Беларус Віктар Пархімчык уцёк з ГУЛАГу, каб у Польшчы знайсці бяспеку

Віктар Пархімчык. Фота: Павел Залескі

Пры спрыяльных абставінах ён паедзе ў Беларусь, але не ўпэўнены, што будзе там падаткавым рэзідэнтам.

Выходзіў на ўсе маршы, валанцёрыў каля сцен Акрэсціна, убачыў што такое зло, не стаў рабом “на хіміі”, адбыў тэрмін у калоніі, з’ехаў з сям’ёй у Польшчу і працягвае будаваць сваё жыццё.

Калі душа ляжыць да нечага, то варта гэтым займацца

Віктар Пархімчык – былы палітвязень. Быў асуджаны на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. У 2020 годзе побач з адміністрацыйным будынкам у Мінску раскідаў самарэзы і быў затрыманы.

У размове ён вельмі адкрыты чалавек, распавядае, што пасля школы скончыў гандлёвы каледж, а затым Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Праўда, прызнаецца, што эканамічная адукацыя не была яго прызваннем, маўляў, заўсёды цягнула да нечага творчага.

– Я адразу думаў паступаць у мастацкую вучэльню, але калі пабачыў, якога ўзроўню там малюнкі, мне тады было хіба 15 год, зразумеў, што не прайду там экзамен. Пачаў звяртаць увагу на рэчы, звязаныя з прагматычнымі напрамкамі. Гандлёвы каледж мне пасаваў, бо туды ўсе маглі паступіць, дастаткова было добра вучыцца. Што я і рабіў.

Цяпер з вышыні гадоў спадар Віктар лічыць, што гэта была памылка, маўляў, калі душа ляжыць да нечага, то варта гэтым займацца і не баяцца, што цяпер твае малюнкі горшыя, чым у астатніх.

Так ён гадамі і сядзеў у шэрым кабінеце, папраўляючы заціснуты крават да тых пор, пакуль былы студэнцкі сябра не прапанаваў зрабіць сайт для яго невялічкай фірмы. За першым сайтам быў другі, наступны, а потым гэта пачало прыносіць прыбытак, за які і жыў. Але галоўнае было ў іншым.

– Калі пачынаеш рабіць дызайн, лепіш такі канструктар, на чыстым белым аркушыку робіш візуалізацыю, дадаеш эфекты, свае колеры і гэта ўсё паступова ператвараецца ў нейкі несамавіты прадукт – вось гэта і ёсць самае цікавае. Я скажу можа крамольную фразу, але я працую не дзеля грошай у першую чаргу – мне вельмі цікава развіццё.

Адчуваў сілу, еднасць, гонар…

Спадар Віктар згадвае, што да 20-га году належаў да класічнага сярэдняга класу: не быў багатым, але і да катэгорыі бедных не адносіўся. Сям’я была забяспечаная. Жыццё змянілі тыя жнівеньскія падзеі.

Суразмоўца згадвае, што і раней належаў да апазіцыйных партый і рухаў, але ва ўсім гэтым быў расчараваны, паколькі доўгія гады ад гэтай дзейнасці не адчуваў практычных вынікаў. А тут – даўжэзныя чэргі на вуліцах сталіцы, пад дажджом, каб аддаць свой подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата.

– Я пабачыў, што людзям ужо не ўсё роўна. Гэта імпульс, які закрануў мяне і не толькі мяне. Як аказалася, такіх было шмат. Гэта адчуванне пляча і ты бачыш, што ёсць і іншыя людзі, якія хочуць жыць у вольнай, нармальнай краіне.

Віктар, з яго слоў, хадзіў на ўсе маршы і дзякуючы таму, што рыхтаваўся да іх, чытаў адмысловую літаратуру, як пазбягаць затрыманняў, ніводнага разу не патрапіў у аўтазак. Ён быў сам удзельнікам таго, што адбывалася на вуліцах Мінска. Нягледзячы на жахі дыктатарскай сістэмы, у душы цяпліліся адчуванні перамен.

– Адчуваў сілу і еднасць, гонар за сваю прыналежнасць да беларусаў, за тое, што мы ўсталі з кален і ўсю гэтую савецка-саўковую набрыдзь проста скідваем. У мяне была ўпэўненасць, што мы гэта фактычна зрабілі і ў канцы жніўня я адносіўся да гэтага як да факту, што хана той старой сістэме.

Я ведаю, што такое зло

А што прымушала чалавека тады хадзіць на кожны марш, калі разумеў – у любы момант там з табой можа здарыцца што заўгодна? Аднойчы яму давялося быць сведкам размовы ў блізкім асяроддзі, калі дзеці папракалі бацькоў тым, што гэта іх пакаленне перадало дыктатара і цяпер даводзіцца з ім змагацца.

– Я пачуў гэтую размову і не хацеў, каб праз нейкі час мой сын, гледзячы мне ў вочы, сказаў тое самае. Мне было б сорамна не толькі перад сваім сынам, але і перад самім сабой, бо такіх індывідыўмаў я бачыў, калі жонкі выходзілі, а здаровы буйвал сядзеў дома і баяўся. Да ўсяго, я бачыў, як на маім раёне, дзе я вырас, збілі знаёмага хлопца ні за што. Бачыў збітую маладзенькую студэнтку, збітага суседа нейрахірурга… І была ўжо папросту злосць.

Але самае страшнае, як прызнаецца суразмоўца, пабачыў каля сцен Акрэсціна, калі хадзіў туды валанцёрыць.

– Цяпер, пасля таго, як пабачыў, што могуць рабіць адныя людзі над другімі, магу дакладна сказаць, што ведаю, што такое зло. Я пабачыў расчалавечванне. Толькі гэта ўжо было не ў кнізе Салжаніцына “Архіпелаг ГУЛАГ”, гэта ўжо я быў у архілелагу ГУЛАГу. Вось такая гісторыя…

Не намерваўся станавіцца рабом

Нават калі спадара Віктара асудзілі да хіміі, у яго яшчэ была надзея, што пакаранне не адбудзе да канца, што вось-вось наступяць змены. Але надзеі не спраўдзіліся. Праўда, пра адбыццё пакарання суразмоўцу ізноў не вельмі хочацца згадваць.

Палітычных накіроўвалі на цяжкія фізічныя працы, у калгасы, на жывёлагадоўчыя фермы, плацілі мінімальны заробак. Як згадвае спадар, выкарыстоўвалі танную, практычна рабскую працу. Да ўсяго, адзін час прымушалі дабірацца да працы пешшу больш чым за 20 кіламетраў.

Але ён не намерваўся станавіцца рабом, а таму атрымоўваў спагнанні. У выніку яго перавялі ў шклоўскую калонію, дзе ён прабыў чатыры месяцы.

– Гэта ўсё тая ж ГУЛАГаўская сістэма, якую зараз уяўляе сабой беларуская дзяржава, толькі ў больш канцэнтраваным выглядзе. Гэта калі 50 чалавек павінны кантраляваць 5 тысяч рабоў. Гэта насамрэч не так і проста – унушаць усім страх, каб людзі баяліся і нічога не маглі зрабіць. Вось там я ўсё гэта пабачыў. Не лепшае месца для жыцця…

Дзякуй Польшчы за бяспеку

Пасля адбыцця тэрміну пакарання Віктар з сям’ёй пакінуў Беларусь.

– І вось гэты крок быў правільны, бо я бачу лёс тых людзей, якія сядзелі са мной і вырашылі застацца ў Беларусі. Гэта жыццё з чорнай меткай – зламанае жыццё, нічога добрага ні ў іх, ні нават у іх дзяцей не будзе, пакуль гэты рэжым існуе. Да прыкладу, аднаго чалавека, з кім я сябраваў, яшчэ раз пасадзілі. Іншыя ходзяць пастаянна адзначацца, працу добрую не знайсці, бо паўсюль адмаўляюць.

У Польшчы, дзе апынуўся Віктар з сям’ёй, на першых парах дапамагла беларуская дыяспара. А ўжо праз некалькі тыдняў ён вярнуўся да сваёй любімай справы – пачаў рабіць сайты. Прычым, заказчыкі цяпер з розных краін свету.

Перыяд адаптацыі праходзіў спакойна, кажа, што жонцы гэта давалася значна складаней, паколькі вельмі хацелася дамоў, да родных і блізкіх.

– Я чалавек, у якога за плячыма досвед такіх жудасных умоваў, што ўсё іншае, кшталту пытанняў – як жывецца ў Польшчы, мяне гэта не прабівае, я не звяртаю ўвагі на нейкія там сантыменты. Я проста, калі прыходжу дадому і кладуся спаць, удзячны свайму лёсу за тое, што маю магчымасць спаць у сваім ложку ў сябе дома са сваёй сям’ёй.

Пры гэтым, спадар дадае, што вельмі ўдзячны Польшчы за тое, што яна прыняла. Бо першае і галоўнае, што ён тут атрымаў – бяспеку.

– Гэта першае і самае галоўнае ў чалавечых патрабаваннях да жыцця. А далей я ўжо пачаў сам будаваць астатняе: сацыяльная рэалізацыя, удзел у розных ініцыятывах… Але ў параўнанні з Беларуссю, адпраўная кропка – гэта бяспека. Гэта галоўнае – гэта базіс.

Што датычыць Беларусі, то, вядома час ад часу ўзгадваюцца родныя мясціны, блізкія людзі і, канешне, пры спрыяльных абставінах ён паедзе туды, але, як сам заўважае, не ўпэўнены, што будзе там падаткавым рэзідэнтам.

Павел Залескі, polskieradio.pl