Алесь Плотка — культменеджар, паэт, рок-музыка і перакладчык з Гомеля — разважае пра тое, як савецкае асяроддзе фарміруе мысленне і творчасць, чаму Усход Беларусі дае свету столькі культурных феноменаў і як мясцовыя гарады знаходзяць баланс паміж гісторыяй, манументамі і сучаснай ідэнтычнасцю. У гутарцы з Homeldays — пра Гомель як постсавецкі горад, эстэтыку прамысловых ландшафтаў, памяць пра мінулае і ролю пакаленняў у фарміраванні культурнай свядомасці.

Штодзень: Алесь, давай вернемся ў перыяд твайго дзяцінства. Як твае бацькі ставіліся да падзей 1991 года? У Беларусі, у адрозненне ад Украіны, было іншае стаўленне да развалу Савецкага Саюза: большасць пайшла на ўчасткі і прагаласавала за тое, каб БССР заставалася ў складзе СССР. А як было ў тваёй сям’і?
Алесь Плотка: Я б сказаў, што гэта была такая не зусім асэнсаваная радасць, без той глыбіннай зацятасці, як ва Украіне ці ў краінах Балтыі, але тое, што ніхто ў сям’і не пакутаваў ад незалежнасці, — гэта дакладна. Усе гэтыя 1990-я — цяжкія, складаныя часы — і ў Літве, і ва Украіне, і ў Беларусі, але нейкай татальнай турбулентнасці не было. Незалежнасць успрымалася як нешта добрае.
А адкуль, на тваю думку, тады ў моладзі, народжанай ужо ў 2000-х, калі глядзець сацсеткі, TikTok, Instagram, гэты час — такі моцны сантымент да савецкай эпохі? Яны ж яе нават не заспелі. Але мы бачым парады з савецкімі сцягамі, канцэрты, флэшмобы, арганізаваныя ідэалагічнымі аддзеламі. Адкуль гэтая любоў і жаданне вярнуцца ў тую “антычнасць”, якой яны самі не бачылі?
— З гісторыяй заўсёды проста — людзі любяць маляваць сабе легендарнае мінулае. Гэта вельмі простая гульня. У некаторых нашых суседзяў, напрыклад, вельмі моцная зацыкленасць на гісторыі, але мала бачання будучыні — кожны мадэлюе тое, што яму хочацца. Лягчэй за ўсё стварыць сабе ідэальнае мінулае — асабліва калі ты ў ім не жыў — і потым ім захапляцца. Ім, праўду кажучы, значна прасцей гэтым займацца, чым будаваць краіну і вызначаць, дзе ты хочаш быць праз трыццаць гадоў. Гэта патрабуе куды больш высілкаў.
З іншага боку, ёсць такое жыццёвае назіранне: пакаленні мацней за ўсё рэзануюць праз адно — дзяды і ўнукі. У многіх сем’ях так, і ў мяне, у прынцыпе, было падобна. Магчыма, мае бацькі былі крыху больш савецкімі людзьмі, чым мае дзяды і чым я. Бо дзяды — палова з Заходняй Беларусі — для іх савецкі рэжым не быў адзіна магчымым ладам існавання. Яны бачылі і польскі перыяд. Пры ўсіх мінусах таго часу людзі разумелі, што палітычная сітуацыя дынамічная, яна можа змяняцца.
А цяпер маем пакаленне тых, хто нарадзіўся пасля 1995 года — ім ужо даўно за дваццаць, яны могуць галасаваць і цалкам выраслі пры Лукашэнку. Напэўна, ім проста менш расказвалі пра іншыя этапы гісторыі.
Камусьці, магчыма, нават “прыкольна” ідэалізаваць Савецкі Саюз, у якім яны не жылі. Напэўна, мала ведаюць пра рэпрэсіі і не сутыкаліся з імі асабіста.
Час ад часу ў інтэрнэце, у тым жа YouTube, з’яўляюцца відэа заходніх блогераў — палякаў, амерыканцаў, брытанцаў — якія захапляюцца савецкай архітэктурнай спадчынай. Яны звяртаюць увагу на тое, што ў нас часта называюць банальнай сталінскай пасляваеннай архітэктурай.
— Ці выклікае нешта падобнае станоўчыя эмоцыі ў мяне? Напэўна, нейкія часткі гарадскіх ансамбляў, асабліва ў цэнтры. Але ёсць і вялікі трэнд, звязаны з музыкай, постпанкам, з тым жа “Молчат дома”. Увесь гэты візуал моцна трапляе ў чаканні і падсілкоўвае вобраз экзатычнага, брутальнага постсавецкага свету. Мы ўсе шукаем нейшую “іншасць”, нешта, што адрозніваецца і нас прываблівае. Гэта, канешне, поўная стэрэатыпізацыя: “дзікі ўсход”, “савок”, як гэта часта падаецца ў Галівудзе. Але такі погляд існуе.
Мне падабаюцца не шматпавярховікі з бетону, а рэкі, наш Сож, найперш гомельская прамысловая зона — порт, суднаходства, баржы, краны… У гэтым для мяне ёсць эстэтыка. Камусьці падабаюцца дваццаціпавярховікі, а мне — порт. Як, напрыклад, у Гданьску: горад з вельмі глыбокай гісторыяй — Прусія, пратэстанцкая культура, складаны культурны пласт, але візуальна, перш за ўсё, ўражваюць порт і краны.

У нас, на жаль, зусім маленькі кавалак захаванага цэнтра. І мне б вельмі хацелася, каб ён захаваўся лепш, каб гэта маленькае “гняздо” не было канчаткова знішчана новай забудовай.
Новыя дамы, дзякаваць Богу, пакуль не “з’елі” ўвесь горад. Гомель застаецца адносна кампактным, і вельмі хочацца, каб той кавалачак гістарычнага цэнтра, які яшчэ захаваўся, не забудавалі. Каб не залівалі бетонам утульныя дворыкі з гэтай савецкай трох-, чатырох-, пяціпавярховай забудовай — не ідэальнай, але чалавечай па маштабе.
Нядаўна адбылося гучнае ідэалагічнае мерапрыемства — уладамі быў адкрыты помнік савецкаму маршалу Ракасоўскаму. Тваё стаўленне да гэтай падзеі і “новага месца” — там, дзе раней быў сквер каля фабрыкі “8 Сакавіка”, каля былой Ланкастарскай школы?

— У нас, здаецца, ўся гісторыя зведзеная да Другой сусветнай вайны. І нават яна падаецца вельмі аднабока — праз адну і тую ж оптыку, праз адну і тую ж камемарацыю. Мне гэта незразумела і не надта блізка. Што да цэнтра горада, я за тое, каб гістарычныя назвы вярталіся, а савецкія — змяняліся там, дзе ёсць аўтэнтычныя тапонімы. Каля дзесяці гадоў таму ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі” абмяркоўвалася такая канцэпцыя: у цэнтры — гістарычныя назвы, у новых раёнах — можна пакідаць сучасныя. Такі ж падыход можна ўжываць і да помнікаў.
Цяпер, відаць, акрамя вайны, “герояў” у публічнай прасторы проста не існуе. Гэта вельмі вузкі погляд і моцнае скарачэнне гісторыі, нібыта ў Беларусі нічога не было да савецкага часу, апроч гераічнай барацьбы “савецкага народа”. Але Беларусь — значна больш складаная і багатая.
У 1990-х гадах, насупраць палаца Паскевічаў і Румянцавых, таксама быў усталяваны помнік Мікалаю Румянцаву. І, дарэчы, надпіс на ім — па-беларуску: “Румянцаву Мікалаю Пятровічу грамадзяне горада Гомеля”. А помнік Канстанціну Ракасоўскаму з’явіўся ўжо пры іншых абставінах, цалкам ігнаруючы гомельскую лакальную павестку. Там зусім няма гараджанаў: там напісана штосьці “ад расійскага ваенна-гістарычнага таварыства”. Ці не палохае цябе такая дэградацыя — ад пэўнай суб’ектнасці нашага горада да таго, што нам проста, як абарыгенам, прывозяць нейкія “падарункі” і кладуць іх у тых месцах, дзе вырашыў “белы гаспадар”?
— Ну так, нічога добрага ў гэтым няма, канешне. Гэта цэлая палітыка і філасофія “Рассупрацоўніцтва”, зразумелая: пабудова міфа пра “адзіны вялікі рускі народ зверху”. Калі казаць пра Румянцава, то на тым помніку хоць нейкія гараджане, гамяльчане, ёсць нейкая лакальнасць. Тут жа — нічога. Хоць і там дзеяч таксама імперскі, але некім чынам мы зрабілі гэты знак “сваім”. Там хаця б было зразумела, што гэта Гомель і гомельчане.
Не ўдаючыся ў нацыянальнае пытанне, тут ужо наогул няма ніякіх гомельчан. Крэмль, які цяпер актыўна вядзе імперскую вайну супраць Украіны, ставіць свае маркеры і імкнецца дамінаваць у культурным сэнсе. Гэты надпіс — гэта, бадай, самае сумнае ў гэтым помніку. Бо ён не пра Беларусь і не пра Гомель, гэты персанаж да іх нічога не мае. Калі Румянцаў хоць жыў і будаваў, хай і быў імперскім дзеячам, дык і такіх прыкладаў багата.Тое самае можна сказаць і пра Украіну, напрыклад пра сям’ю Цярэшчанак. Яны былі людзьмі Расійскай імперыі, гэта праўда, фактычна імперскімі алігархамі, не адчувалі Украіну як Украіну, але вельмі шмат зрабілі для Кіева, для кіеўлянаў — і гэта цяпер частка гісторыі. А савецкія ваенныя дзеячы — гэта ўжо зусім іншы тып людзей, для якіх Беларусь была проста тэрыторыяй абароны. Зусім іншыя падыходы. І сумна, што сёння акцэнт робіцца менавіта на іх.
Я добра памятаю 2014 год ва Украіне — нашы рэпарцёрскія паездкі па памежных раёнах Чарнігаўшчыны, калі ў Кіеве з энтузіязмам зносілі помнікі савецкага перыяду. Аднак у той жа час ў некаторых мястэчках помнікі Леніну мясцовыя не краналі, бо для іх гэты помнік быў цэнтрам прасторы. І вось пытанне: што рабіць з усімі гэтымі Ленінімі, Дзяржынскімі і цяпер яшчэ з Ракасоўскім, калі сітуацыя зменіцца? Пакінуць? Знесці? Вынесці на грамадскае абмеркаванне? Ці, як зрабілі літоўцы, стварыць парк савецкай манументальнай спадчыны, сабраўшы такія аб’екты ў адным месцы як музей ідэалогіі?
— Мне блізкі падыход, які агучваў украінскі культуролаг Міхайла Дарашэнка: галоўнае — не абавязкова ўсё адразу ламаць, а дэсакралізаваць помнік.
Бо любы помнік — гэта найперш ідэалагічны знак, сімвал кантролю, сакралізаваны аб’ект.
Так, у працэсе дэкамунізацыі ва Украіне шмат што было знішчана, у тым ліку савецкія мазаікі. Я асабіста за тое, каб назвы дэкамунізаваць поўнасцю, а вось манументальныя творы, дзе ёсць чысты мадэрнізм, мастацкая вартасць, — пакідаць. Савецкае манументальнае мастацтва часта было зроблена на высокім узроўні, і гэтага цяпер, на жаль, не заўсёды хапае.
Галоўная задача — пазбавіць гэтыя аб’екты сакральнасці. Не абавязкова кінуцца валіць усё адразу. Бо ў малым мястэчку помнік можа дамінаваць над усёй прасторай, станавіцца “цэнтрам свету” для людзей — у тысячы разоў мацней, чым гіганцкі Ленін у вялікім горадзе, дзе ён проста губляецца ў маштабе.
Вельмі важна, магчыма, даваць такі пераходны перыяд і пэўным чынам, можа, нейкім лёгкім жэстам дэсакралізаваць гэтыя помнікі. Ён прыводзіў канкрэтны прыклад і казаў: давайце пасадзім Леніну голуба на плячо. І ён адразу страціць увесь свой сімвалічны статус — менавіта як дамінуючы ідэалагічны знак савецкай тэрыторыі. Так, быў такі персанаж, ён зрабіў нямала зла, але ты проста здымаеш з яго гэты пафас лідара, правадыра, і ён застаецца ў прасторы без таго ціску. І людзям, скажам, у малым мястэчку, не муляе вока тое, што яго сёння знеслі, і што горад нібыта “атрымлівае беззубы твар”. Але пры гэтым ён адразу губляе ўсю сваю ідэалагічную моц.
Я сам стаў больш кансерватыўным чалавекам і схіляюся да такіх эвалюцыйных падыходаў, калі гэта магчыма. Я дакладна ўяўляю, як гэта можа працаваць у перспектыве 20–30–40 гадоў: наступныя пакаленні спакойна потым гэты помнік знясуць. А можа, і не знясуць, а пакінуць з тым самым голубам на плячы — у нейкім іншым фармаце, як гэта робяць чэхі з савецкімі танкамі і ўсім падобным.
Галоўнае — змяніць не проста “шыльду”, не абавязкова ўсё раптоўна знішчаць. Я пра тое, што можна і знішчаць, і прыбіраць, але перадусім трэба збіць гэты пафас ідэалагічнага дамінавання. І тады асноўная функцыя помніка як ідэалагічнага знака знікае, а застаецца проста нейкі аб’ект мастацтва — так ці іначай ён усё ж створаны мастаком, і пэўная мастацкая вартасць у ім існуе. Вось такі манумент, быў такі персанаж.
