Бюджэт 6 мільёнаў эўра, штат 50 супрацоўнікаў. Прэзэнтавалі праект Нацыянальнага дасьледчага ўнівэрсытэту

Павал Церашковіч, Аліна Коўшык, Павал Баркоўскі, Андрэй Радаман

У якой канкрэтна краіне, пакуль невядома. Ва ўнівэрсытэце ня будзе бакаляўрыяту, толькі магістратура і дактарантура. Ідэя стварэньня БНДУ належыць беларускім навукоўцам-гуманітарыям, якія апынуліся ў выгнаньні.

У варшаўскім стартап-хабе «Імагуру» 29 траўня прадставілі Канцэпцыю стварэньня Беларускага нацыянальнага дасьледчага ўнівэрсытэту.

Гэта ня першая спроба стварыць менавіта нацыянальны беларускі ўнівэрсытэт. Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ), які пачаў працаваць у Беларусі ў 1992 годзе, у 2004-м апынуўся ў Вільні ў выгнаньні, дзе працуе і дагэтуль.

Грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы» (ТБМ) доўга працавала і ў сакавіку 2018 году юрыдычна зарэгістравала «Ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча». Але пачаць працу ён не пасьпеў. 1 жніўня 2021 году той унівэрсытэт спыніў існаваньне, так і не распачаўшы прыём студэнтаў.

Базавыя мовы — беларуская і ангельская

Паводле аўтараў праекту, базавымі мовамі навучаньня і дасьледаваньняў ва ўстанове будуць беларуская і ангельская мовы. Беларуская будзе мовай справаводзтва, яна будзе дамінаваць у публічнай камунікацыі, запэўніваюць ініцыятары.

«Місія ўнівэрсытэту — стварэньне вольнай прасторы для разьвіцьця крытычнага мысьленьня, якое не было б абмежаванае палітычнымі, эканамічнымі межамі», — кажа прафэсар Павал Церашковіч.

Галоўны акцэнт будзе рабіцца менавіта на дасьледчыцкую працу, падкрэсьлівае Церашковіч.

Гісторыя, адукалёгія, філязофія, антрапалёгія, міжнародныя дачыненьні

Мяркуецца, што будзе створана 5 асноўных дасьледчых цэнтраў, якія прэзэнтаваў філёзаф Павал Баркоўскі.

  • Цэнтар гістарычных дасьледаваньняў (Андрэй Радаман);
  • Цэнтар або Дэпартамэнт адукалёгіі (Марына Сакалова, Сьвятлана Мацкевіч);
  • Цэнтар філязофскіх дасьледаваньняў (Павал Баркоўскі, Вольга Шпарага);
  • Цэнтар антрапалягічных дасьледаваньняў (Павал Церашковіч);
  • Цэнтар дасьледаваньняў міжнародных зносін (Віктар Шадурскі, Роза Турарбекава).
  • Таксама ў пэрспэктыве будуць створаныя яшчэ 3 структуры:
  • Інстытут сацыялёгіі і Цэнтар эмпірычных дасьледаваньняў (Генадзь Коршунаў і Андрэй Вардамацкі);
  • Беларускі інстытут публічнай гісторыі (Ігар Станкевіч і Аляксей Ластоўскі);
  • Інстытут беларускай мовы (Лілея Плыгаўка).

У больш аддаленых плянах — стварэньне Цэнтру міжнароднага права і Цэнтру кагнітыўных і кампутарных навук.

Два мільёны эўра на год

Папярэдні бюджэт праекту — 2 мільёны эўра ў год, адпаведна, 6 мільёнаў эўра на 3 гады (без уліку дадатковага бюджэту аўтаномных адзінак).

Мяркуецца, што адбудзецца працаўладкаваньне каля 50 чалавек (35 навуковых супрацоўнікаў, 11 чалавек — адміністрацыйны і дапаможны пэрсанал. Плюс рэктар і 8 структурных адзінак на дэпартамэнты).

Папярэдняя структура напаўненьня бюджэту:

  • Грантавыя праграмы;
  • Данаты і фонд разьвіцьця;
  • Індывідуальныя і інстытуцыйныя міжнародныя дасьледчыя гранты;
  • Платныя паслугі.

Ініцыятары сьцьвярджаюць, што прадстаўнікі беларускага бізнэсу таксама гатовыя ўкласьціся ў фінансаваньне Беларускага нацыянальнага дасьледчага ўнівэрсытэту.

Дзе? Пакуль невядома

Рэгістрацыя і акрэдытацыя ўнівэрсытэту ў адной з краінаў Эўразьвязу заплянаваная на 2025–2026 гады. Мяркуецца, што адбудуцца камунікацыі з палітыкамі і профільнымі міністэрствамі наступных краін Эўразьвязу: Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Чэхіі, Эстоніі.

«Увесь спадзеў на эўрапейскую супольнасьць», — кажа гісторык Андрэй Радаман. Ён расказвае пра 10 праектаў, якія ўжо рэалізуюцца фактычна на энтузіязме навукоўцаў-гісторыкаў..

Пакуль невядома, якая краіна пагодзіцца прыняць Беларускі нацыянальны дасьледчы ўнівэрсытэт. Прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык кажа, што гэтае пытаньне пакуль адкрытае.

«Гэтае пытаньне не такое простае. Заснаваць вышэйшую школу — гэта ў Польшчы зрабіць даволі лёгка, а адкрыць унівэрсытэт — цяжка. Патрэбен адпаведны закон. Можа, гэта атрымаецца ў Нямеччыне. Можа, у Швэцыі. Будзем іншыя варыянты разглядаць — хто нас пагодзіцца прыняць», — кажа прадстаўніца АПК у нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык.

svaboda.org