Прайшло амаль 100 гадоў, а мы працягваем рабіць тое ж самае. Гэтая гісторыя адбылася ў вёсцы Новыя Зімодры, што каля Куранца, у Вілейскім раёне. У той час гэта была Заходняя Беларусь у складзе Польшчы.
У нумары газэты «Наша Праўда», які пабачыў сьвет 2 красавіка 1927 года ў Вільні, была зьмешчаная заява сялянаў вёскі Новыя Зімодры за подпісамі Андрэя Хадзінскага, Пятра і Вінцука Буракоў, а таксама Вінцука Чабатара.
Справа зводзілася да таго, што жыхары вёскі напярэдадні Раства 1926 года склалі дэклярацыю пану школьнаму інспэктару ў горадзе Вілейка на пераўтварэньне існай польскай урадавай школы ў вёсцы Журыхі, што каля Новых Зімодраў на беларускую ўрадавую школу.
Пасьля таго, як дакумэнт быў складзены, 4 лютага 1927 года намесьнік войта Куранецкае гміны і прадстаўнік ад школьнай улады загадалі ўсім дэклярантам заявы зьявіцца ў Журыхах. Калі яны прыйшлі ў прызначанае месца, прадстаўнік запытаў: «якой вы жадаеце школы?». Каб пасьля запісаць адказы ў пратакол на кожнага прысутнага.
На пытаньне ўсе адказалі аднолькава: «мы жадаем толькі беларускай школы».
Тады прадстаўнік ад школьнай улады прачытаў нейкую паперу, запісваючы поўнае імя кожнага, а таксама гады народзінаў дзяцей, на якіх складаліся дэклярацыі. Потым загадаў усіх распісацца на асобнай паперы, якая была ўжо падрыхтаваная і надрукаваная.
«Мы ўсе падпісваліся хто-як, а няпісьменныя паставілі крыжыкі і толькі маючы надзею, што ў нас будзе свая, родная беларуская школа, бо мы ўва ўсім Журыхскім абводзе склалі 32 дэклярацыі на 41 дзіця».
Далей сяляне кажуць, што да іх пачалі даходзіць чуткі, што розныя прадстаўнікі школьнай улады, калі езьдзяць па вёсках, ашукваюць жыхароў. Замест беларускай школы яны прымушаюць падпісвацца за польскую.
Сканчваюць сваю заяву Андрэй Хадзінскі з аднавяскоўцамі наступным:
«Дзеля гэтага ўсе мы ня пэўныя ў тым, што мы падпісалі, можа быць, што і мы засталіся ашуканымі. Лічым толькі праўдзівымі дэклярацыі, складзеныя намі, бо яны толькі і ёсьць напісаныя, згодна з нашымі жаданьнямі. На падставе вышэйпададзенага маем гонар прасіць Акружную Ўправу, як адну праўдзівую абарону культурна-асьветных правоў сялянства, зрабіць захады перад адпаведнымі школьнымі ўладамі, каб яны залічылі праўдзівымі толькі нашыя дэклярацыі, якія мы падалі згодна з законам аб школьніцтве, а нашыя подпісы ўняважніць, калі яны толькі супярэчаць нашым дэклярацыям. А таксама, каб яны стараліся ператварыць існую ў нас польскую школу на беларускую».
Таварыства Беларускае Школы ў Вільні адрэагавала наступным чынам:
«Галоўная Ўправа ўжо ня раз зьвяртала ўвагу грамадзянаў, якія склалі дэклярацыі на ўрадавую беларускую школу, на падобную небясьпеку з боку польскай школьнай адміністрацыя на месцах, але ашуканствы ўсё паўтараюцца. вось-жа, друкуючы цалкам заяву грамадзянаў вёскі Новых Зімодраў, як яскравы прыклад – яшчэ раз зьвяртаем увагу дэклярантаў на падобныя выпадкі, каб яны былі больш асьцярожнымі, каб не падпісвалі ніякіх паперак, прапанаваных рознымі панкамі, пакуль не высьветліцца, што гэта за паперкі і наагул каб не паддаваліся так лёгка на ашуканства».
Якой была сістэма адукацыі ў пачатку ХХ ст.?
Сістэма ўстановаў адукацыі спрыяла русіфікацыі земляў. Асноўным тыпам нацыянальных школ былі расейскія. Беларуская мова не была ўключаная нават у навучальныя праграмы, навучаньне на ёй забаранялася. Аднак замкнёныя пасьля рэвалюцыі 1905 году нешматлікія беларускія школы працягвалі працаваць нелегальна.
Пасьля пачатку Першай Сусьветнай вайны і захопу Заходняй часткі Беларусі нямецкімі войскамі распачалося адраджэньне беларускай школы. Да канца вайны ў 1918 годзе былі адчыненыя каля 350 школаў з беларускай мовай навучаньня. Былі арганізаваныя настаўніцкія курсы ў Вільні і пачала працаваць настаўніцкая сэмінарыя ў Сьвіслачы. Усяго за 2 гады дзейнасьці яна падрыхтавала каля 150 настаўнікаў.
Пасьля Рыжскай мірнай дамовы Заходняя частка Беларусі апынулася ў польскай дзяржаве. Толькі ў 1921 годзе былі зачыненыя каля 200 беларускіх школаў. Афіцыйнымі падставамі да ліквідацыі беларускіх школаў зьяўляліся нізкі ўзровень навучаньня і выхаваньня, слабая кваліфікацыя настаўнікаў, іх недахоп, малая колькасьць навучэнцаў, а таксама і іншыя, якія можна было прыдумаць па дарозе.
Калі напрыканцы 1921 года на Віленшчыне існавалі 178 дзяржаўных беларускіх школаў, да 1924 года іх засталося толькі 13. Разам з далучэньнем Віленскага краю да Польшчы ўся Заходняя частка нашай дзяржавы апынулася пад уніфікаванымі правіламі. Адукацыя павінна была стаць рашучым інструмэнтам у справе асыміляцыі беларусаў.
На Першым усеагульным зьезьдзе Полькага таварыства апекі «крэсаў» у 1923 годзе была абвешчаная палітыка ў адносінах да адукацыі: «Нацыянальныя меншасьці маюць права заснаваньня прыватных школаў з уласнай мовай навучаньня. Атрыманьне права для такіх школ павінна залежаць ад іх навуковага ўзроўню і лаяльных адносінаў да Польскай дзяржавы. Школа павінна стаць фактарам разьвіцьця культуры на ўсходніх землях. Яна ім стане, калі будзе там працаваць настаўнік-паляк».
Польскі сейм прыняў 31 ліпеня 1924 года «Закон аб мове і арганізацыі школьнай справы для нацыянальных меншасьцей». Меркавалася, што сістэма адукацыі “будзе выхоўваць дзяцей польскай і няпольскай нацыянальнасьці добрымі грамадзянамі” дзяржавы. Паводле закона, у тых паветах, дзе пражывала не меньш 25% беларускага насельніцтва, можна было адчыніць школу на роднай мове выкладаньня пры наяўнасьці дэклярацый з подпісамі 40 бацькоў дзяцей.
Закон замацаваў няроўнасьць беларускай і польскай школаў. Калі меліся 20 подпісаў за навучаньне па-польску, тады адчынялася дзьвухмоўная (польска-беларуская) школа. Пазначалася, што пры наяўнасьці ў адной акрузе і польскай, і беларускай школы трэба іх таксама аб’ядноўваць у дзьвухмоўную.
Дзеячы заходнебеларускага руху адзначалі асымілятарскі характар закона яшчэ ў час яго прыняцьця. У сваёй прамове ў сейме 9 ліпеня 1924 года Браніслаў Тарашкевіч падкрэсьліваў, што закон не садзейнічаў далейшаму станаўленьню беларускай адукацыі, бо ў дзьвухмоўнай школе «навучаньне адбываецца на польскай мове, а беларускія гадзіны — гэта гімнастыка, маляваньне, гульні».
Адносна перспэктывы беларускай нацыянальнай школы кіраўнік Польскай дзяржавы Юзаф Пілсудзкі выказаўся так: «Іх мова такая цяжкая і нераспрацаваная, што не можа быць мовай школы і ўстановаў». Якой зьневажальнай была ацэнка беларускай інтэлігенцыі: «Нешматлікая, яе маральная і інтэлектуальная вартасьць вельмі нізкая».
Напэўна забыўся беларус па-паходжаньні Пілсудзкі, як у 1919 чыста па-беларуску прамаўляў у Менску.
200-гадовую палітыку татальнай русіфікацыі, якая працягвалася ў пазначаны час і ў іншай акупаванай частцы Беларусі, што ўваходзіла ў камуністычны лягер арыштаваных народаў мы пакідаем у дужках.
Асоба Андрэя Хадзінскага, аднаго з падпісантаў заявы ў 1927 годзе, вядомая. Ён зьяўляецца сваяком аўтара матэрыяла. Бацька Андрэя – Міхалюк Хадзінскі ў 1866-1869 гадах быў Куранецкім валасным старшынём, яго абралі на выбарах іншыя жыхары воласьці, куды адносіліся і ягоныя Новыя Зімодры.
А адзін з сыноў Андрэя — Аляксандар Хадзінскі дзяліў пакой з Максімам Танкам у 1935-1939 гадах у Вільні. У дзёньніку Максіма Танка ёсьць успамін ад 15.09.1935: «Сустрэў Сашку Хадзінскага. Абрадаваліся, бо даўно ўжо адзін другога не бачылі. Ён абаснаваўся на Сьняговай вуліцы. Дамовіліся, што на нейкі час спынюся ў яго…»
Аляксандар Хадзінскі ў Вільні сьпяваў у хоры Рыгора Шырмы. І ўжо пазьней, пасьля вайны, калі настаўнічаў, ён стварыў у Куранцы школьны хор. У 1950-м па запрашэньні Аляксандра Хадзінскага ў Куранец прыязджаў Рыгор Шырма.
Прайшло ўжо 97 гадоў з моманту публікацыі, а мы знаходзімся амаль на тым самым месцы. Але калі ўгледзіцца ўсярэдзіну — кожны прыватны выпадак змаганьня можа прынесьці багаты плён.