Прапаноўваем прагуляцца па беларускіх мясцінах разам са славутым фотамайстрам Янам Булгакам (1876–1960), ураджэнцам Навагрудчыны. Гэта шанц убачыць і папулярныя сёння турыстычныя аб’екты, і ўнікальныя незахаваныя пабудовы такімі, якімі яны выглядалі амаль стагоддзе таму. Выдатна выкананыя пейзажныя і панарамныя чорна-белыя кампазіцыі фотамайстра «ажывілі» і расфарбавалі пры дапамозе нейрасетак. Паглядзіце, што атрымалася.
Па здымках і фотаальбомах Яна Булгака можна вывучаць Беларусь — ад папулярных сёння ў наведвальнікаў Навагрудка, Міра, Нясвіжа да не менш прывабных гарадоў Палесся ці Нарачанскага краю.
Мабыць, найлепшая (і ў нейкім сэнсе — выніковая) работа жыцця фотамайстра — серыя «Літва ў фотаздымках Яна Булгака» амаль цалкам выкананая на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Фотаматэрыялаў набралася ажно на шэсць тамоў. У «Віленскім штогодніку», «Ілюстраваным штогодніку», у часопісе «Варшаўскі фатограф» было надрукавана 270 здымкаў.
Пачнем наш маршрут з найбольш папулярных турыстычных лакацый.
Мірскі замак
Дарэчы, Ян Булгак быў не толькі таленавітым фатографам, ён меў і добры літаратурны талент. Чаго толькі каштуе аўтарскі тэкст пра Мір і Мірскі замак, які ў перакладзе з польскай Валерыя Вядрэнкі быў у свой час размешчаны ў часопісе «Мастацтва» (2010, № 3). Вось толькі невялічкі фрагмент «Перад намі — мястэчка Мір, а гэта значыць — маса бярвення, цэглы, дахаў, габрэяў і балотаў. І над гэтай звалкай гніючага дрэва паступова вырастае замак, што задуменна падпірае неба пяццю стройнымі вежамі — відовішча дзіўнае для навакольнага пейзажу, шэрага і пустога. Нібы дух Сярэднявечча, ператвораны ў камень, ён раптам узнік сярод колавароту сучаснага свету ўражлівым відовішчам. Нібы рыцар у сталёвых латах апынуўся ў цэнтры бясколернага і гаманлівага кірмашовага балагана і задуменна застыў, кантрастуючы сваёй моцай з навакольнай недарэчнай мітуснёй».
Нясвіж і Нясвіжскі палац Радзівілаў
Як і сённяшнія фотамайстры, Ян Булгак аддаў шмат увагі знакамітаму гораду, дарагой пярліне ў каралях Радзівілаўскіх уладанняў. Давайце паглядзім на некалькі здымкаў, што перадаюць дух мястэчка і былы магнацкі шык.
Навагрудак і Навагрудчына
Зразумела, фатограф ніяк не мог абмінуць сваю родную Навагрудчыну — Ян Булгак нарадзіўся ў ваколіцах Асташына.
Міншчына Булгака
Сям’я Булгака пражывала ў сядзібе Пярэсека (цяпер — у Міханавіцкім сельсавеце Мінскага раёна) з 1901 па 1917 гг. І фотамайстра не мог не зафіксаваць хараство гэтых мясцін.
Верагодна, сядзібны дом у Пярэсецы пабудаваны ў другой палове ХІХ ст. З боку ўезднай часткі аднапавярховую пабудову сядзібы са сціпла прафіліяванымі вокнамі падкрэсліваў порцік з трыма востраканцовымі аркадамі і прыгожая алея. Дом меў прыгожы чарапічны вальмавы дах. Будынак не захаваўся, а на месцы старых сядзібных дрэў выраслі новыя, але трасу ўздоўж уязной дарогі ў сядзібу можна прасачыць — алея складалася як-бы з трох частак (па відах дрэў): грабы; клёны; ліпы, а сядзібны дом абкружалі бярозы.
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх, прадстаўнікі якіх у канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. адыгралі значную ролю ў мадэрнізацыі і «урбанізацыі» губернскага Мінска, таксама не пазбег аб’ектыва фотакамеры майстра.
Русінавічы на Міншчыне, сядзіба Уніхоўскіх з Навагрудчыны — адзін з прыкладаў захаванасці «панскай спадчыны» за савецкім часам. Януш, перадапошні ўладальнік маёнтка, парадніўшыся з кампазітарам Міхалам Ельскім, быў слынным і зацятым калекцыянерам. Асабліва шыкоўным лічыўся збор зброі і рыштунку. Кажуць, Уніхоўскі пагадзіўся аддаць скрыпку Страдывары з уласнай калекцыі, каб толькі прыдбаць нейкі даспех эпохі Максіміліяна!
Па краявіды Палесся
Не магло вока фотамастака не зачапіцца за непаўторнае, а часам і першабытнае хараство палескіх абшараў, не змог пакінуць Ян Булгак па-за ўвагай і палескую пярліну — горад Пінск.
Замілаваны хараством мястэчак
Бадай што ніхто ні да Яна Булгака, ні нават пасля яго не змог так пранікнёна і проста, і ў той жа час — так па-мастацку ўзвышана і душэўна адлюстраваць жыццё, побыт і лёс «тутэйшых» невялічкіх гарадкоў і мястэчак — гэтай незабыўнай атмасферы ўжо не адчуць і не заўважыць у большасці «аграгарадкоў», «пасёлкаў гарадскога тыпу» і раённых цэнтрах. Вось для прыкладу некалькі цудоўных, «цёплых і лямпавых» работ фотамайстры, якія аніяк не сапсавалі сучасныя тэхналогіі.
Майстар перадачы фактуры
Дрэва і цэгла… Ну, а там, дзе магчыма — каменне… Здаецца, Ян Булгак меў талент зазіраць праз вочка аб’ектыва ў «прыроду рэчаў» — настолькі тонка, амаль фізічна адчувальна ён мог перадаць фактуру, будаўнічы матэрыял сфатаграфаванага архітэктурнага аб’екта. Адкаларызаваныя здымкі, здаецца, толькі падкрэсліваюць магутнасць гэтага фотаталенту: падобна, яшчэ імгненне, і вось ужо не вокам, а далонню адчуеш шурпатасць і чырвань цаглянай кладкі, моц каменных старадаўніх падмуркаў, гладкасць старанна пагабляванай ліпавай дошкі…
Зачараваны прыродаю
Яну Булгаку ўдаваліся не толькі вяскова-местачковыя ці урбаністычныя пейзажы. Сапраўдны майстра — майстра ў любым жанры. Асабліва, калі ў вочка камеры трапляюць душэўныя, шчымлівыя, натхняльныя краявіды роднага краю.
Захавальнік знішчанай спадчыны
Так, Яну Булгаку выпаў лёс стаць своеасаблівым захавальнікам «панскай» спадчыны, непатрэбнай прышлым на нашыя землі бальшавікам. Падобна Напалеону Ордзе, толькі з фотакамерай замест паперы і алоўка, Булгак упарта занатоўваў усю тую спадчынную веліч і прыгажосць, што яшчэ заставалася цэлай на пакутлівай зямлі Літвы-Беларусі — сядзібы і паркі, маёнткі і гасцінцы, храмы і прыроду… Дзякуючы сваёй неўтаймаванасці і вялікай любові да Радзімы Булгак пакінуў нам вельмі каштоўныя артэфакты. Часам — проста ўнікальны матэрыял, адзіная выяўленчая крыніца…
Сапегі праз шлюб з Палубінскімі ад канца XVII ст. валодалі маёнткам на Зэльвеншчыне. У сядзібных будынках захоўваўся архіў Сапегаў, бібліятэка, калекцыйныя зборы жывапісу і скульптуры. Праз удзел у паўстанні 1861 г. яго ўладальніка, Яўстаха-Каэтана, маёнтак быў канфіскаваны і адданы ў рукі расійскіх чыноўнікаў, якія адразу заняліся разрабаваннем унікальных калекцый і збораў — лічбы вывезеных каштоўнасцей складаюць тамы вопісаў і тысячы найменняў. Палац перажыў Першую сусветную і бальшавісцка-польскую войны, але прыйшоў у моцны заняпад — настолькі моцны, што ўжо да пачатку наступнай вайны ад муроў і падмуркаў амаль нічога не засталося.
Сядзібны дом праіснаваў да Другой сусветнай вайны. Асноўную частку складаў драўляны аднапавярховы будынак з двума сіметрычнымі ганкамі. У сярэдзіне ХІХ ст. адзін з уладальнікаў кінуўся было перабудоўваць сядзібу, але справа далей новага флігелю не пайшла. У адным з пакояў падчас паўстання 1861 г. хаваўся Рамуальд Траўгут, так што гэтае памяшканне стала называцца «траўгутавым».
І хаця часам, ведаючы будучы лёс аб’ектаў (ды й краіны) на здымках, немагчыма разглядаць работы Яна Булгака без скрухі і адчаю, аднак вялікі талент фотамайстра пакідае і ў душы штосьці незаўважна-светлае, аптымістычнае, матывацыйнае… А што гэта за адчуванне і на які шлях яно выводзіць — хай кожны сфармулюе сабе сам…
Усе фота ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц, лічбавая апрацоўка праведзена пры дапамозе даступных анлайн-сэрвісаў, у тым ліку рэсурсу myheritage.com.