Святлана Курс: Нашы нябачныя трагедыі павінны стаць бачнымі — і тады ніхто не вырасце на бяспамяцтве

Пісьменнікі і пісьменніцы — народ асаблівы: гэта людзі, якія бачаць свет аб’ёмным, яны ўмеюць адным позіркам ухапіць і мінулае, і перспектыву. Са Святланай Курс (яна ж — вядомая пісьменніца Ева Вежнавец) размаўляць заўсёды цікава. Што б ні было сказана, яно атрымліваецца глыбокім і шчырым. Як і гэтае інтэрв’ю для novychas.online.

Святлана Курс. Фота Алены Казловай

Маленькая Света і вялікая Святлана

— Маленькая Света — якой вы былі і пра што марылі?

— Ведаеце, на гэтае пытанне з цягам часу адказваць усё цяжэй: не таму, што ты губляеш памяць, а таму што абрастаеш інтэрпрэтацыямі і ўжо не ведаеш, якой была на самой справе. Я ведаю, якой я была, толькі па нейкіх урыўках. А цяпер яшчэ ідзе флэшмоб у Фэйcбуку — усе глядзяць на сябе юных. Глядзяць, расчульваюцца, а я так рада, што мне ўжо не 21 і не 5! Таму што жыццё незаўважна чалавека меле на пяці мяліцах і трэ на пяці тарках, чалавек сам не заўважае, як робіцца вельмі жорсткім — такім, каб свет яго не злавіў, не пранік за гэтую абалонку моцную. Я схільная радавацца таму, што людзі абрастаюць гэтай абалонкай — таму што сябе трэба бараніць, мець на сабе панцыр.

Мне здаецца, што я была дзяўчынкай без панцыра і што я была не зусім нармальная псіхічна, таму што мяне нішто не цікавіла, акрамя кніжак. Памятаю, як наша суседка цётка Тамара прыходзіла і з жахам бачыла, што я ў школу і не думала збірацца, як мацеры няма, а сядзела і чытала. І тады яна мяне, дарослую дзяўчынку 7-8 гадоў, абувала, бо так было дзешавей, хутчэй сабраць, нахлабучвала берэт на галаву, выводзіла за веснічкі, адбірала кніжку — і тады я ішла ў школу. 

— А што любілі чытаць?

— Усё, што патрапіцца, бо выбару вялікага не было, таму што гэта вёска, 1970–1980-я гады, былі школьная бібліятэка і сельская бібліятэка. Тады не было лёгкіх жанраў, хутчэй табе мог трапіцца збор твораў Леніна, чым любоўны раман, таму я чытала ў асноўным прыгодніцкую літаратуру і класіку. І вельмі многа чытала беларускай літаратуры — савецкай і несавецкай, бо  мая маці была настаўніцай беларускай літаратуры ў школе. Рускай класікі шмат чытала, французскай. І тады менавіта прыйшла мая вялікая любоў да англійскай класікі. Як склаліся густы, дык яны ўсё жыццё такія. Я цяпер чытаю сучасныя кнігі без вялікага кайфу, мне больш падабаецца старое-добрае.

— У вас яшчэ жывыя бацькі, і вы маеце двух братоў. Як яны ставяцца да дарослай Светы — вядомай беларускай пісьменніцы?

— Насмешліва (усміхаецца). Смяюцца з мяне ва ўсю. Я ніякая для іх не вялікая пісьменніца. Памятаю, як мяне ўпершыню прэзідэнт Польшчы запрасіў на прыём для беларусаў і я напісала, што бегаю сукенку шукаю. Дык брат замест таго, каб сказаць «Як мы табой ганарымся!», напісаў мне пра бабіну плюсаўку, якую яна ўважала за самую прыгожую рэч на свеце. Тая плюсаўка была ўжо прыпаленая і залапленая, але бабка сустрэла ў ёй маладосць, і ёй здавалася, што гэта самая прыўкрасная рэч на свеце. І вось брат на мае гэтыя пахвальбы адказаў: «А ты плюсаўку сабе якую ўжо купіла?» (смяецца).

Так я ўсё для іх і хаджу ў гэтай плюсаўцы бабчынай. Ніякі я для іх не аўтарытэт — і дзякуй Госпаду Богу. Мне ўвогуле здаецца, што гэтае нейкае вялікае ашуканства, калі людзі думаюць, што я вялікая ці малая пісьменніца або вялікая ці малая прарочыца. Бо нічога падобнага няма.

У кожнага чалавека, які сядзе пісаць і які будзе сумленны з сабою і не будзе ўцякаць ад звестак, атрымаецца тое самае, як мой «Воўча…». Можна схавацца ад гэтага, напрыклад, у польскую ці расійскую традыцыю і хадзіць разам з вялікімі сцягамі «рускага свету» і крычаць, што мы вялікія, мы ніколі не цярпелі паражэнняў, мы заўсёды перамагалі і ніякіх трагедый у нас не было. Сюды можна схавацца. Ці ў польскую традыцыю — сказаць: «Так, мы цярпелі, змагаліся! Мы былі тутэйшымі, але потым выбіліся на шырокую сцежку польскай дзяржаўнасці». Але калі ты будзеш сумленным з сабой і сваімі продкамі, то ты рана ці позна напішаш штосьці падобнае. Таму што наша традыцыя — усё яшчэ пакутніцкая традыцыя, хаця мы вельмі-вельмі ўмеем і любім жыць, на маю думку.

— А як гэта — пісаць кнігу 10 гадоў?

— Ты не пішаш кнігу, не сядзіш над ёю пастаянна, а збіраеш усё, што табе цікава. Ідзеш за рознымі слядамі, даеш, каб цябе растварыла рэчаіснасць. Ведаеце, калі я пісала, то не ішла толькі за беларускай традыцыяй, я ж яшчэ і паперкі збірала на вуліцах розных гарадоў, у лясах, падбірала чужыя рукапісы выпадковыя, канспекты, лісты, нататнікі… Як толькі бачыла штосьці рукапіснае альбо тое, што выглядала як інтымнае, тут жа падымала і чытала. Яно мяне вяло ў розныя бакі розных традыцый. У кнізе ёсць і шатландскія адгалоскі, і еўрапейскай літаратуры, і архетыпаў, і міфаў. Я вельмі любіла чытаць міфы ўсіх народаў свету. Не скажу, што Афрыка і Акіянія на мяне зрабілі вялікі ўплыў, але што тычыць еўрапейскай традыцыі, то так, я паперачытвала ўсе іх эпасы, наколькі магла.

Аповесць Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча». Фота: «Кніжная Шафа», x.com

Я кнігу не пісала, а набірала матэрыял, каб у мяне ў рэшце рэшт штосьці атрымалася. 10 гадоў я збірала матэрыялы, а потым ужо села і павыцягвала ўсё, што магла. А потым, ёсць жа яшчэ такая цудоўная рэч, як Інтэрнэт. Ты даеш абсалютна выпадковы запыт, бессэнсоўны, а ён табе раптам выдае такую здагадку, такую сумесь!.. Увесь чалавечы досвед, уся чалавечая памяць — і зменная, і вечная — усё цяпер да тваіх паслуг, трэба толькі ўмець скарыстацца. 

Цяпер у мяне шмат планаў. Я адначасова хачу пайсці вучыцца на архівіста, будаўніка і масажыстку. Як мне ўсё гэта паспець? Я вам усё растлумачу! Масажыстка — мне проста падабаецца працаваць з людзьмі, але больш даглядаць старых людзей я не хачу, бо гэты досвед у мяне ўжо за плячыма, а я не настолькі альтруістычная, каб рабіць гэта жыццёвай місіяй. Вось масажаваць, гладзіць людзей з любоўю і слухаць, што яны табе расказваюць — мне б гэта спадабалася. Будаўнік — я хачу незалежна, сама сабе рамантаваць хату і хачу паставіць сама сабе хату, танна, на танным кавалку зямлі. Канешне, з парадамі рознымі, але вы ведаеце, як любяць ашукваць самотных жанчын розныя брыгады. Архівіст — таму што я цяпер працую ў музеі і хачу быць добрай у гэтай галіне. І вось на кожную прафесію па годзе-два-тры спатрэбіцца, правільна? Але мне здаецца, што чалавек няпоўны, пакуль ён не выпрабуе трыццаць тры і тры прафесіі, не павучыцца.

— Тады трэба проста пачаць з чагосьці…

— Так. Нас ніхто не павесіць ужо. Палуян скончыў жыццё самагубствам, Кастуся Каліноўскага і Міхала Цюндзявіцкага рускія павесілі, а да нас ужо ніхто не дабярэцца. Апрача толькі як шляхам Чацвёртай сусветнай вайны. 

Так што мы не мусім спяшацца. Гэта павінны быць гады вучнёўства. Першай важнай кніжкай ва ўніверсітэце для мяне былі «Гады вучнёўства Вільгельма Майстара» Гётэ. Вось гэта ён разумеў у вучнёўстве! 70 гадоў пісаў свайго «Фаўста». 

Я не заклікаю ўсіх валачыцца, як сараканожкі, нага за нагу, а заклікаю развівацца ў сваім уласным тэмпе і нікуды не спяшацца. І не баяцца гадаў усялякіх. Трэба хутчэй глядзець на Госпада, чым баяцца д’ябла.

Пісьменніца памежжа

— Вы давалі вялікае відэаінтэрв’ю Настассі Роўдзе, дзе сказалі, што не размаўляеце пра сваё жыццё з аднавяскоўцамі, таму што вам хочацца захаваць прыватнасць. Ці магчыма ўвогуле пісьменніцы ці пісьменніку захаваць прыватнасць і ці ўдаецца гэта вам?

— Гэта вельмі складана, нават маючы абмежаванае кола дачыненняў, вядомасць. Але людзі, якія жывуць без вядомасці, не ўяўляюць, якой бывае непрыемнай гэтая вядомасць і якой бывае непрыемнай адсутнасць прыватнасці. Не таму што людзі непрыемныя, не таму што яны прыстаюць — якраз не, нашы людзі страшна далікатныя, за невялікімі выняткамі. Але разумееце, у тым, што цябе ніхто не чапае, ніхто не пазнае, у жыцці інкогніта ёсць штосьці такое салодкае і здаровае, ад чаго адмаўляцца ніяк не хочацца. А так, калі кожнае тваё пачуццё, кожную думку людзі разгледзяць, то яно ўжо губляе сваю… нечапанасць.

Гэта як дзікая ружа, што расла-расла сабе ў лесе, расой пакрытая, а калі кожны яе зачэпіць ці паглядзіць на яе, яна ўжо трошачкі нават і зацёртая. У мяне такое ўражанне ўвесь час. Хаця я не лічу, што я такая ўжо страшная святыня. Але я лічу, што прыватнае жыццё кожнага чалавека — святыня, і вельмі добра жыць інкогніта. Але гэта не заўжды ўдаецца. І калі цябе людзі любяць (альбо думаюць, што любяць), то абразіць іх любоў, не прыняць яе альбо легкадумна абыходзіцца з ёю таксама было б вельмі нізка. І чалавек, які яшчэ не прывучаны да гэтага, адчувае сябе як карова на лёдзе. Вось падчас сваіх публічных экзарцысаў я сябе адчуваю як карова на лёдзе, ды яшчэ і на каньках на капытах (смяецца).

— Вы вельмі любіце Варшаву, але ўвесь ваш фокус па-ранейшаму скіраваны на беларусаў. Чаму так?

— Я не знаю. Я ўжо спрабавала многа разоў напісаць кніжку пра Варшаву і пра палякаў, і нават нешта выходзіла. Але потым я бачыла, што гэта несур’ёзна. Думаю, гэта ўсё праз тое, што ў мяне вельмі абмежаваны пісьменніцкі варштат. Ёсць людзі, якія могуць пісаць пра ўсё, універсальныя душы, вялікія пісьменнікі. Яны могуць усяліцца ў каго заўгодна. Шэкспір мог граць і на высокіх, і на нізкіх жанрах і мог зразумець і старога бацьку, і юную яго дачку, чыстую Лукрэцыю, мог зразумець самага апошняга мярзотніка Генрыха VIII і няшчасную Афелію. Усё яму было блізка, гэта сусветная душа. А ёсць пісьменнікі, якія апрача свайго носа, сваёй душы, свайго досведу, людзей, якія іх атачаюць, нічога не бачаць. Я належу да пісьменнікаў другога тыпу, і на мяне нічога так моцна не паўплывала, як Беларусь і беларуская вёска. Яны для мяне найважнейшыя. Там адбываліся самыя важныя рэчы.

Фота: Dirk Skiba

— А вы сябе не ўяўлялі польскай пісьменніцай?

— Я б сябе добра ўяўляла пісьменніцай памежжа — паміж палякамі і беларусамі, паміж палякамі і падляшскімі беларусамі, паміж падляшскімі палякамі і падляшскімі беларусамі, гуляла б вось на гэтай мяжы. А польскай пісьменніцай я сябе не ўяўляю, таму што я аддзелена ад польскай нацыі сваім паходжаннем і тым, што я толькі і выключна беларуска. Але гэта мне дазваляе вельмі моцна палякаў любіць. Я іх успрымаю як секс-аб’ект, таму што яны іншыя. Яны адрозніваюцца ад мяне. Я магу іх толькі любіць і ўзвялічваць, ставіць іх на п’едэстал, адначасова бачыць іх слабыя бакі, але гэта рэч асобная. Да беларусаў і Беларусі ў мяне такога стаўлення няма, бо гэта маё і я часцінка гэтага ўсяго, прытым што я індывідуальнасць.

Вось так і выходзіць, што на палякаў я гляджу збоку, часткай Беларусі я з’яўляюся і таму найлепей магу пісаць пра Беларусь.

— Ваша гераіня ў дастатковай меры аўтабіяграфічная. Ці знаёмая вам асабіста тая частка міфічнага, фальклорнага свету, якая з’яўляецца асновай кнігі?

— Так, яна для мяне знаёмая асабіста, але я ветлівая і пачцівая назіральніца і атрымальніца бонусаў. Я не дзеючая асоба ў гэтай магічнай традыцыі. І я не хачу там быць дзеючай асобай — занадта вялікая мая павага да яе. Я лічу, што толькі запрошаныя могуць увайсці ў гэтае кола, з усёй адказнасцю і ўдзячнасцю. 

Там адбываюцца занадта важныя і страшныя рэчы, каб чалавек, не закліканы да гэтага, мог туды ўвайсці. Бабкі мяне лячылі, калі я была маленькай дзяўчынкай, і вельмі шмат. Беларускія бабкі ўратавалі маё здароўе. І ведаеце, я не знаю, што будзе далей: мне зараз 52 гады, я сябе не ашчаджала, спала абы-як, выпіць, мякка кажучы, абажала і абажаю, нагрузкі фізічныя я абажаю на поўным экстрэмуме, есці люблю толькі самае тлустае і смачнае — тым не менш, у мяне вельмі добрае здароўе. І я прыпісваю гэта таму, што мяне многа лячылі ў дзяцінстве беларускія бабкі і шаптухі ад усялякіх трасцаў, бо дзіцёнкам я была дастаткова няўдалым і хваравітым, можа, нават злёгку аўтыстычным.

Пра палітыку і не толькі

— Вы гаварылі таксама, што былі сяброўкай БНФ. Раскажыце, калі ласка, што вас туды прывяло і як вы цяпер ставіцеся да гэтага ўтварэння і да Зянона Пазняка?

— Ганаруся тым, што была ў БНФ, вельмі ганаруся. Зянон Станіслававіч для мяне — частка курапацкай праўды і аўтар артыкула пра фашысцкую імперыялістычную Расію. У 1994 годзе ён напісаў гэты артыкул, усе на яго панесліся крычаць і стагнаць, што гэта ўсё няпраўда. А ён проста сказаў праўду. І ён для мяне назаўсёды застанецца аўтарытэтам у гэтых двух пытаннях: Курапаты і праўда пра імперыялістычную Расію як крыніцу нашай пагібелі. 

Што датычыцца таго, што цяпер адбываецца з ім, то я туды проста не гляджу, таму што мне гэта актыўна не падабаецца, я катэгарычна супраць. Не ведаю, што там робіць Зянон Станіслававіч, а што — яго прыхільнікі навокал, але мне некаторыя рэчы здаюцца проста непрыгожымі і подлымі. Я сама не анёл, усяго ў жыцці нарабіла, але тое, як яны абыходзяцца з людзьмі, чыя віна нават не даказана, як яны на ўсіх — той агент, той картавы, той касы, той крывы… Так нельга з людзьмі! Гэта немагчыма! Гэта той жа самы лукашызм. І таму, канешне, цяпер я ад іх адвярнулася, бачыць іх не жадаю і праплявала іх слядочкі. Няхай робяць што хочуць, я ім толькі здароўя жадаю.

Вось так я стаўлюся цяпер. Але тое, што было ў нас у 90-я, «БНФ-Адраджэнне», гэта было светлае і чыстае, наіўнае і прыўкраснае, і там стаялі такія людзі, як Віця Івашкевіч, да якіх я павагі не страціла ні на грам. Там былі такія простыя людзі, як я, там быў Міша з Вялікай Слівы — звычайны мужык з нашых раёнаў, з вёскі Вялікая Сліва, там была Валя, там былі звычайныя беларускія сяляне, рабочыя, інтэлігенты, студэнты. Я іх усіх помню, я з імі ўлёткі клеіла, ні пра што не шкадую і ганаруся, што яны былі са мной, а я была з імі.

Фота: «Радыё Унэт», x.com

— Што вы адчулі, калі сталі гераіняй чарговага допісу Вольгі Бондаравай?

— Ведаеце, калі яны на мяне звяртаюць увагу, то я адчуваю сябе так, нібыта па мне поўзаюць клапы. Я два разы ў жыцці змагалася з клапамі, і мне было вельмі страшна. Для мяне гэта была асабістая глыбокая трагедыя. Я не магла спаць! Памятаю, яшчэ пра клапоў прачытала, што яны 22 мільёны гадоў жывуць, прыстасоўваюцца да ўсяго, і, каб дабрацца да свежай крыві, вельмі разумна будуюць свае шляхі. Напрыклад, калі ты ножкі ложка апусціш у ваду, то яны не могуць пераадолець водную перашкоду, запаўзаюць уверх на столь і на жывое цела кідаюцца ўніз, абы дастаць да яго. А калі не іх час, яны сціскаюцца ў кропачку, засыхаюць і чакаюць.

Вось такія самыя пачуцці ў мяне бываюць, калі я адчуваю да сябе ўвагу якіх-небудзь азаронкаў ці Бондаравай. Таму што для мяне гэта не зусім людзі, хаця ў іх абалонка чалавечая (можа, яны і дзецьмі былі, хто ж іх там ведае). Карацей кажучы, я адчуваю агіду, страх і жаданне, каб яны пра мяне начыста забыліся.

У Чэхава, здаецца, была такая фраза: «І тут ён папоўз па мне сваімі крыжовеннымі вачыма». Бляха, толькі прыбярыце ад мяне свае крыжовенныя вочы! Так я стаўлюся да іх.

— Не магу не задаць пытанне пра 2020 год (ці, хутчэй, каля яго). Якія іншыя важныя для беларусаў даты вы маглі б назваць?

— Сярэднявечная літоўска-маскоўская вайна, калі яны кожнага другога ліцвіна-беларуса забілі; лістападаўскае і студзеньскае паўстанні 1830-1860-х гадоў; Адраджэнне 1920-х гадоў; Адраджэнне і нацдэмаўшчына 1930-х гадоў; жыціе і трагедыя Уладзіміра Караткевіча; жыціе Янкі Купалы; 1996 год; 2020 год і ўвогуле ўсе гады, калі кожнае беларускае пакаленне ўставала на барацьбу за сваю стаптаную, няшчасную, але велічную і прыўкрасную радзіму і ў абарону свайго гонару. 

Ева Арлова, novychas.online