«Бабулькі прыходзілі, плакалі – і я з імі». У Кіеве скончыў працу беларускі «пункт нязломнасці»

Развітальная сустрэча беларускіх валанцёраў і жыхароў Дарныцкага раёну Кіева, 8 сакавіка 2026 года. Фота «Белсату» перадала Алена Жаркевіч

Ва ўкраінскім Кіеве ўжо пэўны час стабільны «плюс», улады здолелі аднавіць цеплазабеспячэнне ў большасці кватэраў і будынкаў пасля атакаў на інфраструктуру. Таксама наладзіліся графікі адключэння святла. У гэтых умовах, адзначыўшы 8 сакавіка і зладзіўшы развітальную сустрэчу, закрыўся беларускі «пункт нязломнасці». Яго арганізатарка Алена Жаркевіч распавяла «Белсату» пра вынікі працы.

«Як жа мы без вас?!»

Намёт валанцёраў стаяў у адным з найбольш пацярпелых пасля моцных атакаў Расеі на інфраструктуру раёне – Дарныцкім. У навакольных будынках працяглы час не было цяпла, праз наступствы «прылёту» тэмпература ў кватэрах некаторых з іх бывала апускалася да +8 і нават ніжэй – да +2 градусаў.

За 1,5 месяца беларускі «пункт нязломнасці» наведалі каля тысячы чалавек, распавяла «Белсату» прадстаўніца валанцёрскага хабу «Сустрэча» Алена Жаркевіч. У першыя дні, калі шмат будынкаў у Кіеве аказаліся без цяпла і святла, і некаторы час пасля ў намёт прыходзіла каля 150 чалавек у дзень.

«Мы раздавалі грэлкі, пледы. Выдавалі фруктовыя наборы для сем’яў перасяленцаў, куплялі лекі супраць прастуды, вітаміны. Ладзілі святы для дзяцей, частавалі смаколікамі і перадавалі цацкі. Збіралі для вайсковых на фронт таксама пледы, грэлкі, сухпайкі – мясцовыя жанчыны вязалі і клалі ў нашыя пакуначкі шкарпэткі для іх. А яшчэ ў пачатку дапамагалі сантэхнікам, работнікам іншых службаў, якія тут аднаўлялі камунікацыю ў будынках. Бяздомныя нас не абмінулі – яны да нас нават па начах прыходзілі паесці. Ну, а гарбата-кава, псіхалагічнае падтрыманне ў нас тут былі ўвесь час», – адзначыла Алена.

Алена Жаркевіч разам з украінскім вайсковым гатуе дранікі на развітальнай сустрэчы валанцёраў і жыхароў Дарныцкага раёну Кіева, 8 сакавіка 2026 года. Фота «Белсату» перадала Алена Жаркевіч

На апошні дзень працы намёту беларусы абвясцілі развітальную імпрэзу і разам з добраахвотнікамі гатавалі для мясцовых дранікі і плоў.

«Прыходзілі людзі з суседніх дамоў, прыязджалі з іншых пунктаў раёну. Ведаеце, я нават плакала. Прыходзілі нашыя бабулі, кажуць: «Вы ж да нас прыязджайце! Як жа мы без вас?!»

І рэч не ў тым, што намёту не будзе, – яны прывыклі, што тут ёсць мы. Бо большасць з іх засталіся адныя: дзеці альбо зʼехалі за мяжу, альбо на фронце, альбо загінулі. Карацей, бабулькі плакалі, і я з імі, бо ўсё, скончылася нашая маленькая прыгода», – падзялілася Жаркевіч.

«Намёт абʼяднаў беларусаў розных палітычных поглядаў» 

Яна адзначыла, што праца гэтага вынятковага для Кіева «пункту нязломнасці» сталася магчымай дзякуючы падтрыманню беларусаў з дыяспараў, ініцыятываў і нават палітычных рухаў.

«Мы ўсё здолелі самі, без грантаў, фондаў. У нас нічога не было – усё зрабілі нам самі беларусы, – адзначае жанчына. – Я нават баюся пералічыць, колькі грошаў мы выдаткавалі, бо толькі генератар на дзень – 4000 грн (каля 267 бел. рублёў).

Мне казалі: Лена, калі ты прымеш дапамогу ад іншых, астатнія не прыйдуць. Не! Гэты намёт абʼяднаў вакол сябе вельмі вялікую колькасць беларусаў розных палітычных поглядаў, ідэйна розных. Усе далучыліся, і я вельмі ўдзячная! Вось Зянон Станіслававіч [Пазняк] мне перадаў грошы, “Народная грамада”, БХД – таксама. Амаль усе ініцыятывы беларускія звярнуліся і запыталі, што нам трэба. Прапанаваў дапамогу BYSOL, IneedHelp, “Дапамога” былі з намі. Прапанавалі ўсе, каго я ведаю і каго не. Людзі прыязджалі проста прывезці цукар, гарбату нам. Некаторыя нават у Беларусь ездзяць, уяўляеце?»

Беларускі добраахвотнік гатуе дранікі на развітальнай сустрэчы валанцёраў і жыхароў Дарныцкага раёну Кіева, 8 сакавіка 2026 года. Фота «Белсату» перадала Алена Жаркевіч

Асабліва валанцёрка адзначыла беларускіх добраахвотнікаў, якія таксама імкнуліся дапамагчы ці паваланцёрыць на месцы.

«Да нас прыязджалі розныя брыгады – ад усім вядомага Палка Каліноўскага да хлопцаў, якія асобна дзесьці ваююць ва ўкраінскіх падраздзяленнях. Прывозілі грэлкі – прычым мы ім збіраем, а яны нам вязуць. Сала перадавалі з фронту!» – згадвае Алена.

Я вельмі здзіўленая і не чакала такога. І мы кажам: беларусаў трэба абʼядноўваць. Не. Калі ў беларусаў ёсць пэўная ідэя, яны збіраюцца самі, знаходзяць шляхі для гэтага. Кажу – і ў мяне дрыжыкі па скуры. І хацела б, каб людзі адчулі, што мы разам з украінцамі ім вельмі ўдзячныя за гэта», – сказала Алена Жаркевіч.

«Мы здолелі шмат расказаць, хто такія беларусы і што мы на баку Украіны»

Па ўсім намёце беларусаў разам з украінскімі віселі бела-чырвона-белыя сцягі, некаторыя падраздзяленні перадавалі сюды свае. І Алена кажа, што тэма Беларусі, яе лёсу рэгулярна падымалася ў размовах з мясцовымі.

«Мы амаль усе беларускамоўныя, кожны дзень людзі казалі, як падобныя мовы. Было і пра «як у Беларусі цудоўна жывецца» і, безумоўна, пра ракеты, войскі, што ляцелі і ішлі з нашае тэрыторыі. Некаторыя нам нават спрабавалі распавесці, што заходзілі менавіта беларускія вайскоўцы. Гэтыя размовы заканчваліся тым, што беларусы ваяваць не хочуць, не ўбяруць удзелу ў гэтай вайне і беларуская нацыя – гэта не рэжым Лукашэнкі. Мы распавядалі, што краіна цяпер пад вялізным расейскім уплывам і людзі не могуць адмовіцца ад расейскай вытворчасці. Што амаль не засталося мовы – нават калі тут мы святкавалі Дзень беларускай мовы, у нас удома затрымлівалі выдаўцоў беларускамоўных кніг.

Беларускі «пункт нязломнасці» ў Дарныцкім раёне Кіева, 8 сакавіка 2026 года. Фота «Белсату» перадала Алена Жаркевіч

І нават сёння мы згадвалі Лукашэнку, бо ён загадаў замяніць амерыкана на «беларускую каву». Украінцы былі ў шоку! Яны думалі, што гэта жарт».

Самыя моцныя ўражанні ва ўкраінцаў выклікала тое, што большасць беларусаў, якія валанцёрылі ў намёце, «адсядзелі», кажа Алена.

«І яны бачылі, што мы не «крымінальнікі», а адэкватныя людзі. Не разумелі, як такое магчыма, і пыталі: як гэта вы сядзелі ў турме? Ну, вось я сядзела за тое, што гарбатай паіла людзей, у двары збірала. Прыходзіў былы палітзняволены Аляксей Капліч, яму кажуць: ты самы малады, напэўна, дакладна не сядзеў. А ён ім: я сядзеў 9 месяцаў за тое, што хацеў ехаць ваяваць. Іра Шчасная – 4 гады за працу рэдактаркаю тэлеграм-каналу.

І пра гэта немагчыма было не гаварыць, бо людзі запытвалі, а чаму мы тут, чаму не едзем дамоў. Канешне, украінцы былі шакаваныя, яны нават не ўяўлялі, наколькі ўсё цяжка ў Беларусі.

Таму, мне падаецца, акрамя таго, што здолелі абагрэць людзей, дапамагчы з электрычнасцю, мы здолелі шмат расказаць, хто такія беларусы, дагрукацца нават да тых, хто верыў у «гаспадарчага» і добрага Лукашэнку. І данесці, што мы супраць вайны, мы на баку Украіны».

Жаркевіч адзначыла, што плануе падтрымліваць сувязь з мясцовымі жыхарамі і прыязджаць у госці. Валанцёры паабяцалі прывезці новым сябрам беларускі халаднік.

«А да Вялікадня прыедзем сюды і будзем разам з дзеткамі размалёўваць лялек для нашых беларускіх добраахвотнікаў».

Аляксандра Чырвоная, belsat.eu