Ці магла не адбыцца Чарнобыльская катастрофа ці хоць бы не быць такой разбуральнай і знішчальнай? Напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС Лявон Вольскі параўноўвае ўмовы жыцця ў Савецкім Саюзе і ў сённяшняй Беларусі і нагадвае пра самае кепскае: «Атамная станцыя ў нас таксама цяпер ёсьць».
Што было стабільнае ў Савецкім Саюзе?
Нізкая якасьць усяго — прадуктаў, адзеньня, тэхнікі. Нізкая якасьць жыцьця. Магчыма, на вайсковых заводах і выраблялі якасную зброю для будучай вайны з імпэрыялістамі (у чым я ня ўпэўнены), але ў побыце ўсё было безнадзейна нізкаякаснае.
А яшчэ стабільнай была хлусьня. Нахабная, бессэнсоўная, яна панавала паўсюль — у газэтах, на тэлевізіі й радыё, у бадзёрых справаздачах пра «пяцігодку ў тры гады» і пастаянны рэфрэн — «звышплану». Пра «загніваючы Захад» і «высокае маральнае аблічча савецкага чалавека».
Ці магла НЕ адбыцца Чарнобыльская катастрофа?
У такіх умовах чарнобыльская катастрофа не магла не адбыцца. Менавіта таму яна не магла ня быць настолькі разбуральнай і настолькі зьнішчальнай. Невядомыя «адказныя асобы» не зусім адказна (ці зусім безадказна) паставіліся да будаўніцтва атамнай станцыі, а іншыя «адказныя асобы» паспрабавалі схаваць інфармацыю пра аварыю. Потым, калі яе ўжо немагчыма было ўтойваць, хлусілі пра лякальны збой і пра тое, што ўсё пад кантролем. Людзей тым часам пагналі на першамайскую дэманстрацыю, і яны там хапанулі нармальныя такія радыяцыйныя дозы.
Пазьней ціха абураліся па кухнях, папіваючы рэкамэндаванае для вываду гэтых дозаў з арганізму «Кабэрнэ». Ціха, напаўголасу, абураліся, бо прызвычаіліся. Прызвычаіліся да паўсюднае штохвіліннае хлусьні. Да «звышпланаў», няўхільнага падвышэньня надояў, інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане, бадзёрых «вестак з палёў», падняцьця цаліны і «бітвы за ўраджай».
Хаця няўзброеным вокам было відаць, што адбываецца навокал — татальны дэфіцыт, нізкая якасьць і цынкавыя труны з людзьмі, якія загінулі за тысячы кілямэтраў ад дому невядома за што. Прызвычаіліся да вечнае брахні, таму і чарговую хлусьню пра тое, што ўсё пад кантролем, успрынялі звыкла. Прыкра, паскудна, але што тут зробіш?
Што ўзяло кіраўніцтва РБ у спадчыну ад СССР
Кіраўніцтва РБ часта гаворыць, што яны ўзялі ад СССР усё самае лепшае. Пакінулі, так бы мовіць, у спадчыну. Ня ведаю, што там было такое «лепшае» ў гэтым саюзе. Стабільнасьць?
Стабільна нізкая якасьць. Тэхнікі, прадуктаў, адзеньня, будаўніцтва… Нізкая якасьць жыцьця. У цяперашняй Беларусі зь якасьцю прадуктаў і адзеньня палепей.
А якасьць жыцьця… Палепшылася настолькі, што за падабайку, якую ты паставіў пад допісам у 2020-м, цябе кідаюць у турму на некалькі гадоў у 2024-м? Калі за «Пахне чабор» у тэлефоне адпраўляюць на суткі? Калі трэба пазьбягаць спалучэньняў белага з чырвоным у адзеньні? Калі небясьпечна гаварыць на сваёй мове? Такая самая якасьць жыцьця, як у афрыканскіх краінах зь незьмяняльнымі лідарамі. Як у азыяцкіх дыктатурах. Як у паўночнаамэрыканскіх краях, дзе да ўлады дарываецца хунта.
І яшчэ хлусьня. Яе таксама пакінулі ў спадчыну. «У поўным аб’ёме», як гавораць па тэлевізары. І нават пераўзышлі. Чаго мы толькі ня чулі — і дохлымі пацукамі апазыцыя зьбіралася труціць народ, і джыпы з кулямётамі прарываліся празь мяжу. І сотні баевікоў лавілі ў беларускіх лясах. І Нік з Майкам вялі свае шпіёнскія перамовы. І склеп у Гомельскай вобласьці. І фальшыўка, зробленая ў Польшчы. І адкуль на Беларусь «гатовілась нападзеніе».
І ўсе ўжо прызвычаіліся да гэтае хлусьні, як да звычайнага фону, на якім праходзіць жыцьцё. Радыяцыйнага такога фону.
Самае кепскае
А самае кепскае, што атамная станцыя ў нас таксама цяпер ёсьць. Яшчэ горш тое, што збудавала яе Расея. Вядомая «якасьцю» таго, што яна вырабляе.
Цікава, што шмат хто казаў: гэта добра, што будуюць атамку. Будзе электраэнэргія танная! А вось жа ж збудавалі, а тая энэргія, чамусьці, не таньнее. І ніхто ня ведае — што на гэтай станцыі адбываецца.
То адзін рэактар адключаецца, то другі. Маўляў, прафіляктычныя работы. Ці яшчэ што? Усё роўна ж праўды ня скажуць. А ад нас што залежыць? Нічога. Яны там што сабе захочуць, тое й будуць рабіць. А мы — людзі маленькія, чаго ўжо там? Прыкра, паскудна, але што тут зробіш?