7.694 спробы пранікнення нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі спынілі ў траўні 2024 года суседнія краіны Еўрасаюза. Гэта на 21,6% больш, чым у красавіку (6.327), і на 63% больш, чым у траўні 2023 года (4.719), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак іх памежных служб.
Польшча прадухіліла 7.117 спроб незаконнага перасячэння мяжы (+30,3% да красавіка, +140,5% да траўня 2023 года), Латвія — 543 (-33,8%, -64,9%), Літва — 34 (-27,7%, -83,9%).
Сёлета за пяць месяцаў суседнія краіны ЕС папярэдзілі 18.813 спроб нелегальнага пранікнення з беларускай тэрыторыі (+21,2% да аналагічнага леташняга перыяду).