Літоўскія сілы бяспекі бачаць у беларусах шпіёнаў

Літоўскія спецслужбы патрабуюць абмежаванняў для беларусаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Беларускае пытанне» падзяляе дэпутатаў літоўскага Сейма на два лагеры. Адны патрабуюць абмежаванняў для беларусаў, другія супраць такіх прапаноў.

У Літве зноў уздымаецца пытанне беларусаў, якія пражываюць у краіне. Раней пра пагрозу гаварыла служба прэзідэнта Літвы і асобныя палітыкі, а цяпер гэтую тэму падняў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы (ДДБ). Не так даўно кіраўнік ДДБ заявіў, што ў Літве фіксуецца высокая актыўнасць беларускіх шпіёнаў і сітуацыя ў хуткім часе можа стаць некантраляванай. Некалькі дэпутатаў зарэгістравалі папраўкі, якія дазволяць абмежаваць выдачу віду на жыхарства беларусам у Літве. Аднак немалая частка дэпутатаў не лічыць інфармацыю пра пагрозы пераканаўчай. Пра гэта расказвае літоўскі тэлеканал LNK.

І самі ініцыятары не ўпэўненыя ў тым, што іх прапанова можа даць станоўчы вынік, але ўсё ж робяць спробу. «Мы прапануем даць па тармазах», — сказаў LNK кіраўнік парламенцкага камітэта па нацбяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас. Гэтае пытанне ў Літве абмяркоўваецца з вясны, калі парламент прыняў абмежаванні для грамадзян Расіі, а прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа наклаў вета, бо хацеў, каб аналагічныя абмежаванні распаўсюджваліся і на беларусаў. Тады беларусы сабраліся на акцыю ля літоўскага парламента, парламент адхіліў вета прэзідэнта.

«Дзякуй, Літва!» — скандавалі тады прысутныя. Улетку ў Беларусь перабраліся найміты ПВК «Вагнер», таму дыскусія пра абмежаванні зноў аднавілася. Але ў парламент прыехала Святлана Ціханоўская і папрасіла нічога не мяняць. «Трэба адрозніваць беларусаў і расійцаў і беларускі рэжым і беларускіх людзей», – сказала тады Ціханоўская. Наступіла зіма, і трое кансерватараў – Кашчунас, Аўдронюс Ажубаліс і Паўлюс Саўдаргас – зарэгістравалі папраўкі, каб усё ж абмежаваць выдачу віду на жыхарства беларусам.

«Прычына ясная, бо ёсць новая ацэнка нашых спецслужбаў, яны адзначаюць, што пагроза расце», — сказаў LNK Саўдаргас. Сцвярджаюць, што ў ліку пагроз ад бедарусаў ёсць і шпіёны.

Кіраўнік ДДБ Дарус Яўнішкіс сказаў, што актыўнасць шпіёнаў беларускага КДБ у Літве рэкордная. «Палічыце, у 2025 годзе ў нас будзе 100 000. Я б сказаў, што гэта ўжо значная сіла. Як бы там ні было, надыдзе час, калі пяройдуць рысу і мы ўжо не зможам справіцца», – сказаў LRT Яўнішкіс. Праўда, нават не ўсе кансерватары ўпэўненыя ў тым, што трэба абмяжоўваць выдачу віду на жыхарства беларусам. «Мы гэта абмяркуем, таму што публічна выказаная кіраўніком ДДБ інфармацыя выклікае непакой», — сказала LNK кіразніца фракцыі кансерватараў Радвіле Маркунайце-Мікуленене.

«Гэтае рашэнне прапануе не ўрад, а дэпутаты, якія ўжо перш адрозніваліся такой, скажам, ястрабінай палітыкай у сферы міграцыі», – сказаў кіраўнік фракцыі «Партыі свабоды» Вітаўтас Міталас. Частка апазіцыі кажа, што калі не беларусы, то прыедуць іншыя. «Патрэба, прапанова будзе запоўненая Паўночнай Афрыкай, іншымі краінамі — Татарстанам, Туркменістанам, іншымі “постацямі”, іх жыхароў і без таго ў нас шмат», – сказаў LNK лідар «Партыі працы» Андрус Мазуроніс.

Лідар дэмакратычнага саюза «У імя Літвы» Саўлюс Скверняліс сказаў, што папярэджанні ДДБ — гэта ўжо сур’ёзна. «Немагчыма ні праверыць, ні гарантаваць рэальнасць пагрозы. Гэта ўжо рэальная пагроза бяспецы, гэтую плынь трэба спыняць», – сказаў Скверняліс. Абмежаванні тычыліся б толькі беларусаў, якія зноў прыбываюць. Тых, хто ўжо знаходзіцца ў Літве, гэта не закранула б, яны маглі б падоўжыць від на жыхарства без праблем.

Акрамя таго, прапануюць выключэнне, якое не тычыцца расійцаў: Літва застанецца адкрытай для высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі. Ініцыятары паправак спадзяюцца, што парламент разгледзіць папраўкі яшчэ падчас гэтай сесіі. «Калі дэпутатам не хапае аргументаў — і аргументаў ДДБ, то я не ведаю, што павінна адбывацца, каб іх пераканаць прыняць такі кампрамісны варыянт», — сказаў Кашчунас.

Многія беларусы, якія прыехалі ў Літву, — эканамічныя мігранты. Паводле звестак Дэпартамента міграцыі Літвы, у краіне пражывае 4000 высокакваліфікаваных спецыялістаў, на гуманітарнай аснове від на жыхарства атрымалі 770 беларусаў.

Калі будуць прынятыя прапанаваныя папраўкі, то гуманітарны калідор застанецца.

novychas.online