У краінах Эўразьвязу зарэгістраваныя 8623 кампаніі зь беларускімі каранямі. 75% фірмаў і ІП для рэлякацыі альбо адкрыцьця бізнэсу з нуля абралі Польшчу.
Асноўныя праблемы беларусаў ва ўсіх краінах — фінансавыя, а таксама легалізацыя і нястача інфармацыі, сьцьвярджаюць у бізнэс-асацыяцыі АВВА.
Толькі 24% беларускіх прадпрымальнікаў, якія зарэгістравалі бізнэс у краінах Эўразьвязу, задаволеныя падтрымкай краін, якія іх прынялі. Самая прыязная — Польшча. У краінах Балтыі ўмовы рэлякацыі, легалізацыі беларусаў істотна пагоршыліся, кажуць у бізнэс-асацыяцыі АВВА.
Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) правяла дасьледаваньне: колькі беларускага бізнэсу працуе ў Эўразьвязе; якія бізнэс-настроі ў прадпрымальнікаў; як яны абіраюць краіну для бізнэсу і якая краіна найбольш папулярная; ці карыстаюцца беларускія бізнэсоўцы дзяржаўнымі праграмамі падтрымкі бізнэсу ў краінах ЭЗ.
Было апытана 125 прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца на этапе запуску, станаўленьня ці сталасьці прадпрыемстваў на рынках ЭЗ.
На пытаньні анкеты адказвалі менавіта ўладальнікі бізнэсу (95%) — людзі пераважна ва ўзросьце да 54 гадоў, з вышэйшай адукацыяй.
Жанчын заўважна менш за мужчын, адзначылі ў АВВА.
Для 41% рэспандэнтаў бізнэс быў менавіта рэлякаваны зь Беларусі, астатнія пачалі ці пачынаюць дзейнасьць з нуля.
На 184 кампаніі менш
Паводле стану на 1 студзеня 2024 году ў краінах Эўразьвязу зарэгістраваныя 8623 кампаніі зь беларускімі бэнэфіцыярамі. Зь іх пераважная большасьць у Польшчы — 75%. 10% — у Літве, 7% — у Эстоніі, 4% — у Латвіі, і яшчэ 4% у іншых краінах.
У 2023 годзе беларусы зарэгістравалі 1761 кампанію (у 2022 годзе было 1945). У Польшчы зьявіліся 1694 новыя фірмы, 58 — у Літве, 9 — у Эстоніі.
Віцэ-прэзыдэнт АВВА Серж Наўродскі адзначае, што колькасьць кампаній цяпер расьце ня так хутка, як раней.
«2022 год быў пікавы, і асноўныя лічбы прыросту дала Польшча, як і ў папярэднія гады. Усе іншыя краіны ўжо не зьяўляюцца прывабнымі для бізнэсу. Асабліва краіны Балтыі. Умовы рэлякацыі, умовы легалізацыі пагоршыліся, адпаведна, кошты для пераезду павялічыліся.
Няма ўпэўненасьці, што бізнэс, які беларусы гатовыя зарэгістраваць, можна будзе працягваць і табе дадуць дазвол на жыхарства больш як на 3 гады. Вельмі высокія рызыкі ў краінах Балтыі. Колькасьць кампаній там зусім невялікая», — кажа Серж Наўродскі.
А вось колькі кампаній і ІП зачыніліся, пакуль невядома. Спадар Наўродскі не адмаўляе, што праблема існуе.
«Мы не падлічвалі асобна, колькі зачынілася, гэта асобная статыстыка. Гэта працэс нармальны і не зьяўляецца чымсьці адметным для беларускага бізнэсу. Не пайшло, не атрымалася, няма грошай, рынак ня той, памылкі пры стратэгіі, рэкляме — гэта бывае. Дакладнай статыстыкі няма», — кажа віцэ-прэзыдэнт АВВА. Але абяцае падлічыць.
75% кампаній і ІП абралі Польшчу
Большасьць апытаных былі вымушанымі мігрантамі, таму спачатку выбіралася краіна для хуткага пераезду, а потым там адкрываўся бізнэс, гаворыцца ў дасьледаваньні.
Асноўныя прычыны выбару краіны, паводле АВВА, такія:
- лёгкасьць легалізацыі для грамадзян Беларусі;
- падобнае мысьленьне і культура, даступны кошт жыцьця;
- прастата вядзеньня бізнэсу і геаграфічнае становішча.
Польшча выглядае нашмат больш выгадна ў параўнаньні зь іншымі краінамі: дзелавую атмасфэру тут ацанілі як прыязную 70% рэспандэнтаў, а сярод рэспандэнтаў зь іншых краін — толькі 49%.
«Але і ў Польшчы таксама скарачэньне бізнэсаў, якія рэгіструюцца. Прычына — скарацілася плынь мігрантаў. У ІТ-сфэры, лягістыцы, гандлі рэгіструецца ўсё менш кампаній», — кажа віцэ-прэзыдэнт АВВА спадар Наўродскі.
Аднак і ў Польшчы, і ў астатніх краінах значная частка апытаных бізнэсоўцаў (24%) разглядаюць магчымасьць далейшага пераносу свайго бізнэсу, дадае ён.
Падтрымкай задаволеныя толькі 24%
63% апытаных адзначылі, што атрымлівалі пэўную падтрымку з боку дзяржавы знаходжаньня (падатковыя льготы, візы, інфармацыйную падтрымку), але толькі 24% засталіся ёю задаволеныя. Значная частка апытаных выказалі нэўтральнае стаўленьне або далі ацэнку зь цяжкасьцю.
На думку Сержа Наўродскага, застаюцца дзьве асноўныя праблемы. Першая — доступ да фінансаваньня.
«Кожная другая кампанія адзначае, што хацела б мець больш грошай для разьвіцьця. Крэдыт атрымаць няпроста, асабліва калі ты маладая фірма і ня маеш крэдытнай гісторыі.
Але ёсьць адмысловыя дзяржаўныя праграмы, лякальныя праграмы ўрадаў — гэтым можна скарыстацца, трэба толькі ведаць пра іх. Можна атрымаць на старце грант на стварэньне працоўных месцаў», — кажа віцэ-прэзыдэнт.
АВВА зараз вядзе перамовы з донарамі, сярод якіх Эўракамісія. Асацыяцыя просіць, каб быў створаны адмысловы фонд для фінансаваньня беларускіх кампаній.
«Перамовы вядуцца паўтара года, і зараз мы вельмі блізкія да таго, што фонд, які будзе скіраваны на прадпрымальнікаў зь беларускім пашпартам, пачне працу ўжо ў 2024 годзе», — мяркуе спадар Наўродскі.
Другая праблема, паводле яго словаў, — доступ да рынкаў. У многіх бізнэсоўцаў мала дакладных ведаў пра лякальныя рынкі, яны сутыкаюцца з праблемай, як заняць мясцовыя нішы альбо кантактаваць з кліентамі. 41% кампаній выказвае заклапочанасьць гэтай праблемай.