«Міліцыянты сцягам завязалі мне вочы і пачалі збіваць усім пастарункам»

Экс-палітзняволены Данііл Каранкевіч — пра катаванні ў РУУС, «хатнюю хімію» і жаніцьбу падчас яе адбыцця, уцёкі з Беларусі, планы і начныя кашмары, якія дагэтуль не адпускаюць.

21-гадовы Данік — з Хоцімску, да арышту навучаўся на гістарычным факультэце БДУ, жыў у Мінску. Палітыкай пачаў цікавіцца задоўга да пратэставага 2020-га.

— На момант выбараў я быў непаўнагадовым, таму, на жаль, не змог прагаласаваць. Але ў баку ад грамадска-палітычных выклікаў не заставаўся. І не толькі ў дваццатым. Я браў удзел у святкаванні Дня Волі ў 2018-м і 2019-м гадах, быў сябрам моладзевай арганізацыі «Грамадзянскі форум», браў удзел у адукацыйных мерапрыемствах, якія ладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў, — апавядае хлопец. — У 2020 годзе заўважыў, як моцна пачала рухацца інфармацыйная прастора, як актыўна беларусы пачалі падпісвацца і чытаць незалежныя медыя, тэлеграм-каналы з праўдзівай інфармацыяй. Я зразумеў: гэта пераломны, гістарычны момант для Беларусі, нас усіх чакаюць вялікія падзеі. 

«Шчыра верыў, што ўсё скончыцца перамогай»

— Першай вялікай акцыяй, у якой узяў удзел у 2020 годзе, быў выступ Святланы Ціханоўскай у чэрвені — у парку Дружбы народаў у Мінску. Я не чакаў такой велізарнай колькасці людзей! Быў моцна ўражаны. Людзі ішлі эшалонамі, рух тралейбусаў і аўтобусаў быў спынены, — дзеліцца ўспамінамі хлопец. — Першы раз мяне затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у жніўні 2020-га. Але паколькі я быў на той момант непаўнагадовы, неўзабаве выпусцілі з РУУС. Ужо тады я зразумеў, што патрапіў у так званыя «чорныя спісы» і што за мной будзе замацаваны пэўны кантроль.

Я моцна верыў, што ўсё скончыцца перамогай. Калі я ўбачыў колькасць пратэстоўцаў і як беларусы адзін аднаму дапамагалі, баранілі адзін аднаго, як каардынавалі свае дзеянні, самаарганізоўваліся, быў перакананы, што рэжыму засталіся лічаныя дні. 

Я зразумеў, што перамога пакуль што не на нашым баку, калі колькасць акцый і іх удзельнікаў скарацілася, калі пратэсты перайшлі ў двары. 

Было прыкра, балюча, калі бачыў, як збівалі, катавалі людзей 9 жніўня, як ганялі людзей у Курапатах, як у іх стралялі, забівалі мірных пратэстоўцаў. Было вельмі балюча, што столькі людзей страцілі вельмі шмат, пацярпелі моцна фізічна і маральна, некаторыя аддалі нават самае дарагое — жыццё, і што пакуль мы не даціснулі гэты рэжым. 

Калі пачалі з’яўляцца першыя палітвязні, а пасля іх колькасць пачала расці з маланкавай хуткасцю, я зразумеў, што за мной таксама рана ці позна прыйдуць. На акцыях жа было шмат ціхароў, нас увесь час здымалі — я разумеў, што і я недзе засвяціўся ў кадрах. Разам з тым сам сабе хлусіў: казаў, што гэта можа адбыцца з кім заўгодна, але не са мной.  

«Паставілі на калені і пачалі збіваць, ужываючы электрашокер»

Даніка затрымалі 18 красавіка 2023 года, калі ён быў на працы. 

— Прыйшлі трое супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, сказалі, што трэба паразмаўляць. Вывелі на вуліцу, пасадзілі ў машыну, адвезлі дамоў, там правялі ператрус, — згадвае акалічнасці затрымання былы палітвязень. — Пасля мяне і маю нявесту адвезлі ў ГУБАЗіК і пачалі патрабаваць ад мяне пакаяннага відэа. Губазікі крычалі, пагражалі, прымушалі казаць, што я ўдзельнічаю ў плане «Перамога». 

Што адметна — за план «Перамога» мяне не судзілі. Хутчэй за ўсё, гэта была нейкая інфармацыйная кампанія сілавікоў з мэтай дыскрэдытаваць план «Перамога», застрашыць тых, хто яго падтрымлівае. Бо шмат хлопцаў, якіх я сустракаў пазней, казалі мне, што іх таксама прымушалі на камеру прызнацца ва ўдзеле ў плане «Перамога». Гэта была асноўная мэта таго відэа, на мой погляд.

Напярэдадні затрымання я спраўдзіў сябе ў фэйкавым боце плана на наяўнасць парушэнняў, але гэта не было асноўнай прычынай візіту сілавікоў. Мне здаецца, што сілавікі і самі здзівіліся, калі знайшлі бот у маім тэлефоне.  

Зняўшы ўсе даныя з тэлефона, супрацоўнікі ГУБАЗіКа адвезлі мяне ў Першамайскае РУУС. Там на мяне адразу надзелі кайданкі і ў кабінеце, дзе зараз месціцца Крымінальна-выканаўчая інспекцыя, мяне паставілі на калені і пачалі збіваць, ужываючы шокер. Падчас ператрусу ў хаце губазікі знайшлі і канфіскавалі бел-чырвона-белы сцяг, дык вось гэтым сцягам міліцыянты завязалі мне вочы і пачалі малаціць. Білі гадзіны паўтары, у той час як я стаяў на расцяжцы на каленях. 

Я чуў, як у кабінет заходзілі розныя людзі і рэагавалі на ўсё гэта, як на атракцыён, для іх гэта было забавай. Яны таксама далучаліся да збіцця, бралі электрашокер, катавалі, смяяліся і размаўлялі адзін з адным. Пасля мяне змясцілі ў «обезьянник» і я страціў прытомнасць. 

Калі ачуняў, ужо трэба было ехаць на Акрэсціна. На нас з будучай жонкай склалі пратаколы — яе абвінавацілі ў «дробным хуліганстве», мяне — у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». 

Ніякай медычнай дапамогі ні ў РУУС, ні на Акрэсціна мне не аказвалі. 

Падсадная качка, крыміналка і пастановачны суд

— І вось мы на Акрэсціна. Я адбываю пятнаццаць сутак, нявеста — дзесяць. Камеры перапоўненыя, няма чым дыхаць, — згадвае хлопец. — Калі тэрмін адміністрацыйнага арышту ўжо скончваўся, да мяне прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і прынеслі паперы з абвінавачаннем па крымінальнай справе. Там было шмат артыкулаў, у тым ліку «масавыя беспарадкі». Але пад канец следства застаўся толькі адзін — 342 — «актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». 

Неўзабаве мяне закінулі ў нейкую дзіўную камеру. Звычайна для палітычных на Акрэсціна камеры без матрацаў, коўдраў, а тут было ўсё. Сукамернік сталага ўзросту пачаў задаваць мне шмат пытанняў пра мае палітычныя погляды. Пасля паказаў надпіс на сцяне, дзе кепскімі словамі абзывалі Святлану Ціханоўскую, запытаўся, што я пра гэта думаю, як я стаўлюся да яе, што б было, калі б яна прыйшла да ўлады, і гэтак далей. Але я перастаў у нейкі момант слухаць яго і адказваць на яго пытанні. Да гэтага ж вёў нейтральныя размовы. 

На наступны дзень мяне перавялі на першы паверх у камеру-адзіночку з бетоннай падлогай. Але там я быў не адзін, адседзеў там яшчэ дзесяць дзён да СІЗА. Потым мяне закінулі на Валадарку, дзе я правёў тры месяцы. 

Валадарка запомнілася найперш малой прасторай і тым, што не было чым дыхаць. Лісты ў асноўным я атрымліваў ад сваякоў. Але ішлі яны вельмі доўга: два тыдні мне і два тыдні ад мяне. Але былі і такія палітвязні, якім лісты ўвогуле ніколі не аддавалі, а іх лісты не адпраўляліся. У асноўным гэта палітзняволеныя з так званымі тэрарыстычнымі артыкуламі.

Суд прайшоў у хуткасным рэжыме. Усё нагадвала пастаноўку. Мяне прызналі віноўным па артыкуле 342 і прысудзілі тры гады «хатняй хіміі». Доказам майго ўдзелу ў пратэстах стаў фотаздымак, знойдзены сілавікамі ў мабільніку. Але на ім мяне пазнаць ці ідэнтыфікаваць немагчыма. Тым не менш віна мая была цалкам даказаная, паводле пракурора. 

Пасля абвяшчэння прысуду мяне выпусцілі. 

«Здзіўляліся, што я падпісаны на БЕЛТА»

— На «хіміі» мяне ўвесь час спраўджвалі, як і тэлефон. Я ведаў, што так будзе, таму адмыслова падпісаўся ў тэлеграме на дзяржаўныя медыя: БЕЛТА і гэтак далей. Але і гэтым не дагадзіў служкам, бо неяк яны запыталіся: «А ты што, палітыкай цікавішся? Чаму ты гэта чытаеш?», — распавядае Данік. — Маглі прыйсці з праверкай і ў 2-3 гадзіны ночы. Гэта таксама цяжкае катаванне, бо ты ўвесь час чакаеш, што яны прыйдуць і не ведаеш, з чым, што на цябе павесяць. Знаёмыя, што адбывалі «хатнюю хімію», расказвалі, што часта сутыкаліся з правакацыямі: міліцыянты званілі ў дамафон некалькі секунд, а пасля сыходзілі і вешалі на чалавека парушэнне, што яго, маўляў, не было дома. А чалавек папросту фізічна не паспяваў так хутка зрэагаваць і адчыніць дзверы. 

Пастаянна трэба было хадзіць у РУУС адзначацца, наведваць лекцыі. Карацей, увесь час пад каўпаком і пагрозай паехаць на Акрэсціна ці ў калонію…

Адбываючы пакаранне, я ажаніўся. Вяселле адзначалі дома, запрасілі гасцей. Я быў такі шчаслівы, што гатовы быў нават на суткі за гэтае паехаць, — з усмешкай згадвае хлопец.

Развітанне з Радзімай

— Тое, што трэба з’язджаць, я зразумеў яшчэ ў дзень затрымання. Я добра ўсведамляў, што ніякага жыцця і ніякай будучыні пры гэтым рэжыме для мяне ў Беларусі няма, што ні навучацца, ні працаваць нармалёва я не змагу, не кажучы ўжо пра ўдзел у грамадска-палітычных падзеях. Я разумеў, што нашмат больш карысці і сабе, і Беларусі прынясу, змагу больш эфектыўна дапамагаць рэпрэсаваным суайчыннікам, калі буду ў бяспецы, — дзеліцца развагамі былы палітзняволены. 

З’язджаць з Беларусі было няпроста, згадвае Данііл Каранкевіч. Але боль і трывога прайшлі, як толькі хлопец разам з жонкай апынуліся на тэрыторыі Еўрасаюзу.

— Калі апынуўся ў ЕС, адразу адчуў, што з мяне нібыта ўпалі жалезныя кайданы. Нязвыклым было адчуванне, што я магу ісці, куды хачу. 

Нядаўна мне сніўся сон, што мы з жонкай пайшлі на шпацыр, а я гляджу на гадзіннікі і разумею, што ў гэты час я ўжо мушу быць дома, бо хутка мяне могуць праверыць. Са мной здарылася паніка ў сне. Думаў, што мяне затрымаюць і павязуць на Акрэсціна…

Зараз мы з жонкай жывем у Польшчы. Вучым польскую мову, я рыхтуюся да паступлення ва ўніверсітэт, займаюся валанцёрскай дзейнасцю, дапамагаю тым, хто прыязджае сюды. Я ўпэўнены, што змагу знайсці сябе ў новай краіне. 

Будучыня Беларусі будзе вельмі добрай, але адбудзецца гэта, на жаль, не хутка. Беларусь абавязкова будзе дэмакратычнай краінай, дзе людзі змогуць выказваць свае думкі, свабодна галасаваць, дзе людзі не будуць баяцца таго, што за імі ў любы момант прыйдуць. Беларусь будучыні — гэта краіна, якая будзе паспяхова развівацца: не за кошт расійскіх крэдытаў, а за кошт уласнага патэнцыялу, і дзе беларусы змогуць вызначаць свой лёс самастойна, — падсумоўвае суразмоўца «Новага Часу».

Вольга Класкоўская, novychas.online,
фота з асабістага архіву героя публікацыі.