Да 100-годдзя Васіля Быкава ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі». На выставе дэманструюцца фотаздымкі, кнігі, рукапісы, лісты, дакументы, асабістыя рэчы, прадметы адзення Васіля Быкава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Экспазіцыйныя падзелена паводле тэмаў: «Дзяцінства», «Ваенныя ўспаміны», «Творы Быкава ў іншых відах мастацтва», «Жыццё і творчасць пад мірным небам».
На выставе паказалі мастацкую спадчыну народнага пісьменніка Беларусі – больш за 70 графічных і жывапісных работ.
Іх сюжэты звычайна біяграфічныя: родная хата, вясковая школа, краявіды з часоў дзяцінства, замалёўкі з вайны, самаіранічныя накіды з жыцця, часам падобныя да коміксаў, напрыклад, будаўніцтва дачы ў Ждановічах…
Васіль Быкаў захапляўся маляваннем з дзяцінства. «Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый, — піша пісьменнік у мемуарнай кнізе «Доўгая дарога дадому». — Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых».
У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, Васіль Быкаў паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднак увосень 1940 года, у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый, вымушаны быў пакінуць вучобу. Быкаў маляваў нават на фронце. У 1947-м ён прыехаў у Мінск, дзе зноў планаваў паступіць у мастацкае вучылішча. Але ў выніку патрапіў у Гродна, дзе нейкі час працаваў у мастацкіх майстэрнях.
Заняткі мастацтвам, якія Быкаў іранічна называў «мастацкі зуд», былі яго пажыццёвым захапленнем. Аднак пра гэта ведалі толькі родныя ды блізкія сябры.
Куратар выставы – старшы навуковы супрацоўнік, куратар філіяла «Музей-дача Васіля Быкава» Ірына Князева.
Выстава будзе працаваць да 5 мая. Неўзабаве будуць абвешчаны даты для запісу на зборныя экскурсіі.