Беларусы пераехалі ў Нямеччыну і хочуць знайсці працу — што далей? Пра гэта, а таксама пра тое, як пры неабходнасці атрымаць новую адукацыю ў Нямеччыне, распавяла для budzma.org Жанна Кромер, каардынатарка праектаў у дарослай адукацыі з Берлiна, cупрацоўніца арганiзацыі BBQ (Baumann Bildung und Qualifizierung GmbH).
— Як у Нямеччыне працуе сістэма па выплатах па беспрацоўі?
— Калі чалавек ужо працаваў у Германіі пэўны час, то ў першы перыяд памер сацыяльных выплат залежыць ад таго, колькі ён зарабляў да звальнення. Калі перыяд беспрацоўя зацягваецца, чалавека пераводзяць на стандартныя выплаты, якія атрымліваюць усе беспрацоўныя — у незалежнасці ад таго, немец ты ці прыехаў з іншай краіны.
Падкрэслю, што выплаты па беспрацоўі атрымліваюць усе, хто знаходзіцца ў Нямеччыне ў афіцыйным статусе — у тым ліку, і бежанцы. То-бок і бежанка з Украіны, і беспрацоўны грамадзянін Германіі атрымліваюцць выплаты на адных падставах.
Выплата па беспрацоўі не фіксаваная, а разлічваецца індывідуальна. Падлічваюцца выдаткі на арэнду кватэры, медыцынскую страхоўку, ежу, вопратку і г. д. Чалавек не можа за кошт сацыяльных выплат зняць больш дарагую кватэру — цэнтр па працаўладкаванні гэтага не дазволіць. Калі здымаў да беcпрацоўя за 500 еўра — будзеш здымаць далей за 500. Калі за 700 — будзеш за 700.
— Карацей, памерці ад голаду не дадуць, але і шыкаваць не будзеш?
— Так. На сацыяльную выплату чалавек не будзе чаcта хадзіць у кафэ і рэстараны, не зможа паехаць адпачыць, але і не будзе абмяжоўваць сябе ў выбары прадуктаў у краме. Можна дазволіць сабе добрае, збалансаванае харчаванне, aдзенне па cезоне, медычную cтрахоўку, дзецям паездкi з клаcам аплачваюць такcама.
Цяжкавата людзям з залежнасцямі хiба што. Выдаткі, скажам, на цыгарэты ў сацыяльнай выплаце не ўлічваюцца. Але калі нехта цяжарная і патрабуе новае адзенне, або нарадзілаcя дзіця і патрэбны вазок і ложачак, на гэта такcама дададуць нейкую cуму.
— Ці быў у вас досвед самой знаходзіцца ў статусе беспрацоўнай?
— Адносна нядаўна я два месяцы была беспрацоўнай. І мне вельмі не спадабалася (усміхаецца — budzma.org)
— Чаму? Як кажуць, у Беларусі, грошы ж капаюць.
— Грошы капаюць, але бюракратычная сістэма патрабуе ад цябе прыкласці нямала высілкаў, каб усё аформіць. Па-першае, хоць сістэма вельмі дакладная і педантычная, але разам з тым яна марудная і непаваротлівая. Мае дакументы апрацоўвалі вельмі доўга.
Па-другое, з мяне спыталі за кожны чых — папрасілі паперы ад кожнага працадаўцы за апошнія пяць гадоў. А я ж працавала як індывідуальная прадпрымальніца, у мяне не было аднаго працадаўцы, а былі ганарары ад розных замоўцаў. Карацей, прыйшлося прыкласці нямала высілкаў. Але за выняткам гэтых момантаў, сістэма, безумоўна, справядлівая.
Нямеччына — своесаблівы, уcё яшчэ не вельмі дыгіталізаваны мамант на фоне суседзяў. Немцы самі з сябе смяюцца, бо ўсё афармляецца на паперы. Затое ўсё дакладна і па законе.
Усё не так, як у нас: законы ў Беларусі асабліва не працуюць, затое можна хутка вырашыць пытанне праз знаёмствы ці даўшы на лапу. У Нямеччыне нікому ў галаву не прыйдзе так рабіць, з каньяком і цукеркамі тут не прыходзяць. Трэба прыняць своеасаблівасці нямецкай бюракратыі і набрацца цярпення.
Цяпер пра важны нюанс.
Цэнтры па працаўладкаванні не толькі фарміруюць узровень грашовай дапамогі па беспрацоўі. Праз іх накіраванне існуе амаль незнаёмая для беларусаў магчымасць павысіць кваліфікацыю альбо атрымаць новую адукацыю.
Беспрацоўны прыходзіць у арганізацыю, дзе яму на джобкоўчынгу падкажуць, у якім кірунку рухацца з яго адукацыяй, якую ён, напрыклад, атрымаў у іншай краіне. Падкажуць, што зрабіць для прызнання дыплома. Зразумела, што калі чалавек працаваў настаўнікам беларускай мовы, то знайсці працу па гэтай cпецыяльнаcці тут будзе амаль немагчыма. Тады коўч дапаможа разабрацца, што можна зрабіць у такой сітуацыі — хутчэй за усё, можна будзе давучыцца або перавучыцца, прайcцi нейкую карысную практыку.
— Гэта робіцца ў выглядзе заняткаў для групы ці ў выглядзе індывідуальных размоваў?
— Джобкоўчынг звычайна індывідуальны. Стартавая кропка — цэнтры па працаўладкаванні, дзе зацікаўленыя ў тым, каб людзі выйшлі на рынак працы. Яны выдзяляюць агромістыя сумы на вучобу для беспрацоўных, якой займаюцца ў шматлікіх недзяржаўных арганізацыях.
Дзяржава кажа беспрацоўнаму: бачым, што ў вас доўга не атрымліваецца знайсці працу, мы гатовыя плаціць за вашу адукацыю.
— Распавядзіце пра сістэму на прыкладзе арганізацыі, дзе вы працуеце: гэта што — НДА ці нешта іншае?
— Гэта нешта сярэдняе паміж камерцыйнай фірмай і НДА. У Беларусі мы прызвычаіліся, што і лякарні ў нас дзяржаўныя, і адукацыя амаль цалкам дзяржаўная. У Нямеччыне пасля Другой сусветнай вайны адмовіліся ад моцнага дзяржаўнага рэгулявання ўсіх сфераў і пастараліся па максімуме аддаць усё грамадству на самарэгуляванне. Аднак фінансаванне ўсё роўна ідзе праз дзяржаву. Такім чынам можна заснаваць арганізацыю, якая будзе займацца адукацыяй беспрацоўных, і іх навучанне будзе аплочваць дзяржава.
У арганізацыі, дзе я зараз працую, ёсць джобкоўчынг, а таксама выкладаюцца IT-курсы і курсы сакратарыяту. Аcобныя курсы нямецкай мовы ў нас такcама ёсць.
Натуральна, існуе канкурэнцыя, і моцная: такіх арганізацый, як наша, якія праходзяць адпаведную сертыфікацыю, тысячы. Кожная змагаецца за тое, каб кліенты прыйшлі да іх — і ў апошніх ёсць выбар. Кірункi разнаcтайнейшыя: ад ахоўніка і электрыка да дызайнера і CММ-менеджара.
— Колькі цягнецца вучоба для беспрацоўных?
— Поўная адукацыя сакратара або праграміcта разам з паўгадовай практыкай займае два гады.
— Нічога сабе. Я думаў, размова пра некалькі месяцаў.
— Залежыць ад таго, які ўзровень ведаў неабходны чалавеку. Бываюць выпадкі, калі падцягнуць да патрэбнай кваліфікацыі можна і за 3-4 месяцы. Але калі гэта пераарыентацыя на новую прафесію, то гэта можа быць два гады — з 8.00 да 16.00 штодзень. Гэта не курсы ў беларускім разуменні, гэта больш сур’ёзная адукацыя.
— Хто ў асноўным вашыя кліенты — беспрацоўныя немцы ці беспрацоўныя эмігранты?
— Прыходзяць усе. Магчыма, мігрантаў трошкі больш, што лагічна: пасля пераезду ў новую краіну чалавек хутчэй за ўсё змяняе прафесію. Але і немцаў хапае, прычыны, па якіх яны апынуліся беспрацоўнымі, могуць быць самымі рознымі. Адзін з распаўсюджаных выпадкаў, калі чалавек з-за пагаршэння здароўя не ў стане працягваць працаваць на ранейшым месцы.
— Ці прыходзілі да вас беларусы?
— У мяне асабіста такіх выпадкаў пакуль яшчэ не было, а вось украінцаў, канешне, даволі шмат. Многія з іх высокакваліфікаваныя, з вышэйшай адукацыяй: менеджаркі, выкладчыцы. Але зразумела, амаль усім трэба альбо давучвацца, альбо перавучвацца, i ўсім неабходна вучыць мову. Многія зацікаўленыя ў нашых IT-курсах.
— Правільна я разумею, што падчас вучобы чалавек працягвае атрымліваць сацыяльныя выплаты па беспрацоўі?
— Канешне. Мы стыпендыі не плацім. А вось дзяржава выплочвае грашовую дапамогу па беспрацоўі і аплочвае адукацыю. Але калі кліент забівае на вучобу, перастае на яе хадзіць (нават па прачыне хваробы — даведкі ёсць, але бачна, што чалавек ужо прапусціў значную частку матэрыялу, якую немагчыма нагнаць), то супрацу з ім прыходзіцца перарываць.
Выплату па беспрацоўі яму працягваюць плаціць, але адукацыю зноў трэба пачынаць з нуля. Пры гэтым цэнтр па працаўладкаванні ўлічвае стан здароўя беспрацоўнага, яго могуць накіраваць на коўчынг па здароўі, а там ужо распавядуць, як сабе дапамагчы, дзе якую тэрапію можна паcпрабаваць і г. д.
Альбо бываюць выпадкі, калі людзі не могуць ні нармальна працаваць, ні нармальна вучыцца, бо даглядаюць за цяжка хворымі бацькамі ці дзецьмі. Гэта не азначае, што чалавек будзе кінуты, дзяржава гэта ўлічвае.
Дарэчы, пра магчымасці. Акрамя джобкоўчынгу існуе інтэграваны коўчынг (я яго называю коўчынгам люкс-класу), калі з чалавекам працуюць некалькі коўчаў. Моўны, якія дае ўрокі нямецкай. Коўч-лекар, якія не займаецца лячэннем цi псіхатэрапіяй, але распавядзе пра механізмы самарэгуляцыі. А таксама спецыяліст па пытаннях здароўя, які сярод іншага можа падказаць, як аформіць рэабілітацыю, ці трапіць на cпецыфічны фітнес-курс.
— Наколькі немцы ў курсе сучаснай сітуацыі ў Беларусі? Ці для іх гэта як іншы кантынент?
— Ведаюць, канешне, мала. Калі сустракаеш тых, хто ведае, што такое Беларусь, то гэта ў асноўным людзі, якія цікавяцца падзеямі ў нас. Але збольшага людзі мала што чулі пра Беларусь. Калі нават чулі нешта ў 2020-м, то ўжо забылі. У людзей паўсюль памяць як у рыбкі.
Але калі патрапіце сюды, то не трэба баяцца стаць на улік у цэнтр па працаўладкаванні, бо дзякуючы гэтаму можна атрымліваць не толькі выплату па беспрацоўі, гэта вельмі карысна з пункту гледжання адукацыі. Не ўсе нашыя людзі ведаюць пра гэта.
Возьмем, напрыклад, такі выпадак: сям’я з дзецьмі пераехала ў Нямеччыну, муж — айцішнік, зарабляе дастаткова, каб забяспечваць усіх, а жонка — без працы, бо яе кваліфікацыя на рынку не каціруецца. Раз сям’я не бядуе, то жонцы выплату па беспрацоўі не прызначаць, але калі яна прыйдзе ў цэнтр па працаўладкаванні, ёй могуць дапамагчы атрымаць новую адукацыю. То-бок сістэма тут працуе не толькі для людзей, якім востра неабходная фінансавая дапамога.