Апошнія дні года — час падвядзення вынікаў, варажбы і пабудовы прагнозаў на наступны год. Кажуць, у Пуціна і Лукашэнкі ёсць цэлыя аддзелы з варажбітоў і варажбітак. Але мы вырашылі паглядзець, хто найбольш эфектыўна прадказаў падзеі ўжо амаль мінулага года.
Найбольш дакладнай у прагнозах на гэты год была акадэмічная дырэктарка даследчага цэнтра «BEROC» Кацярына Барнукова. У пачатку гэтага года яна прадказала практычна ўсё, што з намі здарылася — рэцэсію ў эканоміцы, «эканамічную міграцыю» і нават «чорнага лебедзя» ў выглядзе вайны Расіі супраць Украіны.
Канешне, менавіта яе мы папрасілі падвесці вынікі года і паспрабаваць зноў спрагназаваць, што нас чакае ў надыходзячым 2023-м.
— Па ўсіх заявах, ад урада да незалежных эканамістаў, у нас сёлета падзенне ВУП дасягае 4,6% у сярэднім. Гэта шмат ці мала? І колькі гэта ў грашах?
— Мінус 4,6% ВУП — гэта шмат. У нас не было такога падзення ўжо даўно. Параўнальнае падзенне вытворчасці ў нас было ў 2014-2015 гадах і сумарна нават перавышала гэтую лічбу. Але гэтае падзенне тады было расцягнута на два гады. А наогул можна казаць, што такога мінуса ў нас не было з 1990-х гадоў. Але яно пакуль не прывяло да нейкіх сацыяльных катаклізмаў.
У грашах гэта больш за тры мільярды долараў. Але ці ёсць сэнс лічыць у грашах, паколькі гэта ні пра што не кажа.
Заўвага «НЧ». Тры мільярды долараў — гэта прыкладна супастаўна з даходамі ад экспарту за год адной — не самай слабай — галіны вытворчасці. Напрыклад, ІТ і інфармацыйных тэхналогій у перыяд росквіту гэтай галіны.
— Інфляцыя. Прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка лічыць, што па выніках года яна будзе ў раёне 13%. Тое ж пытанне — многа гэта ці мала? І якую ролю ў запаволенні інфляцыі адыграў указ пра спыненне коштаў?
— Трэба заўважыць, што наша інфляцыя — з’ява не ўнікальная. Суседнія з намі краіны, нават у зоне еўра, таксама адчуваюць падобную інфляцыю. Але ў нас крыху розная структура гэтай з’явы. У іх гэта ў асноўным рост коштаў на энерганосьбіты і прадукты харчавання. Мы ж працягваем купляць энерганосьбіты па нізкіх цэнах.
У нас таксама раслі цэны на прадукты харчавання, але мы бачылі і тое, што Нацбанк усё-ткі займаўся эмісіяй — друкаваў грошы, каб купіць аблігацыі Мінфіна або аблігацыі Банка развіцця. І гэта таксама адбілася на інфляцыі.
Указ аб кантролі коштаў фармальна працуе. У краіне фармальна дэфляцыя. Але, шчыра кажучы, калі можна было паверыць у дэфляцыю ў кастрычніку, калі была поўная замарозка цэн, перапалох у гандлі, то цяпер, мяркуючы па тым, што амаль няма ніякага дэфіцыту, можна сцвярджаць, што ў нас наўрад ці дэфляцыя.
Гэта пацвярджаюць ускосныя назіранні: напрыклад, 40% хатніх гаспадарак кажуць, што адчуваюць рост коштаў. Таму ўзнікае маса пытанняў да лічбаў, якія выдае Белстат. Проста не бывае такога чараўніцтва, калі ўведзеныя абмежаванні на рост коштаў выклікаюць іх падзенне. Абсалютна незразумела, чаму ў лістападзе, у пачатку снежня мы назіраем дэфляцыю. Ёсць вялікае падазрэнне, што Белстат проста спрабуе намаляваць патрэбную лічбу.
Інфляцыя адыграла значную ролю ў зніжэнні рэальных даходаў: у кагосьці зніжалася нават намінальная зарплата, у большасці яна не расла. Гэта той эфект крызісу, які адчулі ўсе беларусы: спачатку ўсё падаражэла, потым, пасля ўвядзення кантролю коштаў, сёе-тое знікла з паліц крам.
Але ў папулісцкім сэнсе слова нешта было зроблена правільна. Кантроль цэн быў уведзены тады, калі стала зразумела, што рост коштаў на энергетыку і на ежу на сусветных рынках спыніўся і пачаўся адкат. Своечасова злавілі гэты момант.
Таму ў пачатку наступнага года і пры ўмове, што Нацбанк не будзе занадта захапляцца эмісіяй, мы будзем бачыць зніжэнне інфляцыі, можа быць, нават ніжэй за 10%.
— Гэта ў пачатку года. А ў канцы?
— Зноў жа, усё залежыць ад многіх рэчаў. Год таму мы з вамі казалі пра вялікую геапалітычную нявызначанасць і турбулентнасць. Цяпер, з аднаго боку, пэўнасці больш — вайна ўжо ідзе, і, здавалася б, што яшчэ можа здарыцца? Але насамрэч сітуацыя, у прыватнасці для Беларусі, можа сур’ёзна змяняцца. Калі ўсё будзе без змен, то інфляцыя можа быць і ніжэйшай за 10%. Калі ж нас ці Расію чакаюць новыя санкцыі альбо нешта адбудзецца ў Кітаі (што зноў спыніць усю сусветную лагістыку), альбо наш Нацбанк вырашыць, што ёсць кантроль цэн, то можна друкаваць грошы… Усё гэта можа прывесці да росту інфляцыі.
— Вы згадалі Расію, і адразу ж узнікаюць пытанні пра ўплыў на нас расійскай эканомікі. Еўропа ўводзіць столь коштаў на нафту, ідуць размовы пра такую ж столь на газ. Як гэта адаб’ецца на Беларусі, улічваючы нашу агромністую цяпер прывязку да Расіі?
— Так, у нас прывязка да Расіі такая, якой не было з 1990-х гадоў. Дакладных лічбаў мы не ведаем, але можна выказаць здагадку, што 70% экспарту ідзе ў Расію, а астатнія 30% — праз Расію, ці, прынамсі, палова з гэтых 30%.
Гэта вялікая ўразлівасць. І тут трэба разумець, што частка нашага экспартнага поспеху з Расіяй была звязана з цэнавым фактарам. Ёсць падставы меркаваць, што ў фізічных аб’ёмах наш экспарт у Расію нават не вырас. Рост адбыўся па грашах, і гэты рост, на маю думку, шмат у чым абумоўлены ўмацаваннем расійскага рубля.
Пасля першапачатковага падзення ў пачатку вясны гэтага года расійскі рубель умацаваўся вельмі моцна, нават да беларускага. Беларускі рубель адносна расійскага пры гэтым некалькі дэвальваваўся, і гэта дало нам коштавую перавагу.
Цяпер мы бачым, што расійскі рубель паслабляецца. Пакуль незразумела, наколькі гэта доўгатэрміновы трэнд, чым гэта выклікана, але мы бачым, што ўведзеная столь коштаў гна нафту не такая бяскрыўдная, як падавалася. Яна ўплывае на аб’ёмы продажаў расійскай нафты, уплывае негатыўна, адпаведна паўплывае на валютную выручку, што і можа прымусіць расійскія манетарныя ўлады задумацца пра тое, што, можа, варта аслабіць рубель штучна. Проста каб выручка ад продажу нафты была большая ў рублёвым эквіваленце, каб можна было падтрымліваць бюджэт.
І гэта вельмі важны момант. Калі ў расійскай эканоміцы пачнецца больш поўнамаштабная рэцэсія (а гэта цалкам можа здарыцца, таму што Расія проста «адклала» гэтую рэцэсію на надыходзячы год), гэта, несумненна, закране і нас.
У нас суперадкрытая эканоміка. У нас 70% ВУП ідзе на экспарт. І 70% з гэтага экспарту ідзе ў Расійскую Федэрацыю. Што будзе з эканомікай Беларусі, калі расійская эканоміка скараціцца на 5% ды яшчэ і дэвальвуе расійскі рубель? Для ВУП, для беларускай эканомікі гэта вялікая пагроза.
— У пачатку года вы выказвалі асцярогі, што «палітычная эміграцыя» можа ператварыцца ў «эканамічную». Гэта адбылося. Праўда, не так, як мы думалі. Мінус 14 тысяч айцішнікаў — гэтая рэлакацыя была абумоўлена санкцыямі ў дачыненні да банкаў, таксічнасцю Беларусі як саўдзельніка расійскай агрэсіі. Айцішнікі з’язджалі, бо не мелі магчымасці атрымліваць аплату за сваю працу. Тым не менш, прагноз спраўдзіўся. Ці варта чакаць далейшай эканамічнай міграцыі?
— Так, міграцыя, без сумневу, будзе працягвацца, праўда, вельмі цяжка будзе ацаніць яе маштабы. Працягвацца будзе таму, што разрыў у заробках паміж Беларуссю і, напрыклад, Польшчай (там лепшае за наша міграцыйнае заканадаўства ў плане віз, туды прасцей за ўсё з’ехаць) нікуды не падзенецца. Ён ёсць, ён досыць вялікі.
Так, айцішнікі паехалі не па палітычных прычынах: пасля 2020-га многія заставаліся ў краіне і працягвалі працаваць, але сапраўды, склалася такая сітуацыя, калі ў Беларусі стала складана працаваць самім кампаніям. І многія кампаніі рэлакавалі сваіх супрацоўнікаў проста ў дырэктыўным парадку, проста казалі: «Альбо рэлакуйся, альбо звальняйся». На жаль, гэта прывяло да таго, што з’ехала шмат айцішнікаў.
У іншых галінах такога штуршка не будзе, і мы наўрад ці ўбачым ад’езд яшчэ дзясяткаў тысяч чалавек. Але, несумненна, будзе заставацца эканамічны матыў, палегчаны тым, што шмат знаёмых ужо жыве і працуе за мяжой, якія ведаюць, як там усё ўладкавана на побытавым узроўні, як аддаць дзіця ў дзіцячы садок або школу, як знайсці кватэру і працу… Будзе ўключацца «сеткавы эфект», і той, хто вырашыць з’ехаць, ужо не паедзе «ў нікуды». Іх пры пераездзе падтрымаюць, ім дапамогуць. Усё гэта будзе ўплываць на ад’езд.
Але цяпер гэты крок гуляе на руку сацыяльнай стабільнасці. Людзі, якія губляюць працу, не папаўняюць шэрагі афіцыйна беспрацоўных — яны проста збіраюцца і з’язджаюць. Таму мы бачым зніжэнне беспрацоўя на фоне падзення эканамічнай актыўнасці.
Гэта, безумоўна, працягнецца, але не набудзе такіх драматычных формаў, калі паехалі 14 тысяч айцішнікаў. Іх ад’езд прыкметны, таму што іх усяго было крыху больш за 50 тысяч. Калі з’едуць 10-20 тысяч чалавек, якія працавалі ў сферы абслугоўвання, гэта не будзе так прыкметна, пра гэта не будуць пісаць ва ўсіх СМІ.
Заўвага «НЧ»: Тэлеграм-канал «Нашы грошы» канстатаваў ад’езд 10 тысяч будаўнікоў. І на будаўнікоў СМІ сапраўды мала звярнулі ўвагу, хаця гэтая эміграцыя параўнальная з ІТ.
— Ці можна цяпер рабіць нейкія прагнозы на 2023 год, улічваючы вялікую колькасць фактараў нявызначанасці: вайна, кавідныя ўспышкі ў Кітаі, санкцыі супраць Расіі і гэтак далей? Вы возьмецеся прадказаць, што будзе?
— Мы можам проста распісваць сцэнары — ад самага пазітыўнага да самага негатыўнага. Калі паслязаўтра Расія і Украіна садзяцца за стол перамоў і Мінск нейкім цудам у гэтых перамовах адыгрывае пазітыўную ролю, адпускае значную частку палітычных зняволеных, такі сцэнар цяпер падаецца цудам, але чым чорт не жартуе… І тады можна будзе ўбачыць частковае зняцце санкцый — з тых жа калійных угнаенняў, якія патрэбны свету, каб знізіць кошты на прадукты харчавання. Тады мы зможам убачыць нават эканамічны рост.
Такі сцэнар, на самай справе, не выключаны, проста на сёння ён ўяўляецца палітычна малаверагодным.
А можа быць і экстрэмальна негатыўны сцэнар, калі беларускія войскі ўступаюць у вайну з Украінай ці нават калі расійцы проста пачынаюць новую атаку на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Расійскія санкцыі пашыраюцца на Беларусь, Украіна ў адказ атакуе Беларусь, і пад ракетным ударам аказваецца нафтаперапрацоўка ў Мазыры. Тады мы ўбачым і мінус 3, і мінус 5, і нават мінус 10 адсоткаў ВУП.
Тое ж самае тычыцца санкцый у дачыненні да самой Расіі: мы не ведаем, ці будзе ўведзена столь коштаў на газ, як будзе развівацца гэтая сітуацыя. Калі расійская эканоміка ўпадзе на 10%, для нас гэта будзе вельмі балюча, калі яна скароціцца толькі на 3%, можа, гэта падзенне атрымаецца нівеліраваць за кошт падтрымкі з боку той жа Расіі.
Размах сцэнароў вельмі шырокі. Акрамя нашых лакальных, рэгіянальных, рэчаў ёсць глабальныя моманты. Той жа кавід у Кітаі, які вы згадвалі, можа прывесці да эканамічнага крызісу і рэцэсіі ў Паднябеснай. Кітай цяпер — асноўны спажывец расійскіх энергарэсурсаў, і калі ён пагружаецца ў эканамічны крызіс, гэта яшчэ адзін удар па Расіі, а праз Расію — і па нас.
Нявызначанасцей маса. Адпаведная ім і разбежка ў прагнозах: як рост у 3%, калі Беларусь адыгрывае міратворчую ролю ў заканчэнні вайны, так і мінус 10%, калі Беларусь увязваецца ў вайну на баку Расіі.