Евангельскі прапаведнік Сергій Мельянец, які сёлета правёў за кратамі 25 содняў запар па двух адміністратыўных арыштах, ужо больш за месяц у бяспецы. Сваё вызваленне і ад’езд з Беларусі мужчына называе цудам і Божым добраслаўленнем, бо з тым, што на яго мелі кадэбэшнікі, выйсці на волю прапаведнік не мусіў. Разам з Сергіем новае жыццё за мяжою цяпер распачынаюць ягоная жонка і сямёра дзяцей. У размове з belsat.eu беларус апавядае не толькі пра сябе, але і пра асуджаных паводле палітычных артыкулаў сукамернікаў, пра шмат з якіх звестак няма ні ў праваабаронцаў, ні ў медыях.
Затрыманні за ліставанне ў сямейных чатах
«Я ўвесь гэты час на волі шукаю на «Вясне» і ў медыях інфармацыю пра тых асобаў, з якімі сядзеў, і бачу, што пра шмат каго нідзе няма ніякіх звестак. Пакуль знайшоў толькі пра чатырох», – з аповеду пра сукамернікаў Сергій пачынае нашую гутарку.
Цягам 25 содняў, якія наш суразмоўца правёў у зняволенні, разам з ім у камеры пастаянна былі палітычныя. Канвеер рэпрэсіяў у Беларусі не спыняецца, людзей кідаюць за краты за дробязі і нават без нагоды. Найчасцей – за рэпосты з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, нават у асабістым ліставанні ў сямейных чатах. Забіраюць таксама часта сем’ямі. Гэтак, разам з Сергіем двойчы сядзелі бацька з сынам.
«У першым выпадку ў сына – 18-гадовага хлопца – было татуяванне на англійскай мове пра міліцыю, ён выклаў яго ў сацсеткі. Хтосьці данёс, і да яго прыйшлі. Удома быў бацька, дальнабойнік. Яму загадалі зняць цішотку, а там на грудзях была Пагоня. ГУБАЗіК затрымаў абодвух. Бацьку моцна збілі, ён ззаду ўвесь сіні быў і не мог сядзець», – апавядае прапаведнік.
У другой сям’і сына затрымалі пасля таго, як ён пайшоў падпісваць кантракт у ваенкамат. Там паглядзелі тэлефон хлопца, загадалі прыйсці на наступны дзень – і адразу ў кайданкі. Потым прыйшлі да бацькі, знайшлі ў ягоным тэлефоне перапост – і таксама затрымалі.
«Такіх выпадкаў шмат: затрымліваюць сем’ямі, калі ў сямейных чатах знаходзяць штосьці. Спасылкі могуць быць самыя бяскрыўдныя, але калі з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, людзі ідуць на содні ў найлепшым выпадку», – адзначае суразмоўца.
«Убачылі белую паперку з чырвонай ізастужкаю – выклікалі спецназ»
Сергій згадвае пра настаўніка фізікі, які сеў за тое, што настаяў, каб вучань, які прыйшоў на заняткі ў вайсковай уніформе, пераапрануўся. Мужчыну пры затрыманні моцна збілі і далі другі адміністратыўны тэрмін, каб на целе сышлі сляды пабояў.
«Напрыканцы другога тэрміну яго адправілі ў Магілёў. Больш я нічога пра яго не чуў», – зазначае прапаведнік.
Білі пры затрыманні шмат каго, кажа суразмоўца:
«Са мною сядзелі яшчэ двое. Яны пасябравалі ў ІЧУ. Адзін – дырэктар аднаго з пунктаў хуткага харчавання ў Менску. Яго моцна збілі. Ён чакаў, калі яго адпусцяць, але ў ягоным тэлефоне знайшлі кавалак ліставання з Nexta, якое ён выдаляў, але яны ўсё роўна знайшлі. Прыйшоў следчы і сказаў рыхтавацца да СІЗА. Ягоны сябар адмовіўся спачатку даць пароль ад свайго тэлефона, і яго таксама моцна збілі. У камеры ён спрабаваў ствараць пазітыўны настрой. Яму паабяцалі пяць гадоў за абразу Лукашэнкі».
На содні кідаюць і зусім немаладых асобаў.
«Быў дзядуля каля 70 гадоў, украінец. Сядзеў за каментары. Моцна перажываў, што ягоная жонка не ведае, дзе ён. Яшчэ быў дзядзька гадоў 54, вёў свой тэлеграм-канал, пайшоў на крыміналку», – апавядае Сергій.
Пасля тэракту ў расейскім «Crocus City Hall» на содні трапіў адвентыст – за каментары, прыгадвае прапаведнік. А яшчэ адзін мужчына панёс кветкі да расейскай амбасады ў Менску, потым зрабіў пару крокаў у бок будынку – і яго скруцілі: сказалі, ён, падобна, хацеў зладзіць тэракт.
«Яго моцна білі, яму стала кепска, на чацвёрты дзень яго забралі на 10 дзён у Навінкі», – згадвае Сергій.
Сядзеў разам з прапаведнікам 54-гадовы дальнабойнік, які вазіў цукар з Гарадзейскага цукровага заводу:
«Аднойчы на прахадной унутраная ахова праверыла ягоную кабіну – убачылі белую паперку з паласою чырвонай ізастужкі пасярэдзіне. Выклікалі спецназ, затрымалі, яшчэ ў тэлефоне штосьці знайшлі. Спачатку трымалі 10 содняў у Нясвіжы. Ён казаў, што там горш, чымся на Акрэсціна: не давалі ежы, спаць даводзілася на халоднай кафлі».
Цуд вызвалення
Акрамя палітычных, у камеры было шмат асобаў з алкагольнаю залежнасцю: «малпоўнік» Фрунзенскага РАУСу быў перапоўнены імі, суддзі не паспявалі кляпаць рашэнняў, кажа Сергій.
І тыя, і іншыя асцерагаліся апавядаць свае гісторыі, выказваць меркаванне, бо разумелі, што ў камеры могуць быць стукачы:
«У краіне – татальная атмасфера страху. Ніхто не застрахаваны. Тых, хто трапляе праз палітыку, фатаграфуюць у некалькіх ракурсах і кажуць, што здымкі загружаюцца ў сістэму сачэння. За чалавекам усталёўваецца пастаянны кантроль праз відэакамеры. Мяне двойчы ці тройчы фатаграфавалі ў розных ракурсах – зверху, збоку, знізу».
На фоне ўсіх гісторыяў, якія прайшлі перад вачыма Сергія, і таго, як часта людзей з Акрэсціна пераводзілі ў СІЗА, сваё вызваленне суразмоўца называе цудам, як і шэраг падзеяў у ягоным жыцці з 2020 года.
Першы цуд, паводле Сергія, адбыўся яшчэ 10 жніўня 2020 года, на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў і пачатку пратэстаў. Тады прапаведнік разам з братамі паехаў да канцэртавай залы «Менск», каб памаліцца. Усіх затрымалі. Успаміны пра той вечар у Сергія жудасныя:
«Нас прывезлі ў гараж Ленінскага РУУСу, там мы стаялі некалькі гадзінаў на бетоннай падлозе тварам у металічную сцяну. Потым рукі закулі ў пластыкавыя кайданкі. Мяне катавалі электрашокерам, білі дубінкамі, не давалі вады. Мне стала блага. Дактары, якія там былі, сказалі міліцыянтам, што мяне трэба везці ў шпіталь. Амапаўцы не хацелі, маўляў, няма каму. Дактары адказалі – як хочаце, калі ён у вас памрэ, то гэта вашыя праблемы. І яны спужаліся ды выклікалі хуткую. У апошні момант мне сунулі ў рукі пакет з ключамі ад машыны брата і маім тэлефонам. Гэта ўсё яны аддалі. Уяўляеце?»
«Прыходзіў маліцца за людзей»
Далей цудам Сергій называе сітуацыю, калі справы супраць яго і ягоных братоў, заведзеныя пасля затрымання 10 жніўня, адправілі дапрацоўвацца, а потым і зусім закрылі, бо выйшлі тэрміны прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці:
«Я бачыў, як Бог мяне абараняў. У дзяцей у школе пачалося сапраўднае цкаванне. Нам хацелі паставіць статус сацыяльна небяспечнага становішча, распачалі расследаванне. Але ўрэшце ўсё вырашылася на нашую карысць».
Калі пачаўся канвеер палітычных судоў, прапаведнік стаў хадзіць на паседжанні, каб падтрымліваць людзей і маліцца за іх:
«Мяне шмат разоў абшуквалі, перапісвалі звесткі, але адпускалі. Я казаў, што мая першасная мэта – маліцца і падтрымліваць вязняў сумлення. І на працягу доўгага часу я быў як у Бога за плячыма».
Ужо на Акрэсціна, пасля затрымання ў сакавіку 2024 года, падчас допыту супрацоўнік КДБ завёў размову з Сергіем пра ягоную матывацыю наведвання судоў.
«Ён капаў пад тое, што хтосьці мне даручыў і спансараваў мяне. Але я казаў, што я – веру, і прыходжу маліцца за гэтых людзей. Кадэбэшнік пытаўся: а звычайных крымінальнікаў вам не шкада? Я адказваў, што шкада, і я хадзіў і на іншыя суды, але ў мяне больш спачування да тых, хто цярпіць несправядліва», – кажа прапаведнік.
«Мы да цябе прыходзілі мякка, цяпер пойдзем паводле жорсткага варыянту»
Пра сваю веру Сергій адкрыта казаў на допытах. Часам гэта раздражняла следчых, але часам яны слухалі.
«Упершыню з КДБ прыехалі да мяне пасля інцыдэнту з самалётам у Мачулішчах. Тады Бог даў мне час пачысціць тэлефон перад допытам. А калі я даваў паказанні на дэтэктары хлусні, у мяне была магчымасць сказаць следчаму, што я веру ў Хрыста, пагутарыць пра гэта, і ён уважліва слухаў», – прыгадвае суразмоўца.
Магчымасць з’ехаць з Беларусі Сергій таксама называе цудам:
«Пасля таго, што яны знайшлі ў мяне ў тэлефоне пасля затрымання [Сергія затрымалі ў Менскім гарадскім судзе 19 сакавіка, дзе адбываўся разгляд справы журналіста Ігара Карнея. – Заўвага рэд.], кадэбэшнік сказаў – ад 10 гадоў да расстрэлу. І яны цалкам маглі сшыць справу пра шпіёна, які прыкрываўся вераю. Гэта вельмі страшна чуць. Пагатоў я не апавядаў ніякіх сакрэтных звестак: гэта ўсё было ў адкрытым доступе – хто суддзя, якія артыкулы».
Суд двойчы прызначаў прапаведніку адміністратыўны арышт. Пасля ўсіх пагрозаў і ціску ў зняволенні ў мужчыны ледзь вытрымлівалі нервы, трымацца можна было толькі дзякуючы малітве і падтрыманню сукамернікаў:
«Пасля другога допыту кадэбэшнік быў вельмі расчараваны і злы, што я не падпісаў таго, чаго ён патрабаваў. Пагражаў, што будзе дапытваць маю жонку, пасадзіць яе, а дзяцей праз 10 дзён забяруць органы апекі, а ў кватэры яны ўсё разнясуць. Казаў, маўляў, мы пакуль мякка да цябе прыходзілі, а цяпер, калі ты не ідзеш на супрацу, прыйдзем паводле жорсткага варыянту. І я разумеў, што гэты чалавек можа разбурыць усё маё жыццё: пасадзіць мяне, жонку, знішчыць мой дом і забраць дзяцей у інтэрнат. Што мне было рабіць? Я сядзеў і маліўся, і давяраў Богу, бо ён мацнейшы за любых супрацоўнікаў КДБ. Так і аказалася. Бог спыніў яго, і ён не выканаў ніводнай са сваіх пагрозаў, адпусціў мяне».
«На пахаванні Алеся Пушкіна думаў: не хачу, каб мае дзеці гэтак стаялі ля маёй труны»
Сергій думае, што ягонае вызваленне – не выпадковасць, і прыгадвае евангельскую гісторыю:
«У Дзеях апосталаў апавядаецца, што калі апостала Пятра схапілі, ён ноч правёў у турме, да яго прыйшоў анёл і вызваліў. І тады апостал перамясціўся ў бяспечнае месца. Я разумеў, што мне трэба дзеяць гэтак жа. Сваёй сям’і я загадаў, што няважна, выпусцяць мяне ці не, яны мусяць з’ехаць. І так атрымалася, што мы з’ехалі разам. Гэта сапраўдны цуд. З тым, што на мяне было, я не павінен быў выйсці».
Сергій мог з’ехаць і раней: візы ў сям’і былі гатовыя яшчэ ў кастрычніку 2023 года. Мужчына не аднойчы думаў пра ад’езд, а асабліва на пахаванні мастака Алеся Пушкіна:
«Я бачыў ягоных дзяцей, якія стаялі ля ягонай труны, і разумеў, што не хачу, каб мае дзеці гэтак жа стаялі. Але адначасова думаў: цяпер жа да мяне не прыходзяць. Я спрабаваў зразумець, што Бог ад мяне хоча. І вырашыў: пакуль не будзе нейкага канкрэтнага знаку, што трэба з’язджаць, мы не з’едзем. Я паспеў яшчэ штосьці добрае зрабіць у Беларусі да сакавіка, а потым быў ужо такі знак, што не было куды дзявацца».
На волі першы час Сергій прыходзіў у сябе пасля таго, што давялося перажыць. На Акрэсціна мужчына амаль не спаў: мозг проста не адключаўся.
«Кожны момант уначы я кантраляваў тое, што адбываецца. Цяжка спаць, калі вакол яркае святло, храп. Я ляжаў на другім ярусе на рашотках. Мозг не адключаўся, я спадзяваўся, што я так стамлюся, што засну, але не мог», – прыгадвае мужчына.
«У першую ноч на волі прачнуўся ад жаху, што я ў камеры»
Першую ноч на волі Сергій здолеў крыху задрамаць, але неўзабаве прачнуўся:
«Мяне ахапіў жудасны страх. Я не разумеў, дзе я. Мне падавалася, што я ў камеры, але не разумеў, чаму няма святла і так ціха. У мяне ўсё цела было мокрае, я быў вымушаны змяніць майку, уключыць святло, пахадзіць крыху, каб ізноў паспрабаваць заснуць. І такіх панічных атак было некалькі. Потым паціху сон нармалізаваўся».
Праз крыху больш як месяц на волі Сергій адчувае сябе нашмат лепш. Кажа, галоўныя ягоныя тэрапеўты – вера ў Бога, сям’я, царква і прырода навокал. Недалёка ад дому мужчына знайшоў царкву, у якой цяпер служыць кожную нядзелю: спявае свае песні, чытае ўрыўкі з Бібліі, разважае разам з прыхаджанамі.
Дзеці, якіх у сям’і Мельянец сямёра, пакуль яшчэ не да канца асэнсавалі, што з’ехалі надоўга:
«Для іх гэта адпачынак, хоць ужо пачынаюць разумець, кажуць, што хочуць дамоў. Я тлумачу, што мы не можам цяпер вярнуцца. Сын вось казаў: мне з аднаго боку тут падабаецца, з другога – удома лепш. З сябрамі камунікуюць праз інтэрнэт».
Чым можна дапамагчы сям’і
Ужо ў чэрвені сям’я Мельянцоў будзе ў Варшаве, і ім вельмі патрэбная дапамога з жытлом, рэчамі для дзяцей, грашыма.
«У нас з сабою – толькі заплечнікі з вопраткаю. Нам шмат чаго будзе патрэбна, але ключавое пытанне – жытло. Прапановы, якія я бачу ў інтэрнэце, пачынаюцца ад 1200–1500 долараў за месяц, што вельмі дорага для нас. Я нават гатовы жыць летам у намётах, калі нічога не знойдзем. Хацелася б спыніцца ў Варшаве, але калі будзе штосьці недарагое ў іншым месцы, мы гатовыя разгледзець», – кажа прапаведнік.
Сергію таксама патрэбная дапамога з працаю, мужчына з адукацыі столяр, аднак больш за 20 гадоў працаваў менеджэрам і ўсталёўшчыкам ралетаў. Адначасова хацеў бы працаваць у нейкай дабрачыннай арганізацыі і дапамагаць людзям:
«Адчуваю, што гэта маё пакліканне. Калі за гэта будуць плаціць, будзе цудоўна, але магу і бясплатна».
Дапамагчы можна грашовым пераводам: «PayPal», smm73508@gmail.com, Краіна – Польшча, Siarhei Melyanets.
Таксама ідзе збор для сям’і Мельянцоў на сайце «BYSOL».
Сергій пачаў весці на сваёй старонцы ў Facebook свайго роду дзённік: у допісах апавядае пра перажытае за кратамі і ўвогуле ў Беларусі.
«Гэтак больш асобаў даведаюцца пра Беларусь, бо мяне чытаюць не толькі беларусы. Хоць я не ўсё магу пакуль напісаць, каб нікога не падставіць. Не ведаю, ці можна казаць пра кнігу, але, калі б хтосьці выйшаў з прапановаю – ты пішы, а мы апублікуем, – можна было б падумаць», – кажа прапаведнік.