайны. У канцы студзеня з’явіліся першыя пасты і сторыс, Саша вяла іх ад сваёй асобы, яна гаворыць у жыцці і па-беларуску, і па-руску.
«Тады мне здавалася сумленным выкарыстоўваць дзве мовы, таму што гэта было адлюстраванне мяне. Потым брэнд пачаў расці, і я зразумела, што там ужо не можа быць доўга майго адлюстравання, я проста не вывезу сябе паказваць праз брэнд. Таму я вырашыла не фігураваць там фактычна, каб не было асацыяцый брэнду са мной. Вельмі вялікая адказнасць, і мне падалося гэта лішнім», — успамінае Саша.
З пачаткам вайны стала відавочна, што ёсць дакладнае размежаванне і моў таксама.
«Руская мова для мяне стала мовай агрэсіі і акупантаў. У маім асяродку беларускай мовы ўжо было нашмат больш, чым расійскай і, шчыра кажучы, мы ж ніколі не арыентаваліся на аўдыторыю і кліентаў з Расіі.
Я разумела, што брэнд толькі для беларусаў і ў маім разуменні беларускія брэнды мусяць весціся на беларускай мове.
Таму мае дзяўчынкі, якія працуюць у дырэкце, усе ідэальна размаўляюць на беларускай мове. У некаторых з іх гэта штодзённая мова ў побыце. Таму для нас гэта пад’ёмна, а людзі часта адклікаюцца, што ім гэта падабаецца», — лічыць Саша.
Модныя грузіны і іх даступны бізнес
«У Грузіі шмат аўтэнтычных брэндаў, якія ўсхваляюць грузінскі дызайн, у іх таксама ёсць свой арнамент. Я гэтым вельмі моцна натхняюся. Пачынаючы ад абрусаў, заканчваючы гліняным посудам. У мяне ў планах усё гэта выпускаць і ў Беларусі.
Я не хачу абмяжоўвацца толькі ювеліркай, хочацца стварыць такі маленькі сусвет беларусаў з нейкімі прыгожымі і аўтэнтычнымі рэчамі. Каб у Мінскім аэрапорце не гэтая жахлівая адпужваючая сувенірка прадавалася, а афігенныя рознакаляровыя арнаменты, дываны, абрусы, посуд вельмі стылёвы. Хацелася б да гэтага імкнуцца!» — марыць Саша.
Але справа не толькі ў ідэях, іх якраз у беларусаў хапае, а яшчэ і ў нюансах бізнесу. З ім — складана.
«Ювелірны бізнес увогуле фактычна нерэальна ў Беларусі адкрыць. Гэта тады будуць вельмі дарагія вырабы. Нашы ўпрыгожанні каштавалі б у Беларусі як мінімум у два разы даражэй: ёсць складанасці вырабу, на кожны выраб дакумент патрэбны, іншы кошт на сыравіну.
Вядома ж, гэта робіцца дзеля таго, каб не было малога бізнесу, каб такія людзі, як я, не маглі нічога ствараць. Нават у той жа Варшаве, я ўжо пачынаю даведвацца, усё нашмат прасцей.
Таму ў нас няма ні крутога рынку ювеліркі, ні класных фэшн-брэндаў. Ёсць, вядома, але няшмат, гэта зусім не развіта. Людзі не тое, каб аўтэнтычнае нейкае не робяць, нават casual з цяжкасцю. Ледзь-ледзь спрабуюць гэтыя худзі выжыць! І калі я бачу размовы пра дорага… Я проста ведаю, колькі каштуе вытворчасць, як гэта цяжка і складана», — распавядае стваральніца брэнду.
Таццяна Валошка, budzma.org,
фота з асабістага архіву Сашы