Колькі шэнгенскіх візаў беларусам давалі раней і колькі цяпер. А таксама дзе і як іх яшчэ можна зрабіць

Ілюстрацыйнае фота

У 2023 годзе беларусы найбольш шэнгенскіх візаў атрымалі ў консульстве Нямеччыны — амаль 52 тысячы. Польшча нават не на другім месцы.

За мінулы год беларусы падалі 164 тысячы анкет на атрыманьне кароткатэрміновых турыстычных візаў у краіны Шэнгенскай зоны. Атрымалі 158 тысяч візаў і 5,5 тысячы адмоў. Такія дадзеныя публікуе Эўракамісія.

Паводле гэтай жа статыстыкі, летась найбольш візаў беларусам выдала Нямеччына (51,9 тысячы), Італія (40,2 тысячы) і Польшча (31,4 тысячы). Пры гэтым Польшча досыць часта адмаўляла ў візах. У горадзенскім консульстве было 13,3% адмоваў. Калі браць усю статыстыку, то ў візах адмаўляюць у 3,4% выпадкаў.

Для параўнаньня. У дапандэмійным і дакрызісным 2019 годзе беларусы падалі 645 722 заявак на атрыманьне візаў, зь якіх 643 474 былі разгледжаныя станоўча. То бок адмоваў было толькі 2248, ці 0,35% ад агульнай колькасьці.

У тым жа 2019 годзе беларусы былі на 7-м месцы ў сьвеце ў колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў. У 2023 годзе — ужо на 17-м.

Тады ж, да пачатку пандэміі і масавых палітычных рэпрэсій, найбольш візаў беларусам выдалі літоўскія консульствы — 251,6 тысячы за 2019 год. А таксама Польшча (217 тысяч) і Латвія (57 тысяч візаў).

Польскі візавы цэнтар у Менску

Як цяпер робяць шэнгенскія візы

Супрацоўнік турыстычнага агенцтва, які дапамагае беларусам зь візамі, на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, як цяпер выглядае сытуацыя. Паводле суразмоўцы, зараз дакумэнты на турыстычныя візы ў беларусаў прымаюць Італія, Францыя, Нямеччына, Баўгарыя, Румынія, Харватыя, Польшча, Грэцыя, Вэнгрыя, Гішпанія, Данія і Славакія. Падача адбываецца праз консульствы гэтых краінаў або візавыя цэнтры.

Наш суразмоўца адзначае, што прасьцей за ўсё знайсьці вольныя месцы на падачу ў консульствах Грэцыі, Гішпаніі і Баўгарыі. Аднак і там могуць узьнікаць цяжкасьці.

«Зараз пачаўся турыстычны сэзон, плюс накладваецца загружанасьць консульстваў з прычыны закрыцьця некаторымі краінамі магчымасьці падачы на турыстычныя візы.

Знайсьці слот нават у гэтыя краіны будзе ня так проста. Прасьцей за ўсё запісацца ў пасольства Нямеччыны — там няма электроннай рэгістрацыі слотаў, яны разьмяркоўваюцца ўручную праз запыт на сайце пасольства, але тэрміны чаканьня дасягаюць 6-8 месяцаў», — расказвае супрацоўнік турфірмы.

Калі рабіць візу самастойна, то яе кошт будзе 35 эўра за саму візу і плюс зборы візавага цэнтру. 200-400 рублёў, у залежнасьці ад краіны. Калі зьвяртацца да пасярэднікаў у выглядзе турыстычных агенцтваў, то кошт паслуг там вельмі розьніцца: ад 80 да 1000 эўра.

«На сёньняшні дзень задумвацца аб атрыманьні візы лепш за ўсё за 2-3 месяцы да паездкі, можна і раней. Атрымаць візу за 2-3 тыдні да паездкі ў рэальнасьці практычна немагчыма. Многія краіны ўвялі правілы падачы за 21-45 дзён да паездкі. Таксама нагадаю, што правілы дазваляюць падаваць дакумэнты на візу за 6 месяцаў да выезду», — расказваем суразмоўца.

Што да тэрмінаў, на якія выдаюць візы, то гэта залежыць ад візавай гісторыі і яшчэ шмат якіх фактараў, кажа ён.

«Візавая гісторыя, доказ паездак у краіну падачы, пададзеныя дакумэнты і фінансавыя гарантыі. Найлепшая статыстыка ў выдачы шматразовых візаў у Італіі, Францыі, Нямеччыны, часам Вугоршчына радуе нас. Найгоршая — у Грэцыі, Польшчы. Гішпанія выдае візы пераважна пад паездку або на 1-2 месяцы. Баўгарыя, Румынія, Харватыя — пакуль бачым візы пад паездку», — расказвае супрацоўнік турыстычнай фірмы.

Знайсьці акенца ў візавым цэнтры і падацца самому, на думку нашага суразмоўцы, цалкам рэальна. Для гэтага трэба маніторыць сайт консульства ці візавага цэнтру, шукаць вольныя акенцы, самому зьбіраць неабходныя дакумэнты, пералічаныя на сайце консульства. Аднак гэта займае час.

Свабода пагаварыла з двума беларусамі, якія самастойна зрабілі сабе шэнгенскія візы. У адным выпадку сайт італьянскага консульства давялося маніторыць месяц і знайсьці запіс толькі праз паўгода. Візу выдалі шматразовую на 1 год.

У іншым выпадку грэцкую візу выдалі толькі пад адну паездку, але запісацца ўдалося адразу, бо было шмат вольных месцаў.

Ілюстрацыйнае фота

«Шмат адмоваў у візах, кароткія тэрміны»

Паводле візавага аналітыка і экспэрткі праекту visastat.online Анастасіі Лысакоўскай многія краіны зараз адмаўляюць у візах ужо пасьля прыёму дакумэнтаў.

«Многія краіны наагул не выдаюць візаў. Шмат адмоваў у краін, якія прымаюць дакумэнты на візы. Таксама кепская сытуацыя з тэрмінамі візаў. Раней іх выдавалі на нашмат большыя тэрміны. Прагнозаў аб паляпшэньні сытуацыі няма. Паўплываць на такую сумную статыстыку можа толькі геапалітыка. Няма падставаў чакаць, што больш краін стануць выдаваць візы», — кажа экспэртка.

Сярод прычынаў адмовы — фінансавыя гарантыі, неабгрунтаванасьць паездкі (напрыклад, адмена рэзэрваваньня ў гатэлі). Ці проста адмова, якая нічым не абгрунтаваная, дадае Анастасія Лысакоўская.

Найперш яна раіць зьвяртацца па візу задоўга да паездкі.

«Па візу варта зьвяртацца за 2-3 месяцы, можна хоць за 6 месяцаў. За кароткі тэрмін яе не аформіць. Таксама варта зьвярнуць увагу на візавую гісторыю, каб зразумець, куды падавацца. На больш доўгія тэрміны візы дае Італія, Францыя, Нямеччына. Аднак Нямеччына — гэта доўгатэрміновы варыянт, гэтым лепш займацца за год», — тлумачыць экспэртка.

svaboda.org