Другая старшыня аб’яднання беларусаў у Нямеччыне RAZAM eV Марыя Рудзь распавяла ў інтэрв’ю budzma.org, па якіх асноўных кірунках працуюць чальцы арганізацыі, як з’явілася перспектыва займець офіс на Александэрпляц і пры якіх умовах беларусы могуць асесці ў Нямеччыне.

— Марыя, ведаю, што ў Беларусі вы займаліся пытаннямі аховы навакольнага асяроддзя і правоў жанчын. А як вы апынуліся ў Нямеччыне і як так склаўся лёс, што паўстала арганізацыя RAZAM eV і вы яе ўзначалілі?

— У Нямеччыне я знаходжуся з 2017 года, калі прыехала навучацца ў магістратуру ў Баварыі. У 2019-м пераехала ў Берлін, дзе ў наступным годзе ўдзельнічала ў актыўнасцях з нагоды прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Калі затрымалі Ціханоўскага і Бабарыку, мы пачалі выходзіць у Берліне ў ланцугі салідарнасці.

Так мы разнаёміліся з іншымі беларускамі і беларусамі ў Нямеччыне і прыйшлі да высновы, што нам патрэбна арганізацыя, юрыдычная асоба, каб можна было больш эфектыўна працаваць на дэмакратычныя змены ў Беларусі.

Фактычна арганізацыя RAZAM паўстала 9 жніўня 2020 года. У той дзень да амбасады Беларусі прыехала шмат людзей, каб прагаласаваць, мы раззнаёміліся з яшчэ большай колькасцю беларусак і беларусаў. Як спявалася ў адной песні, «мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета».

Крыніца: razam.de

Да 2020 года такой арганізаванай беларускай дыяспары ў Нямеччыне, як цяпер, не было, хаця існавалі некалькі раскіданых па краіне груп, якія паміж сабой амаль не камунікавалі. Дзякуючы 2020 году паўстала наша арганізацыя RAZAM e.V., якая з’яўляецца самай буйной і працуе на ўсёй тэрыторыі Нямеччыны: нашы сябры і сяброўкі жывуць ва ўсіх федэральных землях.

Аб’яднанне працуе ў рамках нямецкага заканадаўства. Для той формы, у якой мы існуем, прадугледжаны працэдуры дэмакратычнага абрання і Рады, і старшынь (у нас дзве старшыні — першая і другая).

З лютага 2023 года я ўваходжу ў склад пашыранай Рады, дзе рашэнні прымаюцца калегіяльна кансіліумам, а ў снежні таго ж года была абраная на пасаду другой старшыні.

— Ці ёсць розніца ў статусе паміж першай і другой старшынёй?

— Я так не сказала б. Нашыя абавязкі з Юліяй Салаўёвай падзеленыя па тых сферах, дзе ў нас ёсць кампетэнцыі.

— Колькі на сёння чальцоў у RAZAM? Хто гэтыя людзі?

— У арганізацыі каля 270 чалавек па ўсёй Нямеччыне. Людзі даволі розныя. Ёсць беларусы і беларускі, якія пераехалі ў Нямеччыну даволі даўно ці нават нарадзіліся тут у беларускіх сем’ях. Нямала людзей, якія пераехалі ў Нямеччыну пасля 2020 года.

Хапае ў арганізацыі і нямецкіх сяброў і сябровак, якім неабыякавая Беларусь, якія цікавяцца нашай краінай. Гэтыя тыя, хто некалі наведаў Беларусь і так натхніўся краінай, што жадае ёй дапамагаць. Гэта даследчыкі, якія займаюцца Усходняй Еўропай. Гэта праваабаронцы, якія працавалі ў тым ліку з Беларуссю. Гэта немцы, якія, даведаўшыся пра падзеі 2020 года ў нашай краіне, захацелі далучыцца да нашай арганізацыі.

Крыніца: razam.de

— Якія асноўныя кірункі дзейнасці ў RAZAM?

— Галоўная наша задача — прадстаўленне інтарэсаў беларусаў і беларусак, якія жывуць у Нямеччыне. Гэта азначае адвакатаванне і лабіяванне. Напрыклад, сёння існуе даволі крытычнае пытанне са сканчэннем тэрмінаў беларускіх пашпартоў. Мы на сувязі з нямецкімі палітыкамі і міністэрствамі, шукаем адэкватнае рашэнне.

Мы працуем на падтрымку і развіццё беларускай мовы і культуры. Штогод ладзім у Баварыі два буйныя феставалі — «Мюнхеншчына» і Minsk&Minga, у рамках якіх праходзяць воркшопы, прэзентацыі, чытанні, канцэрты.

У рамках арганізацыі дзейнічае асобная ініцыятыва RAZAM Kunst, гэты арт-праект працуе збольшага ў Берліне, але актыўнічае таксама і ў іншых частках Нямеччыны. Разам з імі мы ладзім канцэрты беларускіх музыкаў, прэзентацыі новых кніг беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц (у тым ліку ў перакладзе на нямецкую).

Таксама RAZAM займаецца дапамогай людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій: і тым, якія застаюцца ў Беларусі, і тым, якія з’ехалі.

Каманда RAZAM Help аказвае юрыдычную дапамогу для тых, хто пераязджае ці пераехаў у Нямеччыну. Таксама мы падтрымліваем кантакты з іншымі арганізацыямі нямецкай грамадзянскай супольнасці, якія працуюць на карысць Беларусі.

— Вы згадалі пра праблему беларусаў са сканчэннем тэрмінаў пашпартоў. Сёння вельмі многія сапраўды не могуць вярнуцца ў Беларусь з-за пагрозы рэпрэсій. Ці ўдаецца вырашыць гэтую праблему ў Нямеччыне?

— Мы праводзілі кансультацыі з нямецкімі Міністэрствамі замежных і ўнутраных спраў. З нашай дапамогай быў разасланы ліст па мясцовых міграцыйных службах з апісаннем праблемы, чаму грамадзяне Беларусі больш не могуць атрымаць новыя пашпарты ў амбасадах і што можа пагражаць тым, хто займае актыўную пазіцыю, знаходзячыся ў Нямеччыне.

У беларусаў ёсць магчымасць запытаць у міграцыйных службах персанальны дакумент замежніка для падарожжаў. І ўжо ёць добрыя прыклады, калі беларусы атрымалі такі дакумент. З ім можна легальна знаходзіцца ў Нямеччыне і вандраваць.

Былі выпадкі, калі падчас працэсу атрымання дакумента здараліся складанасці, тады падключалася нашая арганізацыя — мы пісалі дадатковыя лісты, дадавалі палітычныя кантакты.

— То-бок гэта аналаг «пашпарта замежніка»?

— Так, калі перакладаць даслоўна, то гэта «дакумент для падарожжа замежніка» (Reiseausweis für Ausländer).

— Год таму RAZAM была ўзнагароджана Грамадзянскай прэміяй СДПГ імя Густава Хайнэмана. Што гэта значыла для вас?

— Нас узнагародзілі за ўклад у развіццё і падтрымку дэмакратыі. Гэта быў важны жэст, які сведчыў пра тое, што Нямеччына працягвае глядзець у бок Беларусі. Разам з тым гэта была высокая ацэнка нашай працы.

RAZAM — даволі маладая арганізацыя, але за мінулыя амаль чатыры гады мы дасягнулі вельмі добрых вынікаў, напрацавалі сябе добрую рэпутацыю, нас ведаюць не толькі ў Нямеччыне, але і ў дыяспарах у іншых краінах як прыклад таго, як можна працаваць на карысць Беларусі.

— З якімі складанасцямі сутыкаецца RAZAM?

— Асноўны выклік — стомленасць і выгаранне сярод чальцоў арганізацыі. Мы шмат што робім на валантэрскіх пачатках, то-бок гэта праца не аплочваецца — гэта дзейнасць на выходных, па вечарах пасля сканчэння асноўнай працы. Дзейнічаць у такім інтэнсіўным рэжыме чацвёрты год няпроста.

Але мы стараемся падтрымаць нашых сяброў і сябровак, знайсці магчымасці для адпачынку, для размеркавання задач, каб паменшыць нагрузку.

Разам з тым аб’ектыўна немагчыма падтрымліваць той узровень заангажаванасці, які быў у 2020 годзе. Некаторыя сыходзяць з актыўнай дзейнасці. Што зразумела — людзі стамляюцца, цяжка перажываюць падзеі ў Беларусі, дзе ў іх засталіся родныя і сябры. Амаль у кожнага з нас ёсць знаймыя і сябры сярод палітзняволеных.

— Адна з апошніх непрыемных навін з Беларусі — узбуджэнне крымінальнай справы на ўдзельнікаў адзначэння Дня Волі за межамі краіны. Як вы адрэагавалі на яе?

— Гэта не адзіная крымінальная справа, якая заведзена на актывістаў і актывістак, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Мы добра бачым, што адбываецца на Радзіме, і разумеем, наколькі небяспечна сёння весці публічную дзейнасць. Нашыя сацсеткі даўно прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». То-бок рэжым даволі пільна назірае за нашай працай у Нямеччыне.

— Распавядзіце, калі ласка, пра магчымасць адкрыцця офісу вашай арганізацыі ў былым Доме статыстыкі на Александэрпляц.

— Будынак пабудаваны ў часы ГДР, пасля аб’яднання Нямеччыны ён прыйшоў у заняпад. Падчас міграцыйнага крызісу ў 2015 годзе горад аддаў будынак пад патрэбы ініцыятывы для дапамогі ўцекачам з Сірыі. Прастора пачала развівацца, але было зразумела, што будынак знаходзіцца амаль у аварыйным стане і патрабуе рамонту.

Мясцовыя ўлады зацвердзілі праект, згодна з якім будынак будзе перабудаваны і пашырыцца яшчэ на некалькі блокаў. Частку былога Дома статыстыкі аддадуць пад офісы грамадскіх арганізацый.

Мы і да рэканструкцыі здымалі там офіс, але цяпер жадаем стаць часткай кааператыва, каб прэтэндаваць на офіс у перабудаваным будынку, калі ён адчыніцца для арэнды. Таму праводзім цяпер кампанію па зборы ахвяраванняў, каб мець першы ўнёсак на ўступленне ў кааператыў, што дасць магчымасць дакладна мець офіс пасля рэканструкцыі будынка. Вы таксама можаце падтрымаць нас ахвяраваннем праз PayPal.

— З-за палітычнай сітуацыі сёння нямала людзей думаюць, у якую краіну пераехаць з Беларусі, альбо з таго месца, дзе яны часова апынуліся. Наколькі складана асесці ў Нямеччыне?

— Нямецкае міграцыйнае заканадаўства не вельмі добразычлівае для людзей з трэціх краін. Таму трэба вельмі добра падумаць, ці ёсць сэнс ехаць у Нямеччыну. Якія ёсць варыянты, каб асесці тут?

Першы — мець месца працы, прычым гэта павінна быць кваліфікаваная і добрааплочваемая праца, каб атрымаць пад яе працоўную візу.

Другі варыянт — прыехаць у Нямеччыну на вучобу. Існуе даволі шмат праграм стэпендыяльнай падтрымкі, на якія могуць падавацца беларусы. Гэта аптымальны варыянт для моладзі, асабліва, калі чалавек ведае нямецкую мову.

Трэці варыянт спецыфічны — выйсці замуж ці ажаніцца з кімсьці, хто мае немецкі пашпарт ці пашпарт Еўразвязу.

У Нямеччыне даволі цяжкая бюракратыя, і трэба быць да гэтага гатовым. Пераязджаць сюды лепш ужо з нямецкай мовай. Калі ў Берліне можна яшчэ неяк выжыць толькі з ангельскай, то ў іншых рэгіёнах гэта будзе складана. Калі нават праца будзе весціся ў міжнароднай камандзе на ангельскай, то ў паўсядзенным жыцці без нямецкай прыйдзецца цяжка.

— Наколькі складаны ці лёгкі шлях праз падачу на ўцякацтва?

— Ён вельмі складаны і доўгі. Людзей, якія падаюцца на ўцякацтва, адпраўляюць жыць у лагер, жыццё там можа цягнуцца два-тры гады і наўрад ці ўсё скончыцца пазітыўным рашэннем.

Усім, хто пытаецца ў нас пра ўцякацтва, мы вельмі раім не ісці гэтым шляхам, калі ёсць іншыя варыянты. А сярод іх ёсць магчымасць атрымаць гуманітарную візу і палітычны прытулак. Гэта немагчыма зрабіць з тэрыторыі Нямеччыны ці Еўрапейскага звязу — толькі праз амбасаду ў трэцяй краіне. І для гэтага трэба мець задукамантаваныя доказы палітычнага пераследу ў Беларусі.

— Відаць, у 2020 годзе ў Нямеччыне было нямала навін з Беларусі. Ці захоўваецца нейкая ўвага да падзеяў у нашай краіне сёння?

— На жаль, у нямецкім інфармацыйным і публічным полі ўвагі да нашай краіны няшмат. І таму шмат хто з мясцовых думае: калі цяпер у навінах не паказваюць пратэсты ў Беларусі, то, напэўна, усё скончылася найлепшых шляхам і зараз у краіне ўсё добра.

Кожны раз прыходзіцца распавядаць: тое, што пра Беларусь амаль не паведамляюць у нямецкіх медыя, не значыць, што ў краіне ўсё добра, таму ўвага да нашай краіны ўсё яшчэ вельмі патрэбная і важная.

Напрыканцы размовы хачу заклікаць тых, хто не знаходзіцца ў Беларусі, падпісвацца на нашыя сацыяльныя сеткі і сачыць за нашай дзейнасцю. Буду радая, калі нехта прыйдзе з ідэяй сумеснага праекта. І мы працягваем збіраць ахвяраванні — на новы офіс, для сем’яў палітвязняў, для адпачынку дзяцей палітзняволеных.

Антон Навумчык, budzma.org,
фота з архіва Марыі Рудзь