Язэп Варонка: «Беларуская справа расла сама сабою, стыхійна, таму што істотаю яе быў, ёсьць і будзе сам беларускі народ, сіла яго адражэння»

У дзень народзінаў старшыні БНР, падпісанта III Устаўной Граматы, novychas.online чытае вытрымкі з ягонай кнігі «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году» (Коўна, 1920). Некаторыя з іх гучаць надзвычай актуальна і сёння.  

Паседжанне ВБР і ЦБВР у 1917 годзе. Язэп Варонка сядзіць шосты злева

«Беларусы з кожным днём усё галасьней і ясьней давалі аб сабе знаць»

Будучы старшыня БНР нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Кузьніца (Беласточчына). Праз 27 гадоў выбітны сын гэтай зямлі згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвесціць Кузьніцу часткай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Язэп Варонка

У 1917 годзе малады журналіст Язэп Варонка стаў сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. У тым жа годзе прадстаўляў беларускія інтарэсы на Дэмакратычнай нарадзе ў Петраградзе, як прадстаўнік Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў. Вось што піша ён пра гэты час:

«Петраграцкі перэварот 27 лютага 1917 году, вядомы пад назвай «фэвральскай рэвалюцыі», дадаў да нацыянальнага руху ўсіх народаў, населяўшых былую Расею яшчэ і востра палітычны выгляд.

Часовы Расейскі «Рэвалюцыйны» Ўрад, аслабаніўшы старонку ад царызму, не змог сам усьцерагчыся, каб не захварэць царскай палітыкай і доўга на знайходзіў тых срэцтваў, якія выбавілі бы Расею ад развалу. Расейскія Габінэты князя Львова і Керэнскага за ўвесь час рэвалюцыі ад лютага да кастрычніка 1917 году паказалі сваю поўную несьвядомасьць у нацыянальных пытаньнях і гэтым самым дапамаглі самачыннасьцыі паўстаючых ўсюды апазыцыйных нацыянальных арганізацый, у тым ліку і беларускіх.

Народ левеў ва ўсіх пытаньнях. Арганізаваны на першым беларускім зьездзі ў сакавіку—Беларускі Нацыянальны Камітэт, у летку 1917 году павінен быў уступіць свае права на абьеднаньне ўсяго беларускага народу заменіўшай Камітэт — Цэнтральнай Радзе Беларускіх Арганізацый і Партый, перэважываючае палажэньне ў якой заняла старэйшая, спраўляўшая тады 20-цілецьце свайго: істнаваньня,—Беларуская Сацыялістычная Грамада.

У гэты час, як ў краі, так і на фронці,—ўсюды шпарка сталі расьці беларускія арганізацыі, у большай сваёй часьці—палітычныя, а так сама і прафэсыянальныя, культурна-прасьветныя, бежэнскія і іншыя. Параскіданыя праз вайну па ўсім абшары былой Расеі беларусы з кожным днём усё галасьней і ясьней давалі аб сабе знаць».

Спробы стварэння нацыянальнага войска

Арганізацыя беларускага войска была асноўнай патрэбай нацыянальнага руху.

«Палітыка Часовага Расейскага Ўраду, якога парадзіла «фэвральская рэвалюцыя», прывела да таго, што нагаворанныя бальшэвікамі петраграцкія работнікі і салдаты ў канцы кастрычніка 1917 году скінулі Урад А. Керэнскага і «вагнем і мячом» сталі заводзіць у Расеі новы лад, галавой якога стаў крывавейшы з усіх расейскіх ўладароў Леў Троцкі.

Не гледзячы на шырокія абецанкі і «дэкрэты» аб правох нацыянальнасьцяў новага Расейскага «Сацыялістычнага» Ураду і яго Народных Камісараў, беларусы нічога не дабіліся і цяпер.

Новая расейская дэмакрація, апрануўшыся ў чырвоную плахту, так званага, пролетарыяту, хварэла на тую ж імпэрыялістычную хваробу, на якую хварэлі і сам Раманаў і яго насьледнік Керэнскі.

Зьменіўшы апошняга, новы «Глаўкаверх Крыленка», прымушэны лічыцца з фактам істнаваньня нацыянальных украінскіх і польскіх войскаў, — цягнуў з развязаньмем пытаньня аб дазваленьні беларусам фармаваць свае нацыянальныя часткі, затым прабаваў правесьці праект утварэньня беларускай чырвонай арміі і ў скутку стаў забараняць і зачыняць беларускія вайсковыя арганізацыі наагул. Як ведама латышскія ваеныя часьці ў свой час адыгралі дзеля бальшэвіцкага рэжыму ролю свайго звычаю жандармска-казацкіх сотняў, пакуль іх не зьменілі кітайцы і башкіры.

Для беларусоў — бальшэвізм спачатку быў незразумелым зьявішчэм, аднак ўзрост беларускай справы ад гэтага не спыніўся;

Наадварот, Вялікая Беларуская Рада, маючы на увазе моцна устаноўленную звязь яе з усімі беларускімі арганізацыямі (абы яны мелі выразна нацыянальны выгляд,) асабліва ваеннымі, якія былі утворэны блізка не на ўсіх франтах Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Радай, пачула ў сабе даволі сіл, каб склікаць вялікі Беларускі Устаноўчы Зьезд»

Бальшавікі здымаюць маскі

У канцы 1917 года Язэп Варонка прыязджае ў Мінск, дзе яго абіраюць камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады. Варонка актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда.

Ён піша:

«Пастановы 1-шага Ўсебеларускага Зьезду сталі пэршым фундамэнтам новага Беларускага Статуту дзеля таго, што яны ў першы чарод ясна устанаўлівалі ў межах беларускай зямлі рэспубліканскі лад, умацовывалі права народу на зямлю, падкрэсьлівалі жаданьне беларусоў прыймаць учасьцьце ў будучэй Міравой Нарадзе, патрэбавалі адбудаванья разруйнованай старонкі коштам воеваўшых государстваў і вываду польскіх і нагул воражых войскаў з абшараў Беларусі.

Зьезд у канцы сваёй працы выбраў з свайго складу Раду 1-шага Ўсебеларускага Зьезду, якая павінна была арганізаваць фактычную ўладу на Беларусі, калі дзеля гэтага наступіць адпаведны час.

Гэта пастанова і зьняла маску з твары нацыянальна-цярпімага бальшэвізму, і… менскія бальшэвікі ноччу з 17 на 18 сьнежня (старога стылю) 1917 году разагналі Зьезд штыкамі і кулёмётамі, а глаўных дзэячоў Зьезду, — колькі дзесяткаў чалавек, ўкінулі ў сутарыны сваёй крэпасьці.

Гэты неслыханы ў гісторыі акт ўціску меў добрыя скуткі для беларусоў. Прэдстаўнікі Беларускага Ўраду, вырабляючыся патроху з бальшэвіцкіх турмаў, сталі вясьці сваю працу ў большэй часьці нелегальна і паднялі агітацыю за незалежнасьць… ад бальшэвікоў і чужынцоў».

Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі

У кастрычніку 1918 Язэп Варонка увайшоў у склад Рады Народных міністраў БНР як міністар унутраных справаў.

Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, 1918 год. Злева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

«9 сакавіка 1918 г. Спаўняючы Камітэт II-гой Устаўнай Граматай абвесьціў асновы Беларускай Канстытуцыі, а 25 сакавіка Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, утворэнная з Спаўняючага Камітэту і Рады 1-шага Ўсебеларускага Зьезду, III-цяй Устаўнай Граматай дэкляравала незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў межах, дзе перэважываючую лічэбнасьць (адносна да другіх народаў) мае беларускі народ», — пісаў Язэп Варонка.

«Апроч дзяржаўнай працы ў краі, будуючыя Беларускую Народную Рэспубліку установы, — Рада і Народны Сэкрэтарыят, развярнулі за гэты час і вялікую закардонную працу. Яшчэ ў летку 1918 г. былі устаноўлены дыплёматычна-консульскія прэдстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі на Украінэ — ў Кіеві і Адэсі, на Доншчыне — ў Растові, на Паўночным Каўказі — ў Стаўрополі, на Літве — ў Вільні і навэт у «Савецкай Расеі» — у Маскве. Ў восень таго ж году былі арганізаваны надзвычайныя місыі, якія зрабілі падарожы: ў Кіеў — да Ураду гэтмана П. Скоропадскага (пры Міністру Загранічных Спраў В. Дорошэнко), ў Варшаву — да Ураду Рады Рэгенцыйнай, ў Вільню — да Ураду Літоўскай Тарыбы, а так сама ў Бэрлін — да Гэрманскага Рэйхсканцаэра і фракцый Рэйхстагу, затым у Копэнгагу (ў Данію) і ў Бэрн (ў Швайцарыю).

Місыя Беларускага Ўраду арганізаваная дзеля падарожы да бальшэвікоў ў Маскву не выехала з-за небэзпэкі невярнуцца да хаты жывою…

Гэтыя падарожы не далі адразу дзеля беларускага дзержаўнага будаўніцтва рэальнай карысьці, аднак жэ яны мелі добрыя вынікі для ўнутрэнай працы беларусоў пад нямецкай акупацыёй.

Пасьля іх немцы сталі йсьці на вялікія ўступкі, сталі даваць навэт часьць грошы з акупацыі на беларускія нацыяльныя справы, а ласьне, на утварэньне і утрыманьне I-шай беларускай гімназіі ў Буцлаві, на настаўніцкія курсы ў Менску, на Беларускі Вучыцельскі Інстытут, на беларускую школьную інспэкцыю і т.д».

«Пасовывалася на Беларусь фізычная сьмерць»

«Гэрманская Рэвалюцыя схіснула погляды немцаў з таго кірунку, на які стала нямецкае Галоўнае Камандаваньне ў кастрычніку 1918 году. Утворэныя пасьля бэрлінскага перэвароту салдацкія рады ў гэрманскай арміі затрымалі справу развіцьця беларускай дзержаўнасьці: ўладу атрымалі людзі новыя, не знаёмыя с краем.

Яны далі можнасьць падняць галаву, як актыўным ворагам беларускага руху, так і скрытым анты-беларускім элемэнтамі — а, ласьне, зьмяніўшым свае погляды на нацыянальную справу жыдоўскім бундаўцам і даўно заслужыўшым благую славу велікарасейскім эс-эрам, якія страцілі свае палітычныя пазыцыі ў Расеі яшчэ ў 1917 гаду. У канцы лістапада апошнія, дзякуючы скасаваньню цэнзуры, літаральна сталі цкаваць цёмны і несвядомы элемэнт на ўсё тое, што было утворэна бэларусамі і клікаць да парахаваньня.

Гэныя выступленьня далі думку беларусам чэкаць небэзпэкі ў разе неспадзеванага выйсьця немцаў з Менску і разруйнавалі надзеі зьберагчы беларускія дзяржаўныя установы ў цэласьці. Беларускага войска не было, немцы адыйшлі ад Воршы, надыходзілі бальшэвікі з іх „надзвычайкамі“ і кітайскімі адрадамі, пасовывалася на Беларусь фізычная сьмерць.

У пачатку сьнежня беларускія установы вынесліся з Менску. На момэнт ўлада ў месьці і нібы-то ў краі перайшла да бундаўцаў і эс-эраў-маскалёў, якія зараз-жэ былі зліквідаваны бальшэвіцкім ваенна-рэвалюцыйным камітэтам, захапіўшым «чырвоны Менск» 8 сьнежня.

Беларусоў спаткаў лёс украінцаў: яны пакінулі сваю сталіцу пад напорам крывавай маскоўкай сілы».

«У бальшэвіцка-польскай вайне гінулі не каранныя палякі і маскоўцы, а беларусы з абедвёх старон»

«Патрэбна тут зьвярнуць увагу на тое, што да гэтай пары бальшэвікі абражалі і высьмеівалі ня толькі тэрміны, «Беларуская Рэспубліка»«Незалежная Беларуская Рэспубліка», але і самую назву «беларус».

Быўшы раней да немцаў урад іх у цэнтру Беларусі — ў Менску называў сябе не іначэй, як Народным Камісарыятам Заходняй Вобласьці і Фронту. Цяпер жа, апіраючыся ня толькі на «беларускіх бальшэвікоў», але і прыймаючы пад увагу тую працу, якую зрабіла ў нямецкай акупацыі Рада 1-га Ўсебеларускага Зьезду, а затым і Рада Рэспублікі, маскоўскія бальшэвікі, хлынуўшыя ў Менск, абьявілі там асобым маніфэстам «Незалежную Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку».

Ясна, што гэты крок быў пабудован на старым езуіцкім законе: для дасягненьня мэты — ўсё мажліва! Бальшэвікі прыцягнулі да сябе патребныя ім грамадзкія і палітычныя групы, скарысталі іх для ўзмацаваньня сваёй ўлады, а потым адкінулі ад сябе ня толькі шчырых беларусоў, але і беларусоў-бальшэвікоў: усю справу ўзялі ў свае лапы маскоўцы, армяне, палякі і жыдоўскія адшчапенцы, прыкрыўшы сябе вышэйпрапісаным беларускім імем».

«Выцягіваючы сабе найбольш карысьці за прапаганду назвы Беларускай Савецкай Рэспублікі, бальшэвікі, арганізавалі на фронці з палякамі і беларускія чырвоныя палкі.

Значэньне якіх, гэтай «беларускай аружнай сілы» дзеля беларусоў было ў тым, што ў бальшэвіцка-польскай вайне біліся, пралівалі кроў і гінулі не каранныя палякі і маскоўцы, а беларусы з абедвёх старон, таму што і ў польскіх войсках паны арганізавалі на гэтым фронці ашуканствам так тама «свае» беларускія дывізыі.

З гэтага відаць, што як тыя, так і другія паставілі сабе мэтай выкарэняць не толькі беларускі нацыяналны рух, а і беларускую чалавечую сілу».

Беларуская праца пачынаецца спачатку

У Коўне спадар Варонка працаваў міністрам беларускіх справаў ва Ўрадзе Летувіскай Рэспублікі, старшынём беларускага Чырвонага Крыжа. Таксама старшыня БНР не кінуў рэдактарскай дзейнасці: працаваў рэдактарам беларускага часопісу «Часопісь», выдаваў  расійскамоўную штодзённую газету «Вольная Литва» і дадатак да яе – часопіс «Зеркало».

«Перэнёсшыся ў Коўну, установы Міністэрства Беларускіх Спраў пачалі там беларускую працу спачатку, утварыўшы аднак нелегальную сувязь з прэдстаўнікамі Міністэрства ў польскай акупацыі.

Беларускае войска пачало ў Коўні арганізавацца на нова, і ў летку 1919 году ужэ зьявілася, як асобная частка, на фронці: на паўночным — пехота і на паўдзённым — конніца. Разьвілася шырокая інфармацыя ўсіх прэдстаўнікоў чужых дзяржаў у Літве, асабліва Амэрыкі, Пранцыі, Англіі аб палажэньні беларускай справы; ўсе прэдстаўнікі ад Міравой Нарады з Парыжа, якія наезджалі ў Коўну (а да красавіка ў Городно) атрымлівалі ад Міністэрства Беларускіх Спраў ўсестароньнее асветленьне беларускага пытаньня.

Між тым і Вэрсальскі Мір быў падпісан. Ўсе заходы беларусоў спачатку аб абароні Беларусі ад палякоў, а затым аб устанаўленьні людзкіх адносін палякоў да акупаваных абшараў ні да чога не прывелі».

«Беларускую справу залічалі, то да польскай, то да маскоўскай інтрыгі, але ні адна з гэтых старон справе не дапамагала»

«Што датыча польскай дапамогі беларускай справе, то да конца 1919 году ніхто з беларусоў гэтага нідзе ні чуў, ні бачыу.

Расейскія русыфікатары лаялі беларускіх дзеячоў за тое, што яны твораць элемэнт перэходны да палякоў, што яны „польскія найміты“ і так далей, але ў той самы час палякі ўсюды выступалі проці таго, каб ніякім спосабам не ўводзіць беларускай мовы ў касьцеле, бо гэта ёсьць перэход да маскалёў і схызматыкаў.

Такім чынам і з аднаго і з другога боку беларускую справу залічалі, то да польскай, то да маскоўскай інтрыгі, але фактычна ні адна з гэтых старон справе не дапамагала.

Зразумела, трэба было, разьбіраючыся у самой справе беларускага адражэньня, чэкаць помачы беларусам ад польскіх землеўласьнікаў на Беларусі, якія ўладаюць і многамільённымі фундушамі і паходзяць ад беларускіх вяльмож. Аднак ўсім добра ведама, якімі жэбракамі жылі апошняе дваццацілецьце беларускія дзеячы ў Вільні, Менску, Беластоку, Пецярбурзі, Маскве, Кіеві, як дрэнна і неакуратна выходзілі беларускія часопісі, колькі беларускіх дзеячоў за гэты час памёрла ад сухотаў, поўгалоднага жыцьця і немажлівасьці акуратна палуднаваць, ня то, што лячыцца. Гдзе-ж тут грунт для вінавачэньня беларусоў у той чы іншай апоры на суседзяў?

Беларуская справа за гэты час расла, шырылася і цьвіла сама сабою, стыхійна таму, што істотаю яе быў, ёсьць і будзе сам беларускі народ, яго адвечнае істнаваньне, сіла яго адражэньня, багаты скарб яго мінуўшчыны».

Беларус да канца

У 1923 годзе Язэп Варонка з’ехаў у ЗША. Быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газэту «Беларуская трыбуна», вёў беларускія праграмы на радыё.

З успаміаў Вітаўта Кіпеля«Язэп Варонка быў выдатным пачынальнікам і кіраўніком беларускага руху ў Злучаных Штатах. Ён прыехаў у гэтую краіну зь ініцыятывы Янкі Чарапука як прадстаўнік Рады БНР. Я.Варонка да свайго прыезду ў Злучаныя Штаты меў ужо значны досьвед палітычнага кіраўніцтва, займаючы пэўны час сярод іншага пасаду прэм’ер-міністра Беларускае Народнае Рэспублікі. Ён быў высокаадукаваным чалавекам. Ён адыграў значную ролю ў грамадскім і палітычным жыцьці амэрыканскіх беларусаў, а ягонае напахіснае жаданьне заснаваць магутную беларускую арганізацыю заслугоўвае ўсялякае павагі…».

Ён памёр 4 чэрвеня 1952 году ў Чыкага. Пахаваны ў прыгарадзе Чыкага Рывэр Гроўв на могілках «Элмвуд могільнік і Маўзалей»

Ганна Ермаковіч, novychas.online