Павел Вінаградаў: Палітзэкі-няўгледкі

Чалавек дакранаецца да кратаў. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Усіх вітаю, спадарства! Ізноў я да вас са сваёй турмой. На гэты раз захацелася апавесці пра ноўнэймаў сярод палітзэкаў.

Вось выходзяць медыйныя палітычныя сэлэбрыці, апавядаюць, праз што прайшлі і што з імі здаралася. Атрымліваюць спачуванне, рэспекты, апладысменты. Іх запрашаюць усюды, ціснуць рукі і напаўняюць куфлі чароўнай амброзіяй захаплення.

Я таксама да гэтага ледзь дакрануўся, і я ведаў, што так будзе. Яно і зразумела: калі сядзіш як прадстаўнік медыя, то пра цябе па-любому будуць пісаць, нават калі ўсё, што з табой адбываецца, – гэта «схуднеў на 10 кг». Часткова разуменне таго, што пасля турмы да цябе будуць прыкутыя тысячы поглядаў, і давала матывацыю трымацца як мага больш годна. Бо ведаў, што будуць пытацца: «Паўліку, ну як прайшло?» І на гэтае пытанне значна больш прыемна рыкнуць нешта тыпу: «Ды круціў я іх усіх на ражне!», чымся мармытаць аб прызнанні віны, памілаванні, супрацы з адміністрацыяй і «мы выжывалі як маглі».

Таму неабходнасць нешта ўцямна гаварыць пасля выхаду надта матывуе трымаць булкі шчыльна сціснутымі не толькі мяне, але і большую частку тых, чые прозвішчы з’яўляюцца ў навінах.

А што, калі няма ў цябе ніякай медыйнасці? А што, калі пра тваё існаванне ведаюць толькі твае родныя? Ты там як наагул, братачка (сястрычка)?

Такіх, вядома, большасць. У асноўным – добрыя хлопцы. Пра кожнага можна напісаць аповед з пафаснай назвай «Як Імярэк трапіў у жорны крывавай дыктатуры і здолеў захаваць сябе» або накшталт таго.

Большая частка сядзіць сумленна, але ціха. Бо ўсе ў курсе: прыцягнуў увагу – збірайся ў ізалятар (гэта як мінімум). Але ёсць сярод іх хлопцы, гледзячы на якіх, дзівішся і думаеш: «Ды дзе ж ты сілы бярэш на ўсё гэта?»

Бо ніхто не будзе разладоўваць у цябе пад інтэрнэт-допісамі фуры лайкаў. Бо ты аб’ектыўна не дужа цікавы для медыяў. Бо з табою не будуць сустракацца ні Папа Рымскі, ні прэзідэнт Польшчы.

Цябе, вядома, не пакінуць, будуць дапамагаць літаральна ўва ўсім пасля вызвалення, але ты ж пра гэта не ведаеш!

А сядзяць яны ў ізалятарах не менш за іншых Дзядкоў, Севярынцаў і Вінаградавых. У іх таксама няма званкоў, спатканняў, перадачаў і лістоў. Ім таксама халодна. Ім таксама галодна. Ім таксама страшна. Большасць з іх да 2020 года чула пра палітыку толькі маленькім краёчкам левага вуха. Ім не патрэбныя гранты, пафасныя прыёмы ў амбасадах, эфіры ў медыях і ўсё, што можа паказытаць эга такой пыхлівай істоты, як я, напрыклад. Для іх пачуццё ўласнай годнасці і прынцыпы ўжо ёсць дастатковымі матыватарамі. І мне хочацца верыць, што для мяне таксама.

Але калі мяне апаноўваюць роздумы рознага кшталту і я аддаюся сінтэзу ды аналізу, то задаю сабе пытанне: «Паша, а вось калі б ты не ведаў, што за тваім лёсам сочыць процьма народу, ты гэтак жа б сябе паводзіў?» Спадзяюся, што так, спадарства. Спадзяюся, што так. Айл бі бэк.

Павел Вінаградаў, belsat.eu