Еўракамісія паведаміла, якія краіны найчасцей адмаўлялі беларусам у візах

Еўракамісія апублікавала статыстыку выдачы кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў «С» грамадзянам розных краінаў свету. З гэтых звестак вынікае, што летась беларусы атрымалі 158 031 візу, а 5,5 тысячы хадайніцтваў консулы адхілілі. Амбасады якіх краінаў адмаўлялі часцей?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Французская віза. Фота: Белсат

Больш за ўсё шэнгенскіх візаў у 2023 годзе ў Беларусі выдала амбасада Нямеччыны: амаль 52 тысячы, пры гэтым і адмоваў быў даволі мала, 0,8%. На другім месцы – Італія, яна дала 40 тысячаў візаў, а адмоваў было яшчэ меней: 0,2%.

У амбасадзе і консульствах Польшчы грамадзяне аформілі 31 тысячу візаў і атрымалі самы вялікі паказнік адмоваў: у сярэднім 11,8%. Консульства ў Берасці адхіліла 1 168 заявак (12% ад агульнай колькасці), у Горадні – 1 378 (13,3%), амбасада ў Менску – 1 551 (10%).

Акрамя таго, багата адмоваў беларусы атрымалі ад латышоў – 11,4%, консульства ў Віцебску выдала 1 184 візаў.

Таксама прыязнымі ў візавым плане былі амбасады Вугоршчыны (выдадзена 14 тысячаў візаў пры 1,5% адмоваў) і Францыі (12 тысячаў візаў і 2,3% адмоваў).

Агулам летась беларусы атрымалі 158 031 візу, амаль усе – шматразовага ўезду. І гэта болей, чым, напрыклад, казахі (144 тысячы).

Сярэдні паказнік адмоваў – 3,4%. Пры гэтым амбасады і консульствы краінаў ЕЗ у Расеі адхілілі 10,6% заявак. У суседняй краіне «шэнген» у мінулым годзе аформілі 449 тысячаў асобаў.

Раней у МЗС Польшчы пракаментавалі «Белсату» паведамленні медыяў пра тое, што беларусам сталі часцей адмаўляць у студэнцкіх візах. У ведамстве запэўнілі: масава заяўкі не адхіляюць. З 1 студзеня да 30 красавіка сёлета ў Беларусі падалі 161 хадайніцтва на нацыянальную візу з мэтай навучання (код «09» у заяве) і было толькі 10 адмоваў (гэта 6,2%).

Сцяпан Кубік, belsat.eu