25.01: У Беластоку ўзгадаюць кампазітара Яна Тарасевіча

Фота: wrotapodlasia.pl

Прыгадаць прызабытага на Падляшшы выдатнага піяніста і кампазітара  родам з Саколкі запрашае Культурнае таварыства «Русь» у Беластоку.

У бліжэйшы чацвер у Цэнтры Праваслаўнай Культуры ў Беластоку адбудзецца сустрэча з Ганнай Кандрацюк-Свярубскай – аўтаркай кніжкі «W stronę Tarasiewicza », якая раскажа аб працы над кнігай. Адбудзецца таксама паказ дакументальнага фільма пра кампазітара рэжысёра Юркі Каліны. А выбраныя творы Яна Тарасевіча  выканае Наталля Ліцкевіч.

Ян Тарасевіч (1884 – 1960) быў цесна звязаны з Сакольшчынай, выпускнік кансерваторыі ў Пецярбургу, піяніст і кампазітар, аўтар больш чым ста твораў. Быў, сярод іншага, педагогам вядомага дырыжора, кампазітара і піяніста Ежы Максімюка.  Магілу Яна Тарасевіча на праваслаўных могілках у Саколцы адшукаў у 1997 годзе айцец Уладзімір Місеюк.

Сустрэча «Ян Тарасевіч. «Забыты кампазітар» адбудзецца ў бліжэйшы чацвер, 25 студзеня, ў  Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку. Пачатак а 18-ай гадзіне.

racyja.com