Вялікая і важная размова з Таццянай Шчытцовай пра тое, як дзяржава спрабуе зрабіць з маладых пакаленняў сваіх служкаў — і як гэтаму можна супрацьстаяць.
Беларуская адукацыя паступова скочваецца ў ідэалагічную бездань, дзе з дзяцей, падлеткаў і маладых людзей спрабуюць зрабіць прыхільнікаў рэжыму, «рускага свету» і ваенізаваных фарміраванняў. Сітуацыя не можа не выклікаць трывогу, тым больш што сістэма пакідае ўсё менш прасторы для вальнадумства і крытычнага асэнсавання рэчаіснасці; настаўнікаў і выкладчыкаў, не згодных з афіцыйным курсам дзяржавы, звальняюць, а дзеці застаюцца адзін на адзін з прапагандай і бессаромнай хлуснёй. Ці ёсць тут падставы для аптымізму?
«Я не думаю, што варта неяк асабліва панікаваць, — лічыць знаёмая настаўніца, імя якой з мэтаў бяспекі мы не можам назваць. — У галіне расійска-беларускіх сувязей у адукацыі не адбываецца нічога такога, што не адбывалася б і раней. І раней кантраляваліся праграмы, ладзіліся сумесныя мерапрыемствы, працавалі агульныя праграмы, шчодра фінансаваліся конкурсы. Ну, хіба што градус усяго гэтага стаў вышэйшым. Але трэба разумець, што з усіх крыніц інфармацыі, даступных сучасным школьнікам, урок і падручнік — самыя апошнія. І чым далей, тым болей. Дзеці не сляпыя, і калі нехта лічыць іх дурнымі, то мы з вамі можам сабе дазволіць гэтага не рабіць.
Канешне, варта несупынна працаваць над разнастайнасцю і прывабнасцю свайго нацыянальнага кантэнту, сачыць за трэндамі, даваць дарогу моладзі, падтрымліваць яе ў памкненні размаўляць пра сваё і са сваімі. А вось панікаваць — не, не трэба».
Пра тое, ці так гэта насамрэч, а таксама пра розныя іншыя балючыя моманты, датычныя сённяшняй сітуацыі ў сістэме адукацыі, мы паразмаўлялі з дарадцай Святланы Ціханоўскай па адукацыі Таццянай Шчытцовай.
— У 2020 годзе стаў відавочным разрыў паміж чыноўнікамі і моладдзю. Гэта прызнаваў нават Лукашэнка, калі заяўляў, што «мы страцілі моладзь». Нягледзячы на адсутнасць ідэалогіі як такой, дзяржава ўзялася за школы, універсітэты і нават дзіцячыя садкі. У чым разлік і да чаго гэта можа прывесці?
— Пачну з адсутнасці ідэалогіі. Тут трэба патлумачыць адзін момант. Я згодная, што няма распрацаваных змястоўных ідэалагічных наратываў у лукашэнкаўскага рэжыму, але гэта не значыць, што няма агульнай ідэалагічнай рамкі. Яны не могуць нічога прапанаваць народу, аднак ідэалогію можна разглядаць яшчэ структурна, то-бок на ўзроўні інстытуцый і базавай структуры, на якую абапіраецца ўлада. І мне здаецца, што вось такая структурная ідэалагічная рамка існуе ў Беларусі. Якая?
Вядомы нямецкі правазнаўца і палітычны тэарэтык Карл Шміт, які быў юрыстам у нацысцкім рэйху, прапанаваў такое бачанне палітычнага жыцця, якое базуецца на падзеле «свае» — «ворагі». З аднаго боку ёсць «мы» і, мабыць, нейкія «нашы хаўруснікі», а з іншага — «нашы ворагі». Так задаецца бачанне свету, і адпаведна гэтаму бачанню выбудоўваюцца адносіны з іншымі краінамі, а таксама адносіны ўнутры краіны, бо вонкавыя ворагі, натуральна, павінны мець сваіх служак унутры. Так з’яўляецца канцэпт «вораг народа». Гэта першая структура, а-ля шмітаўская: «мы» і «нашы ворагі». І калі мы так бачым свет, вялікае значэнне мае тое, што ўлада — гэта менавіта дыктатура. Бо, каб спраўляцца з выклікамі, што звязаны з такім бачаннем свету (ворагі звонку, ворагі знутры), сапраўды патрэбна «моцная рука», патрэбны хтосьці кшталту Сталіна, Лукашэнкі і г. д., хто будзе пазіцыянаваць сябе як гаранта бяспекі і пільна сачыць за тым, каб не дазволіць ніякім «ворагам» неяк нашкодзіць дзяржаве (чытай, рэжыму).
Другі структурны элемент — саюз з Расіяй. У нашай геапалітычнай сітуацыі Лукашэнка так ці інакш павінен падпарадкоўвацца Пуціну. У адукацыі рэжым прасоўвае такія наратывы, якія цалкам у інтарэсах Расіі. Таму лукашэнкаўскія ідэолагі шмат увагі надаюць менавіта Другой сусветнай (Вялікай Айчыннай) вайне, бо гэта дазваляе вельмі зразумела абгрунтоўваць пазітыўную гістарычную сувязь з Расіяй. На што абапірацца? Вось на тое, што мы прайшлі праз агульную бяду, агульныя траўмы; беларускі і расійскі народы разам змагаліся з нейкай навалай. Мы з Расіяй супраць ворагаў — вось гэта цяпер лукашэнкаўская ідэалогія, якая і прасоўваецца ў школах і ўніверсітэтах разнастайнымі сродкамі.
Мэта, якую ставіць улада, — як мінімум, забяспечыць лаяльнасць з боку моладзі. Але не толькі. Ён таксама імкнецца да таго, каб выхаваць групы падлеткаў, моладзі, якія будуць і падтрымліваць рэжым, укладацца ў яго — напрыклад, праз адпаведныя арганізацыі кшталту БРСМ ці ваенна-патрыятычныя клубы. Рэжым зацікаўлены ў тым, каб выхоўваць новую эліту, новыя кадры, і таму яны вельмі добра разумеюць, што ім трэба працаваць з моладдзю.
— У школах уводзяць рознага кшталту ваенна-ідэалагічныя факультатывы і «азбукі маральнасці». Якога чалавека спрабуе выхаваць рэжым? І як гэтаму можна супрацьстаяць?
— Якога чалавека спрабуе выхаваць? Нейкую маральную пачварыну, канешне. Бо калі, напрыклад, становіцца цікава наведваць турмы (калі для школьнікаў сілавікі ладзяць экскурсіі ў турмы і ізалятары. — Заўв. рэд.) ці нешта такога кшталту, гэта страшна.
Праз усе гэтыя ваенна-патрыятычныя клубы і заняткі рэжым імкнецца да таго, каб у галовах дзяцей адбылася нармалізацыя, то-бок каб карціна свету, якую ён прасоўвае, як мінімум не выклікала аўтаматычнага супраціву. У сацыяльных навуках ёсць такое паняцце — «сацыяльнае ўяўляемае». Гэта пра тое, як людзі уяўляюць сабе грамадства — на чым яно будуецца, як функцыянуе. Дык вось, калі з дзецьмі, напрыклад, з першага класа і да канца школы рэгулярна адбываюцца розныя «выхавацельныя» сустрэчы з сілавікамі, то такія мерапрыемствы напрыканцы сапраўды будуць успрымацца імі як нешта належнае, нармальнае, як звычайная частка іх рэчаіснасці. І гэта вельмі каварныя рэчы. Таму што, каб на гэта востра рэагаваць, трэба мець досвед іншай рэчаіснасці. А калі дзеці з пачатковай школы ў такое ўцягваюцца сістэматычна, тут ёсць пра што трывожыцца, бо паступова мяняецца бачанне таго, што прымальна, а што не.
Як гэтаму супрацьстаяць? Тут я хачу падкрэсліць, што ўсё-ткі ёсць падставы для стрыманага аптымізму — ёсць спадзевы, што дзеці не будуць цалкам паглынутыя гэтай неататалітарнай сацыяльнасцю, якая выбудоўваецца цяпер у Беларусі. На што можна спадзявацца? На разнастайныя сацыяльныя стасункі: у сям’і, паміж аднагодкамі — у школе, розных гуртках ці ў іншых кантэкстах, дзе ёсць магчымасць размаўляць па-за межамі гэтай ідэалагічнай, прапагандысцкай індактрынацыі, дзяліцца сваімі думкамі і выходзіць за рамкі ідэй і схем, якія прасоўваюць у школе на загад уладаў.
І, канешне, інтэрнет. Пакуль адкрыты інтэрнет з усімі яго разнайстайнымі магчымасцямі — гэта вельмі моцны інструмент. Нават праз розныя віртуальныя гульні дзеці бачаць іншую эстэтыку, стылістыку, іншы вакабуляр. Гэта прастора транснацыянальная, інтэркультуральная, створаная дзеля глабальнага абмену ідэямі і вобразамі — усё гэта выходзіць за межы той карціны свету і грамадства, якую рэжым хоча навязаць. Што яшчэ вельмі важна — гэта адукацыйныя магчымасці. Сёння онлайн можна атрымаць выдатную адукацыю па розных кірунках. Ёсць столькі рэсурсаў! Толькі дзецям патрэбная дапамога ў навігацыі па інтэрнеце, і тут, канешне, бацькі, настаўнікі, сябры павінны быць побач.
Такія вось інструменты для супраціву. Істотна, што гэта не палітычны супраціў, бо мы разумеем, што ў краіне няма цяпер магчымасцей для грамадзянскага, палітычнага супраціву сістэме. Такія рэпрэсіі, што толькі б людзі неяк захавалі сябе — адно гэта істотна… Але ёсць культурныя іструменты! Камунікацыйна-культурныя інструменты, якія трэба прасоўваць. Нашы незалежныя медыя, навукоўцы і дзеячы культуры таксама могуць нешта раіць і прапаноўваць дзецям, якія знаходзяцца ў краіне: добрыя адукацыйныя пляцоўкі, медыйны кантэнт, літаратуру, падкасты, гульні. Немагчыма ўсё аб’явіць «экстрэмісцкім».
— Пра што сведчыць мілітарызацыя адукацыі? Ці можна сказаць, што Беларусь сапраўды рыхтуецца да вайны?
— Так, выглядае, нібыта рыхтуецца. Па шматлікіх кроках гэта бачна. Напрыклад, мы ведаем, што за апошні час вырас набор на ваенныя спецыяльнасці ў ВНУ, ствараюцца ўсялякія ваенна-патрыятычныя клубы і факультатывы ваеннага профілю і г. д. Але трэба ўлічваць, што ў пэўным сэнсе Лукашэнка, верагодна, робіць выгляд, што рыхтуецца, бо гэта такі спецыфічны элемент адносінаў паміж ім і Пуціным: заўсёды трэба ствараць адпаведную карцінку.
Я б тут звярнула ўвагу на тое, што гэтая мілітарызацыя і стварэнне ўсё новых і новых ваенна-патрыятычных клубаў і факультатываў, якія ангажуюць моладзь, асабліва хлопчыкаў, указвае на тое, што будзе ўзмацняцца роля сілавікоў у грамадстве. Ёсць паняцце элітаў — палітычных, культурных і г. д., — дык вось узмацняецца роля менавіта ваенных, мілітарызаваных элітаў, што, канешне, будзе ўплываць на каштоўнасці грамадства, на тое, як выбудоўваецца камунікацыя паміж рознымі актарамі і інстытуцыямі. Вайскоўцы і наогул сілавікі маюць вельмі спецыфічныя патэрны камунікацыі. Там пануе логіка жорсткай іерархічнай структуры і пэўная псіхалогія адносінаў, калі адзін камандуе, а другі падпарадкоўваецца. Такая мадэль камунікацыі будзе пераносіцца на іншыя сферы і праз гэта нармалізавацца, рабіцца ўсё больш і больш прымальнай у грамадстве. «Армейскае» падпарадкаванне і выканаўчасць стануць галоўнымі дабрадзейнасцямі. Гэта тэндэнцыя, да якой усё ідзе, калі людзі з пагонамі пачынаюць узначальваць розныя грамадскія інстытуты (што адбываецца ўсё часцей і часцей). Мілітарызацыя мяняе тып сацыяльнасці. І чым большай будзе роля сілавікоў, тым большым будзе страх у грамадстве. Ён будзе нарастаць непазбежна і стане моцным інструментам тэрарызацыі грамадзян.
— Пытанне, звязанае з папярэднім. Паказальныя суды ва ўніверсітэтах — гэта элемент выхавання, запужвання ці прывучэння да новай рэальнасці?
— Па-першае, я пагаджуся, што гэта і элемент выхавання, і запужвання, і прывучэння да новай рэальнасці. Толькі што тычыцца выхавання, я б тут крыху скарэктавала: хутчэй, квазівыхавання. Выхаванне адбываецца ў сям’і і ў школе ў больш раннім узросце, а ва ўніверсітэт людзі прыходзяць ва ўзросце, калі ў сэнсе выхавання там шмат не памяняеш. Але ўсё-ткі пад прымусам ці праз страх людзей маральна слабых, схільных да рознага ўплыву могуць «зламаць»: прымусіць ісці на здзелкі з сумленнем, саступаць у маральным сэнсе. Праз гэтыя паказальныя суды ва ўніверсітэтах могуць маральна пакалечыць людзей, калі ім давядзецца гэта неяк прыняць ці калі яны нават будуць мець да гэтага дачыненне.
Акрамя таго, хачу адзначыць, што падобныя мерапрыемствы вядуць да маральнай дэградацыі ўніверсітэта як акадэмічнай інстытуцыі і супольнасці. Таму што зразумела, што ў нармальнай еўрапейскай інстытутыцыі такія рэчы не могуць адбывацца. Універсітэт звязаны, перш за ўсё, з прынцыпам акадэмічнай аўтаноміі, пэўнай годнасці, прафесійнай акадэмічнай этыкі. Паказальныя суды ў беларускіх універсітэтах гавораць пра тое, што адбываецца маральная дэградацыя саміх універсітэтаў і дыскрэдытацыя іх акадэмічнай супольнасці. Бо цяпер усе так ці інакш маюць да гэтага дачыненне. Калі людзі выкладаюць у такім універсітэце і нічога не сказалі супраць, гэта становіцца часткай іх акадэмічнай гісторыі.
Трэба падкрэсліць, што суды ва ўніверсітэтах — яскравае сведчанне неататалітарызму, таго, што Беларусь рухаецца ў кірунку неататалітарнага грамадства: універсітэт становіцца часткай сістэмы, існуе на карысць рэжыму і ўпісаны ў сістэму рэпрэсій як выканаўца.
— Ліцэю БДУ хочуць прысвоіць імя Фелікса Дзяржынскага. Вы звярнуліся ў адкрытым лісце да рэктара БДУ Андрэя Караля, у якім спыталі, ці гатовы будзе ён прысвоіць універсітэту імя Сталіна. Як Вы лічыце, ці ўплываюць на што-небудзь гэтыя сімвалы? Як адаб’ецца на дзецях тое, што іх навучальная ўстанова носіць імя вядомага ката?
— Такія сімвалы тычацца палітыкі памяці, якая фармуе нашу сацыяльную ідэнтычнасць, таму, канешне, яны маюць значэнне. Іншая справа — наколькі яны сапраўды запатрабаваны грамадствам, а не з’яўляюцца штучнымі вынаходніцтвамі улады і яе прапагандыстаў. Ініцыятыва прысвоіць імя Дзяржынскага Ліцэю БДУ — менавіта такога кшталту. Таму яна можа мець сур’ёзны негатыўны ўплыў только ў тым выпадку, калі такі жорсткі рэжым замацуецца ў Беларусі надоўга.
Наколькі гэта адаб’ецца на дзецях? Гэта залежыць ад развіцця падзей — як доўга гэта ўсё працягнецца, а таксама ад канкрэтнага навучэнца, яго сацыяльнага асяроддзя. Чалавек — гэта розныя вымярэнні розуму, свабоды, рэфлексіўнасці; і той факт, што ліцэй назавуць імем Дзяржынскага, яшчэ неабавязкова вядзе да таго, што дзеці адразу неяк убяруць гэта ў сябе і стануць яго фанатамі.
Вельмі важная дыстанцыя. Я думаю, што ў большасці моладзі у гэтым ліцэі ўсё-ткі ёсць крытычная дыстанцыя ў дачыненні да таго, што адбываецца вакол. Гэтая здольнасць да дыстанцыі, да крытычнага мыслення фармуецца і магчымая тады, калі чалавек мае доступ да альтэрнатыўных крыніц ведаў і інфармацыі.
Уявім менш спрыяльную сітуацыю: клуб «Дзяржынец» з’яўляецца не ў ліцэі, а ў школе, з менш дарослымі дзецьмі. Калі хлопчыку прапануюць удзельнічаць у ваенна-патрыятычным клубе, дзе яму дадуць і зброю патрымаць, і ў вайсковы лагер адправяць, у нейкі паход, што сапраўды цікава, — гэта вялікая спакуса, тут ёсць рызыка, і я вельмі добра сабе ўяўляю, што частку падлеткаў яны такім чынам заангажуюць. І гэтыя хлопчыкі будуць шчыра ўдзельнічаць у розных ваенізаваных рэчах. На гэтай хвалі можна так расказаць пра Дзяржынскага, што ён сапраўды будзе героем для іх, што таксама можа адбыцца, трэба разумець гэта.
Але я ўпэўнена, што, калі гэты антычалавечы рэжым зменіцца і прыйдзе момант пераасэнсавання, нават у такіх дзетак з’явіцца магчымасць пераадолець у сабе гэтую зачараванасць адмоўнымі героямі праз рэфлексіўнасць, праз добрую адукацыю. Перспектыва для крытычнага пераасэнсавання ў будучыні ўсё-ткі застаецца.
Я заўсёды прыводжу ў прыклад вядомага італьянскага пісьменніка і навукоўца Умберта Эка. Ён быў школьнікам у часы, калі ў Італіі панаваў фашызм. Пасля, ужо будучы дарослым, у сваім знакамітым эсэ пра фашызм ён апісвае, як у школе пісаў сачыненне, у якім абсалютна шчыра ўхваляў Мусаліні.
— Нядаўна гомельскі выкладчык, загадчык кафедры рускай і замежнай літаратуры Іван Афанасьеў атрымаў медаль ад Пуціна «за вялікі ўнёсак у развіццё культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю». З гэтай жа кафедрай супрацоўнічае святар Сава Мажука, які публічна агітуе за «рускі свет» і падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны. І гэта толькі адзін прыватны выпадак. У той жа час ва ўніверсітэтах (у тым ліку і на згаданай кафедры) ідуць «чысткі», звальняюць і рэпрэсуюць «непажаданых» выкладчыкаў і студэнтаў. Пры захаванні гэтых тэндэнцый, якой будзе сістэма адукацыі праз некалькі гадоў? Ці магчыма будзе ў вольнай Беларусі «адкаціць назад»?
— У значнай ступені ўсё залежыць ад таго, як доўга гэта ўсё працягнецца. Фактар часу мае вялікае значэнне. У Беларусі патрэбная грунтоўная рэформа сістэмы адукацыі: ад дашкольнай да вышэйшай.
Калі зменіцца рэжым, адразу паўстане пытанне кадраў. У нашых незалежных акадэмічных і экспертных колах абмяркоўваецца пытанне люстрацыі — наколькі яна мэтазгодная ў галіне адукацыі. Ёсць пэўны кансэнсус наконт прамых удзельнікаў рэпрэсій, а таксама відавочных прарасійскіх прапагандыстаў з ярка выражаным антыбеларускім элементам. Зразумела, што такія людзі не могуць заставацца ў адукацыі, выкладаць.
Больш складаная сітуацыя з выкладчыкамі, якія працягваюць працаваць у ВНУ і якія застануцца, нават калі маюць дэмакратычныя погляды, бо ўсіх не звольніш і не ўсе маюць магчымасць з’ехаць. Таму сёння для нас паўстае вельмі важнае пытанне: як магчыма выкладанне ва ўмовах неататалітарызму? Асабліва гэта тычыцца сацыяльна-гуманітарных навук.
Трэба адразу лічыцца з тым, што застанецца вялікая колькасць выкладчыкаў, якія працавалі пры гэтым рэжыме. Выкладанне, адукацыя — гэта вельмі дэлікатная рэч, бо тут адчыняюцца вароты для прасоўвання пэўнай ідэалогіі, прапагандысцкай працы. Мы разумеем, што добры выкладчык, які не падтрымлівае гэты рэжым, павінен неяк выжыць у гэтых умовах, і таму непазбежна будзе нейкія тэмы замоўчваць, бо іх нельга ўздымаць. Усё гэта нам трэба будзе асэнсоўваць, мы павінны будзем прааналізаваць, праз што прайшло наша грамадства (і ўніверсітэты, школы, выкладчыкі і навукоўцы ў тым ліку).
— А хто будзе гэта асэнсоўваць? Хто будзе праводзіць гэтыя мерапрыемствы?
— Ну, калі мы ўявім сабе пачатак дэмакратызацыі нашай краіны, то асэнсоўваць будзе грамадзянская супольнасць і перш за ўсё тыя, хто маюць прамое дачыненне да адукацыі. Гэта таксама будзе вельмі сур’ёзнае выпрабаванне для нашага грамадства — і асабліва адукацыйнай супольнасці. Каб асэнсаваць гэты досвед, мае сэнс ўлічваць таксама досвед краін-суседак, якія праходзілі праз супастаўляльныя працэсы (напрыклад, Польшча, Германія): якія трансфармацыі адбываліся там у адукацыі пасля заканчэння камуністычнага рэжыму? Наколькі я ведаю, ніякіх сістэмных люстрацый там не адбывалася, хаця ўсе разумелі, што сярод выкладчыў былі даносчыкі.
Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што працяг працы выкладчыкам ва ўмовах рэпрэсій і неататалітарызму не павінен, на мой погляд, аўтаматычна разглядацца як падстава для нейкіх абвінавачанняў. Больш карысным будзе, як я ужо адзначыла, задацца пытаннем: як магчыма выкладанне ва ўмовах неататалітарызму?
Бо важна, каб у адукацыі заставаліся людзі, якія могуць размаўляць нармальна з маладым пакаленнем. Якія могуць працягваць такую размову, што будзе пакідаць «вокны адчыненымі» і розум — здольным да рэфлексій. Добры настаўнік знойдзе шляхі, як гэта рабіць.
— Па ўсёй краіне скарачаюць беларускамоўнае навучанне, закрываюць беларускія класы, школы, кафедры ва ўніверсітэтах, ідзе актыўная русіфікацыя навучальнага працэсу. Як гэта адаб’ецца на стане беларускай мовы і нацыянальнай самасвядомасці?
— Гэта вельмі істотнае пытанне. Сапраўды, русіфікацыя, якую мы цяпер назіраем, — гэта інструмент культурнай каланізацыі нашай краіны. Як гэта адаб’ецца, зноў жа, залежыць ад таго, як доўга гэта працягнецца. Ёсць два фактары, якія гавораць на карысць пэўнага стрыманага аптымізму. Першы: у Беларусі усё-ткі застаецца шмат людзей, для якіх беларуская мова і культура — гэта сапраўдныя каштоўнасці; нават сярод прыхільнікаў рэжыму ёсць такія людзі. Другі фактар: мы ведаем, што цяпер у эміграцыі, у беларускіх дыяспарах вельмі шмат робіцца высілкаў для таго, каб развіваць беларускую культуру, прасоўваць разнастайныя культурна-адукацыйныя праекты на беларускай мове і па беларускай тэматыцы. То-бок ёсць моцны супольны рэсурс, і ён не павінен дапусціць дэградацыю беларускай мовы і знішчэнне беларускай культуры. Такая пагроза ёсць, але ёсць і моцнае супрацьстаянне. Галоўная задача для будучай рэформы адукацыі ў Беларусі — пераадолець культурнае дамінаванне «рускага свету».
— А калі ўявіць сабе, што рэжым захаваўся, а з эміграцыяй адбылося тое, што і на пачатку ХХ стагоддзя: людзі з’ехалі — і засталіся, — якая будучыня чакае тады Беларусь?
— Сацыяльна-палітычныя трансфармацыі ўсё роўна будуць адбывацца, таму што Лукашэнка ўсё-ткі даволі стары ўжо чалавек, і нават калі пасля яго (возьмем найгоршы сцэнар) прыйдзе нейкі прарасійскі палітык, ён усё адно павінен будзе лічыцца з 2020 годам, з санкцыйным ціскам. Беларусь цікавая як транзітная зона — Кітаю, Расіі. Эканамічна, прагматычна яна цікавая не як краіна, ізаляваная ад заходняга свету, а як краіна, якая забяспечвае магчымасць адносінаў з заходнім светам. Улічваючы вельмі складаную канстэляцыю палітычных сіл у рэгіёне і глабальна, гэты новы чалавек павінен будзе скончыць рэпрэсіі, дазволіць развівацца незалежнаму бізнэсу і інстытутам грамадзянскай супольнасці. Сістэма павінна стаць больш адкрытай. А як толькі з’яўляецца крыху больш свабоды і адкрытасці, вяртаюцца імкненні, якія істотныя для супольнасці. Гістарычны запыт не можа знікнуць. Калі мы не забылі БНР 1918 года, як мы забудзем 2020 год?! Крышачку «адлігі» — і ўсё вяртаецца.