Вольга Смалянка: З 2020 года ўлады ў Беларусі ліквідавалі каля паловы ўсіх грамадскіх арганізацый

У новай справаздачы праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за апошні год масавая ліквідацыя ў Беларусі істотна закранула ў тым ліку і аб’яднанні польскага ды іншых нацменшасцяў. Напрыклад, з 11 зарэгістраваных у Беларусі нацыянальных, культурна-асветніцкіх некамерцыйных арганізацый палякаў пасля пачатку масавай ліквідацыі ў 2021 годзе засталося толькі дзве.

Racyja.com пагутарылі з кіраўніцай праваабарончай арганізацыі «Lawtrend» Вольгай Смалянкай пра тое, якія тэндэнцыі па кантролі і ліквідацыі грамадскіх арганізацый назіраліся ў Беларусі за мінулы год; наколькі бяспечны ўдзел актывістаў на судах па ліквідацыі арганізацый у Беларусі; і якія асноўныя перашкоды маюцца для фінансавання грамадзянскіх арганізацый у краіне зараз.

РР: Раскажыце калі ласка пра асноўныя тэндэнцыі снежня ў становішчы грамадскіх арганізацый у Беларусі?

– Калі мы гаворым пра сітуацыю арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь, то, на жаль, тэндэнцыі за апошнія два гады мяняюцца вельмі мала. Калі мяняюцца, то ў асноўным у негатыўны бок. У той жа час, за 2023 год ёсць пара і новых, цікавых тэндэнцый. Што тычыцца старых тэндэнцый, то першая тэндэнцыя – гэта тое, што беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці не спыняюцца. Колькасць арганізацый, якія ліквідуюцца ў Беларусі расце. Яна не памяншаецца.

– У кастрычніку-лістападзе крыху прыпынілася хваля прымусовай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый, у тым ліку грамадскіх аб’яднанняў. Але зноў-такі ў снежні яна стала такой жа інтэнсіўнай, як і раней. І тое самае тычыцца самаліквідацыі, гэта значыць арганізацыі, якія прымаюць рашэнне аб самастойнай ліквідацыі. Колькасць арганізацый, якія прымалі такое рашэнне вырасла.

– У снежні ўвогуле агульная колькасць арганізацый, якія ўлада прымусова ліквідуе і арганізацыі, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, а я яшчэ раз згадаю, што тыя арганізацыі, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, яны шмат у чым тыя арганізацыі, якія прымаюць гэтае рашэнне пад прымусам уладаў, тая колькасць гэтых арганізацый дасягнула і перавысіла планку паўтары тысячы.

– Гэта вельмі шмат, улічваючы, што, напрыклад, грамадскіх абʼяднанняў у Беларусі ў зарэгістраваным статусе да пачатку хвалі масавых рэпрэсій, гэта значыць канца 2020 года, было крыху больш за тры тысячы. У зарэгістраваным статусе засталося не нашмат больш за палову, дзесьці на 200 арганізацый, больш, чым палова. Што да іншых тэндэнцый, то гэта тыя ж тэндэнцыі, якія былі і раней.

– Гэта значыць улада выкарыстоўвае заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці, аб контртэрарызме супраць актывістаў у Беларусі, супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці. Арганізацыі прызнаюцца экстрэмісцкімі фармаваннямі. Сродкі масавай інфармацыі, гэта значыць інфармацыйныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць актывісты і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, прызнаюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі. І ў 2023 годзе была вельмі шырокая практыка прыцягнення да крымінальнай адказнасці людзей, якія данатылі.

– Людзей, якія аказвалі ахвяраванні арганізацыям грамадзянскай супольнасці, прычым вельмі рознага профілю. Гэта значыць, людзей змушалі пераводзіць грашовыя сродкі ў дзесяціразовым памеры. Гэта другая тэндэнцыя, якая датычыцца арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Таксама не спыняецца адміністрацыйна-крымінальны пераслед актывістаў. У месцах пазбаўлення волі знаходзяцца і праваабаронцы за ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці закону. Іх агульная колькасць перавысіла сотню.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Вольга Сямашка, racyja.com