У рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org Лявон Вольскі піша пра ўзламаны сайт КГБ і прыгадвае выпадак з уласнага жыцця, калі афіцэр асобага аддзела спрабаваў схіліць яго да супрацы. Што з гэтага выйшла, далей у тэксце.
Ну, па-першае, гэта проста прыгожа — кібэрпартызаны ўзламалі сайт КГБ. Тая старонка, якая мусіла ахоўвацца як сутарэньні дзяржаўнага банку, як пуцінская ядравая зброя, як — сьвятая сьвятых! — дзяржаўная мяжа, ня вытрымала хакерскай атакі.
Ці то беларускія кібэрпартызаны вельмі крутыя (у што хочацца верыць), ці кэгэбэшныя адмыслоўцы лузэрныя (а хто туды пойдзе з адэкватных айцішнікаў?), але вось факт — на ўсеагульны агляд выстаўленыя сорак тысячаў заяваў, рэкамэндацыяў і даносаў, напісаных на адрас камітэту ад неабыякавых грамадзянаў. Сваеасаблівая сучасная «кніга скаргаў ды прапановаў».
Для чаго пісалі даносы за царом, за Саветамі і цяпер
Калі ўжо пра даносы, дык гэтая рэч — старая як сьвет, і нічога новага тут ня вымысьліш. Хіба што мэты розныя. Даносілі, каб адпомсьціць. Каб напаскудзіць. Даносілі, каб прадэманстраваць пільнасьць. Даносілі, каб адціснуць маёмасьць. Каб прыбраць канкурэнтаў. Каб самога не западозрылі. Даносілі і скардзіліся проста зь любові да даносаў і скаргаў. Даносілі першымі, каб не апярэдзілі і не данесьлі на іх. Але ўрэшце і на іх таксама даносілі. І так было заўсёды — за Княствам, за Рэччу Паспалітай, за царом, за Саветамі. Так ёсьць і цяпер.
Чытаеш і думаеш: ці праўду чалавек гаворыць, ці то проста помсьціць камусьці? Бо такое часьцяком здараецца: мужчына пасварыўся з жонкай і, каб адпомсьціць, накатаў данос у камітэт, маўляў, супруга ходзіць на пратэсныя акцыі, зацятая апазыцыянэрка, прашу зьвярнуць увагу. І закруцілася кола! Потым пашкадуе, але позна.
Ці то пішуць з Расеі (іх, дарэчы, там шмат, гэтых аўтараў даносаў з неабсяжных прастораў суседняе дзяржавы): вось, маўляў, будзе ехаць празь мяжу адзін махляр на аўтамабілі «Ніва», дык зьвярніце ўвагу, бо ён хоча зьдзейсьніць крадзеж на беларускім прадпрыемстве. Міжволі думаеш: ці гэта праўда? Ці то канкурэнт (альбо малодшы калега) шчасьлівага ўладальніка «Нівы» вырашыў такім чынам вырашыць працоўны канфлікт?
Пішуць маладыя людзі. Хочуць уладкавацца ў камітэт на працу. Маўляў, маральна й фізычна ўстойлівы, характар нардычны, у ганебных сувязях не замяшаны. Такіх шукальнікаў працы таксама нямала. Беларускі пошук лепшае долі — зьвязаць жыцьцё з стабільнай (як здаецца) структурай — войскам, міліцыяй, КГБ. Зарплата, форменнае адзеньне, ільготны крэдыт, недарагое жытло. Чаму б і не?
Пішуць пэнсіянэры. Абмеркаваньні на лаўках каля пад’езду выліліся ў актыўныя дзеяньні — даслаць ліст у — не, не ў міліцыю, не ў АБХС, а ў — бяры вышэй! — эліту савецкіх, ой, цьху, прабачце, беларускіх праваахоўных структураў — сам КГБ! А што, напішам! А там ужо разьбяруцца з гэтай Дашкай зь пятага пад’езду, што адзяецца як прастытутка, з Васілём, які, хутчэй за ўсё, апазыцыянэр, бо гаворыць час ад часу па тэлефоне па-беларуску, і з маладой сям’ёю з другога пад’езду, якая так гучна слухае музыку, хаця, не, якую там музыку, нейкі дзікі роў, яшчэ і на замежнай мове!
Выпадак Яўгена Ўладзімірава
Асобна адзначу арганізатара джазавых канцэртаў Яўгена Ўладзімірава, які напісаў натуральны, у лепшых традыцыях сталінізму, данос на музыку Паўла Аракеляна, што нібыта «призывает к общенациональной забастовке». «Я давно слежу за этим лжедеятелем культуры, так называемым джазовым саксофонистом. Подрывная деятельность Аракеляна в соцсетях и ежевечерние выступления в городских дворах с целью дискредитации власти преступны!» — піша кэгэбістам пільны таварыш Уладзіміраў. Варта ацаніць гэты пазнавальны з 30-х гадоў мінулага стагоддзя стыль! Пасьля такіх допісаў у творчых адзінак калісьці не заставалася ніякіх шанцаў. Зрэшты, тыя, хто страчыў гэткія даносы, таксама кепска скончылі. Так, бадай, мусіць быць і з таварышам Уладзіміравым — джаз-клуб, гаворыце? Гэта ж чуждая нам заакеанская музыка! А вы хочаце праводзіць джазавыя канцэрты? Не па-нашаму гэта, ой, не па-нашаму! «Сегодня он іграет джаз, а завтра родіну продаст». Калі так будзе працягвацца, напішуць данос і на самога Ўладзімірава.
Мне дык цяжка зразумець гэтых стукачоў, як і тых, хто прагне ўладкавацца на працу ў камітэт. Але людзі ж розныя, у кожнага — сваё разуменьне сьвету.
Як маёр-асабіст спрабаваў схіліць да супрацы
Неяк я служыў у войску і завітаў да мяне ў майстэрню афіцэр з асобага аддзелу — маёр Кароль.
— Вось ты ж вучыўся ў такой багемнай установе, праўда? — запытаўся маёр. — Нефармалы ў вас там усялякія былі — панкі-хіпі?
— Ды не, — адказаў я, — такіх не заўважаў.
— Ну, як жа ж! Сам доўгія валасы насіў, а не заўважаў?
— Ну, дык доўгія валасы шмат хто з мастакоў носіць! Гэта каб падкрэсьліць прыналежнасьць да чароўнага сьвету выяўленчага мастацтва.
— Значыцца, не было ў вас там хіпі-панкаў-мэталістаў?
— Ну, — адказаў я, — можа, і былі, але я дык не заўважаў, усё пра мастацтва думаў.
— Ну, добра. Ты, гэта, Вольскі, прыглядайся да таго, што робіцца навакол. Калі там нейкія пазастатутныя адносіны ў казарме ці антысавеччына якая, дык сыгналізуй. Я буду цябе наведваць час ад часу. У звальненьні часта будзеш хадзіць, у адпачынак.
І вось наведваў мяне пасьля таго разу маёр Кароль і ўсё пытаўся: як там, ці не заўважыў я чагосьці падазронага? А я яму ўсё адказваў:
— Ды вось, таварыш маёр, не бываю зусім у казарме, аўрал тут у мяне, плякаты трэба маляваць і інструкцыі пісаць, зашываюся зусім. Таму нічога пра жыцьцё роты сказаць не магу.
І вось чарговым разам зайшоў да мяне ў майстэрню гэты маёр-асабіст. Быў ён, як мне падалося, не зусім цьвярозы.
— Ну, што, Вольскі, чым парадуеш?
— Ды вось, таварыш маёр, чарговы аўрал у мяне, у роце толькі на пад’ёме ды адбоі бываю, дык нічога вам ні добрага, ні кепскага сказаць не магу.
— Ведаеш што, Вольскі? Бачу я, што ні храна ты з намі ня хочаш супрацоўнічаць. Ну, глядзі! Гэта табе бокам вылезе!
Прыгразіў мне гэтак маёр Кароль і пайшоў у санчастку працягваць частавацца сьпірытусам. І да мяне болей не падыходзіў. І ніяк мне гэта ніводным бокам ня вылезла.