У італьянскім Бары адкрылі барэльеф у памяць Боны Сфорцы. Расказваем пра легендарную каралеву, жыццё якой нагадвае авантурны раман

Барэльеф у памяць Боны Сфорцы, адкрыты ў Бары 7 кастрычніка 2026 г. Фота: Robertas Dačkus/ Фота канцэлярыі прэзідэнта Літоўкай Рэспублікі

7 кастрычніка ў італьянскім горадзе Бары ў Швабскім замку адкрылі бронзавы барэльеф, прысвечаны Боне Сфорцы. Яго аўтар — літоўскі скульптар Ёнас Генцавічус. Выбар месца невыпадковы. Менавіта ў Бары прайшлі дзяцінства і юнацтва жанчыны, якой наканавана было стаць адной з самых уплывовых каралеў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства.

Усталяванне памятнага барэльефа адбылося па ініцыятыве прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы ў супрацоўніцтве з Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Італіі, Палацам вялікіх князёў літоўскіх у Вільні і Швабскім замкам у Бары. Падчас мерапрыемства таксама падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж музеямі дзвюх краін.

Гравюра Боны Сфорцы 1517 года, на падставе якой створаны памятны барэльеф. Фота з Вікіпедыі

Легендарная каралева

Бона Сфорца — постаць, вакол якой за стагоддзі назапасілася столькі легендаў, што часам яны амаль цалкам засланяюць рэальнага чалавека. Пра яе пішуць гістарычныя даследаванні і мастацкія кнігі, здымаюць фільмы, а яе імя дагэтуль выклікае цікавасць не толькі ў гісторыкаў, але і ў аматараў мінуўшчыны, асабліва яе найбольш драматычных і пікантных старонак.

Бона Сфорца. Партрэт мастака Лукаса Кранаха Малодшага, каля 1556 года. Фота з Вікіпедыі

Менавіта з Бонай звязваюць змрочныя гісторыі пра атручванне нявестак, маладых каханкаў, нібыта асабісты «гарэм» з афіцэраў і нават ванны з крыві нявінніц. Праўда, надзейных гістарычных сведчанняў, якія маглі б пацвердзіць гэтыя сюжэты, няма. Затое ёсць нешта значна цікавейшае — рэальная біяграфія жанчыны, жыццё якой і без легендаў нагадвае авантурны раман.

Бары — горад дзяцінства і фармавання характару і густу

Бона Сфорца нарадзілася ў лютым 1494 года і была трэцім дзіцем міланскага герцага Джавані Галеаца Сфорцы і Ізабэлы Арагонскай. Яе бацька памёр пры загадкавых абставінах, калі яму было ўсяго 25 гадоў, — за некалькі месяцаў да нараджэння дачкі. Пасля яго смерці Ізабэла разам з дзецьмі была вымушана пакінуць Мілан і перабрацца ў свае ўладанні на поўдні Італіі.

Так Бары стаў горадам дзяцінства Боны і месцам, дзе фармаваліся яе характар і густ. І, магчыма, гэта быў адзін з галоўных падарункаў, які мог зрабіць ёй лёс. Бо Бона Сфорца расла не ў атмасферы застылага сярэднявечнага двара, дзе ўсё падпарадкоўвалася традыцыі, а ў свеце італьянскага Рэнесансу — культуры, якая ставіла ў цэнтр чалавека, веды, здольнасць мысліць, ствараць і пераўтвараць навакольную рэальнасць.

Бона атрымала адукацыю, цалкам адпаведную свайму паходжанню і амбіцыям. Яна вывучала права, геаграфію, лацінскую мову, тэалогію, філасофію і матэматыку. Таму, нават страціўшы значную частку палітычнага ўплыву сваёй сям’і, яна заставалася адной з найбольш адукаваных і прывабных нявест Еўропы.

Паваротны момант

У 1518 годзе яе жыццё зрабіла чарговы круты паварот, калі 18 красавіка Бона выйшла замуж за польскага караля Жыгімонта I Старога. Для яго гэта быў другі шлюб. Каралю ўжо быў 51 год, у той час як ягонай нявесце не так даўно споўнілася толькі 24 гады. Жыгімонт сам быў прыхільнікам рэнесанснай культуры, таму з’яўленне пры польскім двары маладой італьянскай прынцэсы выглядала цалкам заканамерна.

Жыгімонт I (1511–1518). Карціна Ганса Кульмбаха. Выява з Вікіпедыі

Аднак для маці Боны, Ізабэлы Арагонскай, гэты шлюб меў не толькі сямейнае, але і палітычнае значэнне. Ён адкрываў магчымасць вярнуць сям’і хаця б частку страчанага ўплыву.

Бона прыехала ў Кракаў не адна. Разам з ёй з Італіі адправіліся каля трохсот чалавек — прыдворных, слуг, кухараў, рамеснікаў і іншых людзей, якія павінны былі стварыць вакол каралевы звыклае для яе асяроддзе. Падарожжа заняло каля трох месяцаў, але яго вынікі адчуваліся значна даўжэй. Бо Бона прывезла з сабой не толькі асабістыя рэчы, але таксама і новую культуру.

Пры каралеўскім двары пачалі замацоўвацца новыя кулінарныя і побытавыя звычкі, змянялася культура застолляў, пашыралася выкарыстанне відэльцаў. Італьянскія густы, манеры і эстэтычныя ўяўленні паступова пранікалі ў асяроддзе польскай і літоўскай знаці. У гэтым сэнсе Бону можна назваць своеасаблівай амбасадоркай Рэнесансу. Але значна важнейшым аказаўся іншы яе «імпарт» — палітычны.

Палітычны ўплыў Боны

Бона была прыгожай, адукаванай, энергічнай і вельмі амбітнай жанчынай. Яна не збіралася задавальняцца роляй каралевы, якая толькі ўпрыгожвае двор. Яна хацела ўплываць на рашэнні, кіраваць маёнткамі, кантраляваць фінансы і, галоўнае, вызначаць будучыню дынастыі.

Бона Сфорца ў маладосці. Фота з Вікіпедыі

У яе палітычным светапоглядзе не было вялікай сімпатыі да шляхецкіх вольнасцяў. Бона прызвычаілася да іншай Еўропы — той, дзе манарх імкнуўся ўмацоўваць цэнтральную ўладу, а дынастыя была асновай дзяржаўнай стабільнасці. Для польска-літоўскай палітычнай сістэмы, дзе шляхта заўсёды адстойвала права выбіраць манарха і абмяжоўваць яго паўнамоцтвы, такія погляды выглядалі амаль правакацыйна.

Бона хацела іншага. Яна імкнулася стварыць моцную дынастычную дзяржаву, у якой карона перадавалася б ад бацькі да сына, а не паводле выбару знаці. І ў гэтым кірунку ёй удалося зрабіць даволі шмат. Яшчэ ў дзяцінстве яе старэйшы сын Жыгімонт Аўгуст быў абвешчаны вялікім князем літоўскім і каранаваны як будучы польскі ўладар. Такім чынам Бона атрымлівала тое, чаго хацела: гарантыю дынастычнай пераемнасці.

Яна таксама актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі яго першага шлюбу з Елізаветай Габсбург, дачкой імператара Фердынанда I. Аднак менавіта Габсбургі паступова сталі адным з галоўных геапалітычных супернікаў Боны.

Каралева добра арыентавалася ў еўрапейскай палітыцы і таму разумела, што для стрымлівання ўплываў Габсбургаў, трэба шукаць ім розныя супрацьвагі. Таму яна імкнулася ўмацаваць сувязі з Францыяй, і нават разглядала магчымасць больш спакойных адносінаў з Асманскай імперыяй — дзяржавай, якую большасць хрысціянскіх манархаў Еўропы ўспрымала як галоўную знешнюю пагрозу.

У гэтым, відаць, была сапраўдная «палітычная» Бона: прагматычная, здольная да аналізу і разліку, гатовая гуляць на вялікай еўрапейскай дошцы.

Галоўная супярэчнасць Боны

Аднак дзейнасць Боны Сфорцы не абмяжоўвалася толькі дваровай палітыкай. Яна вельмі добра разумела простую рэч: моц дзяржавы пачынаецца з яе гаспадаркі. Таму яна падтрымлівала развіццё гандлю, будаўніцтва дарог і мастоў, асваенне новых земляў, развіццё земляробства і меліярацыі.

Пры ёй у многіх беларускіх гарадах адбываліся прыкметныя змены. Пашыралася рэгулярная планіроўка вуліц, развіваліся рамёствы і гандаль, узводзіліся новыя рэзідэнцыі, удасканальвалася гаспадарчая інфраструктура Гародні, Пінска, Кобрына, Рагачова, Моталя. Разам з эканамічнымі пераўтварэннямі адбываўся і культурны ўздым гэтых гарадоў, а некаторыя сляды гэтай дзейнасці захаваліся і да нашых дзён.

У гэтым уласна і заключаецца адна з галоўных супярэчнасцяў Боны Сфорцы. Яна магла быць вельмі жорсткай у палітыцы, але адначасова займалася рэчамі, вынікі якіх людзі адчувалі ў паўсядзённым жыцці. То бок яна думала не толькі пра ўладу, але і пра грошы, зямлю, гандаль, дарогі, ваду і сельскую гаспадарку. Пры гэтым яе сямейныя амбіцыі былі не меншымі за дзяржаўныя.

Сямейныя амбіцыі і галоўная параза

У шлюбе з Жыгімонтам І Старым Бона нарадзіла шасцёра дзяцей. Чатыры дачкі ў выніку зрабілі вельмі выгадныя дынастычныя шлюбы: Ізабэла стала каралевай Венгрыі, Кацярына — каралевай Швецыі, Соф’я — вялікай герцагіняй Браўншвейг-Вольфенбютэльскай, а Ганна — жонкай будучага ўладара Польшчы і Літвы Стэфана Баторыя.

Калі паглядзець на гэтую сямейную сетку шырэй, становіцца зразумела, чаму Бона магла марыць пра палітычны ўплыў далёка за межамі ўласнай дзяржавы. Але менавіта тут яе і чакала самая вялікая параза. Бо пасля смерці Жыгімонта Старога ў 1548 годзе Жыгімонт Аўгуст стаў ужо паўнавартасным уладаром. І амбітны сын вельмі хутка перастаў быць паслухмяным інструментам у руках сваёй амбітнай маці.

Асабліва вострым канфлікт стаў пасля яго таемнага шлюбу з Барбарай Радзівіл.

Жыгімонт Аўгуст ажаніўся з Барбарай па каханні, насуперак жаданню маці і часткі польскай палітычнай эліты. Для Боны гэты шлюб быў непажаданым адразу па некалькіх прычынах. Яна не хацела ўзмацнення Радзівілаў і не прымала жанчыну, якая магла стаць для яе сына галоўнай палітычнай і асабістай фігурай.

Да таго ж Барбара паходзіла са знатнага літоўскага роду, які імкнуўся да захавання незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага, а польскія магнаты лічылі яе паходжанне недастаткова высокім для статусу каралевы. Жыгімонт Аўгуст аднак адмовіўся адступаць і ў 1550 годзе ён насуперак маці і Сейму каранаваў Барбару.

Жыгімонт Аўгуст з Барбарай у Радзівілаўскім палацы ў Вільні. Карціна Яна Матэйкі. Фота з Вікіпедыі

Праз пяць месяцаў новая каралева раптоўна памерла. Менавіта тут і нарадзілася адна з самых вядомых легендаў пра Бону Сфорцу. Яе абвінавацілі ў тым, што яна загадала атруціць нявестку. Пачаліся размовы пра знакамітыя італьянскія яды, якімі труцілі ў той час сваіх апанентаў. З’явілася нават легенда пра атручаны яблык, палову якога нібыта з’ела сама Бона, а другую, атручаную, дала Барбары.

Праўда, гэта не болей чым байка. Бо надзейных доказаў таго, што Бона Сфорца мела дачыненне да смерці Барбары, няма. А сучасныя даследаванні звязваюць заўчасную смерць маладой каралевы найперш з цяжкай хваробай, у тым ліку разглядаецца версія анкалагічнага захворвання. Аднак Жыгімонт Аўгуст у віну маці верыў, таму пасля смерці Барбары паміж маці і сынам пачаліся істотныя рознагалоссі.

Вяртанне ў Бары

У выніку ў 1556 годзе Бона Сфорца вырашыла пакінуць Кракаў і вярнуцца ў сваё роднае герцагства Бары, дзе прайшла яе маладосць. Праўда, ёй спачатку давялося афіцыйна адмовіцца ад усёй маёмасці, якой яна валодала на момант ад’езду ў Італію. Аднак хітрая каралева змагла выехаць з вялікім капіталам, які дазволіў бы ёй абсалютна спакойна і ў поўным камфорце пражыць у Бары рэшту сваіх дзён.

Але амбіцыі не дазвалялі скласці рукі, таму, ужо жывучы ў Італіі, каралева Бона стала крэдыторкай іспанскага караля Філіпа II Габсбурга, які цягам жыцця імкнуўся павялічыць тэрыторыі Іспаніі і зрабіць падуладную яму краіну магутнай. Але гэтыя захады не заўсёды былі прадуманымі і паспяховымі, таму ў выніку Іспанія аказалася ў галечы. Крэдыторы патрабавалі свайго, а іспанскаму каралю не было банальна чым аддаваць пазычаныя яму фінансы. Таму паводле адной з легендаў, ён нібыта падкупіў асабістага лекара Боны, каб той атруціў яе.

Атручванне каралевы Боны. Карціна Яна Матэйкі (1859). Фота з Вікіпедыі

Бона Сфорца памерла 19 лістапада 1557 года ў Бары ва ўзросце 63 гадоў.

Пахавалі каралеву Бону вельмі сціпла. Любімы сын так і не дараваў сваёй маці нават пасля яе смерці. Ён стаў апошнім прадстаўніком дынастыі Ягелонаў на троне Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Бо нібыта паводле злога року, і трэцяя ягоная жонка, Кацярына Аўстрыйская, родная сястра яго першай жонкі, — таксама не нарадзіла яму дзяцей. Яна цяжка хварэла і вырашыла вярнуцца ў Аўстрыю.

Рэнесанснае надмагілле Боны Сфорца ў базіліцы Святога Мікалая ў Бары. Фота: Porcullus Marek Postawka, Вікіпедыя

Пазней дачка Боны Сфорцы — Ганна Ягелонка, жонка Стэфана Баторыя, замовіла для маці багатае мармуровае надмагілле. Яно захавалася да нашых дзён у базіліцы Святога Мікалая, якая знаходзіцца ў горадзе Бары.

Васіль Сербіянка, Budzma.org