Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская “рашуча асудзіла” паветраны ўдар Ірана па Ізраілю.
“Маё сэрца з народам Ізраіля, якому цяпер пагражаюць тыя ж дроны, якія Расія выкарыстоўвае супраць Украіны, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацсетцы X. — Аўтарытарныя рэжымы аб’ядноўваюцца ў вось зла. Толькі дзякуючы адзінству і салідарнасці дэмакратычны свет можа спыніць гэты наступ на свабоду”.
Паводле слоў Ціханоўскай, аўтарытарныя рэжымы — у Беларусі, Расіі, Іране — “заўсёды пачынаюць з гвалту супраць уласнага народа”, а затым развязваюць войны.
“Вось чаму так важна прымаць меры супраць унутраных парушэнняў правоў чалавека. У адваротным выпадку гвалт перарасце ў глабальныя канфлікты”, — падкрэсліла дэмлідар.
Раней “глыбокую занепакоенасць” у сувязі з авіяўдарам выказала МЗС Беларусі. Пры гэтым ведамства ў сваім паведамленні не згадала пра факт паветранай атакі, а заявіла пра “эскалацыю сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне”.
Познім вечарам 13 красавіка Іран нанёс авіяўдар па Ізраілю. Атака працягвалася пяць гадзін. Усяго, як паведаміла Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ), было выпушчана 120 балістычных і 30 крылатых ракет, а таксама больш за 170 беспілотнікаў.
Паводле слоў прадстаўніка ЦАХАЛ Даніэля Хагары, сістэма супрацьпаветранай абароны Ізраіля пры садзейнічанні ЗША, Іарданіі і іншых краін, перахапіла “99% паветраных пагроз”, ізраільскай тэрыторыі дасягнулі “толькі некалькі” з іх.
Хагары паведаміў аб “нязначным пашкоджанні” авіябазы Невацім у пустыні Негеў.
Прадстаўніцтва Ірана ў ААН заявіла, што іранская атака на Ізраіль завершаная. “Справу можна лічыць скончанай. Але калі ізраільскі рэжым зробіць яшчэ адну памылку, адказ Ірана будзе значна больш суровым”, — гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва ў сацсетцы X.
1 красавіка ізраільская авіяцыя нанесла ўдар па консульстве Ірана ў Дамаску. Загінулі сямёра членаў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), уключаючы двух генералаў. У Іране заявілі, што “сіянісцкі рэжым будзе пакараны”.
Напружаная сітуацыя на Блізкім Усходзе захоўваецца з 7 кастрычніка 2023 года, калі на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі ваеннага крыла групоўкі ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны абстрэл ізраільскай тэрыторыі, было выпушчана больш за 10 тыс. ракет. У выніку загінула каля 1,4 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс. чалавек.
У адказ Ізраіль пачаў наземную ваенную аперацыю супраць сектара Газа з мэтай вызвалення захопленых закладнікаў і знішчэння групоўкі ХАМАС.