«На свой вялікі зьдзіў, натрапіў днямі ажно на некалькі даволі жывых дыскусій, прысьвечаных пэрспэктывам беларускай літаратуры на Захадзе. А Ціхан Чарнякевіч нават лекцыю зьбіраецца прачытаць на гэтую трапяткую тэму. Хоць, здавалася б, якая каму справа, як іншаземцы ўспрымаюць нашыя кнігі», — піша на сваёй старонцы ў facebook пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.
Праблема хутчэй для вузкіх спэцыялістаў, а не для шырокага чытача. Наш чытач чытае па-беларуску ўсё больш ахвотна — і мае апошнім часам што пачытаць, і гэта добра.
Сам я пра такія рэчы, як заходняе ўспрыманьне нашай літаратуры, публічна выказваюся гадамі — але пераважна для заходняй аўдыторыі і па-нямецку. Выказваюся, бо пытаюцца пра гэта часта і з наіўным інтарэсам ды спагадай у не разбэшчаных цёмнай беларускай ведай вачах. Самі беларусы пра такое пытаюцца дужа рэдка. Амаль не пытаюцца, калі шчыра. Хоць так было не заўсёды. Гадоў шэсьць таму ў Менску я нават чытаў лекцыю: «Беларуская літаратура: вялікая ці малая?», дзе пачаў з сотні найлепшых кніг паводле вэрсій усялякіх таймсаў і патлумачыў, чаму там няма і ня будзе нашых аўтараў. А потым яшчэ й напісаў эсэ «Што ня так зь беларускай літаратурай?» на замову вугорскага часопіса Naput.
Рэч у тым, што прадмет дыскусій мне досыць добра знаёмы. Так палучылась… Напрыклад, мы зь Юляй на дваіх маем 20 нашых кніжак, што выйшлі ў перакладах на іншыя мовы ў розных замежных заходніх выдавецтвах. Ведаем самых розных выдаўцоў і перакладчыкаў, літаратурных агентаў, навукоўцаў-славістаў і студэнтаў, што займаюцца беларускай літаратурай, журналістаў, якія час ад часу пішуць пра беларускія кніжкі. Шмат выступаем перад замежнікамі зь перакладамі нашых кніг. Магчыма, таму нас ніколі й не запрашаюць у такія беларускія дыскусіі.
Пяць маіх кніжак выйшла ў Нямеччыне, адна — у ЗША і Вялікай Брытаніі, тры ў Польшчы, дзьве ў Францыі, адна ў Расеі… Юліны кнігі выходзілі ў ЗША, Нямеччыне, Польшчы, Швэцыі, Нідэрляндах. Сёлета і ў наступным годзе нашыя кнігі выйдуць у Нарвэгіі, Швэцыі і Польшчы. То бок мы трошкі ведаем, пра што вядзецца… І мы не гаворым тут пра посьпех, вядомасьць ці папулярнасьць — гэта штукі вельмі ўмоўныя. І наогул асобная вялікая тэма. Бо калі размова заходзіць пра посьпех, людзі схільныя блытаць мокрае зь зялёным, а лядоўню з поўняй. Усё ня так проста. Літаратура — вялізны замак з падземнымі хадамі, вежамі, тупікамі, мурамі, прывідамі, пустымі скарбніцамі і фальшывымі дзьвярмі. Без праважатага тут не разьбярэшся, хоць усім здаецца — ідзі сабе і глядзі па баках…
Большасьць тых, хто дыскутуе пра пэрспэктывы беларускай літаратуры на Захадзе, не разумеюць, як я бачу, пяці найважнейшых рэчаў. Зь якімі мы сутыкаемся проста таму, што гэта нашае штодзённае існаваньне.
Першае. Нас няма
На Захадзе практычна няма Беларусі, беларускай мовы, беларускай літаратуры па-беларуску, беларускай гісторыі, Беларусі як тэксту, зразумелага іншым і прынятага іншымі, акцэптаванага і ўпісанага ў вялікі сусьветны тэкст. Стаўленьне да беларускай літаратуры па-беларуску заўсёды такое сабе крыху падазрона-паблажлівае. Як да мовы бальбута.
Гэта трэба разумець: беларускую літаратуру зазвычай адрынаюць не чытаючы. Нават не разгортваючы кніжак і рукапісаў. Як толькі чуюць: «беларуская літаратура» — адразу ставяцца як чагосьці заведама слабога. Пераканаць людзей у адваротным вельмі цяжка. Беларуская кніжка можа быць якой заўгодна — цікавай, геніяльнай, кепскай, дзіўнай, захапляльнай, нуднай… Усё роўна. 99 адсоткаў проста ня возьме яе ў рукі, не прачытае і старонкі, бо яна беларуская, а значыць, ужо не цікавая. Таму: гонар і слава замежным энтузіястам, дасьледчыкам, перакладчыкам, якія калі-нікалі ўсё ж угаворваюць заходніх выдаўцоў зірнуць на тэкст, ацаніць і выдаць пераклад! Бо калі беларускую кніжку ўсё ж прачытаюць — часта вынікам робіцца добрае, зычлівае зьдзіўленьне: вось яно што, а мы й ня ведалі, што ў вас ёсьць цікавыя аўтары.
Асобная заўвага. Беларуская гістарычная бэлетрыстыка — у вачах заходняга чытача роўная чыстаму фэнтэзі. Аповед пра выдуманую краіну і выдуманых людзей, пра магаў і монстраў. Але фэнтэзі на Захадзе столькі, што нікому не патрэбнае яшчэ і нейкае там беларускае, з прэтэнзіяй на сур’ёзнасьць. Беларуская гістарычная проза ідзе ўразрэз з заходнім бачаньнем гісторыі. Таму пэрспэктываў тут няма.
Другое. Ахвяры і сьведкі
Сто разоў паўтараў гэта, але паўтару яшчэ раз. У заходняга кніжнага рынку ёсьць свае чаканьні. І для беларускай літаратуры існуе свая маленькая палічка — як і для іншых малых літаратураў. Беларуская літаратура цікавіць Захад толькі тады, калі пагаджаецца з адведзенай ёй рольлю. На думку заходняга чытача, крытыка і выдаўца, беларуская літаратура можа быць цікавай, толькі калі гаворыць з пазыцый ахвяраў: «мы няшчасныя, гаротныя, у нас змрок, дыктатура, беспрасьвецьце, чарнобыль, лукашэнка, другая сусьветная, акупацыя і г.д.» — або з пазыцый сьведак: «зараз мы раскажам вам, як гэта — жыць спачатку ў саўку, потым пад лукашэнкам, перажыць на сабе ўсе жахі таталітарызму, беднасьці, убоства і дыктатуры». Калі беларуская літаратура спрабуе быць нечым большым — папярэджаньнем, думкай, рэфлексіяй, чыстым мастацтвам, філязофіяй, усім тым, чым спакойна можа быць любая вялікая літаратура — нам кажуць: стоп. Не замахвайцеся на гэта, гэта наш прывілей. Адкуль вам ведаць штосьці пра сьвет? Як вы маглі падумаць, што маеце права быць кімсьці іншым, акрамя ахвяраў і сьведак? Успомніце, адкуль вы вылезьлі, зь якой дупы — і падумайце, ці можаце вы нас нечаму вучыць. Спачатку ў сябе парадак навядзіце.
Трэцяе. Перакладчыкі
Я тут пішу выключна пра беларускамоўную літаратуру. Бо літаратура па-расейску, якая называе сябе беларускай — гэта зусім іншая зьява. Перакладчыкаў з расейскай процьма. Нікому ня трэба тлумачыць, што такое імпэрская Расея, яе культура, гісторыя, яе мова, яе літаратура. Можна проста ўпісаць беларускую расейскамоўную літаратуру ў расейскі, савецкі і постсавецкі кантэкст — і тады пэрспэктывы быць пабачанымі і прачытанымі ў беларускуай літаратуры ёсьць, і неблагія.
Вось толькі што рабіць у такой сытуацыі беларускамоўным аўтарам?
Варта разумець — на Захадзе страшна баяцца нацыяналізму. Беларуская літаратура па-беларуску ўспрымаецца почасту менавіта як нацыяналістычная літаратура. Можа, у твар такое вам і ня скажуць. Але падумаюць. І падумаюць вось што: «Замест таго, каб пісаць на сваёй маленькай мове, якой у іхнай краіне ніхто асабліва і не гаворыць, пісалі б па-расейску — і былі б прызнанымі і зразумелымі. І замест таго, каб пісаць пра сваё па-беларуску — не адмаўляліся б ад расейскага і савецкага, бо яно яснае, зразумелае і яго можна прадаць! А ваша Беларусь як Эўропа — ну гэта ж нават гучыць сьмешна… Ну якая Эўропа? Беларусь — маленькая Расея, і так мы яе бачым, і такой яна цікавая, а ўсё, што супярэчыць гэткай элегантнай схеме — наіўны нацыяналізм і дзіцячыя патугі дагнаць наш хуткасны эўрапейскі цягнік».
Чацьвертае
І тут ужо трэба трохі сказаць пра віну самой беларускай літаратуры. Часьцяком, калі ня ў большасьці выпадкаў, нудна-традыцыйная і ваяўніча-традыцыяналісцкая, дэмастратыўна закрытая ад заходніх уплываў, кансэрватыўная і нацыяналістычная ў адмоўным сэнсе слова, ксэнафобская і саўковая, яна ў многіх сваіх праявах не жадае ні вучыцца ў Захаду, ні рабіць адкрыцьці, ні кантактаваць са сьветам. Дурная манія велічы, літаратурнае чучхэ — вось што ўласьціва беларускай літаратуры. «Мы самі па сабе, нам усё гэтае ня трэба, яно чужое, а мы вялікія і лепш за ўсіх усё ведаем, бо ў нас ёсьць Шамякін і Дунін-Марцінкевіч». З такім крэда нікуды не даедзеш. Вялікія нацыянальныя паэты, нікому не вядомыя на Захадзе Купала і Колас, ператвораныя ў іконы, і з гэтымі іконамі і з бальшавіцкім сьцягам саўковай літаратуры, з гордасьцю за створаны сталіным «творчы саюз», ня ведаючы моваў, не цікавячыся, што робіцца ў заходнім кніжным сьвеце, верачы ў сваю выключнасьць, старыя беларускія пісьменьнікі зь недарэчнай усьмешкай выходзяць у вялікі сьвет і крыўдуюць: а дзе мы? Дзе нашыя пэрспэктывы, дзе прызнаньне? Мы заслужылі! Чаму нас ніхто ня бачыць?
Пятае
Буйныя заходнія выдавецвы — гэта камэрцыя, гэта капіталістычныя прадпрыемствы. Якія хочуць найперш грошай. І калі кніжку ніхто нават не зьбіраецца чытаць, бо не зьбіраецца й разгортваць, яе не прадасі. Таму беларускія кніжкі па-беларуску выходзяць, маюць адносны посьпех у вузкіх колах і, спадзяюся, будуць выходзіць і далей, у выдавецтвах малых і незалежных — там, дзе грошы, на шчасьце, вырашаюць ня ўсё. Там, дзе працуюць выдаўцы, якім цікавая найперш наша літаратура і наша культура і якія любяць кнігу, слова, думку, стыль — а не мільённыя наклады. І гэта для заходняга рынку абсалютна нармальна. Ёсьць агромністыя выдавецтвы, ёсьць меншыя, ёсьць зусім малыя — і ў кожнага свая аўдыторыя, свая ніша, свае посьпехі і свае арыентыры. Галоўнае — што ўсё не гэта выключае пераходу, кантакту, ўзаемапранікненьня і пэрспэктываў большай бачнасьці і чытанасьці.
І зноў жа: гонар і слава ўсім тым немцам, ангельцам, палякам, французам, літоўцам, нідэрляндцам, швэдам, нарвэжцам, амэрыканцам, шатляндцам, якія проста зь цікавасьці да нашай літаратуры, ня маючы асаблівай выгады для сябе, спрабуюць зацікавіць заходніх выдаўцоў беларускай літаратурай, гонар і слава перакладчыкам, дзякуючы якім кнігі беларускіх аўтараў выходзяць, чытаюцца, абмяркоўваюцца, прэзэнтуюцца — жывуць.
Увогуле, карціна невясёлая. Але цяпер пра суцяшэньне і надзеі. Ня ведаю, ці суцешыць гэта… На шчасьце ці на жаль, мы такія не адны. У сьвеце вельмі шмат малых літаратураў з пэрспэктывамі яшчэ больш сьціплымі. У нас яшчэ ўсё ня так кепска. Беларуская літаратура ў перакладах зь беларускай на Захадзе ёсьць. Яе мала — але робіцца ўсё больш.
Пра ўсё гэта я пішу ў новай кніжцы Вельмі Кароткай Прозы, што, спадзяюся, выйдзе сёлета.
Дык што рабіць, калі так хочацца ўпісацца, быць як усе, быць пасьпяховымі?
Можна пачаць пісаць на замежных мовах. Праўда, канкурэнцыя будзе дзікая. А пісаць на іншай мове так, як на роднай, наўрад ці атрымаецца. Гэта сьвядомая адмова ад складанасьці і стылю. Не кажу — здрада. Бо галоўнае — як, а не на якой мове. І ўсё ж гэта адмова. Ад сябе на карысьць бачнасьці. Зрэшты, абсалютная большасьць беларускіх аўтараў беларускую мову вывучыла, а не засвоіла ў дзяцінстве. Чаму б ня вывучыць яшчэ адну? Дзьве? Тры?
Можна пісаць па-расейску. Як я ўжо сказаў, гэта зусім іншыя пэрспэктывы і іншае стаўленьне. Зусім іншае ўспрыманьне. Нашмат больш зычлівае, з палёгкай і пазнаваньнем.
Я тут напісаў пра палічкі, што падрыхтаваныя для беларускай літаратуры на Захадзе. Пра ахвяраў і сьведак. Я гадамі б’юся галавой у гэтую сьцяну. І часам здаецца, яна крыху паддаецца. І гэта тое, што я хачу зьдзейсьніць зь нямецкім перакладам «Сабакаў Эўропы» — прымусіць паставіцца да мяне і маёй кнігі ня як да дзікуна з убогай краіны, а як да эўрапейскага беларускага аўтара, якому ёсьць што сказаць і краіна і мова якога ня горшыя за ўсе іншыя.
Так, можна рабіць як мы зь Юляй Цімафеевай. Працягваць пісаць на гэтай малой мове. Упарта і з годнасьцю. Рабіць гэтую літаратуру па-беларуску. Пісаць іншую беларускую літаратуру — не самую вялікую, а адну з мноства літаратураў сьвету. Вучыцца ў іншых, уважліва чытаць і слухаць, старацца быць адкрытымі, пісаць пра сваё, не адрынаючы чужое. Не даваць ім засунуць цябе на палічку, у нішу, у яміну для «гаротных-няшчасных». Не даваць ім прадаваць цябе як «крывавую рану».
Адчуваць сябе заўсёды ў падарожжы. Гаварыць на іншых мовах, тлумачыць, пытацца, спрабаваць зразумець: дзе мы, у якім сьвеце? Што ён хоча нам сказаць? Падарожжа заўсёды рыхтуе неспадзяванкі. Часам прыемныя, часам не. Але самае нуднае — стаяць на адным месцы і чакаць, пакуль да цябе прыйдуць і кінуцца ў ногі. Ня кінуцца. Працуй. Пішы. Не давай сябе ў крыўду і не пагарджай іншымі. І галоўнае — bu samoje.