Ванда Марцінш душ Рэйш: „Менавіта тут, у Вільні, я сябе адчуваю дома“

„Маланкі над Вільняй“ — гэткую на першы погляд пагрозьлівую назову атрымаў трэці зборнік вершаў паэткі Ванды Марцінш душ Рэйш. У красавіку 2024 году гэтая кніга атрымала прэмію мэра Віленскага гарадзкога самакіраваньня.  Літоўская сталіца, здавалася-б, ужо была годна апетая літаратаркай у папярэдніх выданьнях яе твораў — кнігах „Плод авакада“ і „Мора мары“. Між тым з нагоды свайго сямісотгодзьдзя Вільня атрымала ад Ванды Марцінш душ Рэйш адмысловы падарунак — зборнік твораў пра места над Вяльлёй на беларускай, літоўскай і польскай мовах. У інтэрвію „Руні“ Ванда Марцінш душ Рэйш расказала пра тое, як паўстала ідэя ўганараваць сталіцу Літвы трохмоўным выданьнем, якім быў пакручасты шлях зьяўленьня „Маланак над Вільняй“ на сьвет і што гэтая кніга мае значыць для разнастайных жыхароў краіны.

Прэзэнтацыя кнігі Ванды Марцінш душ Рэйш у клюбе Саюзу пісьменьнікаў Літвы, 12 красавіка 2024 г.

— Спадарыня Ванда, назва кнігі „Маланкі над Вільняй“ пераклікаецца зь вершам Леры Сом „Здані-2, дарожныя“, разьмешчаным у зборніку „Блюз каралеўскае кухні“, выдадзеным у Полацку трыццаць гадоў таму, у 1994 годзе. Гэты твор пачынаюць радкі: „Па дарозе зь Вільні на Полацак // Уцякаем ад навальніцы… // Нам маланкі б’юць наўздагонку, // Нам грамы разьдзіраюць вушы…“ Што-ж гэта за віленская непагадзь, якую гэтак востра адчуваюць душы беларускіх паэтак?

— Вільня наогул для мяне з дажджамі-навальніцамі не зьвязаная. Я пражыла больш за дваццаць гадоў у Эдынбургу, дзе было нашмат больш мокрае надвор’е і больш навальніцаў было. У мяне даўно ёсьць дзьве карціны. Купіла я іх у Вільні. Мне яны вельмі спадабаліся. Яны былі выкананыя ў вельмі незвычайнай для Літвы манеры. Сукі дрэваў на іх нагадалі мне маланкі. На большай карціне дзьве траціны займае неба, сукі як маланкі і цёмныя плямы, нібы навальнічныя аблокі. І я падумала, што гэта вельмі сымбалічна, мэтафарычна для Вільні, якая на працягу сваёй гісторыі мела вельмі шмат і войнаў, і пажараў, і іншых пошасьцяў.

Прэзэнтацыя кнігі Ванды Марцінш душ Рэйш у клюбе Саюзу пісьменьнікаў Літвы, 12 красавіка 2024 г.

— „Маланкі над Вільняй“ — трэці зборнік Вашых твораў, але ня трэцяя, а чацьвёртая кніга, да зьяўленьня якой на сьвет Вы прыклалі руку, бо трэба ўлічваць і твор „Літоўцы ля мора Лапцевых“, героі якой загаварылі па-беларуску дзякуючы Вам. Як у першай Вашай кнізе „Плод авакада“, так і ў другой „Мора мары“ вершы пра Вільню і Літву складаюць толькі невялікую, хоць і заўважную, частку таго, што стала зьместам абодвух выданьняў. Няцяжка здагадацца, якое месца займае сталіца Літвы ў кнізе „Маланкі над Вільняй“. Зь якой прычыны Вам собіла аддаць гэткую даніну пашаны гэтаму месту?

— Маё жыццё выдавалася мне поўным хаосам. А потым аказалася, што ўсё гэта неяк стала на месца. Мне здаецца, што і мясціны, і кнігі таксама становяцца туды, куды трэба. Яны зьяўляюцца там і тады, калі ім трэба зьявіцца. І вось таму, вядома, адразу пасьля Партугаліі, адразу пасьля Шатляндыі ў мяне ўсё гэта яшчэ было жывое. І таму было жаданьне неяк апрацоўваць, рэдагаваць тое, што я тады пісала, штосьці нават новае напісала пра сябе, пра сваё жыццё там. Цяпер гэта ўсё ўжо нежывое. Гэта ўжо попел, які мне зусім ня хочацца пераварочваць, як кажуць. І Вільня таксама — я як бы колам ад яе ішла і да яе прыйшла, але прыйшла зусім на іншым ужо ўзроўні. Да яе я прыйшла зусім іншая. Вільня таксама зусім іншая. Але я ва ўсіх краінах адчувала сябе зусім нядрэнна: заўсёды валодала моваю і заўсёды цікавілася людзьмі й культурай. Але вось менавіта тут, у Вільні, я сябе адчуваю дома. Гэта мой дом.

Ванда Марцінш душ Рэйш у клюбе Саюзу пісьменьнікаў Літвы, 12 красавіка 2024 г.

— У год выхаду ў сьвет Вашай трэцяй кнігі Вільня адзначала паважны юбілей. Можа быць, гэта таксама стала нагодай для таго, каб прысьвяціць усю кнігу толькі аднаму гэтаму гораду?

— Гэта быў такі ўдалы штуршок, і, магчыма, нават я сама да гэтага не дадумалася-б. Але ў мяне ёсьць сябры, якія кумекаюць хутчэй. Гэтая ідэя зьявілася ў пані Альмы Лапінскене. І гэта яшчэ было падчас прэзэнтацыі „Мора мары“ — мы тады правялі гэта на трох мовах. Усім вельмі спадабалася, і яна кажа: „Як-бы добра было напісаць кнігу — не сказала „пра Вільню“! — кнігу, але на трох мовах“. Спадар Аляксандр Сьнежка пераклаў нямала вершаў, дзесьці каля сямідзесяці, амаль усю маю кніжку вершаў, але потым ён кажа: „А што, калі мы пакуль што адсунем усе астатнія вершы ўбок, а возьмем толькі пра Вільню і зробім кнігу да сямісотгодзьдзя?“ Так, я заўсёды пісала гэтыя вершы пра Вільню. Але ідэя менавіта гэтай кнігі — гэта больш Альмы Лапінскене і Аляксандра Сьнежкі.

Альма Лапінскене, літаратуразнаўца й перакладчыца

— Кнігу „Маланкі над Вільняй“ аздобілі дзесяць гравюраў віленскага графіка Станіслава Каплеўскага. Мастак гэты – ураджэнец вёскі Кулі, што на Віленшчыне, за два кілямэтры ад Савічунаў, праз раку ад вуліцы Францішка Багушэвіча. Ад Кулёў Вашую малую радзіму – вёску Муляры — аддзяляе ўсяго 100 км. Лічы, землякі. Ці лёгка было знайсьці агульную мову з мастаком, данесьці да яго сутнасьць таго, што менавіта мела быць адлюстраваным у выданьні?

— Лёгка было згаварыцца. І ён, і ягоная жонка выдатна размаўляюць па-беларуску. Я зусім ня ўмешвалася ў творчы працэс. Гэта чалавек, які, напэўна, больш разумее ў сваёй справе, чым я ў сваёй. Пан Станіслаў супрацоўнічае з Аляксандрам Сьнежкам. Не адну кнігу Аляксандра Сьнежкі ён аформіў, і часам нават было так, што ён пісаў карціны ці рабіў гравюры, а Сьнежка потым пісаў вершы на гэтыя карціны. Так што гэта спадар Аляксандр падзяліўся сваімі кантактамі.

Аляксандр Сьнежка, паэт і перакладчык

— У 2019 годзе ў віленскім выдавецтве „Рунь“ выйшаў першы зборнік Вашых вершаў „Плод авакада“, другое выданьне „Мора мары“ выйшла ў 2020 годзе ў менскім выдавецтве „Кнігазбор“. Трэцяя кніга „Маланкі над Вільняй“ пабачыла сьвет у Беластоку. Геаграфія месцаў нараджэньня новых выданьняў заўважна пашыраецца. З чым гэта зьвязана? Ці мае ўплыў на гэта тое, што і вершы Вашыя нараджаліся ў шматлікіх краінах сьвету?

— Гэта чыста практычная рэч. Першы зборнік вершаў быў як-бы спробны. Другі зборнік быў выдадзены ў Менску. „Кнігазбор“ — гэта вельмі добрая рэдакцыя, я вельмі задаволеная. Столькі гадоў, столькі дзесяцігодзьдзяў гэта адно з найлепшых, бо свабодных, беларускіх выдавецтваў — і вось так яго закрылі нахабна. Якраз яны ўсё падрыхтавалі. Паколькі грашовыя пераводы таксама зрабіць нельга, я з торбай грошай прыехала. Я стаю на аўтобусным вакзале ў Менску, тэлефаную. А спадар Генадзь Вінярскі мне кажа: „Спадарыня Ванда, не прыязджайце, у мяне ператрус”. І ўсё. Я завярнулася, прыехала назад. Спадзяюся, што калі-небудзь гэта ўсё зьменіцца, і ён зноў будзе займацца сваёй любімай справай, на якой ён зубы зьеў. Там я не магла больш выдаваць. Таму трэцюю кнігу — у Польшчы. Я выбрала яе ў асноўным дзеля коштаў. У Літве кошты трошачкі кусаюцца, а я свае кнігі выпускаю за свае сродкі. Мне ні ў кога прасіць ня трэба. Мне зарабіць лягчэй, чым дзесьці хадзіць, прасіць. І час займае, і высілкі. Я пакуль што яшчэ ня ўломак, як у нас казалі, зарабіць магу. Вось так і атрымалася.

Удзельнікі прэзэнтацыі кнігі Ванды Марцінш душ Рэйш у клюбе Саюзу пісьменьнікаў Літвы, 12 красавіка 2024 г.

— Калі выходзіў у сьвет першы зборнік Вашых вершаў „Плод авакада“, Вы казалі, што маеце пляны выдаць і другі. Падчас прэзэнтацыі другога згадвалі, што назапашанага матар’ялу хопіць і на трэці. Ці трэба разумець, што і трэцім выданьнем Ваш творчы даробак далёка не вычэрпваецца?

— У мяне падрыхтаваная кніга маіх вершаў. Але я чакаю рэдактара. Плянаў у мяне шмат, на сто гадоў, калі яшчэ буду жыць, хопіць. Але цяпер працую над кнігай, на якую я таксама разявілася і ня ведаю, ці праглыну. І думаю: Божа, Божа, Божа, якая ты дурніца, спадарыня Ванда! І што ж ты замахнулася на такое? А з другога боку, думаю: ну, Божа мой, і на „Літоўцаў ля мора Лапцевых“ я замахнулася таксама, не пераклаўшы ні аднаго радка да гэтага. Так што цяпер я працую над творамі Вітаўтаса Мачэрніса. Вельмі глыбокая, вельмі прыгожая паэзія, але цяжкая для перакладу. І вельмі трагічны лёс. Для мяне, каб над нечым працаваць, вышэй сваіх магчымасьцей падымацца — а я заўсёды вышэй сваіх магчымасьцей працую — мне трэба, каб нехта, вось гэты чалавек, гэты пісьменнік, гэты паэт мяне вельмі-вельмі ўзрушыў. І вось ужо некалькі гадоў такое каханьне да Вітаўтаса Мачэрніса ў мяне не праходзіць. Я празь яго цяпер прапускаю ўсю даваенную, ваенную і пасьляваенную літоўскую паэзію. Акрамя таго, мы заўсёды са спадаром Валянцінам Стэхам гаворым, як шмат у нас было прыгожых літоўска-беларускіх параў, пра якія варта было-б напісаць.

Старшыня Віленскага гарадзкога клюбу „Сябрына“ Валянцін Стэх і Нона Таракявічэне

— „Маланкі над Вільняй“ грымяць на трох мовах — беларускай, літоўскай і польскай. Да пачуцьцяў прадстаўнікоў якога з трох народаў Вы спрабуеце дагрукацца трэцім зборнікам сваіх вершаў?

— Кожная кніга мае нейкую адукацыйную нагрузку. Напэўна, пачытаўшы гэтую кнігу ці паслухаўшы гэтыя вершы, палякі даведаюцца больш пра беларускую культуру Вільні. Літоўцы даведаюцца больш пра нашых дзеячоў і прычым не так проста, як зь Вікіпэдыі, а як пра чалавека з пачуццём, са сьлёзкамі… Жыхары Вільні для мяне — гэта жыхары Вільні. І ўсіх іх у гэтай разнастайнасьці я люблю. І я ведаю, што яны ўсе любяць гэты горад. І я ведаю, што тут шмат культур, і ведаю, што, можа, мы ня ведаем культуру сваіх суседзяў так глыбока, як мы павінны былі-б. Але нешта мы ведаем пра гэтую культуру. І гэта мне страшэнна падабаецца!

hazetarun.info