
“Род князёў Агінскіх”- квэст пад такой назвай адбудзецца ў суботу, 6 снежня, у Вільні. Ён прымеркаваны да 260-гадовага юбілею Міхала Клеафаса Агінскага – дыпламата, палітыка, мецэната і аўтара легендарных паланэзаў.

Паводле арганізатаркі квэсту, гіда і магістаркі гуманітарных навук Валерыі Чарнаморцавай, жыццё Міхала Клеафаса Агінскага – гэта суцэльныя таямніцы, даследчыкі дагэтуль спрачаюцца пра дату і месца яго нараджэння.
– Ён нарадзіўся, некаторыя пішуць, што 7-га кастрычніка, насамрэч 25 верасня 1765 года ў Гузаве пад Варшавай. Ён сам пісаў у сваіх успамінах пра тое, што ён там нарадзіўся. Але як раз у гэтым годзе літоўскія даследчыкі знайшлі ў адным з касцёлаў Літвы допіс, што менавіта там яго хрысцілі на год раней, праўда, іншыя даследчыкі кажуць, што гэта немагчыма.
Падчас квэсту ўдзельнікі будуць знаходзіць мясціны, звязаныя з Агінскімі, даведуюцца пра паходжанне роду выбітных яго прадстаўнікоў, каханне і розныя авантуры ды іншае.
Удзельнікі атрымаюць сувеніры, пераможцы – падарункі.
Пасля квэста прапануецца далучыцца да вечарыны з адмысловым госцем і канцэрт-лекцыяй пра Агінскага.
