Самы вядомы беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч адкрыў у Варшаве сваю кнігарню, і гэта – галоўная кніжная навіна апошніх тыдняў, піша «Радыё Ўнэт». Сімвалічная і надзвычай чаканая беларускімі чытачамі падзея супала з дзесяцігоддзем выдавецтва. Перад варшаўскім адкрыццём там жартавалі: «Памятаеце, як мінская кнігарня “Кнігаўка” пратрымалася менш за суткі? Абяцаем, што варшаўская “Кнігаўка” будзе працаваць мінімум у 365 разоў больш».
– Ідэя, мара, план рэалізаваўся. Мы перасталі быць качэўнікамі ў інтэрнэце і аселі на зямлі, – па-гаспадарску сустракае нас выдавец Андрэй Янушкевіч у сваім невялікім, але ўтульным і вельмі светлым павільёне. Спачатку тут працавалі ў фармаце пункту самавывазу, але цяпер гэта ўжо сапраўдная кнігарня, якая чакае сваіх першых гасцей.
«Зробім месца прыцягнення ўсіх аматараў беларускай кнігі і культуры»
Беларуская «Кнігаўка» месціцца на вуліцы Kłopotowskiego, 4 на Старой Празе ў Варшаве. Лакацыя – выдатная. Неўзабаве праз Віслу адкрыецца пешаходны мост, па якім да Янушкевіча можна будзе дайсці з цэнтру за хвілін 10-15. А літаральна ў некалькіх кроках ад кнігарні хутка запрацуе кавярня Inclusive barista Аляксандра Аўдзевіча (выдатны беларускі анклаўчык вымалёўваецца!). Зрэшты, частаваць гарбатай-кавай плануюць і ў «Кнігаўцы».
– Мы хочам, каб гэта было месца сустрэч аднадумцаў, – натхнёна распавядае Андрэй Янушкевіч. – Зробім месца прыцягнення ўсіх аматараў беларускай кнігі і культуры. Каб нашыя людзі ведалі, што ў Варшаве ёсць месца, дзе заўсёды можна прыйсці, даведацца, што адбываецца ў нашай літаратуры – што выходзіць, што плануецца, якія праблемы, якія радасці, з чым мы сутыкаемся.
Абжывацца ў кнігарні будуць пакрысе, кажа выдавец. Хутка тут з’явіцца яшчэ адна кніжная шафа, паставяць столікі, а вялікія вокны ўпрыгожыць неонавая шыльда.
– Мы не хочам дапусціць той памылкі, якую зрабілі ў Мінску. Зрэшты, тут яна і немагчымая, – смяецца Андрэй Янушкевіч. – Тады мы паўтара месяца рыхтаваліся да адкрыцця, трымалі ўсё ў таямніцы, замовілі спецыяльную мэблю ў адпаведных колерах, размалявалі сцены, купілі абсталяванне.
– А пасля да вас прыйшлі няпрошаныя госці…
– І ўсе нашыя капіталаўкладанні пайшлі насмарку. Таму зараз мы вырашылі, што будзем працаваць паступова. Неўзабаве зробім тут усё ўтульненька, прыгожанька, каб не хацелася выходзіць. Мы вельмі хацелі адкрыцца пад свой юбілей, і ў нас гэта атрымалася. Так што няхай людзі прыходзяць, бо галоўнае, чым мы можам парадаваць – гэта кнігі. Яны ў нас ёсць. Можна прыйсці, пагартаць, паглядзець, пачытаць і зрабіць свой выбар.
Аб’яднае Янушкевіч вакол сябе і калег па цэху. Ужо цяпер на яго паліцах стаяць кнігі розных беларускіх выдавецтваў.
– Мы адыдзем ад фармату выдавецкай кнігарні, – дзеліцца планамі Андрэй Янушкевіч. – Мы ўжо цесна супрацоўнічаем са сваімі блізкімі партнёрамі – выдавецтвамі «Пфляўмбаўм» і «Вясна». Мы хочам, каб у нашай кнігарні была прадстаўлена ўся якасная новая беларуская літаратура.
«У нас вельмі вялікі слой чытачоў, якія патрабуюць сур’ёзнай інтэлектуальнай літаратуры»
На сёння «Кнігаўка» можа парадаваць асартыментам, які ёсць у яе інтэрнэт-крамах, а гэта – больш за 60 пазіцый. Традыцыйна адны з самых папулярных у беларускага чытача – творы Альгерда Бахарэвіча. У «Кнігаўцы» прадаецца цяпер 5 яго кніг. Надрукуе Янушкевіч і новы раман беларускага пісьменніка. Калі ўсё будзе добра, то навінку пагартаем ужо праз некалькі месяцаў. Стаіць на паліцах і хіт гэтай зімы – пераклад першай часткі легендарнай сагі Джона Толкіна.
– Калі з’явіўся «Валадар пярсцёнкаў», то ён перабіў усе іншыя кнігі. Быў вельмі актыўны папярэдні заказ, кніжку вельмі інтэнсіўна замаўлялі перад новым годам, а студзень паказаў, што яна знаходзіцца на першым месцы па продажы. Стабільна карыстаюцца попытам кнігі Альгерда Бахарэвіча. Карыстаецца папулярнасцю сусветная класіка – гэта і Джордж Оруэл, і Эрых Марыя Рэмарк, і Габрыэль Гарсія Маркес. Безумоўна, робім стаўку на нашыя навінкі.
– Я цудоўна разумею, што калі выдавецтва хоча жыць і інтэнсіўна развівацца, нельга спыняцца. Трэба пастаянна рабіць новыя кнігі, радаваць імі чытача. Прынамсі, у нашым выпадку гэта і ёсць рэцэпт поспеху. Мы ўсцешаныя, што навінкі, якія мы выпускаем, заўсёды карыстаюцца попытам. Часта чытач ідзе менавіта за імі.
– А потым вяртаецца за іншай кнігай?
– Плюс у кнігах, якія ўсе ведаюць – дзякуючы ім да цябе ідуць новыя людзі. Тыя, якія абыякавыя да беларускай літаратуры ўвогуле, але даведаўшыся, што выходзіць «Гары Потэр» ці «Вядзьмар», яны ідуць чыста з цікаўнасці, купляюць адну кніжку, а потым прыходзяць ізноў. Праз месяц, праз два, але прыходзяць. Так адбываецца ў 9 з 10 выпадкаў.
Увогуле ж, аўдыторыя беларускіх кніг даволі шырокая. Вельмі вялікі слой чытачоў, якія патрабуюць сур’ёзнай інтэлектуальнай літаратуры. Мы выдалі «Ненасытнасць» польскага пісьменніка Віткевіча. Ён вельмі няпроста чытаецца, складаны да зразумення. Я думаў – ну, пару дзясяткаў кніжак разыдзецца, і дзякуй Богу. А ён купляецца і карыстаецца папулярнасцю! Вялікі пласт чытачоў патрабуе масавай літаратуры, якая дазваляе адасобіцца ад будзённай рэальнасці і расслабіцца. Наша задача як выдавецтва, каб гэты адпачынак быў з кніжкай, а не з гульнёй ці з тэлевізарам.
«Трэба падымаць прэстыж працы карэктара, рэдактара, перакладчыка. І добра было б, каб «власть придержащие» задумаліся аб гэтым»
– Зараз вельмі важна, каб залаты фонд сусветнай класічнай літаратуры быў выдадзены па-беларуску, – разважае над няпростымі пытаннямі Андрэй Янушкевіч. – А ў нас вялікія прагалы! У нас не выдадзеныя тыя раманы, якія заўсёды чытаюцца ў падлеткавым узросце – «Тры мушкецёры», «Падарожжы Гулівера». У нас да гэтай пары не выдадзены самы вялікі раман за ўсю гісторыю сусветнай літаратуры – «Дон Кіхот» Сервантэса. Усе гэтыя лакуны трэба закрываць. За гэтымі кнігамі чытач будзе ісці. Але мы ўсё адразу на сваіх рэсурсах зрабіць не можам. Так што неўзаранага поля вельмі шмат.
– І Вы на гэтым полі шчыруеце ўжо 10 гадоў!
– Я прызнаюся, што мне было даволі лёгка, таму што на беларускім кніжным рынку даволі слабая канкурэнцыя. Калі зараз з’явіцца яшчэ 10 беларускіх выдавецтваў кшталту нашага – добра, калі мы закрыем працэнтаў 10 запатрабаванняў патэнцыйнай аўдыторыі. Так не павінна быць, але ўсё ўпіраецца ў рэсурсы. Пры тым не толькі ў матэрыяльна-фінансавыя, а і ў кадрава-чалавечыя.
Нам трэба падымаць прэстыж працы карэктара, рэдактара, перакладчыка, і добра было б, каб «власть придержащие» задумаліся аб гэтым. Гэта была б практычная канкрэтная дапамога, а не пафас, які ліецца са старонак СМІ пра тое, як усе падтрымліваюць беларускую культуру. Толькі справа засведчыць чыюсьці рацыю.
– Што Вам дапамагала ўвесь гэты час быць у авангардзе працэсу? Што патрэбна, каб заставацца адным з самых паспяховых гульцоў на кніжным рынку – хватка, апантанасць? А можа, інтуіцыя?
– Я ўключаў бізнес-мысленне: якая кніга пойдзе ў чытача, на якой кнізе я магу добра зарабіць, каб потым далей развівацца? Мы прыйшлі на рынак і праз 5 гадоў ужо выдалі першага «Гары Потэра». І калі я задаваў сабе рытарычнае пытанне, а чаму кнігу, якая грымела ў любых грамадствах апошнія 20 гадоў ніхто не выдаў да гэтай пары – то аказваецца, што ніхто і не браўся. Так што прыйшоў, убачыў, перамог (смяецца).
Размову з Андрэем Янушкевічам слухайце ў плэеры ніжэй