Гутарка «Радыё Рацыя» з палітычным аналітыкам і медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.
РР: Абмяркуем інфармацыю пра блакаванне Ютуба, якое адбылося напярэдадні Новага года. Прыхільнікі Святланы Ціханоўскай каментавалі, што гэта зроблена для таго, каб людзі не паглядзелі яе зварот. А «Пул Першага» пісаў, што нехта здзейсніў такую правакацыю, каб беларусы не пабачылі зварот Аляксандра Лукашэнкі. Ці ўвогуле можна нейкім чынам пракаментаваць гэта, шукаць нейкія палітычныя сляды?
Паўлюк Быкоўскі:Так, безумоўна. Па-першае, я паглядзеў па розных сервісах, якія я фіксую з блакіроўкі, і там гэтая блакіроўка не зафіксаваная. Магчыма, гэта звязана або са спосабам блакіроўкі, або з тым, што яна была вельмі кароткая.
РР: А можа яе не было?
Паўлюк Быкоўскі: Не, усё ж такі яна была. Сапраўды, шмат хто казаў, што Ютуб быў недасяжны недзе за 15 хвілін да апоўначы. І я асабіста спрабаваў паглядзець, як яно выглядае з дапамогай VPN. І ў мяне Ютуб быў недасяжны, паказваў, што няма інтэрнэту. Ёсць людзі, якія казалі, што ў іх не працавала тэлевізія Zala, але гэта менавіта інтэрнэт-тэлевізія.
РР: Адпаведна, гэта акцыя, арганізаваная адмыслова. І як Вы думаеце, каб Ціханоўскую не паглядзець ці Лукашэнку?
Паўлюк Быкоўскі:Я не думаю, што хтосьці звонку мог перакрыць доступ у Беларусь на гэтыя 15 хвілін. Такой практыкі не было, і я думаю, не будзе. У 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў падчас пратэстаў улады Беларусі казалі, што гэта звонку блакуюць беларускі інтэрнэт, але тады было так, што менавіта дзяржаўныя сайты былі дасяжныя, а вось іншыя сайты былі недасяжныя. Таму гэта выглядала хлуснёй. Я думаю, што тут нешта падобнае. Адключэнне ўсё ж такі было зроблена ўладамі Беларусі, але паколькі ёсць розная інфармацыя, як гэта спрацавала, то хутчэй за ўсё правайдэры атрымалі загад і выканалі яго кожны па-свойму. Мне гэта нагадала ранейшую практыку Казахстана, дзе апазіцыйны дзяяч Мухтар Аблязаў з Францыі ці Германіі рэгулярна звяртаецца ў пэўны час да грамадзян і ў гэты час пры Назарбаеве заўсёды адключалі сацыяльныя сеткі, бо ён любіў выступаць праз Фэйсбук і Інстаграм, а потым уключаліся. А ў нас такой практыкі раней не было. У нас звычайна было адключэнне для таго, каб людзі не маглі скаардынавацца і зразумець, што адбываецца падчас палітычных акцый пратэсту. Ну вось, зараз нешта новае адкрылі для сябе.
РР: Як Вам сёлетні зварот Аляксандра Лукашэнкі?
Паўлюк Быкоўскі: Мне падалося, што ён зараз меў літаральна некалькі мэсэджаў, якія былі ў пасланні, звычайна ў яго быў набор, і мэсэджы былі як агульныя, так і для мэтавых групаў аўдыторыі. Зараз была падзяка «людзям у пагонах», а так гэта было пра тое, што патрэбны мір, а «нет мира без созидания, и нет созидания без мира» і так далей. Фактычна адпявалася адна тэма. І я не ўпэўнены, што можна казаць, што вобраз будучыні быў намаляваны неяк болей, чым які ўжо стаў мемам – вобраз “чаркі і шкваркі”. Было сказана: мінімальны дабрабыт, і гэта ёсць тое, да чаго трэба імкнуцца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле: