Абвешчаны перадзаказ на новую кнігу пра Гары Потэра па-беларуску

8 лютага 2025 года пабачыць свет кніга «Гары Потэр і Келіх агню», 4 кніга са знакамітай серыі Дж. Роўлінг пра хлопчыка, які выжыў, паведамляе выдавецтва «Янушкевіч».

Пераклад з англійскай мовы Алены Пятровіч, мастацкае афармленне — Браян Сэлзнік (ЗША) з адаптацыяй Крысціны Іванцовай. Кніга змяшчае ажно 712 старонак. Будуць дадрукаваныя ў цвёрдай вокладцы і 3 папярэднія кнігі серыі.

«З сённяшняга дня мы на сайце knihauka.com абвяшчаем ПАПЯРЭДНІ ЗАКАЗ асобна на чацвёртую кнігу і ўсе кнігі разам», — напісана ў сацсетках выдавецтва.

Выдавецтва таксама нагадвае, што «улетку мы былі вымушаныя паведаміць, што брытанскія праваўладальнікі адмовіліся у падаўжэнні правоў на беларускае выданне серыі пра Гары Потэра, спасылаючыся на жорсткія санкцыі Вялікабрытаніі ў адносінах да Беларусі як краіны-суагрэсара і прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні самой Роўлінг.

Пасля працяглых і плённых перамоў, з дапамогай калег і сяброў, нам удалося прабіць сцяну непаразумення і давесці, як важна беларусам пры ганеннях на нацыянальную культуру, жорсткай барацьбе за дабро і святло, чытаць кнігі пра Гары Потэра на роднай мове».

Таксама ў выдавецтве адзначаюць, што новы кантракт заключаны на даволі жорсткіх умовах. Кнігі Дж. К. Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі на пляцоўках выдавецтва: у кнігарні «Кнігаўка» ў Варшаве, інтэрнэт-краме knihauka.com, маркетплейсах Allegro і Amazon.

«Яшчэ горш, іх ЗАБАРОНЕНА прадаваць на тэрыторыі Беларусі і Расіі. А гэта азначае, што мы не зможам дасылаць кнігі пра Гары Потэра поштай у Беларусь. Спадзяёмся, што нягледзячы на гэтыя перашкоды, нашы чытачы на радзіме знойдуць рашэнні, як набыць і атрымаць новыя выданні»,  — паведамілі ў выдавецтве.

budzma.org