Ці можна эфектыўна прасоўваць беларускую мову ў Беларусі, жывучы за мяжой? Якія ёсць бяспечныя спосабы падтрымкі беларускай мовы ў Беларусі? Пра гэта, а таксама пра пра важнасць Дня роднай мовы для беларусаў паразмаўлялі з юрыстам і моўным актывістам Ігарам Случаком.
— Ці трэба беларусам, якія былі вымушаны пакінуць радзіму, святкаваць 21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы?
— Гэты дзень варта памятаць усім народам і асабліва тым, чые мовы знаходзяцца ў небяспецы або пад прыгнётам.
Калі для беларусаў, што пакінулі Беларусь, важна заставацца беларусамі, то пра беларускую мову ім варта памятаць кожны дзень. Важна размаўляць на ёй у сем’ях і ў сваіх нацыянальных суполках, прыкладаць намаганні, каб у тых месцах, дзе беларусы жывуць, з’яўляліся беларускамоўныя школы і садкі.
Іншымі словамі, задачы тыя ж, што і ў Беларусі. Бо беларуская мова — тое, што робіць нас беларусамі і адрознівае ад іншых народаў.
— Наколькі актуальнае гэтае свята для беларусаў, што засталіся на радзіме?
— Не назваў бы гэты дзень святам — хутчэй памятны дзень для беларусаў, у якіх родная мова знаходзіцца пад вялікай пагрозай. Безумоўна, гэты дзень актуальны для беларусаў, якія жывуць у Беларусі, бо гэта большасць нашай нацыі і толькі дзякуючы ім наша мова можа захавацца як дзяржаўная і мажарытарная.
Толькі сіламі беларусаў у Беларусі можна змяніць як моўную сітуацыю, так і вырашыць любое іншае хвалюючае пытанне, якое ставіць выклікі нашаму народу і нашай дзяржаўнасці. І, вядома, дзень роднай мовы павінен быць не раз на год, а кожны дзень. Тады пытанне пра існаванне беларускай мовы, дзяржаўнасці і народа не будзе стаяць.
— Вам давялося экстрана з’ехаць са сваёй сям’ёй з Беларусі. Як вам падаецца, ці можна эфектыўна прасоўваць беларускую мову ў Беларусі, калі вы жывяце за мяжой?
— Так, гэта можна рабіць. Не магу раскрываць усіх дэталяў і сакрэтаў нашай дзейнасці, але да прыкладу магу распавесці выпадак са свайго жыцця. Актыўна прасоўваць і абараняць беларускую мову я пачаў тады, калі фізічна не знаходзіўся ў Беларусі: у той час я навучаўся праву ў Тартускім універсітэце ў Эстоніі. Атрымоўвалася эфектыўна пашыраць беларускую мову ў Беларусі, знаходзячыся за мяжой. Нават закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» атрымалася тады змяніць. Увесь гэты час людзі думалі, што я знаходжуся ў Беларусі. Калі нядобразычліўцы думалі, што выціснуўшы нас з Беларусі, спыняць нашую актыўнасць, то яны вельмі памыліліся. Для нас было прынцыпова заставацца на радзіме, але наша дзейнасць праз пераслед і рэпрэсіі, жыццё ў падполлі была ўсё ж абмежаваная.
Зараз мы не ў Беларусі, але займацца прасоўваннем і абаронай беларускай мовы ў Беларусі мы можам больш эфектыўна, не губляючы час на канспіратыўныя моманты жыцця.
— Беларускамоўныя грамадзяне сутыкаюцца з выпрабаваннямі на радзіме. Некаторыя баяцца размаўляць па-беларуску ў грамадскіх месцах, бо не хочуць рабіцца мішэнню для рэпрэсій. Што б вы маглі параіць гэтым людзям?
— Да апошняга часу мы з сям’ёй жылі ў Беларусі, і я магу з адказнасцю сказаць, што калі чалавек не вядомы праваабаронца альбо палітык, ён не прыцягне да сябе ўвагі размовамі па-беларуску.
Таму варта працягваць размаўляць па-беларуску і прапаноўваць гэта рабіць тым, хто яшчэ вагаецца, а таксама пісаць звароты за беларускую мову. І наогул ствараць беларускамоўныя прадукты: кнігі, песні, публікацыі ў Інстаграм ці ЦікТоку.
— Якія бяспечныя спосабы падтрымкі беларускай мовы засталіся ў Беларусі?
— Раней, як і цяпер, можна і трэба пісаць звароты, каб беларуская мова з’яўлялася там, дзе яе чалавеку не хапае. І, натуральна, размаўляць па-беларуску. А таксама падтрымліваць, у тым ліку і матэрыяльна, усе прабеларускамоўныя справы і пачынанні. Грошы ў любой працы — важны складнік, і пры іх наяўнасці праблемы вырашаюцца лягчэй.
Ганна Бурштын, budzma.org,
фота з асабістага архіва Ігара Случака