Воля Дземка даўно жыве і працуе ў Сіэтле. Яна — прадзюсар і рэжысёр, а таксама актыўна дзейнічае ў мясцовай беларускай супольнасці.
Воля Дземка нарадзілася ў Мінску, але на канікулах ездзіла да бабулі на палескую вёску. І хоць жыццё занесла яе ў амерыканскі Сіэтл, прага да беларускай культуры засталася, а нават вылілася ў шэраг унікальных праектаў.
Мова Гомель распытала Волю Дземка пра яе вялікую калекцыю аўтэнтычных беларускіх строяў, пра беларускую культуру ў Сіэтле, а таксама пра дзяцінства, з якога, магчыма, усё і пачалося…
Воля Дземка даўно жыве і працуе ў Сіэтле. Яна — прадзюсар і рэжысёр, а таксама актыўна дзейнічае ў мясцовай беларускай супольнасці.
Ёсць такая думка, што ўсё, што чалавек робіць у сваім жыцці, чым ён займаецца, паходзіць недзе з дзяцінства, з сям’і, ці ў вас гэта так адбылося?
— Так. У мяне мае бабуля з дзядулем, як і бацька дарэчы, з Палесся. І я, як усе нашы беларускія дзеткі летам, збірала клункі і ехала на вёску хрумкаць моркву з градкі. Для мяне як для гарадскога дзіцяці гэта было іншым сусветам, усе гэтыя конікі, кароўкі і так далей. А народныя строі, тое, чым я цяпер займаюся, было на нейкім там тысячным месцы, але яно ўсё роўна прысутнічала вакол, арганічна існавала, яно асела на мне «пылам», хоць я пра гэта і не думала. Мая зацікаўленасць гісторыяй нашай, мовай і фальклорам, пачалася яшчэ са школы, мне пашанцавала, у мяне былі вельмі апантаныя настаўніцы беларускай мовы і мне вельмі падабалася, калі на занятках яны ніколі не размаўлялі так, як гавораць тыя, хто не карыстаецца мовай. У іх мова цякла як ручай, можна было сядзець і слухаць. Яны па-крысе гэтую любоў да беларускай мовы здолелі перадаць і нам.
Воля тлумачыць, што вёска яе продкаў месціцца акурат на мяжы абласцей, і хоць адміністратыўна адносіцца да Брэсцкай вобласці, але гістарычна і этнаграфічна — да ўсходняга Палесся.
Вы сказалі пра сваіх цудоўных настаўнікаў, але іх мова — гэта была мова ўнармаваная. На вёсцы ж была іншая. Памятаеце, як у вас на вёсцы гаварылі?
— Так, канешне. Гэта зусім іншы дыялект, іншая гаворка. Калі я прыязджала да бабулі, то я яе вельмі добра разумела, але размаўляць так, як яна, не магу. Гэта такая жорсткая сумесь беларускай, украінскай і польскай моў з вельмі цікавым вымаўленнем.
У далейшым вам давялося паездзіць па Беларусі, у экспедыцыі. З чым гэта было звязана, які гэта быў досвед?
— Увесь час у мяне жыла думка пра тое, што беларускія песні настолькі ўнікальныя, настолькі незвычайныя, настолькі старыя, іх так клёва самому спяваць, а народ не разумее. І калі ты камусьці распавядаеш, тлумачыш, то на чалавека гэта ніяк не ўплывае. У мяне на адным з курсаў (Воля скончыла ў Сіэтле Інстытут мастацтваў, заўв. рэд.) быў прадмет прадзюсарства, і нам трэба было зрабіць бізнес-план і напісаць сцэнарый да фільма. Тады да мяне нарэшце прыйшла ідэя зрабіць фільм пра народныя песні. Я пачала пісаць сцэнарый, нават яшчэ не ведаючы, што гэты фільм сапраўды выйдзе.
— Зразумела, што такі фільм нельга зняць, седзячы за крэслам, не паехаўшы на вёскі і не запісаўшы наўпрост выканаўцаў. Таму я паехала ў экспедыцыю па палескіх вёсках. У мяне там былі сувязі, мяне там ведалі. На той момант я ўжо даўно не жыла ў Беларусі, таму ў мяне не было магчымасці дасняць нешта пазней, трэба было ўсё рабіць адразу. Я ехала туды, дзе ведала, што я ўсё запішу і ніхто не будзе мяне пытаць, чаго я сюды прыехала. Частка вёсак былі літаральна ў 20 кіламетрах ад маёй вёскі, людзі прыгадвалі маю сям’ю нейкую, цётак і так далей. Таму я нібыта і свая была. Потым, калі я прывезла фільм паказваць, то бабулі казалі, што яны адразу не паверылі, што я з нейкай Амерыкі да іх прыехалі, бо свая дзеўка, мы ўсіх яе родных ведаем, балакае па-нашаму.
У выніку ў 2016 годзе на ўласныя сродкі і сродкі ад арганізаванага збору, а нават узятага крэдыту, паўстаў фільм «Песні старой Еўропы» пра ўнікальную культурную спадчыну Беларусі, а дакладней, пра беларускія народныя песні. У фільме сабраныя вынікі экспедыцый па беларускіх вёсках, песні ў выкананні народных спевакоў і фольк-калектываў, каментарыі экспертаў, а таксама змешчаны ўнікальныя архіўныя кадры з пачатку і канца ХХ стагоддзя і іншае.
Фільм «Песні старой Еўропы» з англійскімі субцітрамі трапіў на шэраг фестываляў у свеце, яго паказалі ў ЗША, Мексіцы, Літве, Балгарыі, Канадзе ды ў іншых месцах, ён быў адзначаны шэрагам узнагарод, у тым ліку на міжнародным фестывалі CIFF у Канадзе. Ён стаў першым фільмам пра беларускі фальклор для англамоўнага гледача.
Фільм «Песні старой Еўропы» паказвалі ў розных краінах свету. Але возьмем тую ж Мексіку, там свая самабытная народная культура, традыцыі, колеры, музыка і так далей. Чым нашае беларускае Палессе чапляе мексіканцаў, ці амерыканцаў, ці прадстаўнікоў іншых народаў?
— Шчыра кажучы, гэта такая складаная матэрыя. Калі людзі жывуць у той жа Мексіцы ці ЗША, то Беларусь для іх — гэта вельмі-вельмі далёкая краіна, на тым баку свету. І яны не тое, каб не думалі пра Беларусь, яны пра яе нічога і не ведаюць. Гэта ўспрымаецца як маленькае акенца ў іншы свет, дзе ты ніколі не пабываеш. Гэта як для нас страва з Гандураса, якую мы з вялікай зацікаўленасцю разглядаем і каштуем, але на наступны дзень мы пра яе думаць не будзем. Гэта нешта падобнае. Але папулярызацыя беларускай культуры павінна быць, бо тая ж руская культура вельмі гучна гучыць у свеце. У нас ёсць патэнцыял, няхай ведаюць пра нас і глядзяць.
Беларусы як экзотыка, можна сказаць…
— Так. Нашы беларусы часам абураюцца гэтаму, але я кажу, народ, а вы назавіце мне ўсе краіны Цэнтральнай Амерыкі. Колькі з нас пакажуць той жа Гандурас адразу на карце? Тое ж самае і з Беларуссю.
На працягу больш як дзесяці гадоў Воля Дземка збірае аўтэнтычныя народныя строі. Што цікава, пачаткам будучай калекцыі стаў веткаўскі народны строй з Гомельскай вобласці, а таксама ручнікі з гэтага рэгіёна. На сёння Воля мае ўнікальную калекцыю, якая захоўваецца дома ў шафах і куфрах. Воля жартуе, што ў тым памяшканні, дзе павінны быць яе рэчы, вісяць строі, вяночкі, стужачкі, пацеркі і так далей. Кажа, што сяброўкі вельмі любяць туды заглядаць.
У марах — мець музейнае памяшканне, каб гэтыя скарбы былі даступныя для агляду ўсіх зацікаўленым, каб у Сіэтле, дзе вельмі актыўная беларуская суполка, быў музей беларускай культуры. Пытанне, як заўсёды, у фінансаванні, кажа Воля Дземка.
— У мяне, напэўна, 85 працэнтаў — гэта аўтэнтычныя рэчы. Я лічу, што кожная беларуская жанчына і кожны беларускі мужчына павінны мець уласны строй, нават калі не зроблены ўласнаручна. Чаму? Таму што народны строй — частка нас, частка нашага «я». Нават, калі гэта проста мода, няхай яна будзе. У нашай калекцыі амаль усе строі аўтэнтычныя, але часам асобныя элементы немагчыма было знайсці. У гэтых выпадках мы робім або замаўляем рэканструкцыю, блізкую да аўтэнтыкі, створаную паводле музейных экспанатаў ці навуковых апісанняў, фотаздымкаў. То бок кожная рэч у нашай калекцыі або аўтэнтычная, або створаная на падставе аўтэнтыкі.
На сёння ў калекцыі налічваецца 38 гатовых камплектаў народных строяў.
На падставе калекцыі паўстаў у 2021 годзе каталог «Беларускі строй», а ў 2022 выйшаў вялікі альбом «Традыцыйныя строі Беларусі» на 140 старонках. Гэты альбом-каталог надалей можна набыць у некаторых беларускіх крамах, яго таксама можна замовіць анлайн.
Але гэта яшчэ не ўсе таленты нашай гераіні. У Сіэтле яшчэ ў 2009 годзе Воля Дземка разам з аднадумцамі, найперш з Вольгай Сухавер, стварыла гурт VOLYA, сабраўшы рэпертуар і строі для яго. Дзяўчаты вырашылі паказваць прыгажосць беларускага фальклору жыхарам Ціхаакіянскага Паўночнага захаду. Гурт меў шмат выступаў, у тым ліку на фестывалях. Мае тры поўнавартасныя альбомы і адзін сінгл.
У 2010 годзе калектыў VOLYA стварыў дабрачынную некамерцыйную арганізацыю «Цэнтр даследаванняў, збору і рэстаўрацыі матэрыяльнай і нематэрыяльнай беларускай культуры», у межах якой акурат збіраюць і аднаўляюць беларускія народныя касцюмы, захоўваюць аўдыякалекцыю з аўтэнтычнымі беларускімі народнымі песнямі. На сёння, з прычыны праблем са здароўем, Воля Дземка не можа выступаць з гуртом, таму дзейнасць канцэнтруецца больш вакол гэтай арганізацыі, якая стала сапраўдным беларускім культурным цэнтрам.
Чым на сёння вы найбольш хацелі б займацца?
— Я працую відэамантажорам і люблю гэта рабіць. А ўсё беларускае — гэта патрэба сэрца. Калі яно не робіцца, значыць трэба рабіць, калі яго няма — значыць трэба ствараць.
«Мова Гомель»,
фота: Надзея Завітаева і з сайта volya.weebly.com