Днямі на інтэрнэт-старонцы беларускай бібліятэкі Kamunikat.org з’явілася поўная анталогія твораў Святланы Алексіевіч, за якія яна ў 2015 годзе атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Гэта 5 кніг пад агульнай назвай „Галасы ўтопіі“.
Агучваннем гэтых твораў займаліся акторы Купалаўскага тэатра, а арганізацыяй усяго працэсу – міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і фонд Kamunikat.
У гасцях racyja.com менеджар праекту і кіраўнік фонду Яраслаў Іванюк.
РР: Як і калі ўзнікла ідэя аўдыёзапісу гэтай анталогіі?
– Ідэя зрабіць аўдыёзапіс кніг Святланы Алексіевіч, за якія яна атрымала Нобэлеўскую прэмію з літаратуры, з’явілася ўжо некалькі гадоў таму, калі мы толькі пачалі займацца аўдыёзапісам кніг з беларускай сучаснай мастацкай літаратуры.
Вядома, трэба было знайсці ўсе канцы, скантактавацца з аўтаркай, бо ўсе кнігі былі напісаныя на расейскай мове, пазней былі перакладзеныя на беларускую мову, кожная кніга мае свайго перакладніка, трэба было скантактавацца з гэтымі перакладнікамі, атрымаць усе згоды, дазволы, каб усё было згодна з аўтарскім правам, каб не парушыць аўтарскага права.
Гэты працэс трываў, трэба было задумацца над тым, хто будзе запісваць гэтыя кнігі, бо па-беларуску ў аўдыёзапісі яшчэ не было гэтых кніг Святланы Алексіевіч. Некаторыя з іх запісваліся ў аўдыёверсіі па-расейску. Таму трэба было падабраць людзей, якія сапраўды змогуць гэта зрабіць, зрабіць гэта якасна.
Я здзівіўся, калі пабачыў ролік з запісу „Віні Пыха“, які рабіла Крысціна Дробыш са сваёй камандай для „Кніжнага возу“, зразумеў што іншых актораў для запісу Святланы Алексіевіч не хачу. Гэта можа крышку здзіўляць, дзіцячыя кніга, акторы для дзяцей чытаюць, і агулам „Кніжны воз“ гэта дзіцячы праект, а я прыдумаў, што вось яны будуць запісваць творы Святланы Алексіевіч, якія сваім характарам вельмі цяжкія, яны невыносна цяжкія, бо ўсе расказваюць пра гора, пра бяду.
Гэта можа кагось здзівіць, але я пабачыў як гэта ў іх усё прафесійна адбываецца, я сустрэўся з Крысцінай, мы паразмаўлялі, я пабачыў як яны працуюць. Я ўважаю, то быў вельмі добры выбар, бо яны зрабілі гэта вельмі якасна. Я быў падчас некаторых запісаў у студыі ў Варшаве, я пабачыў як Крысціна з акторамі працуе, як яна гэтым мужчынам выдае свае загады, што тут трэба паправіць, гэта не так ты зрабіў, і яны ўсе слухаюць яе.
Трывала гэта амаль цэлы год, нямала часу трэба было на ўсё гэта прысвяціць, але маем запіс больш за 50 гадзін аўдыёкнігаў з творамі Святланы Алексіевіч, і можна іх проста цяпер слухаць, і яны даступныя бясплатна – за праслухоўванне не трэба плаціць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле: