Да музейных выстаў ідэалогія пакуль не дабралася. Вынікі даследавання

«Пакуль тут абсалютна дамінуе сегмент непалітычны. Нягледзячы на тое, што ў нашай інфармацыйнай прасторы часам кажуць пра ідэалагічнае засілле, пра ідэалагічны кантроль і г.д., усё-такі аналіз паказвае, што каля траціны, то бок больш за 2000 выстаў, былі звязаныя альбо з мастацтвам, альбо з нейкімі варыянтамі творчасці».

Інстытут «Палітычная сфера» прэзентаваў даследаванне «Музейныя выставы: тэмы, фарматы, ідэалогія. 2019-2022».

У фокусе даследчыкаў апынуліся 162 музеі, 146 населеных пунктаў, 6500 паведамленняў пра выставы.

«Над даследаваннем працавала дастаткова вялікая каманда, у тым ліку людзі знутры Беларусі. Само даследаванне, як бачыце, апынулася вельмі маштабным, былі вывучаныя дадзеныя і цэнтральныя, і рэгіянальныя. Атрымалася вялікая база для аналізу тэндэнцый у гэтай справе і да пачатку палітычнага крызісу, і ў часе палітычнага крызісу, уключаючы вайну Расеі з Украінай. Ёсць дадзеныя і за 2023 год, але пакуль мы не ўключалі іх у выніковае даследаванне», — паведаміў падчас прэзентацыі ў Вільні дырэктар «Палітычнай сферы», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Тэматыка экспазіцый. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Музейныя выставы: тэмы, фарматы, ідэалогія. 2019-2022»

«Сітуацыя выглядае наступным чынам: у гэтай сферы абсалютна дамінуе сегмент непалітычны. Нягледзячы на тое, што ў нашай інфармацыйнай прасторы часам кажуць пра ідэалагічнае засілле, пра ідэалагічны кантроль і г.д., усё-такі аналіз паказвае, што каля траціны, то бок больш за 2000 выстаў, былі звязаныя альбо з мастацтвам, альбо з нейкімі варыянтамі творчасці. І на тым, на чым, напэўна, музеі могуць зарабляць, прыцягваць аўдыторыю, а не на нейкіх ідэалагічных тэмах. Усё-такі ідэалагічныя тэмы — ёсць такое адчуванне — ну ніяк не манетызуюцца. Вялікай цікавасці ў насельніцтва не выклікаюць», — сказаў Андрэй Казакевіч.

Тым не менш, паводле даследчыка, заўважаны «рост ідэалагічнай насычанасці і пашырэнне «ідэалагічнага» сегменту» перш за ўсё за кошт Другой сусветнай вайны, тэмы генацыду беларускага народу, дня народнага адзінства, але таксама агульнай «патрыятычнай» тэматыкі. У 2019 годзе было 118 выстаў, прысвечаных вайне, у 2022-м — 176. Калі ў 2019 такой рубрыкі як «генацыд беларускага народа» ўвогуле не было, у 2021-м было літаральна тры выставы, то ў 2022 годзе адбылося 68 выстаў на гэтую тэму.

Даследчыкі не зафіксавалі значнага пашырэння «расейскага» сегменту, але заўважана больш тэматычных выстаў, выстаў з Расеі, уплыў расейскіх наратываў на «ідэалагічны» сегмент.

«Выбуховага росту не бачым. Але русіфікацыя адбываецца, хутчэй, праз пранікненне расейскага наратыву ў рубрыкі «патрыятызм», «Другая Сусветная вайна» і г.д.», — сказаў Андрэй Казакевіч.

«Ідэалагічныя» выставы. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Музейныя выставы: тэмы, фарматы, ідэалогія. 2019-2022»

І апошні, трывожны вывад даследчыкаў: заўважаецца зніжэнне ўвагі да гісторыі дасавецкага перыяду, захаванне на маргінальным узроўні ўвагі да беларускай мовы і літаратуры.

Выставы, прысвечаныя беларушчыне. Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Музейныя выставы: тэмы, фарматы, ідэалогія. 2019-2022»

«Сегмент, звязаны з беларускай мовай і літаратурай, быў заўжды невялікі. Колькасць выстаў тут стабільная, казаць пра значнае скарачэнне не выпадае. Гэтую тэму, прынамсі на ўзроўні музеяў, за апошнія гады (улады) не чапалі. Чаго нельга сказаць пра дасавецкую гісторыю — гэты сегмент скараціўся ў два разы», — заключыў Андрэй Казакевіч.

Рыгор Сапежынскі, Budzma.org