Каманда Мелказёрава заявіла аб аднаўленьні гістарычнага каналу «Загляне сонца» і вызначыла яго вядоўцу

Аляксандар Івулін. Архіўнае фота

Каманда, якая працавала з памерлым летась журналістам Мікітам Мелказёравым, заявіла аб аднаўленьні гістарычнага праекту «Загляне сонца».

«Саша Івулін падхапіў сьцяг свайго сябра Мікіты Мелказёрава і працягне расказваць цікавыя рэчы пра беларускую гісторыю. Нам усё яшчэ цяжка ўсьвядоміць новую рэальнасьць, але разам перажываць гора, здаецца, прасьцей», — паведамілі ў Telegram-канале «Жыцьцё-маліна».

Першы выпуск безь Мікіты Мелказёрава прысьвечаны Ўладзімеру Караткевічу.

«Караткевіч — важны чалавек ня толькі для беларускай літаратуры, але і гісторыі. У істоце, ён прыдумаў новую Беларусь. Не ў лапцях і самотную, а самадастатковую, шляхотную, тую, якой варта ганарыцца. Сабралі для вас усе цікавыя факты пра Караткевіча ў адным месцы», — адзначылі ў камандзе.

Журналіст Мікіта Мелказёраў памёр ноччу 21 сьнежня 2025 году дома ў Варшаве. Яму было 37 гадоў. Ён стаў шырока вядомы як аўтар і вядоўца праекту «Жыцьцё-маліна». Таксама ён быў аўтарам і суаўтарам праектаў «Загляне сонца», падкасту «Нешта будзе», сувядоўцам праграмы «Мова нанова» на «Белсаце».

svaboda.org