У Беластоку на мітынгу ўзгадалі ахвяр расійскай агрэсіі ва Украіне

Мітынг, прымеркаваны да другой гадавіны пачатку расійска-ўкраінскай вайне, прайшоў увечары 24 лютага на цэнтральнай плошчы Беластока – Рынку Касцюшкі. Ён быў арганізаваны мясцовай беларускай дыяспарай і падтрыманы ўкраінскімі ўцекачамі і мясцовымі ўладамі. Удзельнікі мітынгу перш за ўсё ўшанавалі хвілінай маўчання загінуўных у выніку расійскага напада на Украіну.  

фота: радыё Ўнэт

Акцыя была арганізавана ўвечары суботняга дня, але, нягледзячы на гэта, на Рынку Касцюшкі сабралася даволі вялікая колькасць людзей – каля 200 чалавек. Над імі луналі ўкраінскія, польскія і беларускія нацыянальныя сцягі, прычым апошніх было значна больш. Удзельнікі мітынгу трымалі ў руках транспаранты, а таксама фотаздымкі зруйнаваных украінскіх гарадоў. Беларусы стаялі з партрэтамі палітзняволеных. 

Першым на акцыі ўзяў слова ваявода Падляшша Яцэк Бжазоўскі. Ён узгадаў, як роўна год таму на гэтым жа месцы праходзіў падобны мітынг, і вось праз год мы зноў сабраліся з той жа нагоды – нязгоды з расійскай агрэсіяй супраць сувярэннай дзяржавы. 

“І гэта ёсць довад на тое, што не згаджаемся з тым варварствам, якое пуцінская Расія навязвае Украіне і ўсяму вольнаму свету. Я вельмі добра помню, пэўна, таксама як вы, гэты дзень два гады таму, калі гэты канфлікт выбухнуў і тое, што здавалася не магчымым стала, на жаль, магчымым. І помню, што дзякуючы вашай датычнасці, усіх жыхароў Падляшскага ваяводства, жыхароў Беластока, кожнай гміны ў Падляшскім ваяводстве, пайшла тая дапамога ўсім тым, каму яна была вельмі патрэбна”.

фота: радыё Ўнэт

Прайшло два гады, але вайна працягваецца і надалей, і пакуль канца ёй не бачна. Разам з тым, два гады – гэта тэрмін, які дае магчымасць зрабіць пэўныя высновы. Якія? З гэтым пытаннем радыё Ўнэт звярнулася да некаторых беларусаў – удзельнікаў акцыі.

“Гэтыя два гады паказалі, што нашы дыпламаты не ўмеюць дамаўляцца. Вельмі проста пачаць вайну, але дамовіцца значна складаней. У іх гэта не атрымліваецца, альбо яны гэтага не хочуць. Гэта дрэнна. Вайна гэта заўсёды дрэнна”.

Два гады паказалі, што, нажаль, нічога добрага, што Расія – гэта самы страшны звер, а Лукашэнка яе прыхільнік. І на жаль нашы сябры, наша Еўропа не добра нам дапамагаюць”.

“Украінцы вытрымалі гэтыя два гады. Гэта ўжо вялікі подзвіг. У першыя самыя дні, нават у першыя гадзіны лічылася, што яны зламаюцца, а тая стойкасць, якую яны паказалі, прадэманстравалі, тое як яны імкліва адаптаваліся да тых умоў, якія былі для іх ледзь не смяротныя, паказвае, што ў гэтай нацыі ёсць стрыжань, які дапаможа ім перажыць і гэтую вайну, і магчыма наступныя, калі яны яшчэ будуць, але будзем спадзявацца, што іх больш не будзе”.

фота: радыё Ўнэт

Фармальна беларускія войскі не прыймаюць удзел у вайне, але менавіта з Беларусі два гады таму ў бок Украіны ляцелі снарады і ехала расійская ваенная тэхніка, менавіта з-за дапамогі расійскай агрэсіі афіцыйны Мінск лічыцца суагрэсарам і памагатым у гэтай ганебнай для захопнікаў вайне. А як яна адбілася на беларускім народзе?

“Перадусім, раскалолася грамадства. У адной сям’і з’явіліся праціўнікі вайны і Z-людзі. Брат ідзе на брата, таму што гэта вайна па сутнасці грамадзянская. Грамадства раскалолася. Не ўсюды штосьці скажаш наўпрост, таму што цябе назавуць альбо бандэраўцам, альбо рашыстам”.

Нас зрабілі саўдзельнікамі гэтай вайны, нас не пытаючы. Сённяшняя дата, напэўна, самая чорная дата ў гісторыі для нас. Я бы не сказала, што нацыя падзелена менавіта па гэтым пытанні, таму што ўсё беларусы ведаюць, што вайна не павінна была паўтарыцца. І тое, што яна ідзе за Прыпяццю літаральна, мяркую, што для кожнага беларуса гэта жудасная праўда”.

“Моцна раскалоўся народ, канешне, але ў нас гэта адбываецца на фоне рэпрэсій і людзі не могуць паказваць рэальную сваю пазіцыю часцей за ўсё. Яны проста вымушаны мімікрыраваць пад гэтыя ўмовы і нават не выбіраць штосьці, а ў сабе тапіць гэтыя ўсе пачуцці, перажыванні. І рэальную карціну таго, што адбываецца ў душы беларуса, мы зараз не бачым”.

“У нас яшчэ больш людзей выехала з Беларусі, пагулялася па свеце. Для Еўропы мы застаемся такімі ж агрэсамі. Два гады мы працуем над тым, каб паказаць усяму свету, што мы не такія як рускія, мы не агрэсары, таму і прыходзім на акцыі, вядзем работу ў інтэрнэце. Думаю, наша праца дала вынік, і ўжо не так да нас ставяцца, як было напачатку вайны”.

фота: радыё Ўнэт

Нельга ставіць знак роўнасці паміж беларусамі і рэжымам Лукашэнкі, заявіў арганізатар акцыі, актывіст беларускай дыяспары Ян Абадоўскі. 

Да салідарнасці з украінскім народам, які змагаецца з расійскай агрэсіяй, заклікаў прадстаўнік украінскай дыяспары Антон Галавач.

radiounet.fm