
З нагоды Міжнароднага дня салідарнасці жанчын у Варшаве прайшла панэльная дыскусія «Першы крок: як беларускі выходзяць у публічнасць». У імпрэзе прыняла ўдзел Святлана Ціханоўская. Яна распавяла «Белсату», як у 2020 годзе прыняла рашэнне падаваць дакументы ў ЦВК замест свайго мужа, што было і застаецца самым страшным на гэтым шляху, а таксама дзе яна шукае падтрымку ў разе патрэбы.
«Ён выйдзе і спытаецца: а што ты зрабіла?»
У дыскусіі, акрамя Святланы Ціханоўскай, удзельнічалі гендарная даследчыца, доктарка філалагічных навук Ірына Сідорская, мастачка Яна Шостак, вядомая сваёй «Хвілінай крыку для Беларусі», блогерка Ліза Ветрава, актывістка і Праваабаронца года-2024 Наста Базар. «Белсат» сабраў самыя цікавыя выказванні ўдзельніц.
«Выпадковы палітык, настаўніца ў сэрцы, 97% свайго часу прысвячае палітыцы, адвакацыі Беларусі на міжнароднай арэне, сваёй сям’і, астатнія 3% застаюцца на трэніроўкі па боксе і Threads», – так прадставіла Ціханоўскую мадэратарка сустрэчы Марына Ментусава і папрасіла яе распавесці, як у 2020 годзе выглядаў момант рашэння вылучыць сваю кандыдатуру ў прэзідэнты.
Кіраўнічка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі прыгадала стан неразумення, што рабіць далей, «калі Сяргея забралі».
«Ён мне перадае інфармацыю, што трэба яго дакументы падаць у ЦВК. Іх не прымаюць. Я прыходжу дамоў, заўтра апошні дзень прыёму дакументаў, я села і думаю – што я магу зрабіць? Перш за ўсё ў мяне былі думкі пра яго. Ён выйдзе і спытаецца а што ты зрабіла? Тады я перапісала ўсе яго дакументы на сябе і на наступны дзень аднесла ў ЦВК, Ні з кім не раілася, не было магчымасці ні з кім пракансультавацца, бо гэта была кампанія Сяргея, я толькі сачыла за ёй. Я разумела, што ў яго шмат паслядоўнікаў, але ні з кім у камунікацыі я не была», – распавяла Святлана.
«Думала, што ўсе мысляць так, як я»
Са словаў Ціханоўскай, у той момант у яе яшчэ не было думак, куды гэта зойдзе, гэта быў крок, каб дапамагчы мужу, які потым «перарос у любоў да беларусаў».
«У такі момант не думаеш ні пра дзяцей, ні пра свой лёс, ні пра тое, што будзе адбывацца. Думаю, такі выбар, такое рашэнне было ў кожнага чалавека ў тое лета 2020 года – што я павінен штосьці зрабіць – маленькае, вялікае, тое, што магу, былі крокі большыя і меншыя, але кожная кропелька была вельмі важнай у агульным кантэксце», – сказала Ціханоўская.

Пасля падачы дакументаў вакол на той момант яшчэ мала каму вядомай будучай беларускай лідаркі з’явілася шмат людзей і дапамогі ад іх.
«Было вельмі шмат незнаёмых людзей, яны прыходзілі да мяне ў кватэру. Я ўсіх пускала, была з адкрытай душой. У мяне было такое натхненне ад таго, што адбывалася, што я думала, што ўсе мысляць так, як як. Не было страху перад людзьмі. З часам я, канешне, зразумела, што хтосьці там быў і спецыяльна засланы. Але хтосьці з таго часу і дагэтуль са мной», – прыгадала лідарка дэмсілаў.
Ціханоўская распавяла, што тады да яе ў саюзніцы «набівалася Ганна Канапацкая», а яшчэ побач быў блогер Вірус, які цяпер яе «палівае брудам».
«Мо, памятаеце, падчас кампаніі выкарыстоўвалі мой кардонны вобраз – вось Вірус рабіў гэтую фотку тады. Так лёс склаўся, цяпер ён супраць мяне. Але ён быў у мяне ўдома, мы падпісвалі паштоўкі. <…>. Я не думаю, што хтосьці мне зайздросціў, бо хто зайздросціць самазабойцам. Я ўдзячная лёсу за людзей, якія дагэтуль са мной, і за тое, што ён адсеяў тых, хто, мо, выконваў нейкую місію тады», – зазначыла Ціханоўская.
«Клубок страху»
«Што было самым страшным тады?» – запыталася Ментусава.
«Я ўвогуле пра сябе думаю, што я – клубок страху. Я не памятаю ніводнага дня, калі б я не баялася», – адказала Святлана.

Страх заўсёды розны. Беларуская лідарка кажа, што спачатку баялася за дзяцей, за мужа, потым за беларусаў, за тое, што будзе далей. Калі людзей пачалі біць, з’явіўся жывёльны страх праз гэта. Потым, з цягам часу, калі пачалася «праца з краінамі», прыйшоў страх, «што цябе не пачуюць, беларусаў не падтрымаюць, штосьці здарыцца ў свеце і будзе менш увагі да беларусаў, не папоўняць міжнародны гуманітарны фонд і не будзе з чаго людзям дапамагчы».
«Баішся, што людзі не выйдуць з турмы. Калі хтосьці памірае ў турме – зноў страх, што такіх будзе больш», – кажа Святлана.
Пераадолець страхі лідарцы дэмсілаў дапамагаюць прыклады іншых людзей, актыўных, публічных беларусаў, якія, нягледзячы на тое, што ў іх сем’і ў Беларусі і розныя жыццёвыя абставіны, «памятаюць пра мэту і крочаць да яе».
Ціханоўская распавяла, што ўвесь час баялася публічных выступаў, яшчэ са школьных часоў – з месца яна адказвала выдатна, а калі трэба было чытаць той жа верш ля дошкі, то запіналася і ўсё блытала.
У 2020 годзе першы выступ трыа – Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала адбыўся ў Глыбокім.
«Гэта было як у сне. Ты выходзіш на гэтую платформу, табе штосьці трэба прамаўляць… Я памятаю той страх – дзе я, што я, як я тут апынулася. Потым ужо было лягчэй, але я запомніла той выступ у Глыбокім, і дзякуй Богу, гэта быў маленькі горад, а не Менск. Потым мы ўжо пасябравалі з Машай, з Веранікай, адзін аднаго падтрымлівалі, і было лягчэй», – згадвае Святлана.

Потым была першая прэс-канферэнцыя ў Літве, з якой Ціханоўская ўцякла, адказаўшы на тры пытанні, бо на той момант яна была зусім не прызвычаеная да журналістаў і камер, і і гэта быў «насамрэч шок».
«Яшчэ памятаю свой першы выступ у Еўрапарламенце. Мне не растлумачылі, што там будзе. Я адкрыла дзверы, А там куча людзей сядзіць. Гэтыя трыбуны… Я кажу – я туды не пайду, але пайшла, што ж рабіць», – распавяла беларуская лідарка.
«Ныцінгі» супраць страху і хейту
Сваімі страхамі, звязанымі з выхадам у публічнасць, дзяліліся таксама іншыя ўдзельніцы дыскусіі.
Блогерка Ліза Ветрава распавяла, што яна з дзяцінства выступала і вяла мерапрыемствы, бо добра размаўляла па-беларуску, таму сцэны на баялася. Таму для яе было натуральным пачаць весці блог пра беларускую мову. Тады дзяўчына вырашыла, што калі ёй хоць хтосьці напіша, што дзякуючы ейным відэа, перайшоў на беларускую мову, яна будзе працягваць.
«Такі KPI я сабе паставіла, і я яго выканала – такіх каментароў было шмат. Агулам больш за 6 тысяч чалавек перайшлі разам са мной на беларускую мову», – кажа блогерка.

Страх з’явіўся з цягам часу – калі ў каментары пачалі прыходзіць незнаёмыя людзі і паліваць брудам. У выніку чым хутчэй расла колькасць падпісчыкаў, тым больш закамплексаванай станавілася Ліза. Скончылася ўсё дэпрэсіяй і разладам харчовых паводзінаў. Дзяўчына перакананая, што да гэтага прывёў хейт у сацсетках. Таму ў нейкі момант яна вырашыла зрабіць паўзу.
«Падчас гэтай паўзы ў мяне быў шанец асэнсаваць жыццё, мне стала спакайней, я пайшла ў тэрапію, пачала піць антыдэпрэсанты», – распавяла блогерка.
Ліза згадала, што ёй моцна дапамагала – так званыя «ныцінгі» з Мікітам Мелказёравым:
«Мы сустракаліся і нылі адзін аднаму наконт кантэнту, у нас не было забароненых тэмаў. Так нылі, нылі, а потым казалі: а хто, калі не мы? Мне не хапае цяпер гэтых «ныцінгаў» і той узаемападтрымкі».
«Пасылайце ў дупу»
Наста Базар згадала пра страх фізічных пагрозаў, калі яна жыла ў Кіеве да 2022 года:
«Гэта былі пагрозы вывазу на мяжу. Нам расказвалі, што гэта можна зрабіць за 100 долараў – цябе вывозяць і аддаюць беларускім памежнікам. Потым знайшлі павешаным Віталя Шышова, і быў нібыта спіс з 20 актывістаў і актывістак. Тады было вельмі страшна».
Цяпер Насту часта выводзіць з раўнавагі хейт у сацсетках, які часам наводзіць на думкі сысці з сектару НДА. Тады актывістка шукае падтрымкі ў сябровак і ў тэрапіі:
«Я звяртаюся да парады маёй тэрапеўткі: запытацца ў сябе – калі ты ела, колькі спала і калі займалася фізічнай актыўнасцю. Таксама я даю сабе час на пагараваць, паплакаць, паныць. Часам пішу закрытыя сторыс, прашу падтрымкі, і мне гэта дапамагае – я разумею, што не ўсё так кепска і гэта пройдзе. Завяла сабе закрыты канал для сябе, куды скрыню ўсе добрыя словы пра мяне».

Пазіцыя Ірыны Сідорскай – бойся, але рабі сваю справу. Даследчыца кажа, што каб справіцца з негатыўнымі перажываннямі, яна дае волю сваім эмоцыям і шмат «мацюкаецца», каб выплеснуць негатыў.
«Таму пасылаце ў дупу, – раіць даследчыца. – А агулам, калі я бачу штосьці падобнае да хейту, я кажу сабе – значыць, мяне бачна і чутна. А яшчэ, калі мне складана, я расказваю гэта свайму сабаку, і ён так глядзіць, што мне адразу лягчэй робіцца».
Якая жанчына – прыклад для Ціханоўскай?
Яшчэ адно пытанне ад мадэратаркі было пра жанчын, якія сталі для ўдзельніц дыскусіі прыкладам, на каго хацелася б арыентавацца.
Святлана Ціханоўская назвала сваю бабулю:
«Яна была гатовая апошняе аддаць, дбала найперш пра людзей, а потым пра сябе».
Па гэтым узоры выхавалі і Святлану, і цяпер яна кажа, што бывае цяжка, «калі ахвяруеш нечым сваім, каб іншым было лепш». Таму палітык часта думала пра тое, як, напэўна, файна быць сцервай, якая думае толькі пра сябе.
«Няма праблемаў, ты ў сябе галоўная, ні пра каго думаць не трэба. Я разумела, што я такой ніколі не стану, але часам хочацца пабыць эгаісткай, і дзякуй дзяўчатам, якія прапаноўваюць мне ўрокі «падумай пра сябе, пра сваё жыццё, адпачні». Мне гэтаму трэба вучыцца, і можа калісьці я змагу падумаць пра сябе больш, чым пра іншых», – кажа беларуская лідарка.
У моманты ж, калі здаецца, што рукі апусціліся і больш нічога ўжо зрабіць не зможаш, матыватарам для Святланы Ціханоўскай з’яўляюцца палітвязні, «якім горш і няма на каго пакласціся, акрамя нас».
«Таму хварэеш – не хварэеш, устала і пайшла працаваць. І таму пакуль ёсць людзі за кратамі, пакуль я адчуваю падтрымку ад беларусаў, пакуль у мяне ёсць здароўе, я буду працягваць справу, пакуль я буду патрэбная людзям», – рэзюмавала лідарка дэмсілаў.
«Яны намагаліся, і я буду намагацца»
Ірына Сідорская ў якасці прыклада згадала польскую вучоную Марыю Складоўскую-Кюры, якая выбрала навуку і была вымушаная ехаць у эміграцыю ў Францыю, бо ў Польшчы, якая была ў складзе Расейскай імперыі, жанчыне немагчыма было вучыцца.
«Калі я шкадую сябе, што вось я, доктарка навук, у эміграцыі, як мне складана, я думаю пра тое, што Марыя – мой прыклад. А яшчэ адна жанчына, на якую я арыентуюся, і якую, напэўна, мала ведаюць – гэта беларуска Людміла Пеціна, якая ў канцы 1990-х гадоў стварылі фемінісцкі рух у нашай краіне. Дзякуючы ёй, я займаюся тым, чым займаюся», – сказала даследчыца.

Яна Шостак назвала польскую рэжысёрку і кінасцэнарыстку Агнешку Холанд, амерыканскую пісьменніцу С’юзан Зонтаг, амерыканскую журналістку, лідарку феміністычных рухаў Глорыю Стайнэм, а яшчэ – беларуску Ніну Багінскую:
«Мяне ўразіла ейная аўтэнтычнасць, нязломнасць, шчырасць», – растлумачыла мастачка.
Лізу Ветраву натхняе Барбара Радзівіл.
«Хачу, каб мяне пасля смерці гэтак жа моцна не хапала, каб мой прывід намагаліся выклікаць», – рассмяялася блогерка.

Таксама прыклад для Лізы – беларуская гімнастка Вольга Корбут, у гонар якой быў названы гімнастычны элемент, а потым забаронены праз траўманебяспечнасць.
«А агулам мяне натхняюць мужчыны і жанчыны, якія рабілі па-беларуску – Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, браты Луцкевічы, бо каб не яны, ці была б я цяпер такой, якая я ёсць? Я не магу іх падвесці. Яны намагаліся, і я буду намагацца», – падкрэсліла блогерка.
