У канцы 2023 году ў Вільні выйшаў новы раман вядомага і скандальнага летувіскага пісьменьніка і драматурга Геркуса Кунчуса «Litbelas. Neišnešiotas vaiduoklis» («ЛітБел. Неданошаны прывід» — дакладны пераклад назвы кнігі) — пра квазідзяржаву, якая праіснавала ўсяго некалькі месяцаў у 1919 годзе.
ЛітБел, ці Літоўска-Беларуская ССР, створаная расейскімі бальшавікамі, — малавядомы ці падзабыты пэрыяд як беларускай, так і летувіскай гісторыі, а да ўсяго і вельмі маргінальны. Аднак суседзі — беларусы і летувісы мусяць ведаць пра гэтую гвалтоўную і штучную спробу суіснаваньня, навязаную Масквой. Такія спробы Масква прадпрымала здаўна і дасюль, як мы бачым цяпер на ўсходніх ускрайках зваяванай Украіны.
Якраз бязупынная пагроза з боку Расеі яшчэ да вайны ва Ўкраіне, падштурхнула пісьменьніка напісаць раман пра савецкае мінулае, каб яшчэ раз падкрэсьліць ягоную кашмарнасьць і абсурднасьць ва ўсім.
Прысланы ў Вільню з Расеі ўрад ЛітБелу на чале з прамаскоўскім летувісам-марксістам Вінцасам Міцкявічусам-Капсукасам паспрабаваў стварыць новы сьвет, у якім абсурд дамінаваў над здаровым глуздам, а гвалт стаў галоўным інструмэнтам усталяваньня волі. Дзеяньне рамана разгортваецца з сьнежня 1918 году па верасень 1919 году, калі спыніла сваё існаваньне прывідная недарэчная ЛітБелія.
На аснове гістарычных дакумэнтаў аўтар паспрабаваў узнавіць падзеі, якія адбываліся пераважна ў Вільні (і да ўсяго пераважна на цяперашнім праспэкце Гедыміна і прылеглых вуліцах), калі была зробленая спроба стварыць бальшавіцкую дзяржаву ЛітБел. У рамане шмат разнастайных пэрыпэтыяў той эпохі: мнагаўладзьдзе, нямецкае акупацыйнае войска, польскія легіянэры, Працоўны віленскі савет Пранаса Эйдукявічуса, актыўны бальшавіцкі рух, яшчэ актыўнейшы Бунд, а таксама беларускі і летувіскія незалежніцкія і калянезалежніцкія арганізацыі і газэты. Час гармідару і гвалту, калі ў Вільні бутарысіліся розныя мовы, пляны, мары і грошы (нямецкія остмаркі, расейскія рублі і керанкі). І на фоне ўсяго гэтага крыху раней у 1918 годзе ў Вільні была абвешчаная незалежнасьць Летувы. Вось гэтую хаатычную і небясьпечную насупор сучаснаму ўяўленьню пра стабільнасьць становішча летувіскай незалежнасьці сытуацыю паспрабаваў у гратэскавай форме аднавіць ў рамане аўтар.
У цэнтры ж кнігі месьціцца вядомая, праўда, хутчэй сумнавядомая постаць летувіскай гісторыі — Вінцас Міцкявічус-Капсукас (1880-1935). Антыгерой сучаснай летувіскай культуры і гісторыі. А калісьці слынны камуніст, у гонар якога зьмянілі назоў места на заходняй мяжы краіны — Мар’ямпаль, які з 1955 па 1989 быў Капсукасам. Дарэчы, Віленскі ўнівэрсытэт насіў ягонае імя з 1955 па 1989. Раман можна ўспрымаць таксама як своеасаблівую іранічную біяграфію палітыка-камуніста, цікавай гістарычнай асобы, якая дасюль выклікае шмат пытаньняў. Як чалавек, які ў маладыя гады распаўсюджваў забаронены незалежніцкі летувіскі друк і, які захапляўся творчасьцю Ёнаса Білюнаса і Вінцаса Кудзіркі, нагэтулькі адыйшоў ад сваіх ідэалаў у дарослым веку і, па сутнасьці, здрадзіў ідэі незалежнасьці Летувы? Прыгэтым аўтар кнігі нагадвае, што В. Капсукас ня быў адзіным камуністам у краіне, частка летувісаў прынялі ЛітБел, каб толькі не трапляць пад уладу палякаў: «Лепш служыць бальшавікам, чымся палякам», як часта можна было пачуць у тагачаснай прэсе і ў размовах.
Вядома, што Вінцас Міцкявічус-Капсукас памрэ ў 1935 па-здрадніцку не на радзіме — у Маскве ў шпіталі, паводле афіцыйнай вэрсіі, ад цяжкай формы сухотаў. У 1937 годзе ягоная жонка Эляна Даміцэле Таўткайце будзе расстраляная за «трацкісцкую дзейнасьць».
Акрама гэтага ў рамане паўстаюць шматлікія іншыя гістарычныя пэрсанажы таго часу: Ёнас Басанавічус, Ёзас Тумас-Вайжгантас, Пранас Машыётас, Паўлюс Галаўне, Марыя Шлапялене, Ленін, Аляксандар Мясьнікоў, Казіс Грынюс і г.д. Аўтар сьмела зводзіць гэтых усіх людзей — часам, сапраўды, так і было, але яшчэ часьцей гэта пісьменьніцкая выдумка.
Геркус Кунчус перабольшана скрыўляе рэчаіснасьць, уводзячы скрозь тэкст цікавыя мэтафары — напрыклад, галюцынагенныя грыбы, прывезеныя з Масквы ад Леніна на штыках бальшавікоў, каб дапамагчы героям кнігі. А яшчэ ў рамане літаральна ліецца балтыйская гарбатка — алькаголь, часьцей за ўсё гарэлка з какаінам, напой, які быў створаны жаўнерамі ў час Першай сусьветнай вайны. Вядомы ён быў і ў Летуве і Беларусі, дзе жаўнеры, матросы ўжывалі яго, каб ня спаць шмат часу і каб, вядома, адключацца ад рэчаіснасьці. Падаецца, бяз грыбоў і балтыйскай гарбаткі, тагачаснага своеасаблівага ідэйнага, ідэалягічнага чмуту, не зразумець паводзінаў і матывацыі «змагароў за роўнасьць ва ўсім сьвеце», якіх спарадзіла Масква. Пісьменьнік сам адзначае, што гарбатнік з балтыйскай гарбаткай у ягоным рамане — яшчэ адзін галюцынаген, стваральнік хворых галюцынацыяў. І найвялікшай галюцынацыяй у кнізе паўстае мутант ці дакладней неданосак ЛітБел.
Вядома, у рамане часта паўстае Беларусь, як частка ЛітБеліі. Трапна і зьедліва апісвае пісьменьнік расейскамоўных беларусаў, дэлегаваных Масквой. Беларуская мова ня стане працоўнай мовай ЛітБеліі, бо беларусам ад Масквы прасьцей было размаўляць на мове бальшавіцкай рэвалюцыі. Ніводны беларус ня зойме важнай пасады ў гэтым гібрыдным дзяржаўным стварэньні. Таму яшчэ абсурдней выглядае ідэя ЛітБелу з цалкам адсутнай актыўнай беларускай кампанэнтай.
А яшчэ беларускаму чытацтву будуць цікавыя галюцынацыйныя і гратэскавыя развагі Казіса Грынюса, даўняга знаёмага Вінцаса Міцкявічуса-Капсукаса, наконт непажаданасьці мяшаньня беларусаў і летувісаў. Казіс Грынюс на час існаваньня ЛітБелу быў лекарам і чальцам часовага ўраду Летувы, а ў 1926 годзе на кароткі тэрмін стане прэзыдэнтам Летувы. Ідэалягічныя шляхі знаёмых разьбягуцца ў прынцыповы розныя бакі: Вінцас Міцкявічус-Капсукас схаваецца ў Маскае, а Казіс Грынюс стане палітыкам у незалежнай Летуве. Але ў рамане скрозь галюцынацыі — ці то ад грыбоў, прывезеных з Масквы, ці то ад балтыйскай гарбаткі, згатаванай мясцовымі жаўнерамі — Вінцасу Капсукасу чуецца голас-папярэджаньне Казіса Грынюса:
«Вінцас, (…) я бы проста хацеў вылучыць адну гіпотэзу. Можа, нехта паспрабуе правесьці антрапалягічныя дасьледаваньні. Я думаю, дарагі Вінцас, што мае прызнаньні могуць быць важнымі для ўсёй нацыі, калі яны стануць праўдай. (…). Жыхары Віленшчыны ніжэйшыя, у віленскіх кабетаў косы танчэйшыя, чым у беларусак у самой Беларусі і летувісак у Летуве. (…). Можа гэта таму, што зь беларусаў, зьмешаных зь літоўцамі, атрымліваецца горшая парода людзей».
Падаецца, апошні раман Геркуса Кунчуса зацікавіць ня толькі летувіскіх, але таксама беларускіх чытачоў, асабліва тых, хто ссумаваўся за мудрагелістай і гратэскавай крытыкай уласнай гісторыі.
Зрэшты, літаратурна-гістарычны твор дзякуючы таленту пісьменьніка ўдала рэканструюе падобны сьвет штучных гібрыдных псэўдадзяржаваў, якія і надалей у сваіх інтарэсах спрабуе бясконца штампаваць-клянаваць Расейская імпэрыя.