“Беларусь у НАТА”: у Варшаве прэзентавалі зборнік артыкулаў ад экспертаў па бяспецы з краін Альянсу

У Варшаве на пляцоўцы «Witryny Domu Wschodniego» адбылася прэзентацыя кнігі “Беларусь у НАТА”. Выданне – гэта зборнік артыкулаў, напісаных экспертамі па пытаннях бяспекі з краін НАТА, дзе яны разважаюць аб перспектывах далучэння да Альянсу Беларусі, важнасці гэтага працэса, а таксама аналізуюць досвед сваіх краін.

фота: радыё Ўнэт

Ініцыятарам стварэння такой кнігі выступіў былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, каардынатар ініцыятывы “Еўрапейская Беларусь”  Андрэй Саннікаў.

Я звярнуўся да сваіх сяброў, вельмі дасведчаных людзей па пытаннях бяспекі, па пытаннях геапалітыкі – рэгіянальнай, сусветнай. І перш за ўсё мяне цікавілі нашыя суседзі — Польшча, краіны Балтыі, Украіна. Потым досвед краін, якія зараз сталі сябрамі НАТА, гэта Фінляндыя. І Юрый Фяльштынскі, з якім мы шмат размаўлялі і як раз паразумеліся ў тым плане, што Беларусь можа быць ключом, не Украіна нават, а Беларусь, да развязкі праблемы бяспекі і архітэктуры бяспекі ў Еўропе“.

фота: радыё Ўнэт

Падчас прэзентацыі ішла размова пра важнасць сяброўства Беларусі ў Альянсе і яе ролі ў падтрыманні агульнай архітэктуры бяспекі ва Усходняй Еўропе. Амерыканска-расійскі гісторык і публіцыст Юрый Фяльштынскі адвёў Беларусі галоўную ролю ў гэтым пытанні, пра што і напісаў у сваім артыкуле. Па яго словах, нават калі Украіна пераможа ў цяперашняй вайне супраць Расіі, яна ўсё роўна будзе заставацца ў небяспецы, пакуль Беларусь знаходзіцца пад уплывам і фактычным кантролем з боку Крамля.

Я пісаў ужо ў 2014 годзе, што калі мы ўбачым расійскія войскі ў Беларусі – гэта будзе азначаць, што рыхтуецца новае ўварванне ва Украіну, што гэта лакмусавая паперка, па якой можна будзе вызначаць ступень небяспекі для Украіны”.

фота: радыё Ўнэт

Гаворачы пра перспектывы далучэння Беларусі да НАТА ў бліжэйшы час, меркаванні экспертаў разышліся. Напрыклад, эксперт ад Венгрыі, прэзідэнт міжнароднага Цэнтру развіцця і дэмакратычнага пераходу Іштван Д’ярматы, лічыць, што далучэнне Беларусі да НАТА можа адбыцца значна хутчэй, чым многія лічаць. А вось былы міністр абароны Польшчы Януш Анышкевіч, які ў свой час быў адным з адказных за ўступленне Польшчы ў НАТА, аналізуючы досвед сваёй краіны, а таксама украінскі вопыт, да падобных перспектыў ставіцца скептычна. На яго думку Беларусь зараз знаходзіцца ў больш небяспечным становішчы, чым Польшча, а беларускае грамадства яшчэ не ўсвядоміла неабходнасць далучэння да Альянсу.

Тое, што складана будзе ўвайсці ў склад НАТА, вынікае з некалькіх прычын. Па-першае, з таго, што беларусы, ва ўсякім разе на дадзены момант, у большасці сваёй нават не гавораць пра такі варыянт развіцця падзей. Такіх даследаванняў няма, але можна з упэўненасцю сказаць, што калі б яны і былі, то вынікі былі б негатыўныя. Аднак у гэтым няма нічога дзіўнага. Тое ж самае было і ва Украіне, хоць сітуацыя там была зусім іншая. Украіна была значна больш свабоднай краінай, чым сённяшняя Беларусь. І тым не менш, негатыўнае стаўленне да НАТА захоўвалася аж да моманту пачатку першай вайны ў 2014 годзе. Па-другое, нашай сілай, калі Польшча ўступала ў НАТА, была згода ўсіх палітычных ігракоў краіны. Ну і, у рэшце рэшт, супраціў Расіі нашаму ўступленню ў НАТА ў тыя часы, а былі гэта часы Ельцына, быў значна слабейшым. І мы былі ўпэўненыя, што ніякая расійская ўзброеная інтэрвенцыя нам не пагражае. А калі казаць пра Беларусь, мяркуючы па трагічных падзеях ва Украіне, такая інтэрвенцыя хутчэй за ўсё адбылася б. І была б Беларусь у стане адказаць гэтак жа як Украіне – гэта вельмі важнае пытанне. Існуе мноства апасенняў, што Беларусь не была б у стане даць такі ж адпор Расіі, хаця б  таму, што яна значна меншая, чым Украіна. Таксама, я думаю, што стаўленне беларусаў да расіян іншае, чым ва ўкраінцаў, бо даволі актыўна дзейнічае расійская прапаганда і расійская культура на тэрыторыі Беларусі”.

Разам з тым, эксперты ўпэўнены, што далучэнне Беларусі да НАТА гэта толькі пытанне часу. Як адзначыў Юрый Фяльштынскі, асноўныя змены ўжо адбыліся ў Беларусі ў 2020 годзе і адмяніць іх ніякія дыктатары не здолеюць.

Я думаю, што ўсе падзеі, якія ўжо адбыліся, гэта вайна ва Украіне, падзеі ў Беларусі, яны, тым не менш, вызначылі на вечныя часы статус гэтых дзяржаў, як незалежных. І вось на наступным зломе гісторыі, цяжка прадбачыць, калі ён будзе, але на наступным зломе гісторыі ўсё роўна гэтыя тэрыторыі атрымаюць незалежнасць. І Украіна, і Беларусь, і Чачэнская Рэспубліка, можа быць яшчэ нейкія: Дагестан, Інгушэція, Татарстан, я не ведаю. Але прынамсі ўжо зараз ніхто, акрамя Пуціна, не можа і не будзе ўздымаць пытанні “А ці з’яўляецца Украіна дзяржавай?” , “А ці з’яўляецца Беларусь дзяржавай?”

Кніга даступная на трох мовах: беларускай, ангельскай і рускай толькі ў электронным варыянце. Спампаваць яе можна ў фармаце .PDF на сайце ініцыятывы “Еўрапейская Беларусь”.

radiounet.fm