Быць «Побач». Былыя палітзняволеныя аб’ядналіся дзеля ўзаемнага падтрымання

Былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева паказвае сукенку, якую яна насіла ў калоніі. 21 траўня ў Беларускім доме прайшла прэс-канферэнцыя з нагоды Дня палітвязня. Варшава, Польшча. 21 траўня 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Аб’яднанне палітзняволеных жанчын «Побач» стварылі беларускі, якія прайшлі праз палітычныя рэпрэсіі. Мэта – падтрыманне адна адной, абарона правоў і годнасці беларусак, якія сутыкнуліся з пераследам. Былая палітзняволеная Вольга Філатчанкава, адна з удзельніц ініцыятывы, расказала «Белсату», колькі людзей налічвае Аб’яднанне і як можна зрабіцца часткаю супольнасці.

«У нас сабралася ўжо 30 чалавек»

Аб’яднанне будзе прастораю ўзаемнага падтрымання для былых жанчын-палітзняволеных, іхных блізкіх і ўсіх, каму не абыякавая праблема палітычна матываваных рэпрэсіяў. У межах сваёй дзейнасці ініцыятыва плануе развіваць праграмы псіхалагічнай і сацыяльнай дапамогі, праводзіць інфармацыйныя кампаніі і ствараць сетку салідарнасці.

Былая палітзняволеная Вольга Філатчанкава задае пытанне падчас ІІ Кангрэсу ў тэме палітзняволеных у Беларусі. Познань, Польшча. 28 верасня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Назва «Побач», як падкрэсліваюць удзельніцы, сімвалізуе галоўную каштоўнасць аб’яднання – быць побач адна з адной у самых складаных абставінах і не пакідаць нікога сам-насам з выпрабаваннямі.

Вольга Філатчанкава расказвае, што былыя палітзняволеныя пачалі аб’ядноўвацца яшчэ ў 2023 годзе. Супольнасць доўгі час існавала ў неафіцыйным фармаце: жанчыны, якія вызваляліся з калоніяў і выязджалі з Беларусі, паступова знаходзілі адна адну ў інтэрнэце і падтрымлівалі тых, хто толькі пачынаў жыццё пасля зняволення.

«У нас сабралася ўжо 30 чалавек, – кажа яна. – Мы ўжо крыху адышлі ад усяго гэтага досведу, прыйшлі ў больш-менш нармальны псіхалагічны стан пасля калоніяў. І цяпер адчуваем, што можам рабіць нешта больш, каб ведалі, што мы існуем».

Паводле словаў Вольгі, такі фармат дазваляе ім адчуваць сябе ў бяспечнай прасторы і пазбягаць дадатковай траўматызацыі.

«Заўважылі, што нам не трэба адна адной нічога тлумачыць пра калонію. Мы размаўляем на адной мове – усе праз гэта прайшлі. Калі даводзіцца камусьці распавядаць усе дробязі, гэта часта выклікае рэтраўматызацыю. А паміж сабой мы проста разумеем адна адну. У нас няма правілаў, што можна абмяркоўваць, а што нельга. Калі нешта баліць, то гэта можа быць і палітыка, і любая іншая тэма. Галоўнае – ставіцца адна да адной з павагаю і не зневажаць адна адну», – кажа Вольга.

Як далучыцца да суполкі

Пакуль што працэдура далучэння да ініцыятывы ў стадыі распрацоўкі. Удзельніцы тлумачаць, што вялікую ўвагу надаюць бяспецы.

Цяпер дзейнічае прынцып рэкамендацыяў: кандыдатуру новага чалавека прапануе хтосьці з тых, хто ўжо ў супольнасці, пасля чаго астатнія галасуюць. У галасаванні мусяць узяць удзел не менш за 2/3 ад усіх чалінь Аб’яднання. Таксама за чалавека павінна паручыцца як мінімум яшчэ адна ўдзельніца.

Далучэнне да супольнасці застаецца цалкам добраахвотным.

«Тут мусяць супасці два фактары: жаданне чалавека і гатовасць калектыву яго прыняць. Гэта перш за ўсё нашая бяспечная прастора», – адзначае яна.

Асноўныя кірункі дзейнасці Аб’яднання

Асобны акцэнт плануецца зрабіць на псіхалагічным падтрыманні. У будучыні ўдзельніцы хочуць арганізаваць сталую праграму псіхалагічнай дапамогі і праводзіць рэтрыты для жанчын, якія перажылі зняволенне. Плануюць займацца інфармацыйнай і праваабарончай дзейнасцю, развіваць сетку салідарнасці. Таксама абмяркоўваюцца культурныя і адукацыйныя ініцыятывы – напрыклад, кніжны онлайн-клуб.

Актывістка Наста Базар абдымае адну з палітзняволеных, якія былі вывезеныя 13 снежня 2025 года. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Пакуль ініцыятыва не зарэгістраваная як юрыдычная асоба, але ўдзельніцы плануюць прайсці працэдуру рэгістрацыі ў будучыні.

«Статут мы ўжо падрыхтавалі. Пакуль усё робіцца паступова, бо гэта адбываецца па-за працай і вучобай. Але мы плануем рэгістрацыю – калі менавіта, пакажа час», – зазначае Вольга.

Уся дзейнасць праходзіць на добраахвотных пачатках, фінансавання ў Аб’яднання няма.

«Але мы будзем шукаць яго, каб развіваць нашыя праекты, асабліва псіхалагічнае падтрыманне і рэтрыты для жанчын», – кажа Вольга.

У перспектыве ўдзельніцы разглядаюць магчымасць супрацы з іншымі ініцыятывамі. У прыватнасці, абмяркоўваецца ідэя стварэння жаночага шэлтару ў Варшаве ў партнёрстве з фондам «Прытуляй мяне».

Глафіра Жук, belsat.eu